памі́ж, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «паміж» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Граніца паміж двума светамі. Вагоны стаялі паміж акном і сталом. □ [Сашка] падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон. Чорны. На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі. Мележ. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска. Грахоўскі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал. Купала. // Ужываецца для ўказання на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Ў глыбі двара стаяла хата І выглядала зухавата Паміж запушчанай будовы. Колас. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.

Часавыя адносіны

2. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Паміж захадам сонца і змярканнем. □ Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена. Г. Кісялёў. // Ужываецца для ўказання на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку між якімі што‑н. адбываецца. Паміж гаворкаю дымок Віецца між сябрамі. Броўка. Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. [Шуфт:] Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана. Крапіва. Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб ўмацаваны дружбы паміж калгасамі. Шамякін. Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок. Зарэцкі.

4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. □ З’езд [дэлегатаў арміі і тылу Заходняга фронту] з’явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію. «Весці».

5. з Т. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзея чаго‑н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі.

•••

Паміж двух агнёў гл. агонь.

Паміж намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

план, ‑а, м.

1. Чарцёж, які паказвае ў паменшаным выглядзе мясцовасць, прадмет, збудаванне і г. д. у гарызантальнай праекцыі. План зямельнага ўчастка. План школьных будынкаў. □ Раз увечар віхор кучаравы Да настаўніцкіх вокнаў прылёг. І за шклом размалёваным, зорным, У міганні вясёлкавых мараў Ён убачыў у хаце прасторнай Карты-планы балотных абшараў. Багун.

2. Праграма заданняў і прац у гаспадарчай, культурнай і інш. галінах, якія павінны быць выкананы ў адпаведны тэрмін. Пяцігадовы план. Народнагаспадарчы план. □ [Паўліна:] Я калі пабыла на першай сесіі,.. паслухала як прымалі пяцігадовы план, — нібы на свет нанава нарадзілася. Шамякін.

3. Праект, праграма якога‑н. дзеяння. Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. І тады адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў.

4. Парадак, паслядоўнасць, сістэма, кампазіцыя чаго‑н. План урока. План даклада. □ [Святлана] разгарнула тоўсты сшытак у цыратовай вокладцы, каб аднавіць у памяці план свайго наступнага ўрока. Шахавец.

5. Месца, занятае асобай або прадметам у перспектыве, вызначанае паводле адлегласці яго ад назіральніка, ад камеры. На заднім плане [карціны] за спіной дзецюка, за яго канём, выступаюць абрысы вясковай вуліцы. Ліс. // перан. Месца, якое займае хто‑н., што‑н. з пункту гледжання яго значнасці, важнасці. І Галя чамусьці ўзнікала большым планам і засланяла сабою Альбіну. Сабаленка. [Сухадольскі:] Цяжка памірыцца з тым, што цябе адціскаюць на задні план. Крапіва. На першы план у рамане выступаюць сацыяльна-палітычныя матывы. «Полымя».

6. Галіна, сфера праяўлення чаго‑н.; спосаб разгляду чаго‑н. Ролі гераічнага плана занялі ў яго [Кістава] рэпертуары бадай што асноўнае месца. «Беларусь». Можна было б выказаць пажаданні аб большай разнастайнасці планаў у перадачы. «ЛіМ».

7. Спец. Маштаб паказу прадметаў ці асоб пры здымках, у творах і т. п. На экране тым часам буйным планам быў паказаны велізарны бамбардзіроўшчык. Васілёнак. Буйным планам робіць Міцкевіч у паэме накіды краявідаў Навагрудчыны. Лойка.

•••

Адысці на задні план гл. адысці.

[Ад лац. planum — плоскасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смалі́ць 1, смалю, смоліш, смоліць; незак., што.

Мазаць, насычаць смалой. Смаліць лодку. Смаліць канат. □ [Шура:] — Двух чалавек на станцыю. Смаліць шпалы. Майстар загадаў. Навуменка.

смалі́ць 2, смалю, смаліш, смаліць; незак., каго-што.

1. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апякаць. [Арцём і Міхалка] палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць. Бядуля. Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. Жычка. // безас. Пра адчуванне смылення, пякоты. [Сцяпан:] — Смаліць нешта ў грудзях. Мележ. Твар, шыю, плечы, рукі смаліла агнём. Юрэвіч.

2. Абпальваючы агнём, знішчаць шэрсць, рэшткі пуху і пад. Смаліць парсюка. Смаліць курыцу.

3. Прыпякаць, пячы (пра сонца). Кожны дзень — сонца, і так смаліць, што на дарогах не гразь ужо, а пыл, калі вецер пачынаецца. Савіцкі. Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Грахоўскі. / у безас. ужыв. На дварэ смаліць, горача.

4. Разм. Курыць. Таццяна Андрэеўна падумала: «Яму няможна курыць, а ён усё самасад смаліць...» Шамякін. Зіму і лета дзед не злазіць з печы. Хіба толькі злезе накрышыць сякерай на лаве тытуню, які ён смаліць за комінам без [пера]дыху. Васілевіч.

5. Разм. Паліць, спальваць што‑н. — Неба чырвонае, дзень і ноч смаляць, душагубы, — сказаў Мікола. Шчарбатаў.

смалі́ць 3, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Біць, удараць. Фурман чуць не зляцеў з воза, а потым прыпаў галавою ў перадок і смаліў пугаўём каню па клубах. Крапіва.

смалі́ць 4, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Страляць. Добра відаць, як з яліны адна за другой бзыкаюць у неба тры іскрынкі: патрулі смаляць уверх, баяцца высунуць з ямы галовы. Карпюк. Ляцяць наперад [гітлераўцы] на ўвесь дух і час ад часу смаляць з вінтовак і з аўтаматаў. Паслядовіч.

смалі́ць 5, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Рабіць што‑н. хутка, спрытна, умела. [Зыгмусь:] — Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Колас. Нават стары Пахілка пайшоў з касою: смаліць — любата зірнуць. Савіцкі. [Мікола:] Аўгіння, там Пятрок з дзяўчатамі вальса смаліць, а ты тут сядзіш! Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане спакою, нерухомасці; ціхі, бязгучны. Возера ляжала лянівае і спакойнае. Карпаў. Лес стаяў спакойны і нахмураны. Якімовіч. Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. Краўчанка. // Такі, дзе няма вялікага шуму, руху (пра горад, вуліцу). Спакойны, вясёлы, зялёны — такі Кішынёў. Машара.

2. Які не выяўляе трывогі, хвалявання, знаходзіцца ў стане спакою, не ўзбуджаны (пра чалавека). Аднак чамусьці цяпер наш праваднік быў выключна спакойны. Анісаў. [Пніцкі] ўжо не быў спакойны да самага таго часу, пакуль не дазволілі яму выказацца. Чорны. // Характэрны такому чалавеку; які выяўляе душэўны, унутраны спакой. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі. Дамоў.. [Андрэй] ехаў са спакойнай душой. Шахавец. // Поўны спакою. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.

3. Які рэдка выходзіць з сябе, стрыманы, ураўнаважаны (пра чалавека). Спакойны, ураўнаважаны, без лішніх рухаў і жэстаў, настаўнік выклікаў давер’е. «Звязда». Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць. Брыль. // Ціхмяны, які не робіць клопату, не назаляе ўсім навокал. Спакойнае дзіця. Спакойныя суседзі. // Уласцівы такому чалавеку. Мікалай, хоць і пісьменны, але не надта рашучы, таксама не надта бывалы па свеце, ды яшчэ натуру мае спакойную. Чорны. / Пра жывёлу. Маленькая бялявая Аня пачала прыязджаць на спакойным на дзіва кані да кухні па лупіны. Даніленка.

4. Раўнамерны, роўны ў сваім праяўленні, працяканні. Б’е гадзіннік. І сэрца спакойныя ўдары За Крамлёўскай сцяною чуваць у цішы. Куляшоў. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Спакойныя крокі, спакойная, упэўненая гутарка [Веры Ігнатаўны] былі прыемныя Платону. Пестрак.

5. Мірны, не ваенны. Спакойны час.

6. Які адбываецца ў спакоі, нічым не парушаецца, не трывожыцца нікім. Спакойнага сну ў Сяргея не было. Шахавец. [Данілава маці:] Гадавала я вас — гадавала, думала, хоць старасць спакойная будзе. Крапіва. // Які не звязаны з хваляваннямі, турботамі. Яно [шчасце] не можа быць спакойным, яно патрабуе ад чалавека заўсёды болей, чым дае. Шыцік. [Антось:] — Але .. [Сцяпан] камуніст, Марыся, неспакойны ён чалавек, не хоча ён спакойнай работы. Чарнышэвіч. // Прыемны для вока (пра святло). Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.

•••

Са спакойным сумленнем гл. сумленне.

Спакойнай ночы — тое, што і дабранач (гл. дабранач).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старана́, ы́; мн. сто́раны (з ліч. 2, 3, 4 стараны́), старо́н; ж.

1. Тое, што і бок (у 1–3 і 7 знач.). У свеце чатыры Усяго стараны. Хто добры і шчыры — Не цесны яны. Гаўрусёў. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. Убачыўшы чалавека са сваёй стараны,.. [Кандрат] заварушыўся, рвануўся да яго і адразу сыпануў словамі. Чорны. О, колькі ў нашай ціхай старане Магіл салдат, яшчэ ўсё невядомых!.. Мая зямля ім стала родным домам, Ім, смерцю храбрых паўшым на вайне. Рудкоўскі. Абедзве стараны згадзіліся памірыцца. Скрыган.

2. Абл. Палавіна гумна ад току да сцяны; бок гумна. [Зоська:] — Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Чорны. Другую старану [у гумне] цесна, ледзь не да самага вільчыка, поўнілі роўныя рады снапоў. Мележ.

3. Прамая лінія, якая абмяжоўвае геаметрычную фігуру. Старана квадрата. Стараны вугла.

4. у знач. прысл. стараной (‑ою). У абход, ідучы на пэўнай адлегласці ад чаго‑н. Гаспадары не любілі чужых вачэй. Людзі ведалі гэта і аб’язджалі хутар стараною. Пальчэўскі. Сонца сумысля знізіцца, пройдзе недзе стараной, каб быць незаўважаным, на крайку небасхілу. Ермаловіч. // Між іншым. Ды тут замецім стараною: Ці не з’яўляецца маною — Прашу прабачыць мне за слова — Уся гэта райская размова? Колас. // перан. Не непасрэдна, з іншых крыніц. [Валі] не падабаецца, што .. [Сашка] зусім забыўся на свайго бацьку, раз у гады два даведаецца стараной, што той працуе і жыве добра. Чорны.

•••

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана гл. справа.

На старане — не ў сябе, не дома, у чужым месцы (працаваць, служыць і пад.). Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане. Колас. Думаў [Юзік] спачатку на старане дзе-небудзь шукаць [грошы] у чужых людзей, у суседзей, ды не было ў каго вельмі прасіць. Крапіва.

На старану — куды-небудзь у іншае месца, не па прызначэнню (збываць, прадаваць і пад.).

У старане — а) на некаторай адлегласці, воддаль. Лёгкі вецер шолахам Траў не калыхне, Недзе цені-сполахі Спяць у старане. Бачыла; б) не разам з усімі, асобна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі патрабавальны. Строгі настаўнік. □ А Парамон Пісанец разгублены стаяў і не ведаў, куды цяпер падацца. Ці ў рэдакцыю, дзе яго чакае строгі рэдактар і спаткае Хвёдка з пытаннем: «Ну што, прынёс нарасць?», ці дадому? Грамовіч. [Гарлахвацкі:] У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага. Крапіва. // Які выражае патрабавальнасць; сур’ёзны да суровасці. — Партызаны?! — спалохана схапіўся .. [Жаўрыд] за сваю забруджаную сярмягу і тут жа, сустрэўшыся з .. строгім дапытлівым позіркам [Ліды], рвануў руку назад. Васілевіч. Часам успомніць Хіма гарадскую жанчыну са строгім сур’ёзным тварам. Каваль.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае паблажак. Строгі нагляд. Строгія звычаі. □ Забыліся .. [хлапчукі] і на абед і на строгі наказ — не адлучацца за межы лагера. Пальчэўскі. // Жорсткі (пра меры спагнання, уздзеяння). Строгая вымова. Прыняць строгія меры.

3. Які не дапускае ніякіх адхіленняў ад нормы, правіл. Строгая дыета. Строгая эканомія. Строгі ўлік. □ Адам вёў строгую канспірацыю і прывучыў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Лынькоў. // Дакладны, канкрэтны; прадуманы, устаноўлены. Строгая паслядоўнасць. □ Кожная хвіліна мела ў .. [Мінкіна] сваё строгае прызначэнне. Бядуля. Хлопчык прабіраўся следам, асцярожна, каб не зачапіць якую-небудзь кніжку, не парушыць строгі парадак на паліцах. Шыловіч.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм. Ціхон Седрачук — вельмі строгіх правіл у жыцці чалавек. Ракітны. // Стрыманы ў абыходжанні з кім‑н., які ўмее сабою валодаць. Ніна была строгая з хлопцамі, не любіла знаёміцца так — абы-дзе, абы з кім. Арабей. Ты жанчына — і можаш ты многае. .. Будзь са мною і добрай, і строгаю, Ды ніколі халоднай, малю! Тармола. Ларыса стаяла строгая, з выразнай трывогай на твары. Асіпенка.

5. Правільны, які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, класічнага стылю. Збудаванні захоўвалі строгія лініі. □ Стыль [дэкарацый] быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармуру Атэны. Бядуля. Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам. Караткевіч. // Без упрыгожанняў; з вытрыманасцю прамых ліній. Але тут да паравоза падыходзіць высокі чалавек у строгім чыгуначным гарнітуры. Васілёнак. І любіш ты, як ён, як я, Жанчыну ў строгім плацці. Яна — настаўніца твая. Твая другая маці. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́рці, сатру, сатрэш, сатрэ; сатром, сатраце; пр. сцёр, сцерла; зак., што.

1. Тручы, зняць, счысціць што‑н. з паверхні; выцерці. Сцерці пыл са стала. □ Далонь лягла на халоднае шкло і сцерла лёгкую пару, што асела на ім. Савіцкі. Сцерці ржу з вінтоўкі .. не было чым. Кулакоўскі. Алесь скамянеў, а .. [Зіна] ўжо з-за брамкі весела крыкнула: — Не забудзьце памаду сцерці! Шыцік. // Сціраючы што‑н., зрабіць чыстым. Сцерла [Жэнька] стол, узяла ляльку Ганульку і выйшла з Петрыкам на руках на вуліцу. Крапіва. Галіна сцерла рукой лаву, прысела, паклала на стол сумачку, пасунула яе далей. Пташнікаў. // Выціраючы, саскрэбваючы, знішчыць (што‑н. напісанае, намаляванае і пад.). Дошка ў класе вісела на ранейшым месцы. З яе толькі сцерлі непрывычнае для нас рашэнне задачы па геаметрыі. Навуменка. Слоў на рэйхстагу не сцерці! Мы помнім пажар ягоны. Дарма пагражаюць смерцю Смертнікі хіжага Бона. Вялюгін. // перан. Знішчыць, згладзіць. Дзе ж вы, мае вясёлыя сябры? Як многа вас загінула дачасна .. Памяці аб вас З душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка. Боль у сэрцы і час не сцёр. Стук у дзверы — маці павернецца. За жыццё — аддала б жыццё, Толькі сын хай дадому вернецца. Тармола.

2. Трэннем, дотыкам пашкодзіць скуру або верхні пласт чаго‑н. [Грэчка:] — Эх, усю нагу сцёр рубец. Мележ.

3. Тручы, раздрабніць, ператварыць у аднародную масу. Сцерці тытунь на парашок.

4. Трэннем апрацаваць (пра лён). Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч.

5. перан. Патраціць, змарнаваць без карысці час. Тады .. [Макар] і пайшоў за Ёсіпам, адбіўся ад калгаса, далей увайшло ў звычку туляцца. Гады сцёр, нічога не нажыўшы... Дуброўскі.

•••

Сцерці (змесці) з (твару) зямлі — вынішчыць, знішчыць. І Сцёпка яшчэ больш грозна блісне вачыма і зробіць намеры сцерці .. [Алёнку] з твару зямлі, пасля чаго імчыцца далей. Колас. Захопнікі прыйшлі ў маю краіну, Жадаючы з зямлі народ наш сцерці. Аўрамчык.

Сцерці на парашок — расправіцца з кім‑н. [Фашысты да абаронцаў крэпасці:] — Даём вам дванаццаць гадзін, — гучала над крэпасцю пагрозлівае папярэджання — Калі будзеце супраціўляцца, сатром усіх на парашок. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Стварыць трэск. Моцна трэснула сухая галінка і зашасталі хваёвыя лапкі .. З хвойніку выходзіў невысокі чалавек у доўгім новым шынялі. Крапіва. // Гулка раздацца (пра гукі выбухаў, выстралаў, удараў і пад.). Калона ўжо мінула царкву, калі са званіцы трэснулі стрэлы. Хомчанка. У кутку рынку, зусім побач, бахнулі пісталетныя стрэлы. Потым каротка трэснула аўтаматная чарга і абарвалася, бы захліпнулася. Савіцкі. Хмара раскалолася і так трэснуў пярун, што аж зямля закалацілася. Сабаленка. / у безас. ужыв. Паблізу моцна трэснула. Тугая хваля паветра шуганула над галовамі. М. Ткачоў.

2. З трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну. Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. З шумам трэснула камера пярэдняга кола, матацыкл рэзка закінула, і Мікола ледзь не зваліўся ў кювет. Краўчанка. Слуп з майго боку трэснуў ад гарачыні, трэшчына была ўжо даволі глыбокая. Васілёнак. // З трэскам парвацца, разарвацца. Расшпіліла [Назарыха] гузікі на кофце, у спешцы так тузанула нацельны крыжык, што шнурок трэснуў, а зеленаваты кавалачак медзі застаўся ў руцэ. Ат, некалі з ім важдацца. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Гнілыя ніткі, якія даўней маглі б крыху яшчэ трымаць Рыгораву сям’ю, трэснулі. Чорны. / Пра губы, скуру і пад. [Мірончык:] — Або вось прыходзіць чалавек, кажа: «Доктар, у мяне ўжо даўно трэснула губа і ніяк не зажывае». Карпюк. // перан. Даць трэшчыну, сапсавацца. У нашым калектыве, заўсёды здаровым, недзе нешта трэснула. Ермаловіч. І вось сёння штосьці перайначылася, штосьці трэснула ў душы. Асіпенка.

3. каго-што, каму і без дап. Разм. Моцна стукнуць, ударыць. Перш-наперш трэснуў .. [пан] кулаком фурману ў спіну, вылаяўся на ўсё балота і пусціў у ход усю машыну. Колас. Рагочучы,.. [Васіль] злавіў хлопчыка, і пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве. Брыль.

•••

Трэснуць ад злосці (зайздрасці) — тое, што і лопнуць ад злое ці (зайздрасці) (гл. лопнуць).

Хоць трэсні — пра дарэмныя намаганні, старанні. А ў крэсле тым — Я зімнім днём і веснім, А песні туга пішуцца, Хоць трэсні, — Ці я Пегаса Слаба закілзаў?! Скурко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. і з дадан. сказам. Успрыняць зрокам. Зірнеш у цясніну — не ўбачыш і дна. Панчанка. У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў. У гэты момант дзверы зямлянкі адчыніліся, і .. [Мікалай] убачыў сястру. Шамякін. Марыя ўбачыла перад сабою прыгожыя цёмна-карыя вочы. Кулакоўскі. // Заўважыць, прыкмеціць. Яшчэ здалёк хлопцы ўбачылі, што частка даху дэпо знесена і ў адной з сцен ззяе вялізарная прабоіна. Шчарбатаў. Дзіўным было тое, што .. [Косця] не ўбачыў нікога знаёмага. Адамчык. [Віктар] убачыў каля грубкі вольнае крэсла і сеў на яго. Зарэцкі.

2. Апынуўшыся дзе‑н., самому пабачыць што‑н. Маці, якая за сваё жыццё на радзіме не была далей свайго валаснога мястэчка, убачыла далёкі свет. Пестрак. // Сустрэцца з кім‑н. асабіста. Успомніў .. [Андрэй] пра дзяўчыну. І так захацелася ўбачыць яе яшчэ хоць раз, што аж млосць бярэ. Якімовіч.

3. У думках, мроях уявіць сабе каго‑, што‑н. Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч і адразу ўбачыла сон. Шамякін.

4. Паглядзеўшы на каго‑, што‑н., выявіць, заўважыць, адкрыць для сябе што‑н. Я зірнуў на бацьку і ўбачыў, што вочы ў яго ўжо не сярдзітыя. Ляўданскі. — Але, — згадзілася Лёдзя і ўбачыла, як усцешыла галоўнага інжынера яе згода. Карпаў. Чаму ж аніколі ніякіх трывог Не ўбачыш у іншых на твары? Гілевіч. // Выявіць, распазнаць скрыты сэнс, прыкметы чаго‑н. у кім‑, чым‑н. [Карнейчык:] Я не ўбачыў у табе закаранелага ўласніка. Крапіва. Млынар убачыў прычыну [дрэннай работы Любы] у яе цяжарнасці, і з трывогай падумаў, што трэба хутчэй яе пазбыцца. Чорны. // Усвядоміць, зразумець што‑н., зрабіць вывад. Убачыць сваю памылку. □ Убачылі яны [рабочыя Марселя] Небяспеку над сваёй радзімай: Змрочны цень фашызму і вайны, Шыбеніц, пажарышчаў і дыму. Танк.

5. і без дап. Зазнаць асабіста, пераканацца на ўласным вопыце. Шмат убачыў і адчуў сэрцам паэт, калі быў на Віцебшчыне, у партызан бацькі Міная. «ЛіМ».

•••

Не ўбачыць як сваіх вушэй каго-чаго — ніколі не ўбачыць каго‑, што‑н., не атрымаць чаго‑н.

Убачыць свет — а) зажыць інакш, куды лепш; б) выйсці з друку (пра перыядычныя выданні, кнігі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узо́р, ‑у, м.

1. Малюнак, у якім спалучаюцца ў поўным парадку лініі, колеры, фігуры і пад. На стале, засланым абрусам з адмысловымі ўзорамі, роўнымі слупкамі ляжалі кнігі. Шамякін. [Дзед] замыславатымі тоненькімі інструментамі выбіваў на медзі разнастайныя ўзоры. Бядуля. Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Пра перапляценне, размяшчэнне чаго‑н. (святла, ценю, ліній і пад.), якое ўтварае ці нагадвае такі малюнак. Узоры маршчынак на твары. □ Цені ад .. [дрэў] клаліся на густую траву дзіўным узорам. Чарнышэвіч. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Валя з уздыхам загортвае вокладку, доўга ў задуменні глядзіць у расшытае срэбнымі марознымі ўзорамі акно... Васілевіч.

2. Паказальны або пробны экземпляр якога‑н. вырабу, прадмета і пад. Узоры тканін. Узоры паперы. □ Вось і шыльда майстэрні з залатымі літарамі на цёмна-зялёным шкле. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. Мінеральныя злучэнні, узоры якіх Бурмакоў і Павел прынеслі з сабой, аказаліся падобнымі да зямных. Шыцік. Вёз бацькавага пісьма, без узору яго почырку нельга было рабіць якія-небудзь вывады. Шыловіч.

3. Паказальны прыклад чаго‑н. (якіх‑н. якасцей, дзеянняў і пад.). І вось зноў Крамлёўскі палац. На гэты раз яго запоўнілі жанчыны. Іх было многа-многа, з усяе краіны. Гэта ўсе тыя, хто паказвае ўзоры працы. Сабаленка. Я. Колас напамінаў .. пра «вялікі моўны запас, які незаслужана забыты намі». Сваёй пісьменніцкай практыкай ён паказаў узор творчага падыходу да скарыстання гэтага запасу. Юрэвіч. // Што‑н. дасканалае, вартае пераймання. І. Мележ шырока абапіраецца на традыцыі класічнага і савецкага раманаў, на лепшыя ўзоры нацыянальнай прозы. Гіст. бел. сав. літ. А. Александровіч бярэ за ўзор вершы Купалы. «Полымя». // Увасабленне якой‑н. якасці, уласцівасці. Але ў цэху ведаюць: калі Галя ставіць кляймо моўчкі, — гэта значыць, што дэталь з’яўляецца ўзорам дакладнасці. Васілёнак. Новы манеўр .. [Пацяроба] мог быць за ўзор геніяльнае прастаты і рашучасці. Зарэцкі.

4. Форма, від якога‑н. прадмета. Паміж сучасных архітэктурных ансамбляў, .. дзе пануе шкло і бетон, раптам праглядвае невялікі дом дарэвалюцыйнага ўзору. «Маладосць». Ішлі немаладыя ўжо дзядзькі з вінтоўкамі самых розных узораў, ішлі разведчыкі з аўтаматамі, медыцынскія сёстры з сумкамі цераз плячо. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)