ля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да ляскаць.
2. каго і па чым. Нанесці ўдар рукой па твары, целе. Ступіўшы крок наперад, Лена раптам штосілы ляснула Віктара па шчацэ. Ваданосаў.
3. перан. Разм. Прапасці марна; загінуць, згінуць. [Рахункавод:] — Дарэмная праца — усё пойдзе ў кастрыцу.. Столькі дабра і працы ляснула! Столькі надзей! Васілевіч. Дарма немцы спраўлялі ўрачыстасць.. Чыгуначны мост .. зноў узляцеў у паветра. Ды так, што ляснуў цэлы эшалон з жывой сілай і ўзбраеннем. Сабаленка. — Скора [зімняя] дарога зусім лясне, калі мароз не падхопіцца, — зазначыў Андрэй. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.
2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звы́чай, ‑ю, м.
1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.
2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
му́чыць, мучу, мучыш, мучыць; незак., каго.
Прычыняць мукі, пакуты каму‑н. [Мільгун:] — Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў.. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Колас. «Як гэта я не ўбярог бацькі?!» — мучыў сябе папрокамі Валодзя. Новікаў. // Быць прычынай мукі. У цяжкія дні блакады, калі прадукты ў нас выйшлі зусім, мяне, больш чым каго, пачаў мучыць голад. Карпюк. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не даваць спакою, хваляваць, непакоіць. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напярэ́дадні, прысл. і прыназ.
1. прысл. Непасрэдна перад якім‑н. днём, перад якой‑н. падзеяй. Гарачыня пачала спадаць. Напярэдадні прайшоў дождж, прыбіў пыл, паветра было чыстым і свежым. Шахавец.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «напярэдадні» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на перыяд, з’яву, падзею, у неакрэслены прамежак часу перад якімі што‑н. адбываецца. Аднойчы, ужо зусім напярэдадні вызвалення, Толя заехаў у сямейны лагер брыгады і прывязаў.. [каня] каля зямлянкі Нагорных. Брыль. Напярэдадні майскага свята механічны цэх зноў узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памылі́цца, ‑мылюся, ‑мылішся, ‑моліцца; зак.
Зрабіць памылку. [Мяснікоў] можа памыліцца, але здольны прызнаць памылку і хутка яе выправіць. Гурскі. Хто можа з.. [Аленаю] справіцца. Не толькі на полі.. А пасадзі яе за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! А яна не памыліцца, не зблытае. Чарнышэвіч. — Можа, мы памыліліся? — выказаў меркаванне Валодзя. — Можа, гэта зусім не конь іржаў, а птушка якая? Курто. // у кім. Скласці пра каго‑н. няправільнае ўяўленне. Каб не памыліцца ў чалавеку на вайне, трэба ўбачыць яго ў небяспецы. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракра́сціся 1, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; зак.
Разм. Зрабіць значны крадзеж, растрату; папасціся ў сістэматычным, працяглым крадзяжы. Ермачэнка зусім пракраўся,.. неяк сухім выбраўся назад у Прагу, адкуль ён прыехаў некалі ў Мінск. Новікаў. Пракраўся кладаўшчык. І вось ён пад судом. Корбан.
пракра́сціся 2, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; зак.
Ціха, непрыкметна прабрацца куды‑н. Цёмнай ноччу.. [Тарас] дапамог партызанам пракрасціся да тых складаў і устанавіць міны. Краўчанка. Позняй раніцай Ціток па загуменні пракраўся ў сваё гумно. Лобан. // перан. Непрыкметна пранікнуць (пра пачуцці, думкі і пад.). Шчырае заспакаенне пракралася ў душу. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
1. Зрабіць ясным, добра бачным. [Зазімак] падмарозіў зямлю, размаляваў ледзь прыкметнымі ўзорамі шыбы на вокнах, праясніў неба. Даніленка.
2. Зрабіць ясным, зразумелым; выясніць. [Сакратар:] — Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволіць пагаварыць з Савіч. Можа, яна што праясніць. Шамякін. — Толькі мне самому не зусім ясна адна рэч, — задуменна прамовіў Толя. — А ты скажы ўсім, можа, мы праяснім яе, — параіў Паўлік. Рунец.
3. Зрабіць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). У хуткім часе адна падзея праясніла яе [Таццяніны] думкі .. Ды і не толькі яе... Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаро́дак, ‑дка, м.
1. Рознай велічыні кавалкі металу (звычайна каштоўнага), якія сустракаюцца ў прыродзе ў хімічна чыстым выглядзе. Самародак плаціны. □ Знайсці сюжэтныя характары, дабрацца да іх бывае гэтак жа цяжка, як да нафты. А часам іх знаходзіш зусім выпадкова, як залатыя самаробкі. Шамякін.
2. перан. Чалавек, прыродныя здольнасці якога выявіліся самастойна, без сістэматычнай адукацыі, выхавання. Сымон ад нараджэння натура, надзеленая чулай душой і дапытлівым розумам, ён рэдкі талент, самародак. Навуменка. Чапаеў — селянін, самародак, велізарны ваенны талент якога змог разгарнуцца толькі ў канкрэтных умовах грамадзянскай вайны. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрып, ‑у, м.
Рэзкі гук, які ўзнікае пры трэнні адзін аб адзін прадметаў ці іх частак. Скрып варот. Боты са скрыпам. □ Чуваць было, як стукнула аб прабой засаўка, пачуўся скрып іржавых завесаў. Пальчэўскі. Фурманка ўжо зусім блізка. Вось яна параўнялася з Панасам, абмінула яго і паехала далей гасцінцам, пакідаючы за палазамі саней пісклявы скрып умёрзлага снегу. Галавач.
•••
За адным скрыпам — разам, адным заходам. Пойдзем за адным скрыпам, мне ўсё роўна ў магазін трэба... — сказала .. [Арына]. Карпаў.
Са скрыпам — з цяжкасцю або нехаця, марудна (рабіць што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)