Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН,
машына для здрабнення (памолу) розных матэрыялаў. Ад драбілак адрозніваецца больш тонкім памолам (да часцінак менш за 5 мм, часам да 0,001 мм). Выкарыстоўваюцца ў горнай, хім., металургічнай, фармацэўтычнай і харч. прам-сці, у вытв-сці буд. матэрыялаў і інш.
У М. матэрыялы трапляюць пад удары рухомых рабочых органаў або здрабняльных цел, пераціраюцца, расціскаюцца, саўдараюцца. Паводле формы і віду рабочага органа адрозніваюць М.: барабанныя (шаравыя, стрыжнёвыя, галечныя, самаздрабнення); ролікавыя, валковыя, кальцавыя, фрыкцыйна-шаравыя і бегуны; малатковыя, пальцавыя (дэзінтэгратары); вібрацыйныя з хістальным корпусам; струменныя і аэрадынамічныя (без здрабняльных цел). Пры неабходнасці барабанныя М. аб’ядноўваюць з класіфікатарамі або з паветр.сепаратарамі. Найб. пашыраны барабанныя М. значных памераў (дыяметрам да 5 м і больш, даўж. да 15 м). Гл. таксама Мукамольны млын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,
мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.
Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАМО́ЛЬНЫ МЛЫН,
машына (прыстасаванне, устаноўка, прадпрыемства) для перапрацоўкі зерня на муку.
Найб. старажытнымі прыладамі для размолу зерня былі зерняцёркі (вядомы з ранняга неаліту — каля 5-га тыс. да н.э.) і ступы. Пазней з’явіліся жорны, якія прыводзіліся ў рух уручную (жорны, што працуюць парна, пашырыліся ў 4—3 ст. да н.э.). Са старажытных часоў (у краінах Усходу, Грэцыі і Рыме) пачалі выкарыстоўвацца млыны вадзяныя, у якіх жорны прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. На Беларусі вадзяныя млыны з 1—2 (часам да 4) коламі функцыянавалі амаль ва ўсіх буйных дварах і гаспадарках. Былі і сезонныя млыны, што працавалі ў час паводак (млыны-вешнякі), а таксама М.м. з валовай ці конскай цягай. У 12—13 ст. у многіх краінах Еўропы пашырыліся ветраныя млыны — ветракі; на Беларусі іх будавалі з 15 ст. У пач. 19 ст. з’явіліся М.м. з паравым рухавіком, у 1880-я г. — з электрапрыводам.
Сучасны М.м. — прадпрыемства (з-дмукамольна-крупяной прамысловасці), якое складаецца з аддзяленняў: зернеачышчальнага (уключае сепаратары, трыеры, магн. апараты, абоечныя і мыйныя машыны), размольнага (мае вальцовыя станкі, прасейвальныя і сітавеяльныя машыны), выбойнага (прыстасаванні для аўтам. ўзважвання і засыпкі мукі ў мяхі). Абсталявана пнеўматычным транспартам для перамяшчэння зерня і прамежкавых прадуктаў, метал. і жалезабетоннымі ёмістасцямі для захоўвання мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖКІ́,
вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Мнюта. Цэнтр сельсавета. За 32 км на У ад г.п. Шаркаўшчына, 198 км ад Віцебска, 29 км ад чыг. ст. Падсвілле. 905 ж., 399 двароў (1999). Лясніцтва, млын. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: Лужкоўскі Міхайлаўскі касцёл, царква Раства Багародзіцы (1794), вадзяны млын (19 — пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КА́ЛЕВАЛА»
(«Kalevala»),
карэла-фінскі нар. эпас. Складаецца з карэльскіх, фін. і іжорскіх нар. песень (рунаў), якія сабраў і запісаў у 1-й пал. 19 ст. фінскі фалькларыст Э.Лёнрат. Упершыню апубл. ў 1835 (1-я кампазіцыя, 32 руны), у 1849—2-я кампазіцыя (50 рунаў).
«К.» паэтызуе подзвігі і прыгоды герояў казачнай краіны Калевала. Яе героі — чарадзей Вяйнямёйнен, каваль Ільмарынен, які выкаваў цудоўны млын сампа, што забяспечвае багацце. Сюжэт, які аб’ядноўвае руны — барацьба за млын з чараўніцай Лоўхі, гаспадыняй змрочнай паўн. краіны Пох’ялы. На бел. мову «К.» пераклаў М.Машара, асобныя вершы з 1-й руны — Я.Сіпакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́К,
вёска ў Магілёўскім р-не, каля аўтадарогі Орша — Магілёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на Пн ад Магілёва. 678 ж., 292 двары (1999). Піларама, млын. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНАЛІТЭ́Т (франц. banalité),
у сярэдневяковай Зах. Еўропе манапольнае права сеньёра на маёмасць грамадскай значнасці (млын, печ, вінаградны прэс), за карыстанне якой сяляне павінны былі яму дадаткова плаціць. Баналітэты шырока ўжываліся феадаламі (у т. л. простымі рыцарамі) з канца 10—11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ШЧЫЦ (Фердынанд) (10.12.1870, б. маёнтак Багданава, Валожынскі р-н Мінскай вобл. — 30.10.1936),
жывапісец, графік, тэатр. мастак і педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы, Літвы. Вучыўся ў К.Ермалаева ў Мінску, скончыў Пецярбургскую АМ (1897). Праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (1904—07), Кракаўскай АМ (1907—08), аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та (1919—32). У творчасці наследаваў традыцыі бел., рус., польскага, франц. мастацтва, у некат. творах адметны ўплыў мадэрну. Сац. матывы гучаць у творах «Каля касцёла» (1899), «У свет» (1901), «Эмігранты» (1902), эпічнасць і сімволіка — у творы «Зямля» (1898). Лірычнасцю і эмацыянальнай выразнасцю вызначаюцца пейзажы «Вясна» (1897, 1907), «Млын зімою» (1897), «Млын ноччу» (1898), «Млын» (1899), «Пустка (Асенні вецер)», «Восень» (абодва 1901), «Зімовая казка» (1904), «Лясны ручай», «Берагі Вілейкі». Рэаліст. паказам роднай прыроды вылучаюцца карціны «Мінск зімою» (1895), «Крэва» (1899), «Мост зімою» (1901), «Былое» (1903), «Багданава» (1905), «Зіма», «Бледнае сонца» і інш. Творам уласцівы лаканізм і прастата кампазіцыі, выдатныя каларыстычныя якасці. Працаваў таксама ў графіцы: выконваў ілюстрацыі да перыяд. выданняў Вільні, Варшавы, Кракава; аўтар станковых работ «Залаты пакой» (1913), «Сям’я», «Аўтапартрэт», «Дрэвы над вадой» і інш. Аформіў шэраг спектакляў у т-ры Н.Младзяёўскай-Шчуркевіч у Вільні: «Ліля Венеда» (1909), «Князь Нязломны» (1910) і «Балядына» (1914) Ю.Славацкага, «Вяселле» (1910), «Варшавянка» (1914) і «Лістападаўская ноч» (1930) С.Выспянскага.