ды́хавіца, ‑ы, ж.
1. Частае і цяжкае дыханне пры захворванні бронхаў; задышка. Пакутаваць дыхавіцай. □ [Нупрэй:] Добрыя вы хлопцы, з вамі хоць пагаварыць можна. А нашы бегаюць, спяшаюцца, таго і глядзі дыхавіцу нагоняць. Губарэвіч. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. Быкаў.
2. Упадзіна ў ніжняй пярэдняй частцы грудной клеткі. [Юрыя] білі, не разбіраючы куды — у жывот, пад дыхавіцу, тапталі ботамі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад забіць 1.
2. у знач. наз. забі́ты, ‑ага, м. Той, каго забілі. У хвіліны зацішша байцы хавалі забітых, санітаркі перавязвалі раненых. Мележ. Крушынскі толькі адным вокам зірнуў на забітага. Бядуля.
3. у знач. прым. Прыніжаны, запалоханы, даведзены да атупення. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч, як даведаўся Лабановіч потым, у сям’і быў чалавек жорсткі. Колас. У цёмным, забітым, прыгнечаным мужыку малады юнак убачыў чалавека. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што.
1. Даць жыццё каму‑н. шляхам родаў. У хутарской адзіноце Галена нарадзіла сына. Чорны.
2. перан. Даць пачатак чаму‑н., стварыць што‑н., быць прычынай з’яўлення чаго‑н. Рэвалюцыя нарадзіла Савецкую краіну. □ Гэта была незабыўная да смерці крыўда, яна нарадзіла глыбокую злосць. Быкаў. Цяпер.. [Славік] добра разумеў, што толькі вера ў сур’ёзнасць яго прызнання можа нарадзіць у Машы гэтакія ж пачуцці. Шамякін.
•••
У чым маці нарадзіла гл. маці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неабхо́днасць, ‑і, ж.
1. Патрэба ў кім‑, чым‑н. Прадметы першай неабходнасці. □ Разам з Ваўчком яны і прайшлі ўсю вайну, то адыходзячы з атрадам, калі ў гэтым была неабходнасць, ад Лашыцкага паёна, то вяртаючыся сюды зноў. Хадкевіч. // Што‑н. абавязковае, непазбежнае. Разважаць, фантазіраваць было для [Майбарады] першай жыццёвай неабходнасцю, і, калі не было субяседніка, ён гутарыў і нават спрачаўся з самім сабою. Шамякін.
2. Філасофская катэгорыя — з’ява, рэч у іх усеагульнай заканамернай сувязі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паваро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Дарога, якая адыходзіць у бок ад асноўнай магістралі. Неўзабаве паказалася паваротка ў Ліпск. Старшы механік прытармазіў і паволі з’ехаў з шашы на палявую дарогу. Паслядовіч. Перад.. [Шрэдарам] была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіл[а]метраў». Чорны.
2. Разм. Тое, што і паварот (у 2 знач.). Паваротка, яшчэ раз паваротка, і дарога ўразаецца ў стары лес. А. Александровіч.
•••
Зрэзаць паваротку гл. зрэзаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памаўзлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Шкадлівы. Да чаго ж была памаўзлівая [кошка]! Як ні хавай мясное ці малочнае, — адведае. Пальчэўскі. — Ну і памаўзлівая карова, каб на яе ліха. — Сцяпан загнаў Рэпку ў статак, але ўжо праз хвіліну яна зноў ішла па пашы, падняўшы рогі. Асіпенка.
2. Ласы, прагны да чаго‑н. смачнага, прыгожага. Памаўзлівы на пачастункі. □ [Іна:] — Ты спадабаўся ёй... Толькі глядзі-і... — яна падышла і ўдарыла яго пальцам па носе. — Не будзь памаўзлівы! Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панара́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да панарамы. Панарамны від. Панарамны фон. □ Увага пісьменніка была сканцэнтравана на панарамным паказе ваенных дзеянняў. Дзюбайла. Мастак [М. Гусоўскі] склаў з дзесяткаў бачаных ім здарэнняў панарамную карціну: тут і ловы шляхецка-княжацкія, і мужыцкія, і каралеўскія. У. Калеснік.
2. Спец. Які мае абсталяванне для шырокага ахопу гарызонта пры назіраннях; абсталяваны панарамай (у 4 знач.). Панарамны прыцэл.
•••
Панарамная здымка гл. здымка.
Панарамны кінатэатр гл. кінатэатр.
Панарамны фільм гл. фільм.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́рабак, ‑бка; мн. парабкі, ‑оў і парабкі, ‑аў; м.
Наёмны сельскагаспадарчы рабочы ў памешчыцкай або кулацкай гаспадарцы. Зямля навокал была ўрадлівая.. Парабкоў тут было многа, бо фальваркі і маёнткі былі багатыя. Чорны. Было ў пана сямёра парабкоў, адзін аднаго прыгажэй і здатней. Лынькоў. Гнаў канвой парабкоў, — тупат ног за акном. Пан хадзіў па пакоі, чарнейшы ад хмары. Куляшоў. У хаце туліліся дзве сям’і парабкаў, але і іх не было, — паехалі араць на поле. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паразіты́зм, ‑у, м.
1. Форма адносін паміж арганізмамі (розных відаў), пры якой адзін арганізм корміцца за кошт другога; жыццё паразіта (у 1 знач.).
2. перан. Існаванне паразіта (у 2 знач.); жыццё з чужой працы; дармаедства. Адносіны Вашамірскага да мастацтва і мастака таксама характарызуюць паразітызм прыгоннікаў. Казека. Рыгор зразумеў, што тая бесклапотнасць Ірыны, якая некалі выглядала такой чароўнай наіўнасцю і выклікала ў яго захапленне, была не чым іншым, як зародкам звычайнага паразітызму. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўзу́н, ‑а, м.
1. Разм. Той, хто не ўмее яшчэ хадзіць, поўзае (пра дзяцей). Дзяцей была поўная хата, ад паджыганцаў да паўзуноў, і ўсе пад адно, у даўжэзных палатняных кашулях, нястрыжаныя, нават цяжка было пазнаць, каторае з іх хлапчук, а каторае — дзяўчынка. Лобан.
2. Спец. Дэталь механізма, якая слізгаецца ўзад і ўперад на якой‑н. паверхні ў прамалінейным напрамку.
3. толькі мн. (паўзуны́, ‑оў). Клас пазваночных жывёл, які ўключае змей, яшчарак, кракадзілаў і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)