чы́рвань, ‑і, ж.

1. Уласцівасць чырвонага; чырвоны колер. Сонца яшчэ не паказалася з-за высокага бору ў канцы вёскі, і ён .. быў як намалёваны на чырвані неба. Крапіва. Ясна гарэў сухі хвораст, асыпаючы ў шэры попел хрусткія вугалькі, напоўненыя жывой чырванню агню. Самуйлёнак. У чырвань, золата ўбраны стаяць у пушчах нашых дрэвы. Дубоўка.

2. Чырвоныя плямы на целе, пачырваненне ад прыліву крыві, запалення. Слёз у .. [Мацвея] было мала, толькі чырвань з’явілася вакол вачэй. Чорны. З кулямёта.. [лейтэнанту] прабіла абедзве нагі вышэй костачак. Ногі распухлі і паліліся нездаровай чырванню. Курто.

3. Румянец. — Усё, Сяргей Рыгоравіч, — адказала [Люда]. Вочы дык узняла, а чырвань на шчоках яшчэ пагусцела. Брыль. І шчокі, і нос, і вушы гарэлі бледнай чырванню. Лынькоў.

•••

Увагнаць у чырвань гл. увагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкасі́ць, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., каго-што.

1. Падрэзаць (касой, касілкай і пад.).

2. перан. Зваліць, збіць з ног. Трапны Цішкаў стрэл падкасіў драпежніка. Пальчэўскі. — Здарылася няшчасце. Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. // Адняць сілы, здароўе, бадзёрасць і пад. Падкасіла старога настаўніка хвароба пасля смерці жонкі, з якой ён прайшоў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін. Была ціхая хвіліна, калі ўсе думалі пра нягаданае гора, што прыйшло ў Анэціну хату і падкасіла жанчыну. Пташнікаў. / Пра ногі, калені. Слабасць падкасіла ногі. / у безас. ужыв. Старавойтава нібы падкасіла, ён пахіснуўся, ухапіўся за нары і цяжка асеў. Гурскі.

3. і чаго. Накасіць у дадатак да накошанага; укасіць. Зрэдку наведваўся ў вёску да старой Сяргей Кірылавіч першыя гады. Сена падкосіць, дроў наколе. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысто́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыстойнага. Прыстойнасць паводзін. Прыстойнасць гутаркі.

2. Ветлівасць, далікатнасць, выхаванасць у паводзінах, манерах і пад. І вось Алтар, прыпёрты да сцяны жонкаю, дачкою і сынам, выходзіць з усіх рамак, губляе ўсякую прыстойнасць, хапае стары галёш і шпурляе. Чарнышэвіч. — А вы б засталіся, — прапанаваў Ярмоленка, і Сяргей здагадаўся, што Антон сказаў гэта дзеля прыстойнасці, а на справе яму не дужа хочацца, каб Жылінскі заставаўся тут надоўга. Сіўцоў. — Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе? — Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць. Шамякін. // Правілы паводзін, прынятыя ў якім‑н. грамадскім асяроддзі. — Яны, бачыце, лічылі, што свістаць могуць толькі мужыкі. Шляхецкая прыстойнасць не дазваляла гэтага. Чарнышэвіч. Лейтэнанта паліцыі, які затрымаў іх спачатку як звычайных парушальнікаў прыстойнасці і грамадскага парадку, распісалі ва ўсіх газетах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздаві́ць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.

1. Надавіўшы або сціснуўшы, расціснуць, расплюшчыць, раздушыць. [Надзя:] — Тады збірай бульбу, бо часам як раздавіш пухір, пяску наб’ецца, можа быць заражэнне. Васілевіч. Немцы пусцілі на гармату танк, мабыць хацелі раздавіць яе, але артылерысты падпалілі яго снарадам. Сабаленка.

2. Разм. Сціснуўшы, задушыць, скалечыць, забіць. — Спаткаць бы такога дзесь у цёмным куце і раздавіць,.. — рашуча сказаў Сяргей. Машара.

3. перан. Разграміць, нанесці рашучае паражэнне. — Дзіўна, такая сіла, а ў Ламавічах — нямецкі гарнізон, — падкалоў Бондар. — Няўжо не можаце раздавіць? Навуменка.

4. перан. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Знішчыць, падавіць маральна. Візэнер, забыўшыся на ўсялякую субардынацыю, злосна папракаў яго.. Раздаўлены Кайфер маўчаў. Шамякін.

5. Разм. Выпіць што‑н. спіртное. — От жа, не кажы ты, завялі парадкі: беднаму чалавеку і пляшку раздавіць няма дзе. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.

2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.

•••

На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).

На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́к, ‑а, м.

1. Вертыкальны брус, слуп і пад. у якім‑н. збудаванні, прыстасаванне якія служаць для апоры або злучэння чаго‑н. Цяпер і клічкі .. [коням] далі, і шыльдачкі пры кожным стаяку прыбілі. Брыль. З той самай ночы, калі не вярнуўся Сяргей, Ліпа амаль кожны дзень выходзіла да парапета. Там была ўтульная лава з чыгуннымі стаякамі. Хомчанка. // Вертыкальная труба збудаванняў. Работнікі сантэхмантажу абавязаны ў новых дамах .. паклапаціцца, каб стаякі і радыятары ў дастатковай ступені награваліся. «Звязда». // Комін ад столі да страхі.

2. Абл. Галандская печ. Вялікую печ, што займала калісьці амаль чвэрць хаты, замяніў стаяк. Пальчэўскі. Ралан .. загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.

3. у знач. прысл. стаяко́м. Разм. У вертыкальным становішчы. Паставіць бервяно стаяком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уз’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. Заехаць на больш высокае месца. Калі ў з’ехалі на ўзгорак, Сяргей папрасіў шафёра спыніцца, вылез з машыны. Шахавец. Бомба трапіла ў наплаўны мост тады, калі санітарны аўтобус з раненымі паспеў ужо ўз’ехаць на бераг. Хомчанка. // Едучы, трапіць куды‑н., заехаць, выехаць куды‑н. Як толькі ўз’ехалі на прыгуменне, Тамаш пачаў непакоіцца. Чарнышэвіч. Сонца ўжо схавалася за лес, як на шашу з прасёлка ўз’ехала фурманка. Місько. Услед за маладымі, уз’ехалі па двор яшчэ два вазкі з дружкамі. Васілевіч.

2. Паехаць на каго‑, што‑н. Упаў [Міхал], ткнуў нагою пад задняе кола, што якраз у той момант уз’ехала на дарожны камень. Чорны. Толькі ржавая сетка-агароджа ў адным месцы была парвана — на яе, па ўсім відаць, уз’ехаў танк. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыраста́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. Стаць высокімі, дарослымі (пра людзей). Прыйшоў .. [Зянон] з вайны і не пазнаў ні дзяцей — тыя павырасталі, ні жонкі — Дуся неяк змізарнела. Сабаленка. Язэпка рады быў кожнаму знаёмаму твару. А некаторых, з маладзейшых, ён ужо і не пазнаваў. Павырасталі без яго! Якімовіч. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Стаць вялікім, высокім (аб жывёлах, раслінах). Птушкі павырасталі і цяпер збіраліся разам. Чорны. Маладыя флянцы сасонак, пасаджаныя калісьці радамі, павырасталі ў гонкія дрэвы. Пальчэўскі.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Узнікнуць, з’явіцца — пра ўсё, многае. Вакол гарнізона да восені, быццам грыбы, павырасталі дзоты. Брыль.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Паўстаць перад вачыма — пра многіх, многае. Сяргей хутчэй адчуў, чым убачыў, што вакол яго фашысты. Нібы павырасталі з зямлі. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засы́пацца 1, ‑сы́плюся, ‑сы́плешся, ‑сы́плецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трапіць куды‑н., у сярэдзіну чаго-н (пра што‑н. сыпкае). Пясок засыпаўся ў чаравікі. Снег засыпаўся за каўнер.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца або напоўніцца чым‑н. сыпкім. [Калодзеж] крыху засы́паўся зямлёй, і на дне яго вады было мала. Чорны.

3. чым. Разм. Мець чаго‑н. у вялікай колькасці. Год выдаўся добры. Можна засыпацца хлебам.., атрымаць шмат грошай... Паслядовіч.

засы́пацца 2, ‑сы́плюся, ‑сы́плешся, ‑сы́плецца; зак.

Разм. Аказацца выкрытым; пацярпець няўдачу ў якой‑н. справе. — Прыгадалася Надзя, Ціхан, Сяргей, многія другія... Як пройдзе для іх вобыск! Хоць бы ніхто не засыпаўся! М. Ткачоў. // Выявіць няўменне, няведанне ў чым‑н. Засыпацца на экзамене.

засыпа́цца 1, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да засы́пацца ​1.

2. Зал. да засыпа́ць ​1.

засыпа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.

Незак. да засы́пацца ​2.

засыпа́цца 3, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.

Незак. да заспацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мізэ́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі малы, нязначны. Вёска бедная. У большасці сялян надзелы вельмі мізэрныя. Сяргейчык. У батарэях рацыі засталіся апошнія мізэрныя рэшткі энергіі. Мележ. Сяргей .. востра адчуў, якія мізэрныя былі ўсе яго ранейшыя хваляванні ў параўнанні з тым, што рабілася цяпер у яго душы. Сіўцоў.

2. Схуднелы, худы. Мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі. Бядуля. Мікалай з замілаваннем глядзеў на .. [Верын] мізэрны маленькі твар. Дамашэвіч. // Чэзлы, чахлы (пра расліны). Абышоўшы пасевы ярыны, пастаяўшы каля мізэрнага жыта, .. [Шаманскі] падаўся на двор трэцяй брыгады. Дуброўскі.

3. перан. Які не мае належнага выгляду, убогі; бедны. У фае тэатра цыганскім табарам размясціўся калектыў са сваімі сем’ямі і мізэрнымі пажыткамі. Сяргейчык. Сляпянка некалі вылучалася сваімі мізэрнымі, падслепаватымі хатамі. Новікаў. // Несамавіты; дробны, малы. Вясёлая баявая Насця Чычка, ёмкая, з мужчынскімі ўхваткамі, бураю налятае на мізэрнага Міхайлу Драбка. Колас.

4. перан. З якім не лічацца, не паважаюць, які выклікае адмоўныя пачуцці; нікчэмны. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.

[Ад лац. miser — бедны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)