стык, ‑у, м.

1. Месца злучэння, сутыкнення двух канцоў, дзвюх частак чаго‑н. Стык трубаправода. □ Пранёсся на поўнай хуткасці доўгі састаў, цяжка гружаныя вагоны не ляскочуць на стыках, а глуха грукаюць. Навуменка. // Лінія сутыкнення, мяжа. На стыку дзвюх дарог. Стык дзвюх дывізій. □ На стыку пакошы з травой, дзе мы [касцы] пачынаем новую дзялянку, дзяўчаты сустракаюцца з намі. Брыль. На стыку Нёмана і Лошы Цагляны млын стаяў здаўна. Астрэйка.

2. Спец. Тое, што і стыкаванне. Кароткі тэрмін заставаўся да прызначанага дня стыку ўкладак, шмат рабіць трэ’ было яшчэ. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́рчыць і ко́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. звычайна безас. Балюча зводзіць мышцы цела. Яго ўсяго курчыць. □ Будзе хвароба іх цела корчыць. Куляшоў. // перан. Разм. Выклікаць вельмі непрыемныя пачуцці. Калі .. [Сцяпан] чуў у хаце слова «млын» — яго адразу пачынала курчыць. Ракітны.

2. Згінаць, падгінаць. Ногі мае босыя, і я ад роснай золкасці, ідучы, курчу на нагах пальцы. Баранавых.

3. (корчыць); каго. Разм. Прыкідвацца кім‑н., строіць з сябе каго‑н. Уладусь корчыў з сябе шляхціца. Чарнышэвіч. [Арэхаў] быў мацнейшы, больш загартаваны і ўвесь час стараўся корчыць з сябе інтэлігента. Няхай.

•••

Лодара корчыць — гуляць, бяздзейнічаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашы́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. Стаць больш шырокім; расшырыцца. Трэшчына пашырылася. □ Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі.

2. Павялічыцца ў колькасці, у аб’ёме. Былы Гальвасаўскі млын пашырыўся на чатыры колы. Чорны. // Стаць больш поўным, рознабаковым. У тэматычных адносінах круг творчасці Ул. Дубоўкі значна пашырыўся. Глебка.

3. Стаць вядомым многім, распаўсюдзіцца. Хутка слава пра Маніну градку пашырылася далёка за межы ўласнага агароду. Якімовіч.

4. Расшырыць кола свайго дзеяння, ахапіць сабой. Пакуль хвароба не пашырылася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых і зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Шамякін. У новай пяцігодцы кінасетка Мінска пашырыцца. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праектава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Распрацоўваць праект (у 1 знач.). [Пётр] у гэты час працаваў над дыпломным праектам — праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі. Шамякін.

2. і з інф. Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. [Касперскі:] Чуў я, што праектуеце новы млын рабіць і электрастанцыю пры ім, дык добра было б, каб хоць даць святло ў цагельню. Гурскі.

праектава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. У матэматыцы — адлюстроўваць на плоскасці прасторавыя фігуры, чарціць праекцыю (у 1 знач.).

2. Спец. Перадаваць на экран праекцыю (у 2 знач.), павялічанае адлюстраванне чарцяжоў, фотаздымкаў, кінакадраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбуры́цца, ‑буруся, ‑бурышся, ‑бурыцца; зак.

1. Выйсці са стану спакою; узбударажыцца; узбунтавацца. [Лявон:] — Пайду ў млын. [Жонка:] — Чаго .. ўзбурыўся? Сёння ж мо зноў на бульбу? — Зноў ці не зноў, — зазлаваў Лявон. — Распалю кацёл, дам гудок — мужчыны падыдуць. З бульбай і без нас управяцца. Кудравец.

2. Разгневацца, раззлавацца. [Бабка Наста:] — І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. Колас.

3. Паўстаць, узбунтавацца супраць каго‑, чаго‑н.

4. Нечакана разбушавацца, узбушавацца. Завіхурыла адразу пасля каляд. За які дзень куды дзелася шэрань, пасля зацішша ўзбурыўся вецер ды пагнаў па вуліцы гуллівыя снежныя круцялі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлюз, ‑а, м.

1. Гідратэхнічнае збудаванне, прызначанае для пераводу суднаў з адной воднай прасторы ў другую, з іншым узроўнем вады. На сваім шляху ад Павянца да Сарок наш параход пройдзе 19 шлюзаў. Галавач.

2. Адтуліна з засаўкай у плаціне, праз якую выпускаецца вада. Мне добра чуваць шум вады, што пад узнятым шлюзам кідаецца цераз загародку і сваёй мелодыяй напамінае пра млын. Мыслівец. Каля шлюза сабралася трохі ціны, і Сагайдак выцягнуў яе граблямі на бераг. Парахневіч.

3. Спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе шырокага нахіленага жолаба ці латка для прамывання залатаноснага пяску ці здробненай руды.

[Ням. Schleuse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Вяшня́к1, вешня́к ’вясенні вецер, які вельмі сушыць дровы’ (КСТ). Укр. вешняк, рус. дыял. вешняк ’вясенні вецер’ (перм., варон., СРНГ), ве́шни́к ’вясенні вецер, паўднёва-ўсходні вецер’ (асташ., пск., цвяр., СРНГ). Ад *вешний ’вясенні’, параўн. рус. формы ў Даля, або < вясняк3 (гл.). Паводле Фасмера, 1, 309, рус. вешний < *vesni̯o ад весна; параўн., аднак, рус. дыял. вешна, вёшна, ’вясна і да т. п.’, вешный, вешной ’вясенні’ (СРНГ), якія могуць уяўляць і іншую праформу або пазнейшыя трансфармацыі.

Вяшня́к2, вешня́к ’вадзяны млын, які працуе толькі пры высокім узроўні веснавой вады’ (Яшк.). Рус. дыял. вешняк ’тс’ (СРНГ). Ад *вешний ’вясенні’; параўн. вяшняк1 або < вясняк. Суфіксацыя, як у сіняк, скразняк і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Біндаво́кі ’аднавокі, сляпы на адно вока’ (Бяльк.), ’бяльматы’ (Нас.). Укр. биндоо́кий (//блиндоокий). Цёмнае слова. Ва ўсякім выпадку першая частка слова (бінд‑) па сваёй фанетыцы яўнае запазычанне. Паняцце ’аднавокі, вірлавокі, касавокі і пад.’ можа выражацца складанымі словамі з словам ’жэрдка, падважнік і г. д.’ Параўн. чэш. bidlooký, pidlooký (bidlo ’жэрдка’), укр. вирлоо́кий ’вірлавокі, лупаты’, вирла́тий (пра вочы) ’лупаты’, ви́рла (мн.) ’лупатыя вочы’ (ви́рло ’доўгі падважнік, якім павяртаюць ветраны млын’; іначай пра ўкр. вирлатий, вирлоокий, бел. верлавокі Куркіна, Этимология 1970, 101–102). Семантычная матывацыя: ’падважнікі, якія «глядзяць» у розныя бакі’ → ’косыя вочы’. Можна меркаваць, што і ў слове біндаво́кі першая частка азначае ’жэрдка і г. д.’ Параўн. укр. бендю́га, биндю́га ’падважнік’, рус. биндю́г, биндю́га, бендю́г, бендю́га ’тс’ (< ням.; Фасмер, 1, 166).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветравы́ (прым.) ’які мае адносіны да ветру’; ’прызначаны для аховы ад ветру’; ’такі, у якім вецер з’яўляецца рухаючай сілай’ (КТС, БРС). Укр. ві́трів ’які належыць да ветру’, вітровий ’які мае адносіны да ветру’, рус. смал. ветровой ’ветравы дух, які суправаджаецца ветрам’, ве́тровый, ветро́вый ’схільны да ўздзеяння ветру’, пск. ветрово́й ’ветраны (млын)’, рус. ветрово́й, ветро́вый (парень) ’легкадумны’, польск. wiatrowy ’звязаны з ветрам’; ’выкліканы ветрам’; ’такі, у якім рухаючая сіла — вецер’, н.-луж. wětšowy, wětšowaty, в.-луж. wětrowy ’ветравы, ветраны’, чэш. vštrový, славац. vetrový ’звязаны з ветрам’. Паўночнаславянскае ўтварэнне ад větr‑ і суф. ‑ovъ. У паўднёваславянскіх мовах (як і ў н.-луж.) да гэтага суфікса дадаюцца іншыя: славен. vẹtrǫ́ven, vetrovít, серб.-харв. ветро̀вит, ве̏трован, макед. ветровит, балг. ветровен, ветровит.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

загаці́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак., што.

1. Разм. Палажыць гаць, пакрыць гаццю (для праходу, праезду). Загаціць балота.

2. Разм. Перагарадзіць плацінай; запрудзіць. — Загаціць, — кажуць далей, — трэба рэчку, Каб возера было, каб быў і млын. Купала.

3. Абл. Запоўніць цалкам якую‑н. прастору, праход і пад. — Ну і насіласавалі, няўрокам кажучы, яму, усе чатыры секцыі вежы, і каб яшчэ была адна яма, то і яе б загацілі. Ермаловіч.

4. перан. Затраціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)