палявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да поля (у 1 знач.). Хадзілі дзяўчаты лясамі, Хадзілі дзяўчаты лугамі, Хадзілі у даль палявую, Збіралі красу веснавую. Русак. // Такі, які бывае ў полі; характэрны для поля. Куды ні пайду — усё вясну нагадае: І першая пругкая зелень травы, Здалёку туманаў смуга залатая, І ціш палявая, і шум баравы. Хведаровіч. // Які знаходзіцца ў полі. Палявы стан. □ Палявая дарожка прывяла нас у ціхі лес. Бялевіч. // Які расце ў полі. Палявыя травы. □ Аднекуль вынырнула групка дзяўчат з палявымі кветкамі ў руках. Хадкевіч. Паводдаль ад дарогі разгацілася палявая дзічка. Чорны.

2. Звязаны з выкарыстаннем палёў для пасеваў, з работамі ў полі. Палявы севазварот. □ Палявыя работы кончаны: жыта пасеяна, бульба выбрана, зябліва заворана. Чарнышэвіч.

3. Які дзейнічае, прымяняецца ў баявых умовах; паходны. Палявы тэлефон. Палявы аэрадром. Палявы шпіталь. □ [Камандзір:] — У нас была ўласная палявая кухня, .. сапраўдная кухня, вайсковая. Брыль. Першым ішоў шыракаплечы чалавек у новым мундзіры з палявымі пагонамі генерал-маёра. Шамякін.

4. Звязаны з дзеяннямі ў прыродных умовах. Палявая практыка геолагаў.

5. Спец. Паляўнічы ​2. Палявыя якасці сетэра.

6. Састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Палявая мыш.

•••

Палявая сумка гл. сумка.

Палявы шпат гл. шпат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хва́ля, ‑і, ж.

1. Вадзяны вал, які ўтвараецца гайданнем паверхні вады. Марскія хвалі. □ Каля нізкага берага.. ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Брыль. Дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі на месяцы. Колас. // перан. Пра тое, што сваім рухам, формай нагадвае хвалі. Акно расчынілася, хваля свежага паветра з ліпавым водарам абдала Зосю. Хомчанка. Дыхне ветрык і бягуць прыбоем жытнёвыя хвалі ў неабсяжную даль. Машара. // перан. Прыліў або праяўленне якога‑н. пачуцця, адчування. Сэрца захліснула цёплая пяшчотная хваля. Місько. З кожным новым пытаннем у душы чалавека падымаецца хваля ярасці. «Полымя».

2. Спец. Форма распаўсюджвання ваганняў у пругкім асяроддзі. Электрамагнітныя хвалі. Гукавая хваля.

3. перан.; чаго. Пра масу, плынь чаго‑н., што рухаецца адно за адным з пэўнымі інтэрваламі, перапынкамі. Раніцай.. наляцелі самалёты з чорна-жоўтымі крыжамі на фюзеляжах. Першая хваля, дзесятка паўтара, прайшла на вялікай вышыні, пабліскваючы чырванню ад набрынялай, гатовай выпусціць сонца на небакрай, зары. Хадкевіч.

4. перан.; чаго. Узмоцнены рух, праяўленне чаго‑н. Хваля пратэсту. Хваля арыштаў. □ У 1912–1913 гг. у краіне намячаецца новая хваля рэвалюцыйнага ўздыму. Навуменка.

•••

Доўгія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 1 да 10 км.

Кароткія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 10 да 100 м.

Сярэднія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 100 да 1000 м.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кі́снуць1 ’кіснуць’ (ТСБМ). Укр. киснути, рус. киснуть ’тс’, балг. кисна ’мокнуць, кіснуць’, серб.-харв. ки̏снути ’тс’, славен. kísniti ’кіснуць’, польск. kisnąć, чэш. kysnouti, славац. kysnuť, в.-луж. kisnyć, н.-луж. kisnyś ’тс’. Узводзіцца да прасл. *kysti, kysnǫti ’мокнуць’. Бліжэйшай паралеллю лічыцца лат. kûsât ’кіпець’ (фармальна адэкватна прасл. kysati, параўн. рас‑кісаць). Нягледзячы на блізкасць славянскага і латышскага дзеясловаў, застаюцца сумненні наконт іх генетычнай тоеснасці. Тым больш што лексіка іншых балтыйскіх моў не адпавядае гэтай пары ні фармальна, ні семантычна. Няма таксама надзейных адпаведнікаў за межамі балта-славянскай моўнай глебы (Бернекер, 1, 678–679; Траўтман, 147). Згодна з іншай версіяй, прасл. kysti, kysati звязваюцца з літ. kaužóti, gaužóti ’кіснуць’ (Яначак, LF, 59, 419; Шпэхт, KZ, 55, 9; Махэк, Recherches, 83–86). Гэта этымалогія адпавядае канцэпцыі аб прыярытэце семантычнай адэкватнасці над фармальнымі адпаведнасцямі. Дублетнасць па звонкасці — глухасці зычных назіраецца ў самім балтыйскім матэрыяле. Адносіны галосных адпавядаюць розным ступеням якаснага і колькаснага аблаўта. Да таго ж першая версія не выключае семантычна і фармальна другой. Параўн. лат. kûsât ’кіпець, бурліць, уздымацца’ і літ. kiaužóti ’ўздымацца, выгінацца’, kaužóti ’падымацца пры браджэнні’. Больш шырокі дыяпазон адпаведнасцей прымае Тапароў (K–L, 357–360), які, у прыватнасці, уключае ў адну групу генетычных паралелей лат. kûsât і літ. kùšti ’рухацца, шавяліцца, кішэць’. Калі не ісці далей па шляху семантычнага расшырэння гэтай групы паралелей, мы павінны будзем суаднесці прасл. kysti, kysnǫti ’кіснуць’ і прасл. kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць). Фармальна яны суадносяцца на аснове рэфлексацыі і.-е. як славянскага s або x (Мартынаў, Слав. акком., 109–129). Семантычна яны звязваюцца паняццем ’браджэнне’: ’бязладны, хаатычны рух’ > ’браджэнне’. Параўн. рус. бродить ’бадзяцца, блукаць’ і бродить ’брадзіць’.

Кі́снуць2 ’без упынку смяяцца’ (КЭС, лаг., Жд. 3), кіснуць са смеху ’нястрымна прыцішана смяяцца’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2). Семантычна да першаснага значэння кіснуць1 ’мокнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сам ’сам, ніхто іншы’, у знач. наз. ’гаспадар, кіраўнік і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’адзін, адзінокі’ (Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), са́мы займ. ’той, ніхто іншы’, ’іменна такі, які патрэбен, падыходзіць (самая пара)’, ’той, што мае вышэйшую ступень якасці (самы вясёлы)’ (ТСБМ, Бяльк.), са́му, саму́ ’адзін, адзінокі’ (ТС), са́мо, са́ме ’толькі, як раз’, са́міе ’самі’ (Ян.), саме́нко, саме́нты ’якраз’ (Мат. Гом.). Сама‑першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае накіраванасць, здзяйсненне, працяканне дзеяння і інш.: самасе́й (да сеяць), самапа́сам ’самастойна, без нагляду’ (да пасці), самату́жкі ’маленькія санкі’ (да тужыцца), самакі́ша ’прастакваша’ (да кіснуць), самахоць ’па сваёй волі’ (да хацець) і інш. Агульнаславянскае; рус. сам ’сам; адзін’, укр. сам, са́мий ’тс’, стараж.-рус., ст.-слав. самъ, польск., в.-луж., н.-луж. sam, каш. som, чэш., славац. sám, серб.-харв. sȃm, славен. sȃm, балг., макед. сам ’сам’, ’адзін, адзінокі’. Прасл. *samъ, *sama, *samo. Паралелі ў ст.-інд. samás ’роўны, адзінкавы’, авесц. hama‑, hāma‑, ст.-пярс. hama‑ ’роўны, той жа самы’, гоц. sama ’той жа самы’, ст.-в.-ням. samo, ст.-англ. same, ст.-ісл. sómr ’падыходзячы, належачы’ і г. д., гл. Траўтман, 273; Торп, 432; Праабражэнскі, 2, 249; Фасмер, 3, 552; Сной₁, 553; усе ад і.-е. кораня somo/semo < і.-е. *sem ’адзін’. Трубачоў, Этимология–1965, 23, 65, падкрэсліваючы незалежнасць ужывання займеннікавага элемента ў славянскім і іранскім, лічыць, што авесц. hāmō не падцвярджае агульнасць інавацыйнага падоўжання ў гэтых мовах. Даўжыня галоснага ў славянскім слове паводле Махэка₂, 537 мае экспрэсіўны характар. Гл. яшчэ БЕР, 6, 453 і наст., Шустар-Шэўц, 2, 1266; Борысь, 538. Сюды ж прым. самаві́ты ’разумны’ (Нас., ТС), ’самастойны’ (Ян.), ’мажны, дзябёлы’, ’паважны, салідны’ (ТСБМ), самава́ць ’садзіцца на гак, шараваць плытам па гаку’ (навагр., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тагды́ ’тады; часам, калі-нікалі’ (ТСБМ), ’тады; потым’ (Сцяц., Ян.), ’тады’ (Сержп. Прымхі; віл., Жд. 3), ’у той час, перыяд’ (Сл. ПЗБ), тогды́ ’тс’ (ТС, ПСл), ’у той час, пасля таго’ (пруж., беласт., Сл. ПЗБ), тогды́‑сёгды́ ’час ад часу’ (ТС), тагды́‑сягды́ ’калі-нікалі’ (в.-дзв., Шатал.), сюды ж фанетычныя варыянты тагдэ́ ’пасля таго, потым’ (Сл. ПЗБ), тогдэ́ ’ў той час, пасля таго’ (кам., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), тоўды́ ’тс’ (ПСл), товді ’тс’ (Сл. Брэс.), а таксама тагды́шні ’тадышні’ (Нас.); ст.-бел. тогды, тагды ’тады’ (Альтбаўэр, КГС). Укр. тогді́, дыял. товді́, тоўді́, рус. тогда́, дыял. тогды́, товды́, то́жды, стараж.-рус. тогда, тъгда, тъгды, тогды, толды, ст.-польск. tegdy, в.-луж. tehdy, н.-луж. tegdy, чэш., славац. tehda, tehdy, балг. тога́(ва), макед. тога, тогай, тогаш, ст.-слав. тогда, тъгда, тогъда, тьгда, тодга ’тады, у той час’. Прасл. варыянты *togdy/*tъgdy ’тады’ з указальнага займенніка *to (Шустар-Шэўц, 1502 да *to‑ дадае яшчэ *te‑ і tъ‑ з дыялектнай дыферэнцыяцыяй у славянскіх мовах яшчэ з праславянскіх часоў) і фарманта ‑gdy (ESSJ SG, 2, 667–671) або *gъdy (Борысь, 630). Паводле Карскага (2–3, 417), тут выступае форма Тв. скл., як і ў ст.-бел. всегды ’заўсёды’, иногды ’часам’ і пад. Першая частка звычайна супастаўляецца з літ. tadà, tad ’тады’, усх.-літ. tadù, ст.-інд. tadā́, вед. tadānīm, tadāmm, авест. taẟa (Фасмер, 4, 68–69; ЕСУМ, 5, 590). Адносна другой часткі *‑gdy на падставе лат. tagad (< *tagadi) ’цяпер’, укр. тогід ’у мінулым годзе’ мяркуецца, што гэта склонавая форма ад прасл. *godъ, менавіта Р. скл. адз. л. *goda (Мюленбах-Эндзелін, 4, 122–123; другасны ўплыў іменных склонавых флексій у адносінах да фіналі прасл. *kǫdy дапускае ЭССЯ, 12, 53; гл. таксама Карскі, 1, 103), але невытлумачальным, на думку Фасмера (там жа), застаецца перасоўванне націску на канчатак. Верагоднасць іншых версій (кантамінацыі *toga/*tъga + *toda/*tъda ці існаванне зыходнага *to‑kъda) цяжка давесці. Гл. тады́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во, часціца ўказальная.

Разм.

1. Ужываецца ў тых выпадках, калі трэба паказаць што‑н., звярнуць на што‑н. увагу. — Во, во, гэтыя во, — тыцкаючы пальцам на Юзіка, і Лёню, крычала Зося. Дуброўскі. [Зелянюк:] — Сядай, Таццяна, бліжэй, во сюды. Зарэцкі. — Во, сом плёснуў, — нечакана гаворыць [Сабіна]. Ракітны.

2. Ужываецца, калі трэба выказаць здзіўленне, нежаданне, здавальненне або нездавальненне, абурэнне. З натоўпу выбраўся Хведар. Доўга ціснуў руку, гаварыў: — Во малайчына, што прыйшоў. Асіпенка. Цяжка, сорамна было вяртацца дамоў, у калгас, да бацькоў. Засмяюць усе. Кожны скажа: — Во, не звала, правалілася. Кавалёў.

3. Ужываецца пры пытальных і адносных займенніках і прыслоўях, калі трэба акцэнтаваць на нечым увагу. [Зелянюк:] — Ты мне во што скажы, Таццяна, дзе, у каго тут найлепш мне асяліцца? Зарэцкі.

4. Ужываецца, калі трэба пацвердзіць сказанае некім. Алёша аж закрычаў, так здзівіўся: — Палоць? А вой! Хто ж канюшыну поле? Трэба зямлю вапнаваць. — Во! Чула? — Шэмет аж абярнуўся да.. [Іры]. Лобан.

5. Ужываецца, калі трэба падвесці вынік сказанаму. [Суседка:] — Дык во, Клаўка, які твой каханенькі-родненькі,.. пачытай, што яму першая жонка піша. Гроднеў. — Во як, во як бывае... — тоненька заспявала [Ліпа], склаўшы па грудзях натруджаныя рукі. Ракітны.

6. у знач. выкл. Ужываецца для ўзмацнення эмацыянальнай афарбоўкі сказа. — Во далі! — радаваўся Сцёпка. — Не палезе цяпер... Хомчанка.

7. у знач. вык. Выдатна ці выдатныя. [Хлопец:] — Людзі ўсё — во! Адзін да аднаго, як на падбор. Дружныя, таварыскія. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зляце́ць, злячу, зляціш, зляціць; зак.

1. Летучы, спусціцца куды‑н. Верабей зляцеў з вішні на плот.

2. Узляцеўшы, пакінуць якое‑н. месца; вылецець куды‑н. далёка. Навокала, безлюдзь, нідзе ні душы, І птушкі зляцелі. Колас. // перан. Знікнуць, прапасці. І прайшло. Зляцела змора. Ачуняў наш вельмі хворы. Броўка. Зляцела жвавасць і з Ёсіпа, ён аціх і ўнурыўся носам у расхрыстаны каўнер паддзёўкі. Дуброўскі.

3. Разм. Хутка збегчы, саскочыць, спусціцца адкуль‑н. Дзеці, убачыўшы бацьку, зляцелі з воза так, нібы іх адтуль здзьмула ветрам, і павіслі на яго шыі. Чарнышэвіч. Наталля кінулася ў дзверы, адным махам зляцела па лесвіцы ўніз, і праз момант ужо чуваць было, як яна з некім сварылася. Скрыган.

4. Не ўтрымаўшыся дзе‑н., на чым‑н., зваліцца ўніз. Мачулін.. зачапіўся галавой зараму дзверцаў, капялюш яго зляцеў і пакаціўся па дарозе. Дуброўскі. З клёна зляцеў ліст, прыліп да шыбы. Шамякін. // Саскочыць, ссунуцца з пэўнага месца пры руху; паляцець. Цягнік зляцеў пад адхон. // перан. Разм. Страціць месца, пасаду. Незадаволеныя радуюцца: зляціць старшыня. Быкаў. Тодар Дзікавіцкі зляцеў з брыгадзірства. Дуброўскі.

5. перан. (у спалучэнні са словамі «з губ», «з языка» і пад.). Быць нечакана выказаным; сарвацца. З таго часу, як першая прыказка зляцела з вуснаў чалавека, яна, як і кожная ідэйна-мастацкая з’ява, прайшла пэўны шлях развіцця. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’яві́цца, з’яўлюся, з’явішся, з’явіцца; зак.

1. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Рыгор у назначаны тэрмін з’явіўся ў парк. Гартны. Вартаўнік Мітрафан з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. // Прыбыць куды‑н. па якой‑н. афіцыйнай неабходнасці, загаду і пад. З’явіцца ў суд. □ [Баяновіч:] З’явіўся згодна вашаму загаду. Глебка.

2. Узнікнуць, паказацца перад чыімі‑н. вачамі. На небе з’явіліся першыя зоркі. □ Вось сярод туману нешта заварушылася, і праз хвіліну з’явілася другая лодка. Маўр. // Узнікнуць, зарадзіцца. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў. // Вырасці. Вывеўся .. [апалонік] з ікрынкі, глядзіш, праз колькі дзён у яго лапкі з’явяцца, а пасля і жабай зробіцца. Даніленка. // Аказацца надрукаваным, апублікаваным. Верш «Ворагам Беларушчыны» з’явіўся ў дванаццатым нумары «Нашай нівы» за 1908 год. Казека. // Пачаць дзейнічаць, праяўляць сябе. За гады савецкай улады многа выдатных людзей з’явілася ў беларускім Палессі. Чорны.

3. Стаць, зрабіцца чым‑н. Першая руская рэвалюцыя з’явілася паваротным пунктам у гісторыі народаў Расіі. Ярош.

•••

З’явіцца на свет — нарадзіцца. У шчаслівы час [сын] з’явіўся на свет. Скрыпка.

З’явіцца на чыім гарызонце — тое, што і паказацца на чыім гарызонце (гл. паказацца).

Як з (з-пад) зямлі з’явіцца — тое, што і як з (з-пад) зямлі вырасці (гл. вырасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сала́, со́лка ’востраў сярод ракі, пакрыты лазой і кустамі’, ’камяністы выступ сярод рэчкі’ (іўеў., Арашонкава і інш., БЛ, 3, 45), сала́ ’водмель, востраў’, ’узвышанае месца сярод балота’ (іўеў., віл., швянч., Сл. ПЗБ). З літ. salá ’востраў’; гл. Арашонкава і інш. у названай крыніцы; Сл. ПЗБ, 4, 350.

Са́ла1 ’тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС, Нар. сл.), ’сала, здор’ (Сл. ПЗБ), ’курыны тлушч’ (Жд. 1), ’гусіны тлушч’ (Мат. Гом.), ’мясістая абалонка ў гарбузе’ (навагр., З нар. сл.), ’белая сарцавіна камыша’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.), салны́ця ’унутранае сала’ (Сл. Брэс.). Агульнаславянскае; рус. са́ло ’сала, нутранае сала’, укр. са́ло ’сала; здор’, стараж.-рус. сало, польск. sadło ’нутраны тлушч наогул’, в.-луж. sadło ’топленае сала, тлушч’, н.-луж. sadło ’нутраны тлушч, сала’, чэш. sádlo ’від жывёльнага тлушчу’, славац. sadlo ’тс’, серб.-харв. са̏ло ’нутраны тлушч, свіны тлушч’, славен. sál̥o ’нутраны тлушч’, балг. са́ло ’нутраны тлушч’, ’мяккая тканка вакол насення ў гарбузе, перцы і г. д.’, макед. са́ло ’свіны тлушч; нутраны тлушч’. Прасл. *sadlo. Дэрыват ад кораня *sad‑ (які ў *saditi ’садзіць’), г. зн. ’тое, што садзіцца на мяса або на нейкія часткі цела’; гл. Міклашыч, 287; Мацэнауэр, LF, 19, 244; Младэнаў, 567; Брандт, РФВ 24, 145; Фасмер, 3, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сумненні адносна словаўтварэння ў Махэка₂ (535), які праславянскай лічыць форму *sadidlo, і Рэйзака (558); апошні лічыць магчымым утварэнне слав. слова ад і.-е. sa‑ ’сыціць’. Аналагічна Сной₁, 552. Мартынаў (Этимология–1982, 9) параўноўвае з прус. saltan ’сала’, літ. lašiniai ’сала’, марфалагічна тоесных слав. *sadlo, але фанетыку кораня цяжка давесці.

Са́ла2 ’бома для прыціскання бервяна на козлах’ (дзісн., КЭС), ’рычаг (цяжкае бервяно)’ (нараўл., Сл. ПЗБ), ’груз на калодзежным жураўлі’ (Сл. Брэс.). Да сала1. Калька літ. lašinai ’сала’, ’палка або чурбан для прыціскання дошак’.

Сала3 ’«жалезныя свечы» на аржавенні-вадзе, дзе шмат жалезных спалучэнняў’ (Нік. Очерки). Да сала1 (гл.).

Са́ла4 ’ледаход’ (Байк. і Некр.). Да сала1, параўн. рус. са́лопершая корка лёду’; гл. Фасмер, 3, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ско́расць, ‑і, ж.

1. Ступень хуткасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Скорасць палёту. Скорасць бегу. Скорасць святла. □ Поезд зрушыўся з месца і пашыбаваў далей, набіраючы скорасць і пакідаючы за сабою густыя клубкі дыму. Колас.

2. Ступень хуткасці, з якой адбываецца які‑н. працэс, дзеянне і пад. Скорасць рэзання. Скорасць вярчэння дыскаў.

3. Спец. Ступень хуткасці ластаўкі грузаў. Пасажырская скорасць. Адпраўка грузаў малой скорасцю.

4. Ступень хуткасці руху або вярчэння некаторых машын (аўтамабіля, матацыкла, станка і пад.), якая залежыць ад спосабу счаплення шасцярон. Уключыць скорасць. Весці машыну на трэцяй скорасці. □ У счапленні, значыць, нічога не можа быць — скорасці пераключаюцца нармальна. Мыслівец.

5. У фізіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Адзінка скорасці. Сярэдняя скорасць. Вылічэнне скорасцей.

•••

Вялікая скорасць (спец.) — павышаная скорасць перамяшчэння грузаў (проціл. малая скорасць).

Каробка скорасцей гл. каробка.

Касмічныя скорасці — мінімальныя пачатковыя скорасці, пры якіх касмічны апарат, што запускаецца з Зямлі, можа стаць штучным спадарожнікам яе (першая касмічная скорасць), або пераадолець зямное прыцяжэнне і выйсці к іншым планетам Сонечнай сістэмы (другая касмічная скорасць), або пакінуць Сонечную сістэму, пераадолеўшы прыцяжэнне Зямлі і Сонца і пайсці ў міжзорную прастору (трэцяя касмічная скорасць).

Крэйсерская скорасць — нармальная скорасць карабля або самалёта ў адрозненне ад максімальнай.

Лінейная скорасць (спец.) — скорасць руху пункта, якая вызначаецца па даўжыні шляху, пройдзенага за адзінку часу.

Малая скорасць (спец.) — звычайная скорасць руху таварных паяздоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)