пакрыві́ць, ‑крыўлю, ‑крывіш, ‑крывіць; зак., каго-што.
Зрабіць крывым, няроўным, перакошаным; пахіліць. Пакрывіць раму. □ Ні вецер .. [стог] не пакрывіць, ні завіруха, і не пацячэ ён нідзе. Кулакоўскі. // На некаторы час скрывіць у грымасе твар, рот, губы ад незадавальнення ці якога‑н. іншага пачуцця. Эма, ухмыльнуўшыся, пакрывіла вусны: — І зусім тут нічога цікавага... Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.
1. Закончыць малацьбу, абмалаціць усё. Мікалай Гаркун бліснуў вачамі і прагугнявіў: — Хлеб у свірне лічаць. Пакуль памалоцяць яго, дык мышы палову ператочаць. Гроднеў.
2. і без дап. Малаціць некаторы час. [Параска:] — Жаночкі, то вы ж не баўцеся. Падаіце кароў, павячэрайце ды падбяжыце на ток, памалоцім яшчэ трошкі... Палтаран.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Зак. да па́рыцца (у 1, 2 знач.).
2. Парыцца некаторы час.
3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Загінуць пад уздзеяннем гарачай пары — пра ўсіх, многіх. — Каб нечысць не вадзілася! — кажа яна. — Ліну яшчэ і сюды, за запечак, мо якія тараканы ці прусакі папарацца. Каліна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паскрэ́бці, ‑скрабу, ‑скрабеш, ‑скрабе; ‑скрабём, ‑скрабяце; пр. паскроб, паскрэбла; зак., каго-што.
1. Аскрэбці ўсё, многае. Паскрэбці ўсю моркву.
2. і без дап. Скрэбці некаторы час. Алесь паскроб патыліцу і, махнуўшы рукою, хуценька выпхнуў Віктара за дзверы... Ваданосаў. Былі, праўда, два выпадкі, калі Ігара паскрэбла па сэрцу сваім вострым кіпцюрком рэўнасць. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастагна́ць, ‑стагну, ‑стогнеш, ‑стогне; зак.
1. Стагнаць некаторы час. Увярэдзілася, варочаючы калоды ў лесе, маці. Паенчыла, пастагнала з тыдзень і згарэла, як свечка. Грахоўскі. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.
2. перан. Паплакаць, пажаліцца. [Васіль Кузьміч:] — Любіш пастагнаць. Прызнайся, колькі ямак збожжам засыпаў? Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Разм.
1. Намазаць; нацерці. — Ты б іх хоць шмальцам ці алеем пашмаравала .. — кажа бабка, мацаючы маміны рукі. Каліна.
2. і без дап. Шмараваць некаторы час. Косцік крыху змёў гразь шчоткаю, тую, якая паддавалася, а тую, якая сядзела моцна, замазаў гуталінам. Пашмараваў яшчэ крыху шчоткаю. Паставіў боты. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Блукаць некаторы час. Пеця да цямна праблукаў на беразе рэчкі, а начаваў пад дзедавай паветкай. Ракітны.
2. Тое, што і праблудзіць. Ад Залужжа да хутара па добрай дарозе дык паўгадзіны хадзьбы, а ў такую завею можна праблукаць па полі да ночы і на хутар не трапіць. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
правучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго.
1. Пакараць з мэтай, каб у будучым такія правіннасці не паўтараліся. Сяброўкі, даведаўшыся аб яе горы, роем абляпілі Маю і спагадліва раілі правучыць Сцяпана. Дуброўскі. Было жаданне кінуцца на сястру з кулакамі, правучыць яе, каб не плявузгала, ды яшчэ пры маці. Шамякін.
2. Вучыць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., што.
1. Пракласці частай хадзьбой (дарожку, сцежку і пад.). — [Рысь] ведала, што сцежку пратапталі алені і што тут яны адзін за адным на вадапой ходзяць. В. Вольскі. [Васіль:] — Я многа, брат, тут сцежак пратаптаў. За вайну ўсё было зарасло. Шамякін.
2. Працерці, пранасіць хадзьбой. Пратаптаць боты.
3. Таптаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратрашча́ць, ‑шчу, ‑шчыт, ‑шчыць; зак.
1. Утварыць трэск, траскатню. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Быкаў.
2. што і без дап. Разм. Сказаць што‑н. хутка, гучна. У лесе абмяркоўвалі салаўя. Сойка пратрашчала: — Які ён шэры! Непрыкметны. «Вожык».
3. што і без дап. Трашчаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)