папа́сціся, ‑падуся, ‑падзешся, ‑падзецца; ‑падзёмся, ‑падзяцеся; пр. папаўся, ‑палася; заг. пападзіся; зак.

1. Апынуцца ў якіх‑н. абставінах, умовах (звычайна непрыемных). — Нічога цяпер не паробіш... — ідучы за Віктарам, вінавата гаварыў Іван. — Прыйдзецца ўсё аднесці дырэктару. Прыходзь вечарам да мяне... — Няма дурных, — сказаў Віктар.. — Сам папаўся, сам і выкручвайся. Васілёнак. — Куды [едзем]? — перапытаў Барыс і ўхмыльнуўся. — Папаўся ты, брат. Едзем мы на свята песні, ведаеш такое? Жычка.

2. Быць схопленым, злоўленым на чым‑н., выкрытым у чым‑н. — Я тут табе лістоўкі перадам, — панізіла голас Алаіза.. — Ты зможаш раздаць рабочым?.. Толькі асцярожна, каб не папаўся. Арабей. — Што, на кражы папаўся? — спытаў [капітан] у паставога міліцыянера. Паставы далажыў аб здарэнні. Капітан слухаў уважліва, сяды-тады паглядаючы на Віцю. Якімовіч. // Быць затрыманым, сустрэтым з намерам выкрыць што‑н., паквітацца за што‑н. і пад. — А-а, фашысты, папаліся! — злосна працадзіў праз зубы Барыс і доўгай чаргой секануў па казарме. М. Ткачоў. // Быць злоўленым (пра жывёл). Мужчыны ціха падводзяць сетку пад бераг і топчуць. Вось папаўся першы шчупак. Невялічкі, але для пачатку няблага. Жычка.

3. Сустрэцца, знайсціся; трапіцца. І зноў папаліся лісічкі — раз, другі, а потым у бярэзніку.. знайшоў я абабак і брылястыя чырвоныя сыраежкі. М. Стральцоў. Нам, што б там ні было, трэба сёння дабрацца да Закружнага. Аўтобус мы празявалі, а выпадковых машын не папалася. Пянкрат.

•••

Папасціся (трапіць) на вочы (вока) каму — з’явіцца ў полі зроку каго‑н., нечакана ўбачыць, сустрэць каго‑н.

Папасціся (трапіць) на вудачку — даць магчымасць падмануць, ашукаць, правесці сябе.

Папасціся на язык каму — стаць прадметам размоў, абмеркавання. Пападзіся цяпер [Марозу] на язык які Шэмет — жартачкамі душу выняў бы. Лобан.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму — апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму — а) апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.; б) быць злоўленым, схопленым кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пашні́ца, пашныца, пін. пашныця; пашня, пашня, зэльв., карэліц. пашыня ’збажына, збожжавыя’ (Булг., Выг., ТС, Янк. 1, Бір., Сл. ПЗБ; Доўн.-Зап., Пін.; вілен., барыс., Шн.; пін., Нар. лекс., ст.-дар., бялын., Нар. сл.; мазыр., Шн. 3), ’збожжа, рассыпанае для прасушкі’ (Ян.), ’усе пасенный культуры’, ’ворыва, ворная зямля, ралля’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ), ’паша’ (навагр., Сл. ПЗБ); ’збіраць мёд’ у выразе: Пчолы вядуць пашню (Маш.). Укр. пашня, пашниця ’збожжа’, рус. пашня ’поле’, ’аранне’, ’час ворыва’, ’збожжавыя на корані’, ’неабмалочаныя снапы’, пашница ’баразна’, ’збожжавыя’, ’час ворыва і жніва’, ст.-рус. пашьна. Усходнеславянскае. Да пажаць (гл.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑ьnʼa (Слаўскі, SP, 1, 138).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

знайсці́ся, знайдуся, знойдзешся, знойдзецца; пр. знайшоўся, ‑шлася, ‑лося; зак.

1. Аказацца выяўленым у выніку пошукаў; адшукацца (пра каго‑, што‑н. згубленае, страчанае і пад.). Добра, што знайшоўся нарэшце Тол[еў] брат, але ж яна, Валя, па-ранейшаму гэтак жа непакоіцца за Толю, як і яго родны брат. Якімовіч. [Люба] стала чуць у сабе патрэбу быць блізка да Рыльскага, быццам тут знайшлося тое, чаго яна апошні час шукала сярод людзей. Чорны.

2. Аказацца ў наяўнасці, выявіцца. Пры раненым не знайшлося дакументаў. Васілевіч. У атрадзе знайшліся танкісты з былых акружэнцаў, і машыну ўключылі ў спіс партызанскага ўзбраення. Шчарбатаў. // Іран. Аб’явіцца, заявіцца. Барыс злёгку паціснуў плячамі: бач, дабрадзей знайшоўся. М. Ткачоў.

3. Сцяміць, зразумець, што трэба рабіць, сказаць і пад. — Не ўмею танцаваць, — нарэшце знайшоўся я, каб што-небудзь адказаць у сваё апраўданне. Гамолка. / з займ. «што» у знач. злучальнага слова. [Лявон] разгубіўся і не знайшоўся адразу, што адказаць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; незак.

1. Хутка рухацца, накіроўвацца куды‑н. Жылы дрэў напоўніліся сокам, Ручаі імкнуцца да ракі. Панчанка. [Вада] не тоўпіцца ў берагах, імкнецца напрасткі. Колас. // перан. Адчуваць цягу да каго‑, чаго‑н. Крамарэвіч.. імкнуўся да Колі як да нейкага неабходнага апірышча сваёй душы. Чорны. [Сяргей] звычайна гаварыў толькі пра свой полк, і ўжо гэтага было дастаткова, каб зразумець, што ўсімі думкамі сваімі ён быў там, сярод авіятараў, імкнуўся да іх. Сіўцоў.

2. Старацца трапіць куды‑н., быць дзе‑н. або стаць кім‑н. У Маскву, як у сталіцу міру, усе імкнуцца. Няхай. Не бойся ліхое напасці, — Мы знаем, Ў якую імкнешся ты даль, Якога шукаеш ты шчасця! Вітка.

3. Старацца дасягнуць чаго‑н., настойліва дамагацца чаго‑н. Імкнуцца да міру. □ І мне здалося, што.. сын [Белавуса] Барыс нават імкнецца так хадзіць, як ходзіць яго бацька, і так з людзьмі размаўляць, як яго бацька размаўляе. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́пар ’крывасмок, вампір’ (Касп., Сцяшк., барыс., Шн., 2, 404); параўн. у запісах Федароўскага: «Каб ты па смерці вупарам хадзіў» (слонім., навагр., Федар., 4, 417); ’ваўкаваты, пануры чалавек’ (карэліц., З нар. сл.; Жыв. сл.); ’упарты чалавек’ (Сцяц.; КЭС, лаг.; Жд., 3; Цых.); ’надзьмуты чалавек’ (Жд., 2). Семантыка і форма слова — вынік кантамінацыі слоў упы́р ’крывасмок, вампір’ (гл.) і упіра́цца ’упарціцца’; супадзенне націску з польск. upior ’крывасмок’ не дае падстаў лічыць бел. слова запазычаннем, бо само польск. слова лічыцца запазычаннем з усх.-слав. з-за пачатковага u‑; аналагічнае развіццё значэння параўн. у рус. упы́рь ’крывасмок’ і упы́рь ’упарты чалавек’ (Фасмер, 4, 165 і наст.). Гл. упор, упі́ра ’упарты чалавек’, ’неслух’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасце́паць ’пазбіваць’ (ТС), ’пакляпаць касу’ (докш:, Сл. ПЗБ), пасцёбаць ’тс’ (барыс., смарг., Сл. ПЗБ), пасцеп‑ вацца ’пацепвацца ад марозу’, ’абтрасацца (пра вераб’я)’ (Янк. 3.). Да ⁺ЦЯПЦІ, роднаснага да цяпаць (гл.). Узыходзіць да прасл. te(p)tit tepę: укр. тепти, рус. тепти ’бить’, н.-луж. śepaś, в.-луж. серад ’тс’, чэш. tepati, debati ’біцца, стукаць’, славац. tepať ’тс’, ’чаканіць’, славен. tėpsti ’біць, грукаць’, серб.-харв. те̏псти ’біць, малаціць’, ’булькаць’, тёпсти се ’біцца, тузацца’, макед. тепа ’біць, збіваць’, тепа се ’біцца адзін з другім’, тепаница ’бойка’, тепач ’задзіра’, балг. тепам ’валяць, трамбаваць, біць’, ст.-слав. тепѫ, тети ’біць бізуном, удараць’. Паводле Махэка₂ (640), корань tep⇉гукаперайманне. Форма ‑сцёб‑ пад уплывам рус. стебать.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́ла ’лыч’ (ТСБМ; лудз., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (ТСБМ; пін., Сл. ПЗБ), ’пашча ў рыбы’ (ігн., Сл. ПЗБ), ’вузкі ўваход у рыбалоўную снасць (пух., Сл. ПЗБ), ’верхняя вузкая частка графіна, бутэлькі’ (барыс., Шат.), ры́ло ’рыла, морда’, ’горла бутэлькі’ (ТС, ПСл), руск. ры́ло ’морда’, ’пашча’, ’лыч’, укр. ри́ло, ст.-руск. рыло, польск. rydel ’рыдлёўка’, чэш. rydla ’разец’, славац. rydlo ’разец, лапата’, славен. rílo ’хобат’, серб.-харв. ри̏ло ’рыла’, ’губа’, балт. ри́ло ’рыла, морда’. Прасл. *rydlo (< *ru‑tlo‑m), звязанае з рыць, рваць, выяўляе значны паралелізм структуры з лац. rutrum ’лапатка’, лат. raûklis ’скрабок’ (ЭССЯ, Проспект, 76–77; Фасмер, 3, 528; Копечны, 313; БЕР, 6, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сырапе́ня ’кіслае малако’ (Касп.; барыс., Сл. ПЗБ; гарад., Нар. словатв.; віц., ЛА, 4), сырапе́ня, сырапі́ха ’тс’ (віц., Шн. 3), сырапе́ня, сырапо́ня ’толькі што ўкіслае малако’ (Барад.), сырапо́нь ’сыракваша’ (бярэз., Жд. 1), сырапо́ня ’кіслае знятае малако’ (Мядзв.), сырапонка ’тс’ (бых., ЛА, 4), сарапо́ня ’рэдкае недакіслае малако’ (полац., Нар. сл.), сурупо́ня ’кіслае малако’ (Мат. Маг.). Рус. пск. сыропы́ня, сыропы́ха ’сыракваша’. З сыр‑ (гл. сыры) і літ. píenas ’малако’. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) мяркуе, што ў першым кампаненце адбылося другаснае набліжэнне да слав. *syrъ; першакрыніца ў лат. siera piens ’малако для сыра’, Р. скл. siera piena. Рускія дыялектныя словы, відаць, з беларускай (Анікін, Опыт, 284); змены ў другой частцы слова ў выніку дээтымалагізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нашто́, прысл.

1. пытальнае. Для чаго, для якой мэты. Нашто ўсё гэта патрэбна? // Ужываецца пры выказванні нязгоды з чым‑н., неабгрунтаванасці чаго‑н. Сярожка, Сярожка, нашто ты так зрабіў... Арабей. Раз ёсць недавер’е да ўчынкаў героя, чытача пачынаюць трывожыць усялякія .. пытанні: нашто герой так робіць? Кучар.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова ў даданых дапаўняльных сказах. [Сцёпка:] Папытайцеся ў яго, нашто яму трэба было якраз сёння сарваць наш спектакль. Крапіва. // Разм. З адценнем прычыны або мэты. Мы [дзеці] ніяк не маглі зразумець, што такое смерць, якая яна, чаму трэба было ўміраць парабку,.. нашто парабак араў панскае поле... Чорны.

3. у знач. часціцы (звычайна ў спалучэнні са словам «ужо»). Ужываецца ў складаных сказах з адваротнай абумоўленасцю састаўных частак. Нашто ўжо Барыс Далідовіч дакладна ведаў, дзе размяшчаецца лагер, але толькі перайшоўшы па кладцы цераз лясны ручай,.. заўважыў першыя зямлянкі. Шахавец. Нашто ўжо палахлівы чорны дрозд, а і той да вады хоць і пеша, азіраючыся, але падыдзе. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свінцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свінцу (у 1 знач.); зроблены са свінцу. Свінцовы злітак. Свінцовая куля. // Звязаны з уздзеяннем свінцу. Свінцовая інтаксікацыя. // Які ўтрымлівае свінец або свінцовае злучэнне. Свінцовыя бялілы. Свінцовыя руды. Свінцовая вада. // Звязаны з перапрацоўкай і здабычай свінцу. Свінцовыя распрацоўкі. Свінцовы руднік.

2. Цёмна-шэры, колеру свінцу. Свінцовыя хмары. □ Хмурны дзень, свінцовае неба ўзмацнялі ўражанне кволасці раслін. Мяжэвіч.

3. перан. Цяжкі; пануры, гнятучы. Тышкевіч напружваў памяць. У свінцовай галаве ніводнага пробліску. Асіпенка. Я свінцовыя вейкі свае расчыніў, Свет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны. Панчанка. [Маці] гнялі цяжкія свінцовыя думкі. Дзе сыны? Дзе яе мілыя, любыя хлопчыкі? Ставер. Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас: — Рацыя! Караткевіч.

4. перан. Які мае адносіны да свінцу (у 2 знач.). А зверху, з узгоркаў, не пераставаў сыпацца свінцовы град. М. Ткачоў. Назар Пашкевіч і Барыс Падгорны трымаліся каля Нічыпара Дубініна, які з кулямёта паліваў фашыстаў свінцовым дажджом. Гурскі.

•••

Свінцовы блішчак гл. блішчак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)