Каштава́ць1 ’мець тую або іншую цану, грашовую вартасць’; ’абыходзіцца ў якую-н. суму, патрабаваць якіх-н. затрат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Слова засведчана ў ст.-бел. мове з 1516 г. (таксама як і коштъ, коштованье, коштовне, коштовность і г. д.; гл. Булыка, Запазыч., 174). Параўн. рус. коштовать (дыял.), укр. коштувати і г. д. Запазычанне з польск. мовы (< польск. kosztować ’тс’); Бернекер, 586; Фасмер, 2, 361; гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67; Рыхардт, Poln., 68. Крыніцай польск. слова з’яўляецца с.-в.-ням. kosten ’каштаваць, быць вартым і да т. п.’ Слаўскі, 2, 545. Гэта апошняе ў сваю чаргу узята са ст.-франц. coster < лац. *costare < cōnstare (Слаўскі там жа).

Каштава́ць2 ’спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Параўн. рус. дыял. коштова́ть ’тс’, укр. куштува́ти, коштува́ти. Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. kosztować ’тс’ (у такім значэнні польск. слова вядома з XVI ст.), якое ўзята з с.-в.-ням. kosten ’даследаваць, вывучаць, спрабаваць, пробаваць на смак’ або ст.-в.-ням. kostōn ’тс’ (гэты дзеяслоў роднасны лац. gastāre ’каштаваць, спрабаваць ’). Гл. Бернекер, 1, 586; Брукнер, 260; Фасмер, 2, 361; Махэк₂, 282. Вельмі падрабязна аб семантычнай гісторыі слова kosten у ням. мове гл. у Пауля, Wörterb. (7. Aufl., 1960), с. 344. Гл. яшчэ Клюге, 395–396.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багу́н1, таксама багно́, баго́н, баган, бахун, багульнік, бугу́н, баго́ннік (гл. Кіс., Талстой, Геогр., 155). Рус. багу́н, багу́нник, багу́льник, укр. багно́, багу́н, баго́н, багу́льник і г. д. (Макавецкі, Sł. botan., 205), польск. bagno. Вытворнае ад *bag(ъ)no ’багна’ (гл.). Брукнер, 11; Фасмер, 1, 103; Слаўскі, 1, 25; параўн. яшчэ Мяркулава, ЭИРЯ, III, 16–17; Якобсон, Word, 7, 189; Машынскі, Uwagi; Талстой, Геогр. Але Абаеў (Зб. Фальку, 1–4) на аснове рэдкай рус. формы вагульник хоча бачыць сувязь з ням. wacholWacholder ядловец’) і асец. waɣyly ’шыпшына’. Няпэўная думка (Машынскі, Pierw., 214) пра сувязь з *bagnę (гл. багня́1, 2): у час цвіцення багун нагадвае воўну ягнят. Няправільна Сабалеўскі, AfslPh, 33, 477, ЖМНП, 1911, май, 162, пра роднасць з грэч. φηγός дуб’, дар. φᾱγός, лац. fāgus ’тс’ (акрамя семантыкі, тут і фанетычныя перашкоды: у грэч. і лац. словах і.-е. *‑g̑‑, якое б дало слав. Гл. таксама Шанскі, 1, Б, 8–9 (дзе прыводзяцца некаторыя новыя меркаванні). Параўн. бахун.

Багун2 ’расліна Cynoglossum officinale L., касталом лекавы’ (Кіс.). Мабыць, назва перанесена з багу́н1 ’Ledum palustre’, таму што Cynoglossum, як і Ledum, мае вельмі непрыемны пах. Не выключаецца, што ёсць сувязь і з ба́гна ’балота’ (бо расліна расце ў пясчаных месцах і на берагах рэчак).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бада́ць1, бадану́ць (Нас.), бадлі́вы (Шат.), баду́н ’бадлівы’ (Нас.), бадзючы ’калючы; бадлівы’ (Нас., Касп.), басці, баду́ (Шат., БРС, КЭС, лаг.), басці́ся (Касп., Яруш.). Рус. бода́ть (ст.-рус. бости), укр. бости́, польск. bóść, bodać, чэш. bůsti, bodati, ст.-слав. бости, балг. бода́, серб.-харв. бо̀сти, ба́дати. Прасл. bosti, bodǫ і ітэратыў bodati, badati (bosti адлюстроўваецца ў бел. мове ў басці́, баду́, гл. Гарэц., Др.-Падб.). Параўноўваюць з літ. bèsti, bedù, лат. badīt, badu ’рыць, капаць’, лац. fodio ’капаю, рыю’, літ. badýti, badaũ ’калю’. І.‑е. *bhed‑: *bhod‑. Бернекер, 66; Траўтман, 29; Фасмер, 1, 183; Фрэнкель, 41.

Бада́ць2 ’дапытвацца, дамагацца’ (Сцяшк.), ’меркаваць, разважаць; дамагацца, дапытвацца, вывучаць, даследаваць’ (Інстр. лекс.). Ст.-бел. бадати ’вывучаць’ (Гіст. лекс., 96; Булыка, Запазыч.; параўн. Бярында, 20, 50, 51). Ст.-укр. бадатися дапытвацца, дашуквацца’. Запазычанне з польск. badać ’тс’ (гл. Цімчанка, 49; Жураўскі, Гіст. лекс., 196). Паходжанне польск. дзеяслова няяснае: 1) з *ob‑ada‑ti да і.-е. *od‑ ’нюхаць’, Бернекер, 24; Ваян, RÉS, 19, 300; Махэк₂, 41; параўн. таксама Развадоўскі, RS, 1, 254; 2) ітэратыў да прасл. *bosti ’калоць’, Брукнер, 10; Слаўскі, 1, 25; асабліва Слаўскі, RS, 23 (1), 153. Неверагодна Штрэкель, AfslPh, 12, 452: < італ. badare звяртаць увагу’. Аддзеяслоўнае бада́нне ’разважанне; угадванне’ (Нас.) таксама з польск. badanie, гл. Кюнэ, Poln., 42.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti*o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малі́на, малі́ны, малы́на, малэ́нэ ’маліна звычайная, Rubus idaeus L.’, ’маліннік’ (ТСБМ, Кіс., Бес., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ; драг., КЭС, міёр., Жыв. сл.), малі́ніца, малі́нушка ’маліна’ (Нар. Гом.; Кліх). Укр. мали́на, рус. мали́на, малины, польск. malina, malinia, палаб. moleina, н.-луж., чэш., славац. malina, в.-луж. malena, славен. malína, серб.-харв. ма̀лина, макед., балг. малина. Прасл. malina, першасным значэннем якога, паводле Скока (2, 363), было ’чарніцы’, параўн. роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. mė́lynas ’блакітны’, mė́lyna ’пляма’, лат. mel̃ns ’чорны’, ст.-прус. mīlinan ’пляму’ (В. скл.), літ. mel̃svas ’сіняваты’, ст.-грэч. μέλας ’чорны, цёмны’, ст.-в.-ням. ana‑mâli ’пляма, шрам, рубец’, с.-в.-ням. mâl ’пляма’, брэтон. melen ’жаўтаваты’, лац. mulleus ’чырванаваты’, ст.-грэч. μολύνω ’пэцкаю’, ст.-інд. malina‑ ’запэцканы’ — усе да і.-е. *mel(ə)‑ ’цёмны, брудны, запэцканы’ (Міклашыч, 181; Бернекер, 2, 12, Брукнер, 319; Фасмер, 2, 563; Скок, 2, 363; Бязлай, 2, 164; БЕР, 3, 627). Махэк₂ (349) адносіць гэту лексему да «праеўрапейскай» асновы *mōr‑/m̄ol. Мартынаў (Тезисы: Ареальные иссл.… Л., 1975, 24) выводзіць яе з прасл. m̄alъ ’малы’ — ягада складаецца з малых частак. Сюды ж малі́ннік, ігн. маліня́к ’зараснік маліны’, ’яе галінкі’ (ТСБМ, ТС; любан., Нар. словатв.; міёр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), малі́навік, малі́ннік ’пітво, настоенае на маліне’ (Нас.); малінавы(й) ’цёмна-чырвоны’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накол ’рог хусткі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), наклы́ ’па вуглах’ (там жа), рус. пск. накло́ ’мыс берага, каса’, ’неглыбокае месца, парослае трыснягом’ (СРНГ), польск. Nakło (тапонім), чэш. náklí ’зараслі маладой вярбы’, nákel ’вільготнае месца з вярбовымі ’зараслямі’, náklo ’месца каля ракі’, славен. Naklo (тапонім, гл. Бязлай, Eseji, 163), серб.-харв. на̑кла ’глыбокае месца ў рацэ’, nákla прысл. ’дадолу, на зямлю’ (Šimunović, Olesch. Čak.-deut. Lexikon, 3, 538). На падставе наяўных матэрыялаў можна рэканструяваць у якасці зыходнай формы прасл. *nakъlъ, *nakъlo ’выступ’, прыставачнае ўтварэнне з прэфіксам na‑, параўн. сінанімічнае да яго *zakъlo (гл. за́кла), ад асновы kъlъ ’зуб, клык, малады парастак’, якая ўзыходзіць да *kolti ’калоць’, гл. Брукнер, 354; Махэк₁, 317; Скок, 2, 500; спецыяльна гл. Варбат, Этимология–1972, 49–53. Для шэрагу вучоных аснова і першаснае значэнне слова застаюцца няяснымі (Махэк₂, 388; Бязлай, 2, 213). Ондруш звязвае з балг.-макед. натлак ’нанос’ і праз стадыю пераходу ‑tьl > ‑tl‑ > ‑kl‑ спрабуе звесці да ‑tьlo (Slavica Slovaca, 16, 1981, 3, 230–235). Гл. таксама: Борысь, Onomastica Jugoslavica, 11, 1984, 1–9. Наяўнасць беларускіх і рускіх форм пярэчыць сцвярджэнню Налепы пра выключна заходнеславянска-паўднёваславянскі характар слова, на якім грунтуюцца далёка ідучыя этнагенетычныя вывады, параўн. Nalepa J. Słowiańszczyzna północno-zachodnia. Podstawy jedności і jej rozpad. Poznań, 1968, 70–72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Круты́1 ’стромкі, высокі’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., Яруш., Касп., Сцяшк., Сержп. Ск., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’. Іншыя славянскія паралелі не ведаюць такога значэння. Але яно дакладна адпавядае літ. krañtas ’круты, стромкі бераг’, лат. krañts ’бераг’. Таму ёсць падставы аддзяліць ад аманімічнага прасл. krǫtъ (гл. круты2 і круты3). Можна таксама меркаваць аб тым, што прасл. bergъ ’круты бераг’ (магчыма, германскага паходжання) выцесніла прасл. krǫtъ у гэтым значэнні, *krǫtъ bergъ ’круты бераг’ рэалізавалася ў тых дыялектах, у якіх bergъ страціла значэнне ’круты’, а krǫtъ адпаведна яго зберагло. Параўн. Міклашыч, 138; Траўтман, 142; Брукнер, 267; Слаўскі, 18, 276–277.

Круты́2 ’спрытны, лоўкі’ (Сцяшк. Сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. круты3.

Круты́3 ’моцна скручаны’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’, серб.-харв. кру̑т ’тлусты, цвёрды, тугі’, славен. krȏt ’люты, шалёны’, польск. kręty ’кручаны, сільны’, чэш. krutý, славац. krutý ’кручаны, сільны, шалёны’, н.-луж. kšuty ’моцна скручаны, тугі, моцны’, в.-луж. kruty ’цвёрды, моцны, шалёны’. Прасл. krǫtъ ’тугі, скручаны, сільны, шалёны’, відаць, усё ж такі генетычна звязана з krǫtъ ’круты, стромкі (бераг)’, але семантычна адышло ад яго (гл. круты1).

Круты́4 ’посны’ (Мат. Гом.). Да круты3. Семантычнае развіццё: ’моцна звараны без тлушчу (аб кашы)’ > ’посны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лакно ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’ (Бейл.), локно́ ’гарлачык белы, Nuphar alba L.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Нар. лекс.), Локна — возера і сенажаць в. Ласіцк (Бел. анам., 1985, 125), укр. палес. локно́), лукно́ ’гарлачык’. Польск. Łekno, Łukna (назва возера ў Пазнанскім ваяводстве, з XII–XIII стст.), сярэдневяковыя тапонімы і гідронімы з палабскай, паморскай, лужыцкай і славенкай тэрыторый ў формах: *lъkno, *lъкniса і з басейна Прыляці і Дзясны: Локна, Локнея, Локніца, Локня, Локнянка; чэш. lekno, leknin ’гарлачык белы’, славац. lekno, lekno biele ’тс’, lekno žlt ’гарлачык жоўты’, leknovec ’німфейнік шчыталісты, Nymphoides peltatum (S. G. Gmel.)’, магчыма, в.-луж. łuknadź, łoknadź. u̯óknač ’лотаць, Caltha palustris L.’ Прасл. (паўн.-прасл.) дыялектызм lъkno, які служыў для называння водных раслін на балотах, азёрах і звязаных з імі мікратапонімаў. Адпаведнікі ў балт. мовах: літ. lùknė, лат. lùkne ’гарлачык жоўты’, Lùknas (возера), Lùknė (рака), лат. Lukna (рака). Аналагічна параўн. семантычную паралель ’расліна’ ⟷ ’балота’: локвањ ’гарлачык’, локвањача ’тс’ < лӧква ’лужа’, ло̀кањ ’невялікая лужа’ (а раней ’балота, дрыгва’ < ’возера’) ці ’балота’ ⟷ ’лес’ (гл. Талстой. Геогр., 244). Балта-паўн.-слав. ізалекса (Непакупны, Связи, 34–36). Прасл. lъkno звязваецца этымолагамі з і.-е. *leu̯k‑/*lou̯k‑ ’блішчэць, ільсніцца’ (Слаўскі, 5, 99; Слаўскі, SP, 1, 115; Брукнер, 309; Трубачоў, Этимология–1968, 24–32; Фрэнкель, 389–390).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́чка ’чырвоная стужка’ (абл., ТСБМ). Рус. дыял. жи́чка ’ваўняная пража’, ’суровая нітка’, тул. жи́ча ’кайма, падшыўка’, перм., сіб., кур., пенз. ’чырвоны гарус’, укр. жи́чка ’чырвоная шарсцяная нітка’, ’шарсцяная ці шаўковая тасьма’, польск. życzka ’чырвоная стужка ці тасёмка’, балг. жичка ’нітка’ (Гераў). Параўн. славен. žica ’дрот’, серб.-харв. жи̏ца ’пасма, нітка, дрот, жыла’, балг. жѝца ’дрот’, разм. ’нітка’, дыял. ’сцябло гарбуза, кавуна і г. д.’, макед. жица ’нітка, дрот’, ’слой зямлі’, ’наследнік’. Прасл. *žika > *žica ’стужка, пасма, нітка’. Літ. gijà ’нітка ў аснове тканіны’, лат. dzija ’тс’, а таксама ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’, вед. jiya ’цеціва’, ст.-іран. ǰiyā ’жыла’, грэч. βιός ’лук’. Узыходзіць да таго ж і.-е. кораня, што жыла (гл.): *g​heiə‑, *g​hī‑ ’жыла, стужка’. Покарны, 1, 489; Фасмер, 2, 57–58; БЕР, 1, 549; Брукнер, 669; Скок, 3, 679–680; Траўтман, 87. Корань g​hī‑ атрымаў у слав. ‑k‑ (Мейе, Études, 209) і трансфармаваўся ў *ži‑k‑; з памянш. суфіксам *‑ьk‑ атрымліваецца жычка (форм. žica мае ‑c‑ па бадуэнаўскай палаталізацыі). Аб прасл. *žica ў суч. слав. мовах гл. Чумакова, Совещание по ОЛА (Ужгород, 25–28 сентября 1973 г.). Тезисы докладов. М., 1973, 80–82. Значэнне ’чырвоная стужка’ ў бел., укр., польск. сфарміравана, відаць, не незалежна, не выключана, што распаўсюджана з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́ра1 ’газ, які ўтвараецца пры выпарванні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады’; пар ’паравое поле’, па́рнасць, па́рына, па́раніна, парно́та, парні́к, па́ранка, паро́нка. Агульнаславянскае: рус. пар, укр. па́ра ’паравое поле, выпарэнне’, царк.-слав. пара ’выпарэнне’, польск. par, para, чэш. pára, славац. para, серб.-харв. па̏ра, славен. pȃra, балг. па́ра. Звязана чаргаваннем з прэць, прэю (гл.) (Траўтман, 231; Младэнаў, 411; Праабражэнскі, 2, 20; Фасмер, 3, 203). Параўн. па́рыць.

Па́ра2 ’два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае; дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка; два прадметы, дзве штукі чаго-небудзь’. Рус., укр. па́ра. Праз польск. para з сяр.-в.-ням. pâr ’пара’ ад лац. pār ’роўны, пара’ (Брукнер, 395; Праабражэнскі, 2, 16; Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. пара XVI ст. таго ж паходжання (Булыка, Лекс. запазыч., 154).

Пара́ ’час, перыяд; адпаведны час’. Рус., укр. пора́ ’час, пара, узрост’, польск. pora ’выпадак, пара’, балг. по́ра ’узрост’. Пэўнай этымалогіі няма. Лічаць роднасным ‑пор (гл. напор, упор), якое звязана з пярэць, пру, і набліжаюць да грэч. πορεῖν, аорыст ἔπορον, эпір. πόρον ’даць, прадставіць’, ’вызначыць’ (Младэнаў, 489; Праабражэнскі, 2, 166; Мацэнаўэр, LF, 13, 180 і наст.; Фасмер, 3, 328). Міклашыч (240) указвае яшчэ на рус. дыял. пора́ ’падпорка для стога сена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)