шумнаце́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з шумам цячэ (звычайна пра раку, ручай і пад.). Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, — Удзірванелы курган векавечны. Купала.

2. Рух якога суправаджаецца шумам, крыкамі, ажыўленай мітуснёй. Поезд выкінуў са сваіх аканістых каровак шумнацечную грамаду людзей, і хутка перон апусцеў. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераво́зчык, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца перавозам цераз раку, возера.

2. Той, хто займаецца якімі‑н. перавозкамі.

3. Птушка сямейства сяўцоў з шаравата-бурай спінкай і белым брушкам. (Назва дадзена за манеру пералятаць са свістам з берага на бераг над самай вадой.) Асабліва багата на Піншчыне кулікоў. Тут прадстаўлены амаль усе асноўныя іх віды — кнігаўкі, турухтаны, .. перавозчыкі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. што і цераз што. Пераскочыць цераз што‑н. Перамахнуць цераз плот. □ — Давай пабяжым! На вуліцы страляць не будуць! Перамахнём агароджу, скочым у кусты і — уратаваныя! — прапанаваў я. Карпюк. // З ходу пераправіцца, перабрацца на процілеглы бок чаго‑н. Перамахнуць цераз раку. Перамахнуць галопам узгорак.

2. Хутка перайсці, пераехаць куды‑н. Перамахнуць у другі горад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абла́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.

Ласкава абысціся з кім‑н., выказаць увагу, спагаду да каго‑н., пашкадаваць. // Лашчачы, выклікаць у жывёліны давер’е да сябе; зрабіць жывёліну рахманай. Аблашчыць сабаку. // перан. Зрабіць прыемнае ўздзеянне (пра вецер, сонца і пад.). Хутка выблісне сонца і аблашчыць сваім цяплом усё наваколле: і раку, і птушак, і росную траву, і беласнежны кіпень чаромхі над вадой. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вако́ліца, ‑ы, ж.

1. Ускраіна населенага пункта. [Бацька:] — Вазьму я цябе за руку, выведу за нашу ваколіцу ды пакажу той шлях, якім ты пойдзеш. Каваль. Выйшаў раннем за ваколіцу, і пацягнула мяне ў недалёкі лясок, пад раку, у тыя мясціны, дзе некалі праходзіла маё пастушынае маленства. Кулакоўскі.

2. Тое, што размешчана вакол населенага пункта; наваколле. За Лядамі — Ямнае, Градкі,.. Зарэчча — бліжэйшыя вёскі ваколіцы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да звіцца.

2. Згінацца, выгінацца з боку ў бок. Хвост змяі сутаргава звіваецца. В. Вольскі. // Мець форму звілістай лініі, прымаць звілісты напрамак (пра раку, дарогу і пад.). Налева, за поплавам, звівалася рэчка. Асіпенка. Ранюткі час. Нідзе нікога, Між дрэў звіваецца дарога, А па дарозе ты з кашом У лес шыбуеш. Колас.

3. Зал. да звіваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́цца, скуецца; зак.

1. Злучыцца пры дапамозе кавання.

2. перан. Пазбавіцца волі. Як на небе зара, ці як думка ў душы Не скуешся няволі ты [песня] путамі. Купала. // Страціць рухомасць; анямець. Апошні раз.. [Яніна] заснула не ведае і калі: хацела падымацца, бо пачало днець, а вочы скаваліся дрымотай... Кірэенка.

3. перан. Накрыцца лёдам, замерзнуць (пра раку, возера і пад.). Рэчка скавалася Лёдам крыштальным. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схо́ды, ‑аў і схо́дкі, ‑дак; адз. няма.

Лесвіца; ступенькі лесвіцы. Выходзячы пасля работы з рэдакцыі, Чорны вешаў загнуты кіёк на балясіну сходаў. Лужанін. На сходах галоўнага ўвахода [Ніну] дагнаў Швыдрык. Лобан. Кожны ранак .. [Валя] разам са сваімі сяброўкамі па працы прыходзіць сюды, узбіраецца па засмечаных друзам сходках і бярэцца за кельму. Пестрак. З садовай дарожкі ў раку схадзілі к самай вадзе сходкі з парэнчамі. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мост, -а, М -сце, мн. масты́, масто́ў, м.

1. Збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку і г.д.

Чыгуначны м.

Пантонны м.

2. перан. Тое, што служыць звяном сувязі паміж кім-, чым-н.

Паветраны м.

3. У спорце: пастава, пры якой цела выгнута грудзямі ўверх з апорай на далоні і ступні.

4. Частка шасі аўтамашыны (спец.).

5. Планка, на якой замацоўваецца рад штучных зубоў у зубным пратэзе.

|| памянш. мо́сцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1—3 знач.) і масто́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. (да 1 знач.).

|| прым. маставы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

це́раз, прыназ. з В.

1. Упоперак чаго-н., з аднаго боку на другі.

Перайсці ц. вуліцу.

Пабудаваць пераправу ц. раку.

2. Паверх чаго-н.

Пераскочыць ц. плот.

3. Праз, скрозь што-н. (пры назвах прадметаў, асяроддзя, праз якія хто-, што-н. праходзіць, пранікае).

Ісці ц. лес.

Залезці ц. акно.

Ц. шыбы ледзь прасочвалася святло.

4. Пры дапамозе каго-, чаго-н.

Перадаць прывітанне ц. знаёмага.

5. Праз некаторы час або праз некаторую адлегласць пасля чаго-н.

Сустрэліся ц. год.

Дрэўцы раслі ц. кожныя дзесяць метраў.

6. Па якой-н. прычыне, па віне каго-н.

Ц. яго многія пацярпелі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)