Тру́пка ‘лодка, выдзеўбаная з калоды’ (беш., Нар. сл.), тру́бка, тру́бачка ‘выдзеўбаная з асіны лодка’ (мёрск., Жыв. НС). Прымаючы пад увагу архаічны спосаб вырабу лодкі і захаванне ў іншых славянскіх мовах значэння ‘судна, корпус судна’ ў словах, што ўзыходзяць да прасл. *trupъ, можна лічыць назву вынікам не фанетычнага запісу, а ўтварэння ад труп ‘калода, бервяно’, а іншую форму — вынікам народнаэтымалагічнага збліжэння з труба (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кі́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, Р мн. ‑шак; ж.

1. Эластычная трубка, якая з’яўляецца часткай стрававальнага апарата ў чалавека і жывёл. Тонкая кішка. Тоўстая кішка.

2. Разм. Рызінавая або брызентавая трубка для падачы вады; рукаў. Нарыхтаваўшы кішку, Пажарнікі збянтэжыліся крышку: А дзе ж пажар? Крапіва.

•••

Абадочная кішка — частка тоўстай кішкі ад сляпой да прамой, якая акружае тонкія кішкі ў выглядзе вобада.

Дванаццаціперсная кішка — частка тонкай кішкі чалавека, якая пачынаецца ад страўніка (назву атрымала ад даўжыні, роўнай 12 пярстам, г. зн. пальцам, у іх папярочніку).

Заварот кішак гл. заварот.

Сляпая кішка — пачатковая частка тоўстага кішэчніка, якая мае чэрвепадобны адростак (апендыкс).

Выматаць (усе) кішкі гл. выматаць.

Выпусціць кішкі гл. выпусціць.

Ірваць кішкі гл. ірваць.

Кішка тонка (тонкая) у каго — не хапае сіл, здольнасцей, сродкаў, каб зрабіць што‑н.

Кішкі марш іграюць — пра моцнае адчуванне голаду, хаценне есці.

Пераесці (ад’есці) кішкі каму гл. пераесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трубе́ль ‘трубач; той, хто трубіць’ (валож., ашм., Стан.). Рэдкае словаўтварэнне з суф. ‑ель назоўнікаў у якасці назвы асобы, “схільнай да пэўнага дзеяння” (Сцяцко, Афікс, наз., 38), магчыма, пад уплывам літоўскага суф. ‑ėlis, параўн. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 119. Да труба1 (гл.); поўнае фармальнае супадзенне па паходжанні з в.-луж. trubjel ‘поўнае сцябло’, ‘комін’, гл. Шустар-Шэўц, 1535; параўн. таксама н.-луж. tšubal ‘труба’, чэш. trouble ‘комін’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *trǫbjelтрубка’ (Сной₂, 785).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сіфо́н, ‑а, м.

1. Выгнутая трубка (труба) з каленамі рознай даўжыні, якая служыць для пералівання вадкасці з адной пасудзіны ў другую з больш нізкім узроўнем. Сіфоны для разліўкі расплаўленага металу. Сіфоны для паліўкі зямлі.

2. Пасудзіна для сельтэрскай вады і іншых шыпучых напіткаў, якія выліваюцца праз трубку пад ціскам вуглекіслаты. [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін.

3. Спец. Прыстасаванне для павелічэння цягі ў топцы паравоза ў час стаянкі.

[Ад грэч. siphon — трубка, помпа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́верцень ’скрутак, трубка’ (калінк., Сл. ПЗБ), сувертні́ ’сувой’ (ЛА, 4), суве́рт ’скрутак лыка’ (бяроз., Шатал.), су́вертак ’тс’ (Мат. Гом.), сувэ́рток ’скрутак лык’ (пруж., ЛА, 4), суве́рток ’скрутак пакроеных лык’ (ТС), суве́ртык ’тс’ (Бяльк.), су́вертка ’закрутка пры аглоблях у санях’, ’калок, якім скручваюць вяроўку, якая прытрымлівае дровы на возе’, суверто́к ’дрэва са спіральна скручанымі слаямі’ (Нас.). Укр. су́вертень, су́верток ’скрутак’, рус. су́верток ’тс’. Дэрываты ад прасл. *sъ‑vŕ̥(t)nǫti (гл. вярцець) ’скруціць’ з менай дзеяслоўнай прыстаўкі *sъ‑ на *sǫ‑; гл. Борысь, Prefiks., 111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

штыкавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да штыка ​1, служыць для прымацавання штыка ​1 (у 1 знач.). Штыкавая трубка. □ Прыйшло чалавек сто, а можа і яшчэ больш. Ды ўсе з нажамі, з нейкімі кінжаламі, нават са штыкавымі цесакамі, якія дзе ў каго пазаставаліся з вайны. Дубоўка. // Нанесены, зроблены штыком. Штыкавая рана. □ Трэба, каб твой росчырк быў Падобны бліскавіцы грому, Падобны ўдару штыкавому. Танк. // Які адбываецца, робіцца з прымяненнем штыкоў (пра рукапашны бой). [Алешын:] Глядзіце: вораг уцякае — Не вытрымаў атакі штыкавой. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прапяка́нка ’від самаробнай стрэльбы’ (ТСБМ), прапе́ка ’тс’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.). Паводле Кошчанкі, гэтай стрэльба уяўляла сабой металічную трубку, якая сплюшчвалася з аднаго боку. Там, дзе сплюшчана, прасвідроўвалася маленькая дзірачка; потым трубка прымацоўвалася да драўлянага бруска. У адтуліну з другога боку запіхвалі серу з запалак і пыж з моху або пянькі. Калі трэба было стрэліць, да дзірачкі падносіўся агонь і пыж ляцеў на пэўную адлегласць. Як відаць з апісання рэаліі — ад дзеяслова прапякаць (дзірку) (гл. пячы), хутчэй за ўсё, першапачаткова ў драўлянай дэталі стрэльбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Сува́лак, сува́лок, сова́лок ’сувой, трубка палатна’ (Сл. Брэс., Уладз., ЛА, 4). Параўн. этымалагічна падобныя ст.-польск. swlak, swłak ’павітуха, Convolvulus L.’, ст.-чэш. svlak, серб.-харв. svlak ’тс’, балг. съ́влак, со́влак ’паўзучая расліна’, для якіх рэканструюецца праформа *sъ‑vol‑kъ адпаведна лац. con‑volv‑ulus (< convolvō), што дае падставы разглядаць гэтыя назвы як утвораныя ад кораня *volv‑ ’віць, абвіваць’ (Махэк₂, 597; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 353). Да валіць, валяць ’скручваць, звіваць у адно’, гл. валіць2. Параўн. сава́лак ’кавалак апрацаванай гліны’ (віц., БЛ, 18, 62), рус. дыял. су́вылык ’пакулле’, гл. Фасмер, 3, 793.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свой1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуйтрубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дачка ’каленца (у сцябле)’ (бяроз., Шатал.), ’сустаў’ (там жа). Адносна семантыкі параўн. ілюстрацыю да першага значэння: «На соломынэ аж тры колодычкы вырослі» (с. 70). Паводле Цыхуна (вусн. паведамл.), тут перанос ад першапачатковага калодатрубка, сцябліна ў злакавых’. Да матывацыі параўн. калена як ’патаўшчэнне, вузел на сцябліне’ і ’частка сцябліны паміж патаўшчэннямі’. Прыклады адпаведных утварэнняў: калена ’сустаў пальца рукі’, і на той жа тэрыторыі (бяроз.) «жыта пошло ў каленцы». Зыходзячы з прыведзеных фактаў, менш верагодна думаць аб першаснасці значэння ’сучляненне як патаўшчэнне’. Паводле першага тлумачэння назва матывуецца звычайнымі пераносамі ў межах устаноўленай (і ўжо дыфузнай) семантыкі; калі ж прыняць другую версію, цяжка абгрунтаваць яе з боку семантыкі. Параўн. яшчэ інфармацыю па калода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)