БРАНТ (Brant, Brandt) Себасцьян (1457, г. Страсбур, Францыя — 10.5.1521), нямецкі пісьменнік-гуманіст. Д-р права (1489). Аўтар сатыр.-дыдактычнай паэмы «Карабель дурняў» (1494), у вобразах якой персаніфікаваў разнастайныя праяўленні чалавечага глупства. Выступаючы ў ролі аднаго з герояў паэмы, Брант не толькі выкрываў заганы, уласцівыя як чалавечаму роду ўвогуле, так і яго сучаснікам, але і заклікаў да пераадолення чалавечага глупства з дапамогаю розуму. Паэма напісана жывой нар. мовай. Яе праілюстраваў А.Дзюрэр. Брант апублікаваў таксама шэраг юрыд., тэалагічных і літ. тэкстаў, у т. л. творы Ф.Петраркі і інш. У традыцыях «л-ры пра дурняў», ля вытокаў якой стаіць Брнт, тварылі Эразм Ратэрдамскі, Т.Мурнер, Г.Сакс і інш.

Тв.:

Рус. пер. Корабль дураков: Избр. сатиры. М., 1984.

А.С.Шаўчэнка.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛАНД (Wieland) Крыштаф Марцін

(5.9.1733, Обергольцгайм, каля г. Біберах-ан-дэр-Рыс, Германія — 20.1.1813),

нямецкі пісьменнік-асветнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім ун-це. Яго раннія творы пазначаны піетызмам і рэліг. роздумам (паэма «Выпрабаванне Аўраама», 1753, і інш.). З 1760-х г. у творчасці ўзмацняюцца сатыр. і вальнадумныя матывы. Раман «Перамога прыроды над летуценнасцю, або Прыгоды дона Сільвіо з Разальвы» (1764) — ням. аналаг «Дон Кіхота» М.Сервантэса. Аўтар сатыр.-дыдактычнага рамана «Залатое люстэрка...» (т. 1—4, 1772), антыклерыкальнага «Агафадэман» (1796—97), вершаваных «Камічных навел» (1765), серыі дыялогаў «Новыя гутаркі багоў» (1789—93; наследаванне Лукіяну). «Гісторыя Агатона» (1766—67) — адзін з першых ням. «раманаў выхавання». Вяршыня сатыры — раман «Гісторыя абдэрытаў» (т. 1—2, 1774), у якім горад-дзяржава Абдэра паўстае як сімвал тыраніі, глупства і мяшчанства. Другі бок творчасці Віланда — паэмы на сюжэты з еўрап. і ўсх. казак, куртуазных раманаў у стылі ракако: «Ідрыс і Зеніда» (1768), «Зімовая казка» (1776) і інш. Яго фантастычная паэма «Аберон» (1780) — адзін з найлепшых паэт. твораў 18 ст. Віланд садзейнічаў папулярнасці жанру нар. і літ. казкі (зб-кі «Апавяданні і казкі», 1776—80; «Джыністан...», 1786—89). Пераклаў на ням. мову поўныя зборы твораў У.Шэкспіра (т. 1—8, 1762—66) і Лукіяна (1788—89).

Тв.:

Рус. пер. — История абдеритов. М., 1978.

Літ.:

Пуришев Б.И. Виланд // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;

Вебер П. Х.М.Виланд и «воспитательный роман» // Исторня немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1985. Т. 1.

Г.В.Сініла.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОСХ, Бос (Bosch) Хіеранімус [сапр. Акен (Aken) Еранімус ван; каля 1450—53, г. Хертагенбас, Нідэрланды — 1516),

нідэрландскі жывапісец; прадстаўнік ранняга нідэрландскага Адраджэння. Спалучаў вытанчаную сярэдневяковую фантастыку з фальклорна-сатырычнымі тэндэнцыямі і яскравымі рэаліст. навацыямі, смела пашыраў кола незвычайных, часам вычварна-мудрагелістых тэм і вобразаў, крыніцай для якіх служылі фальклор, нар. прытчы і забабоны. У ранніх працах карыстаўся з’едлівай крытычнай метафарай, выяўляючы заганныя бакі тагачаснага грамадства («Лячэнне глупства», «Галоўныя грахі», 1470—80). У 1480—85 напісаў метафарычныя і выкрывальныя карціны «Карабель дурняў», «Шарлатан», «Смерць скупога». У 1485—1510 стварыў вял. этапныя палотны «Спакушэнне Святога Антонія», «Аперацыя галавы», «Нясенне крыжа», трыптыхі «Воз сена», «Сад уцех», «Пакланенне вешчуноў», у якіх рэальнасць пераплятаецца з фантастычнымі ўяўленнямі мастака і быццам прыадкрываюцца стасункі чалавецтва з высокім і ганебным, дабром і злом. У створанай ім мадэлі Сусвету вобразныя асацыяцыі значна апераджаюць яго час, хоць і народжаны светапоглядным крызісам той эпохі. Больш познія яго творы (1510—16) набылі заспакоенасць, філас. паглыбленасць і засведчылі прыняцце ім асн. канцэпцый рэнесансавага мастацтва («Паклон трох каралёў» і інш.). Працы Босха, выкананыя стракатымі лакальнымі фарбамі і прасякнутыя жыццесцвярджальным духам нар. творчасці, даюць у гратэскава-сатыр. форме шырокую карціну нар. жыцця. Смелыя жыццёвыя назіранні, трапныя і каларытныя нар. тыпы і быт. матывы, уражвальныя пейзажныя фоны яго палотнаў зрабілі вял. ўплыў на развіццё рэаліст. тэндэнцый у нідэрл. жывапісе 16 ст. і падрыхтавалі глебу для фарміравання быт. жанру і пейзажа. Творчасць Б. значна паўплывала і на многія кірункі сучаснага выяўл. мастацтва.

Літ.:

[Фомин Г.И.] И.Босх. М., 1974;

Unverfehrt G. Н.Bosch. Berlin, 1980.

Я.Ф.Шунейка.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)