адлупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак.
1. што. Аддзяляючы, зняць з чаго‑н. (кару, лупіны і пад.). Адлупіць наклейку з бутэлькі. □ Косцік выцягнуў з-пад ложка свае старыя чаравікі, адлупіў у адным з іх [сцілку] і схаваў за яе сакрэтную пісульку. Паслядовіч. // Разм. Адарваць. Адлупіць рукаў.
2. каго. Разм. Моцна набіць, адлупцаваць. Здаецца, калі Іван счапіўся з Вавілам, на вуліцы нікога не было, але ў клубе ўжо гаварылі, што Іван з Алёшам адлупілі Пухціка. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зака́з 1, ‑у, м.
1. Даручэнне або просьба зрабіць, выканаць што‑н. Браць заказ. □ Прыносіць бабуля Івану заказ на чаравікі і задатак. Якімовіч. [Змітрака] здзівіла, што афіцыянтка, не атрымаўшы заказу, прынесла ўсё сама. Ваданосаў.
2. Заказаная рэч. Разнесці гатовыя заказы.
•••
Як на заказ; як па заказу — пра тое, што адпавядае якому‑н. патрабаванню, з’яўляецца ўзорным, выдатным. Дні пагодныя, як на заказ. Мележ. — Надвор’е, як па заказу, — сустрэў Мальвіну Леванок. Стаховіч.
зака́з 2, ‑у, м.
Уст. Забарона.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пафарсі́ць, ‑ршу, ‑рсіш, ‑рсіць; зак.
Фарсіць некаторы час. [Тамаш:] — Чаму яна босая ходзіць?.. Каб чаравік[аў] у гразь не запэцкаць. А падыдзе пад мястэчка.., абуе чаравікі і пафарсіць па мястэчку. Чорны. // Пахваліцца, выстаўляючы што‑н. напаказ. Пан Вашамірскі захацеў пафарсіць перад госцем, ляснуў па баках жарабца канчуком і панёсся, як вецер. Бядуля. Учора было позна, і Кастусь не паспеў нагуляцца з ёю і пафарсіць, і маці адабрала планшэтку і схавала ў куфар, а яго пратурыла спаць. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыхарашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; зак.
Разм.
1. Апрануцца прыгожа, хораша, лепш, чым раней, чым звычайна. Купіла.. [Марылька] за тыя грошы сабе новую сукенку, чаравікі, прыхарашылася так, што ўсе сяброўкі зайздросцяць ёй. Якімовіч. І неўзабаве мы, прыхарашыўшыся, наколькі дазвалялі небагатыя ўборы, што меліся ў нас, выправіліся да дзяўчат. Марціновіч.
2. Надаць сабе больш прыгожы, прыгажэйшы выгляд. Маладзіца ўжо ў кабіне выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Прыхарашылася, схавала люстэрка і неспадзявана закранула Лявонаў локаць. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стая́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад стаяць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў вертыкальным становішчы. [Цётка] адзела цёмную сукенку з стаячым каўнерыкам, новыя чаравікі. Арабей. // Які прызначаны для стаяння. Стаячая лямпа. □ [Валодзя] перавёў позірк на Стася, які ўжо сядзеў на маленькай стаячай лесвіцы, накшталт тых, што бываюць у бібліятэках. Шамякін. // Які не рухаецца. [Дзеці] баяліся ўбачыць стаячага бусла. Васілевіч.
3. у знач. прым. Не праточны (пра ваду). [Віця] хацеў пакупацца. Скочыў. А вада ў канаве стаячая, затхлая. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.
Разм.
1. Тое, што і трыножак. Сяргей скінуў чаравікі. Маці ўжо завіхалася ля камінка, распальвала трэскі пад трыногай. М. Стральцоў. Запрасілі фатографа з вялізнай трыногай, і ён сфатаграфаваў хлопцаў разам з усімі выхаванцамі. Нядзведскі. — Усе ўжо там, — злосна матнуў .. [Лёва] галавой у бок геаграфічнай пляцоўкі. — На, трымай! — і перадаў мне трыногу тэлескопа. Шыловіч. На прыпечку, на трынозе ў маленькім чыгунчыку булькае бульба. Грахоўскі.
2. Пута, якім звязваюць пярэднія ногі каня з адной задняй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
элега́нтны, ‑ая, ‑ае.
Зграбны, прыгожы, вытанчаны. На.. [Маі] было элегантнае паліто, у руках чорная сумачка. Ярашэвіч. Цяпер на Сіліцкім быў даволі элегантны плашч, на галаве капялюш, на нагах моцныя чаравікі. Арабей. З пакоя выйшла Зося.. У добра скроеным сінім плацці, з двух’яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Шамякін. // З густам, прыгожа адзеты; які трымае сябе галантна, далікатна. У белых кашулях і бліскучых чаравіках элегантныя салісты выконвалі лёгкія эстрадныя песенькі аб каханні, сяброўстве, вернасці — на ўсе тэмы, якія толькі цікавяць людзей. Гаўрылкін.
[Фр. élégant.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэ́лы, -ая, -ае.
1. Такі, ад якога нічога не аддзелена.
На чыстым абрусе ляжаў ц. бохан хлеба.
2. Які поўнасцю ахоплівае што-н. (пра адрэзак часу, месца, прастору).
Ц. тыдзень.
Калона расцягнулася на цэлую вярсту.
3. Аб вялікай колькасці. вялікіх памерах, аб’ёме чаго-н.
Ц. кавалак сала.
Цэлая гара камення.
Ц. мех бульбы.
4. Не пашкоджаны, не знішчаны, не сапсаваны; не зношаны.
Пасля пажару у́ вёсцы хата засталася цэлая.
Чаравікі былі старыя, але цэлыя.
5. Не паранены, здаровы.
Ц. вярнуўся з вайны.
6. у знач. наз. цэ́лае, -ага, н. Што-н. адзінае, непадзельнае.
Адзінае ц.
○
Цэлы лік або цэ́лае — лік. які складаецца з цэлых адзінак, які не мае дробу.
◊
У цэлым —
1) ва ўсёй сукупнасці. цалкам;
2) увогуле, без падрабязнасцей.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
дабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.
1. і чаго. Узяць яшчэ нейкую колькасць да поўнай меры. Дабраць вады ў каструлю.
2. Скончыць набор (кнігі, артыкула і пад.). Дабраць часопіс.
3. Выбіраючы, знайсці, падабраць патрэбнае, прыдатнае, адпаведнае чаму‑н. Дабраць ключ да замка. Дабраць чаравікі да пары. □ Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль такую пару дабраў. З нар.
•••
Ладу не дабраць — не знайсці выхаду з якога‑н. становішча.
Розуму не дабраць — не магчы знайсці рашэння якога‑н. пытання, не ведаць, што рабіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пасталы́, пасталэ́, постолэ́, постолы́, браг. пасту́лі; посто́лі, пустолы́ ’лыкавыя лапці’ (Маш., Булг., Янк. 3., Янк. БФ, Шпіл., Эр., Бес., Тарн., Сл. ПЗБ, Малч., Мат. Гом., Ян., Сл. Брэс.), ’скураныя лапці’ (ТСБМ, Касп., Мат. Гом., Сл. Брэс.; віц., Хрэст. дыял.), ’падстаўкі для ўмацавання ножак церніцы’ (Уладз.). Укр. пості́л, постоли́, рус. постолы́, польск. postoł, славен. póstol, серб.-харв. по̀сто̑, балг. постал, бостал ’чаравікі’, ’туфель’. Радлаў (4, 1291), Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 144), Гараеў (276), Вахрас (Наим. об., 151) выводзяць з тур. postal ’туфель’ (тур., крым.-тат. post ’скура’ < новаперс. < с.-перс. pōst ’тс’. Іншыя (Праабражэнскі, 2, 113; Младэнаў, 496) мяркуюць, што гэта слова мае і.-е. паходжанне (з *pod‑ і *tol‑), прыводзячы ў якасці роднаснага ст.-інд. padatalē ’падэшвы чаравікаў’, што малаімаверна. Улічваючы геаграфію пашырэння лексемы можна меркаваць аб асобным запазычанні цюркскага слова ва ўсх.-слав. і паўд.-слав. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)