заду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачаць думаць, разважаць над чым‑н., пра што‑н. Ёсць над чым задумацца. □ Мікола задумаўся над сваім апошнім учынкам. Бядуля. // Аддацца думкам, упасці ў задуменнасць. Задумацца на момант. □ Кастусь сеў пад бярозу на мяккую, як падушка, рудую купіну, задумаўся. Ваданосаў.

2. звычайна з інф. Паказаць, выявіць нерашучасць у чым‑н.; завагацца. Сказана гэта было такім катэгарычным тонам, што я, прызнацца, задумаўся: ехаць ці не. Ляўданскі.

3. безас. каму з інф. Разм. Прыйсці ў галаву; захацецца. Задумалася мне пайсці ў кіно. Задумалася яму пакатацца на лыжах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Паставіць, размясціць якім‑н. чынам, парадкам. Расставіць мэблю. Расставіць шахматныя фігуры. □ Няня бясшумна расставіла талеркі і бадзёрым голасам звярнулася да .. [хворага]. Васілевіч. Мікола з Казанскім прагледзяць кінаплёнку, каб ведаць, у якім парадку расставіць канцэртныя нумары... Гаўрылкін. // Размеркаваць для выканання якіх‑н. абавязкаў па службе, па рабоце. Расставіць вартавых. Правільна расставіць сілы.

2. Паставіць так, каб павялічылася адлегласць паміж чым‑н. — Заслона. — расцяжна закрычаў няпрошаны артыст і на ўсю шырыню расставіў ногі і развёў рукі. Кулакоўскі.

3. Рассунуўшы, устанавіць для выкарыстання што‑н. раскладное, рассоўнае. Расставіць мальберт. Расставіць сетку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

той, таго́, м., та́я, той, ж., то́е, таго́, н., мн. ты́я, тых; займ. указ.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, аддаленыя ў прасторы ці часе.

Той лес.

На тым тыдні.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых.

Вазьмі тую кніжку, якую яшчэ не чытаў.

3. Паказвае на які-н. прадмет, асобу, пра якія гаварылася раней.

Прыйшла тая жанчына, якую мы чакалі.

4. Паказвае на вядомую ўжо асобу ці прадмет.

Добры скрыпач быў той Мікола.

5. Іменна ён, не іншы, гэты ж самы (звычайна ў спалучэннях «той жа», «той самы», «той жа самы»).

Ехалі ў тым жа вагоне.

6. у знач. наз. то́е, таго́, н. Паказвае на якія-н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія ўжо ішла размова.

Яны выканалі і маю норму, а я таму і рады.

7. Ужыв. як суадноснае слова ў галоўнай частцы складаназалежных сказаў з даданымі дапаўняльнымі.

Думы, мары мае!

Ганаруся я той, што навек заўладала сэрцам маім.

8. Уваходзіць у склад:

а) складаных злучнікаў «дзякуючы таму што», «з прычыны таго што», «для таго што», «да тых пор пакуль», «за тое што» «у той час як», «нягледзячы на тое што», «пасля таго калі», «перад тым як», «тым больш што» і інш.;

б) словазлучэнняў, звычайна пабочнага характару, якія звязваюць розныя часткі выказвання: «апрача таго», «акрамя таго», «разам з тым», «між тым» і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бі́ла, ‑а, н.

1. Унутраная ўдарная частка звана; язык.

2. Падвешаны кавалак жалезнай палосы, рэйкі, удараючы па якой падаюць сігнал. Балаканне [хлопцаў] перапыніў звон, што разлягаўся па полі з панскага двара. — Дзядзька Мікола ў біла б’е. Час на абед, — ажывіўся Сяргей. Машара.

3. Верхняя скразная жардзіна ў возе, у поручнях лесвіцы, у мосце, верхняя планка ў поручнях ложка. Намыліць кашулю не было чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка. Чорны. Самая меншая, Лідачка, падымаецца на дыбачкі, каб цераз біла калыскі ўбачыць Васілька. Пальчэўскі.

4. Назва ўдарных частак прылад і машын. Біла маслабойкі. Біла трапальнай машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́ва, прысл.

1. Наглядна, маляўніча, ярка. Прачытаў Сцяпан аб адным здарэнні на начлезе, дзе апісвалася вельмі жыва і натуральна, як дзядзька Мікола шукаў сваю люльку. Колас. // Выразна, яскрава. У Панасюка ўсплывае жыва ў памяці малюнак развітання з маткай. Яна галасіла, як па нябожчыку: — На каго ты мяне, старую, пакідаеш? Бядуля.

2. Хутка, паспешліва. Наталька жыва абулася ў свае старыя чаравічкі. Колас.

3. Ажыўлена, бадзёра, бойка. Гутарка на сходзе ішла жыва, хаця і бязладна. Дуброўскі. — Давай сыр! — жыва сказаў мужчына, хапаючыся за кошык. Самуйлёнак.

4. Дзейсна, актыўна; горача. Беларуская крытыка жыва адгукалася і на тую палеміку, якая разгортвалася на старонках усесаюзнага друку. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздзе́л, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дзеянне паводле дзеясл. раздзяляць — раздзяліць (у 1–3 знач.) і раздзяляцца — раздзяліцца (у 1–4 знач.).

2. ‑а. Частка кнігі, газеты, артыкула і пад., прысвечаная адной пэўнай тэме. Уступны раздзел. □ Мікола дачытаў раздзел да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу. Мележ. Граматыка Тарашкевіча складалася з пяці невялікіх раздзелаў. Ліс. // Асобная галіна ведаў, частка (навукі). Арыфметыка, геаметрыя — раздзелы матэматыкі. □ Кніжкі былі пастаўлены акуратна, кожная на кант і назвай на хату, як у бібліятэцы, у пэўным парадку, па раздзелах. Ермаловіч.

3. ‑а. Лінія, якая раздзяляе што‑н., з’яўляецца граніцай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыто́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў непрытомнасці. Бацька цяслярыў у пана, і там яго прыбіла каля зруба дзеравякай. Так і памёр — непрытомны. Брыль.

2. (звычайна ў параўнанні). Які знаходзіцца ў стане душэўнага ўзрушэння; узбуджаны. Мікола ўсхапіўся з пасцелі, як непрытомны. Ён нічога не помніў. Колас. Настуля, нібы непрытомная, абхапіла Язэпа за шыю і пачала цалаваць. Чарот. // Які знаходзіцца ў стане атупення, абыякавасці. [Саша] ішла, як непрытомная, абыякавая ў гэты час да ўсяго, што рабілася навокал, ішла, як асуджаная на смерць. Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Раіса глядзела на.. [Ірыну Аркадзеўну] непрытомным позіркам і ківала галавой. Шамякін. Непрытомнымі вачыма ўтаропіўся [Пракоп] у сілуэты. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўздаго́н, прысл. і прыназ.

1. прысл. Услед за тым, хто (што) аддаляецца, адыходзіць. Апошні вагон вухнуў ветрам у твар Андрэю і ўцёк наўздагон. Пестрак. Бяжыш ты насустрач кулям з страшэнным бязгучным крыкам І тупат пяхотных дывізій спяшыць за табой наўздагон. Панчанка.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўздагон» вырашае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якія аддаляюцца і ўслед за якімі хто‑, што‑н. пасылаецца. Генадзь падняўся і шпарка пашыбаваў прэч. — Куды ж ты? — кідае наўздагон яму Мікола. Васілёнак. Косця выскачыў на ганак і доўга глядзеў .. [Наташы] наўздагон, аж пакуль яна не схавалася за хатамі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́зна,

1. прысл. Пад канец якога‑н. часу, калі прайшла большая частка яго. Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка.

2. безас. у знач. вык. Пра позні час. Было ўжо і сапраўды позна, і Салаўёў не стаў затрымліваў сябра. Шахавец.

3. прысл. Пасля звычайнага, устаноўленага часу. Участак быў засеяны позна, у чэрвені, і цяпер авёс толькі пачаў выходзіць у трубку. Асіпенка. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў. Чорны.

4. безас. у знач. вык. Аб прапушчаным зручным моманце. Толя з Міхасём убачылі .. [салдат] зусім блізка — метраў за трыста, на дарозе. Уцякаць было позна. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; пр. прабраў, ‑брала; заг. прабяры; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказаць моцнае ўздзеянне (пра холад, мароз). Пад раніцу нас прабраў холад. Пянкрат. / у безас. ужыв. Я рушыў да вогнішча. — Прабрала ж цябе, — ажыў Мікола: у яго быў сіплы голас. Чыгрынаў. // перан. Ахапіць, авалодаць. Цяпер толькі [апамяталася] дзяўчына, што нарабіла, і сполах дурны прабраў яе. Нікановіч.

2. Разм. перан. Зрабіць суровую вымову за што‑н., вылаяць. Прабралі адстаючых, потым гаварылі аб лепшых. Шынклер. Вольга Усцінаўна глядзела на мужа са страхам: яе абразіла зяцева бестактоўнасць, але прабраць яго не адважылася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)