ільняны́ і льняны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лёну. Ільняны палетак. Ільняное сцябло. Ільняное валакно. Ільняная сеялка. Ільняная сыравіна. // Атрыманы з ільнянога семя. Ільняны алей. Ільняная макуха. // Выраблены з валакна лёну. Ільняное палатно. Ільняная сарочка.
2. Які мае адносіны да апрацоўкі лёну. Ільняная прамысловасць. Ільняная фабрыка. Ільняны камбінат.
3. Які колерам і мяккасцю нагадвае валакно лёну. У Валькі ж валасы, як у мамы, ільняныя, і вочы такія ж сіне-зялёныя, толькі бровы бацькавы — густыя, чорныя. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сельскагаспада́рчы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сельскай гаспадаркі, звязаны з ёю. Сельскагаспадарчыя культуры. Сельскагаспадарчыя шкоднікі. // Які атрыманы ад сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчыя прадукты. Сельскагаспадарчая сыравіна. // Які займаецца перапрацоўкай прадуктаў сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчая фабрыка. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Сельскагаспадарчая вытворчасць. // Які выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Сельскагаспадарчая тэхніка.
2. Які адносіцца, звязаны з формамі кааперавання ў сельскай гаспадарцы. Сельскагаспадарчая кааперацыя.
3. Звязаны з землекарыстаннем, з развіццём сельскай гаспадаркі; аграрны. Сельскагаспадарчая краіна.
•••
Сельскагаспадарчая арцель гл. арцель.
Сельскагаспадарчая камуна гл. камуна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чаю (у 1 знач.). Чайны ліст. Чайная заварка. □ Па пясках былых мы рыс пасеем, Выгадуем чайныя кусты. Панчанка. [Нор] доўга жыў з маці на чайнай плантацыі, дзе акрамя іх было многа іншых неграў. Шамякін. // Звязаны з вытворчасцю, апрацоўкай, захоўваннем, продажам чаю. Чайная справа. Чайная фабрыка.
2. Які служыць для піцця чаю (у 2 знач.). Чайная лыжка. Чайны сервіз. □ Па маленькім круглым століку .. быў пастаўлены чайны прыбор, на сподачку ляжаў цукар і пячэнне. Ваданосаў.
•••
Чайная ружа гл. ружа.
Чайны грыб гл. грыб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тытунёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тытуню. Тытунёвы ліст. □ Кудзін адчыніў кабіну, з якой патыхнула сухім цяплом, пахам саляркі і тытунёвага дыму. Радкевіч. Сухі і казытлівы тытунёвы пыл лезе ў рот. Паўлаў. // Атрыманы з тытуню. Тытунёвае масла. // Звязаны з вырошчваннем, апрацоўкай і продажам тытуню. Тытунёвая фабрыка. Тытунёвы ларок. □ Палікарпаўна ўжо даўно тытунёвую расаду павеяла. Кулакоўскі. Арцём пайшоў шукаць шчасця на новых землях, тытунёвых плантацыях. Самуйлёнак.
2. Зеленавата-карычневы; колеру тытуню. [Лізагуб] гаварыў і ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.
1. Прастаяць нейкі час. Адстаяць гадзіну ў чарзе. // Прастаяць да канца; адбыць. □ [Люба Лук’янская:] — Наша фабрыка была ў прарыве, трэба было выцягваць. Я тры змены адстаяла на рабоце. Чорны.
2. Разм. Стаміць доўгім стаяннем. Адстаяць ногі на варце.
3. перан. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу ворага; не даць захапіць. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. // Абараніць, засцерагчы ад дамаганняў, замаху, недружалюбных або варожых дзеянняў. Адстаяць заваёвы Кастрычніка. □ [Гальяш і Міхась] цвёрда вырашылі, што калі стараста выдасць каменданту Рыгора, адстаяць яго што б там ні было. Гурскі. // Адхіліць пярэчанні, давесці доказамі што‑н. У барацьбе з рэвізіяністамі У. І. Ленін адстаяў і развіў тэарэтычныя асновы партыі — дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.
1. Закрыць, пакрыць сябе чым‑н.; накрыцца, прыкрыцца. Закрыцца каўняром ад ветру. Закрыцца далонямі. □ Камень гэтакі высокі, што пад ім мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, і мог такім парадкам закрыцца зверху і ад бомбы і ад дажджу. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заслацца, завалачыся, засланіцца. На світанні неба закрылася хмарамі, пасыпаліся дробныя ледзяныя крупкі. Кірэенка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спыніць сваю дзейнасць, існаванне (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Выстаўка закрылася. □ Мясцовая фабрыка зноў была закрылася. Лынькоў. // Скончыцца (пра сход і пад.). Нарада закрылася.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загойваючыся, сцягнуцца, зрасціся краямі (пра рану). Рана закрылася.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скласціся, згарнуцца (пра што‑н. раскрытае, разгорнутае). Парасон закрыўся. // Заплюшчыцца. Павекі закрыліся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дый, злучнік.
Разм.
1. спалучальны. Злучае звычайна члены сказа, якія абазначаюць паслядоўныя з’явы; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «і», «ды». Палазіў Якуш ля воза, выцягнуў рыдлёўку, узяў сякеру дый падаўся [у лес]. Скрыган.
2. далучальны. Далучае члены сказа і сказы, якія ўдакладняюць, завяршаюць або абагульняюць папярэднія думкі. Дома практыкавацца .. [Аксёну Калю] няма калі, дый нязручна. Колас. Развітаўшыся з Захарам, Андрэй палявымі дарогамі пайшоў, кіруючыся да Апанаса Хмеля. Дарога была няблізкая, але дня яшчэ хопіць, дый пагода спрыяе. Пестрак. Зыгмунт Асядовіч зноў, можа ўжо ў пяцідзесяты раз, пайшоў да фабрыкі. Далей брамы яго не пусцілі. Дый чаго было старацца ісці туды: фабрыка ледзьве жыла. Чорны. // Ужываецца пры нечаканых пераходах да наступных падзей. — Адно ж ты, Пятруська, не баўся на кірмашы. Сюды-туды дый дадому. Колас.
•••
Дый то — тое, што і ды і то (гл. ды 1).
Дый толькі — тое, што і ды і толькі (гл. ды 1).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пустацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.
1. Кветка, якая не дае плода. Пчала — гэта не толькі фабрыка мёду, а і добрая прыбаўка ўраджаю: там, дзе яна садзіцца на кветку, не бывае пустацвету. Якімовіч. / у знач. зб. «— Будзе садавіны ў гэтым годзе, — з задавальненнем думаў дзед Ігнат, — пустацвету амаль .. няма...» Васілевіч. [Яблыні] зацвіталі часта, здаралася, што і ўвосень давалі цвет, а яблыкаў усё не было. І толькі нядаўна, у самыя апошнія гады, кончыўся пустацвет... Чыгрынаў.
2. перан. Чалавек, дзейнасць якога не прыносіць карысці людзям, грамадству. — Ты чуў калі, што значыць слова жыта? Не? Жыццё, сын! — А нахлебнік — пустацвет заўсёды. Карпаў. // Пра тое, што не прыносіць ніякай карысці, не мае значэння. Словы падбіраліся хутка, імкліва, і сярод іх на дзіва мала траплялася пустацветаў або сказаных не да месца. Кулакоўскі. У навелістыцы апошняга часу на кожны ўдалы твор прыпадае, мабыць, не меней за пяць пустацветаў. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суко́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сукна, з’яўляецца сукном. Суконная пража. Суконныя тканіны. □ [Баба:] — А я корціку аснавала шэсць губак... аснова парцяная, а ўток суконны будзе... Нікановіч. // Пашыты з сукна. [Тэкля] была апранута ў чыстую доўгую спадніцу і дабротны суконны сак. Краўчанка. Наперад выйшаў Пракоп у саматканым суконным фрэнчы. Грахоўскі.
2. Які служыць для вырабу сукна або гандлю сукном. Суконная фабрыка. Суконная мануфактура.
3. Які займаецца вырабам сукна або гандлем сукном. Сачыла рупліва бяльмо цыферблата. — Ці добра спіцца суконным магнатам. Панчанка.
4. перан. Невыразны; грубы. Суконная мова. □ Але гэта, відаць, часта бывае з усімі, хто бярэцца за пяро: у галаве носіш тое, што можа ўсхваляваць, запаліць чытача, а як сядзеш пісаць, дык з-пад пяра выходзяць нейкія вялыя, суконныя словы і думкі. Сабаленка. — Ото ж, якая дробязь, — Адказ я пачуў суконны. — Дасць вам даведку робат — Намеснік мой электронны. Макаль.
•••
Суконнае рыла гл. рыла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Станоўчы адказ, дазвол на што‑н. Даць згоду. Кіўнуць у знак згоды. □ Цімка, не пытаючыся згоды, узяў Кіру і Лёдзю пад рукі і павёў на Цэнтральную плошчу. Карпаў. Мясцовая фабрыка.. закрылася, і Джыавані са згоды сям’і разам з групай суайчыннікаў паехаў за акіян. Лынькоў.
2. Узаемная дамоўленасць; дагавор. Прыйсці да згоды. □ Князі тым часам між сабою Праз пасланцоў перагаворы Вядуць, каб справу скончыць згодай. Бітэль.
3. Супадзенне думак; аднадушша. Выказаць згоду з рашэннямі з’езда.
4. Мірныя, сяброўскія адносіны. Жыць у згодзе. □ Няхай жа будзе Між намі згода, Дружба, людзі, Ад году ў год, Ад веку ў век! Бялевіч. Згода будуе, нязгода руйнуе. Прыказка.
5. безас. у знач. вык. Дамовіліся, пярэчанняў няма. Значыць — згода, значыць, не пярэчыш, значыць, дачакаюся сустрэчы. А. Вольскі. — Ну, што, згода? Едзем?.. Будзем разам працаваць на заводзе. Зарэцкі.
•••
У згодзе з чым (кніжн.) — у адпаведнасці з чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)