насцяро́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад насцеражыць, насцярожыць.

2. у знач. прым. Напружана-ўважлівы і трывожны ў чаканні чаго‑н. На першы погляд ніякіх падстаў для падазрэння не было, але капітан, як заўсёды, новенькім асаблівай веры.. не даваў: вельмі ўжо яны насцярожаныя нейкія, палахлівыя, залішне ўважлівыя. Ваданосаў. Цяпер трэба было не варушыцца, дыхаць асцярожна і ціха, каб не спудзіць злітую з цемрай насцярожаную птушку. Паслядовіч. // Які выяўляе напружанасць, засцяроджанасць. Лена адсунулася да самай сцяны і не спускала з маці насцярожанага позірку. Шамякін. Аляксей акінуў суровым позіркам прыціхшы строй. Адчуў на сабе дзесяткі насцярожаных, уважлівых вачэй. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пату́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. патух, ‑ла; зак.

1. Перастаць гарэць, свяціць. Агонь у будынку бліснуў яшчэ раз і патух. Чорны. Знікла палоска вячэрняй зары на небасхіле — ці то яна патухла зусім, ці хмаркі закрылі яе. Хадкевіч. // Перастаць дзейнічаць, функцыяніраваць (пра вулкан, домну і пад.).

2. перан. Перастаць блішчаць; стаць цьмяным, бляклым (пра вочы). Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі, Точыць смага, прага піць. Толькі вочы не патухлі — Зіхацяць жаданнем жыць. А. Александровіч. Загадчык аблана пазяхнуў, і вочы яго зноў патухлі і прыплюшчыліся. Шамякін. // перан. Знікнуць, прапасці, спыніцца. Але мая радасць хутка патухла, бо я ўспомніў, што Грыша вельмі скупы і не дачакаешся ад яго ніякай папругі. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́здух м., в разн. знач. паве́тра, -ра ср.;

дыша́ть све́жим во́здухом ды́хаць све́жым паве́трам;

подня́ться в во́здух узня́цца ў паве́тра;

жи́дкий во́здух физ. ва́дкае паве́тра;

во́здух! воен. паве́тра!;

на откры́том во́здухе на во́льным паве́тры;

висе́ть в во́здухе вісе́ць у паве́тры;

взлете́ть в во́здух узляце́ць у паветра.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

заня́ць, займу́, зо́ймеш, зо́йме; займі́; заня́ты; зак.

1. што. Запоўніць сабой якую-н. прастору, прамежак часу.

Кнігі занялі ўсю паліцу.

Гэта работа зойме ў нас дні два.

2. што. Размясціцца дзе-н.; уступіць куды-н., авалодаўшы чым-н.

З. месца ў вагоне.

З. кватэру.

Полк штурмам заняў варожы гарнізон.

З. крэпасць.

3. перан., каго (што). Зацікавіць, цалкам захапіць.

Мяне заняла гэта работа.

4. каго (што). Даць работу, занятак каму-н.

З. на ўроку ўсіх вучняў.

З. гасцей размовамі.

5. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі: заняць пасаду.

З. вакансію.

З. месца малодшага навуковага супрацоўніка.

З. кафедру ў інстытуце.

6. каго-што. Захапіць, збіраючы ў адно месца і гонячы куды-н. (пра жывёлу).

З. статак і гнаць дадому.

7. што. Распачаць.

З. шырокі пракос.

Дух заняло (разм.) — стала цяжка дыхаць ад чаго-н. (хвалявання, хуткага руху і пад.).

Мову заняло каму — страціў здольнасць гаварыць.

|| незак. займа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—5 і 7 знач.).

|| наз. заня́цце, -я, н. (да 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пукчэ́ць ’утвараць пуканне ад бражэння; гаварыць невыразна, пра сябе’ (Нас.) ’брадзіць; бурчаць’ (в.-дзв., паст., трок., рас., Сл. ПЗБ), ’незадаволена бурчаць’ (полац., Нар. лекс.; Яўс.), сюды ж путаць ’дэманструючы незадавальненне, гаварыць сабе пад нос; бурчаць (у жываце)’ (Нас., Сл. ПЗБ), пукцець (пукцЬць) ’незадаволена гаварыць сам з сабою’ (Шымк. Собр.), пуктаць ’брадзіць; бурчаць’ (Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа), зліт, pukšėti ’стагнаць, бурчаць’ або pukščioti ’тс’, гукапераймальнага паходжання (гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 126); словы з ‑w‑ (-г/-), магчыма, утвораны на славянскай глебе як інтэнсівы да пу́каць (ад гукапераймальнага пу(к)!), параўн. укр. пу́кти ’лопнуць’, рус. пск., наўг. пуктаць ’гаварыць невыразна, мармытаць’, пуктосіць ’нашэптваць, нагаворваць, калдаваць’ і паралельныя пухтеть ’бурчаць, пучыць (у жываце)’, пыхать/пыхтеть ’цяжка дыхаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́сак ’морда, мыса ў каровы’ (ЛА, 1; паст., ігн., шальч., Сл. ПЗБ), пы́скі ’тс’ (віл., зэльв., там жа; Сцяц., Варл.; Сержп., ЛА, 1), пы́сак ’дзюба’ (швянч., Сл. ПЗБ), пы́ска ’вісок са шчакою; поўха’ (Нас.), пы́ські ’шчокі, шчочкі’ (Мал.), пыск ’морда ў рагатай жывёлы’ (ашм., дзісн., Стан.; ЛА, 1), ’пашча звера’ (Сцяшк. Сл.), груб. ’рот, вусны’ (Скарбы, Даніл. Сл.), ’скроні, твар; вісок са шчакою’ (Нас., Бес.), ст.-бел. пысокъ ’дзюба (у птушкі)’, укр. пи́сок ’твар, морда; дзюба касы; мыс на рэчцы’, рус. дыял. пы́ска ’насмешлівая назва тонкай і кароткай жаночай касы’, польск. pysk ’лыч свінні; морда сабакі’, чэш., славац. pysk ’губа’, в.-луж., н.-луж. pysk ’дзюба, лыч’, славен. piski ’alae matricis’, макед. писки экспр. ’тоўстыя губы’. Прасл. *pyskъ ’морда, губы’, этымалагічна ідэнтычнае *pych‑, ад *pyxati ’дуць, моцна дыхаць’, гл. пыхаць; параўноўваюць з ц.-слав. напыштити ’надувацца’ (Міклашыч, 268), ст.-рус. пысканити ’насміхацца’ (’строить рожи’, гл. Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 310), а таксама з літ. pūkšlė̃ ’пухліна, гула’, pùškas ’пухір’, puškúoti ’цяжка дыхаць’ (Фасмер, 3, 420), ст.-інд. puccha‑ ’хвост’ (Махэк₂, 503; так і Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 311; супраць БЕР, 5, 261). Без падстаў лічаць выключна заходнеславянскім pysk Брукнер (450) і Банькоўскі (2, 969), паводле апошняга — няяснае па паходжанні, параўн. таксама pyskla (упершыню зафіксаванае ў буллі пад 1136 г. у форме piscla) — лічыцца эпітэтам свінні, што рые (ад pyskać, pysklać ’рыць лычом’, там жа). Будзішэўская (Балк. Ез., 36, 1, 35–37) далучае сюды ж балг. пи́сък ’выступ, каса’ ў якасці паралелі да *rъtъ ’нос, выступ, пік’ (ад *ryti).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

задушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.

1. Пазбавіць жыцця, гвалтоўна спыніўшы дыханне. Пагранічнікі.. накінуліся на дазорнага [немца]. Яны хацелі задушыць яго моўчкі, каб ён не ўзняў трывогу. М. Ткачоў. Пан і да аднаго доктара і да другога — ніхто не можа скулы вылечыць. А яна вось-вось задушыць яго. Якімовіч. // Не даць магчымасці дыхаць; атруціць (пра дым, пыл і пад.). — Хадзем, курцы, надвор, — сказаў Андрэй. — Тут пыл задушыць. Чарнышэвіч. // Разм. Загрызці, разарваць (пра драпежнікаў). Надоечы перад самым досвіткам жарабя задушылі [ваўкі]. Скрыган.

2. перан. Падавіць, не даць развіцца на поўную сілу. Задушыць паўстанне. □ Як ні імкнуліся царскія сатрапы задушыць баявое, рэвалюцыйнае купалаўскае слова, ім гэта не ўдавалася. Івашын. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць, і намагаўся задушыць яе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаі́ць, стаю, стоіш, стоіць; зак., каго-што.

1. Утаіць, зрабіць невядомым, нябачным для іншых. У апошнюю .. кампанію, калі складалі спісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў васемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Галавач. [Вера:] — Не, я стаіла, што я архітэктар. Навошта? Каму і гэта патрэбна ў такі час? Мікуліч.

2. Не выказаць, не даць магчымасці заўважыць іншым (думкі, пачуцці і пад.). Глушко анямеў. Але ўзрушанасць стаіў, сеў за стол, зняў шапку. Навуменка. — Маня! — крыкнуў .. [Тамаш], стараючыся стаіць хваляванне. — Прынясі кубак вады. Краўчанка.

3. перан. Захаваць, зберагчы ў таямніцы (пра тое, што знешне не прыкметнае або яшчэ не вядомае). Яго [Капыля] старыя курганы Мо’ не адну стаілі быль. Астрэйка.

•••

Стаіць дыханне — перастаць дыхаць (ад напружання, пры чаканні і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Разя́піць ’шырока адкрыць (дзверы)’ (Раст.): «Нашто гэта акно разяпілі?» (Полымя, 1970, 2, 134), сюды ж разе́па ’разява’ (Гарэц.), разя́па ’тс’ (Мат. Маг.). Апошняя форма скіроўвае ў бок зя́па ’рот, пашча’ (гл.), што выводзіцца з прасл. *zěpati ’пазяхаць, крычаць; цяжка дыхаць’ (Фасмер, 2, 94; БЕР, 1, 671). Аднак укр. роззя́пити ’адкрываць, раскрываць’, серб.-харв. razjápiti ’адкрыць рот’, чэш. дыял. rozjapiti, rozjapnouti ’хутка раскрыць (руку)’ даюць падставы для рэканструкцыі прасл. *orz‑zьjapiti, дзе *zьja‑p‑ звязана з ст.-слав. зьяти ’адкрываць рот, пазяхаць’ (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Немец (Этимология–1997–1999, 126) узводзіць чэш. дыял. rozjapati (ovoce) ’хутка разабраць’ да выклічніка (j)ap, паралельнага да chap, гл. хапаць. Інакш адносна ст.-чэш. japati, jápati ’назіраць; разумець’ і аднакарэнных Махэк₂, 216 (< *op‑), Трубачоў, ЭССЯ, 1, 71–72 (< *apati).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гру́дзі, ‑ей; адз. няма.

1. Пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата. Зашпіліць вопратку на грудзях. □ І тут Марына не ўтрымала — Ды гэта ж ён! ды гэта ж брат! На грудзі брату тварам пала. — Ігнатка! брацік мой Ігнат... Колас. // Частка тулава, у якой змяшчаюцца сэрца, лёгкія і інш. органы грудной клеткі. Дыхаць на поўныя грудзі. □ І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў.

2. Малочныя залозы ў жанчыны. Малая адрывалася ад пустых грудзей і крычала, ёй хацелася есці. Шамякін.

3. Разм. Верхняя пярэдняя частка адзення. Кашуля з вышыванымі грудзьмі.

•••

Біць (сябе) у грудзі гл. біць.

Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогу гл. пралажыць.

Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.

Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)