прыпільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
Пільнуючы, дачакацца паяўлення каго‑, чаго‑н.; высачыць. [Тамаш:] — Я зачапіць яе не адважваўся, яна для мяне як святая была. А гэты гад прыпільнаваў, калі яна з вячорак ішла... Чарнышэвіч. «Трэба прыпільнаваць таго, хто сюды ходзіць, хоць бы прыйшлося сядзець тут да самай зімы», — падумаў Косця. Якімовіч. // перан. Дачакацца, выбраць (зручны момант, час і пад.). — Паспрабуйце дастаць добры план горада Мінска.. — Калі выпадзе зручны момант — паспрабуем. — Такі момант яны прыпільнавалі. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́няць, выму, вымеш, выме; зак., што.
1. Дастаць адкуль‑н., з чаго‑н. Выняць газеты з паштовай скрынкі. □ Маладзіца выняла з печы чыгунок і паставіла на стол. Мележ. [Пячнік] спрытна пастукаў малатком па сценцы.., выняў адну цагліну, другую і пашоргаў у дымаходзе тоўстым дротам. Даніленка. // Выставіць што‑н. устаўленае. Выняць дубэльты з вокнаў. // Выцягнуць, выслабаніць што‑н. Выняць нагу са стрэмя.
2. Спец. Вычарпаць (зямлю, грунт) каўшом. Выняць грунт з катлавана.
•••
Выняць душу — а) давесці да смерці; б) маральна замучыць, знясіліць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак., чым.
Добраахвотна пазбавіць сябе чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑, чаго‑н. І ўжо сама гэтая бескампраміснасць і паслядоўнасць у адстойванні сваіх намераў, немагчымасць паступіцца самай малой часцінкай праўды, схібіць хоць бы ў прыватных рэчах пэўным чынам гарантуюць лірычнага героя ад дробязнасці. Бугаёў. Для блізкага чалавека Іван можа нават і паступіцца чым-небудзь, а калі гэты чалавек яшчэ хоць трохі для чаго карысны, то яму Тхорык можа і зорку з неба дастаць. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Вы́бавіць ’выманіць, выцягнуць’ (БРС, КТС) ’выратаваць’ (КЭС, лаг.), ’з вялікімі цяжкасцямі дастаць што-небудзь або каго-небудзь з цяжка праходнага, загубнага месца, увогуле з загубных умоў’ (Янк. I), рус. ’избавить’ (Гарэц., Яруш.); ’вызваліць’ (Жд., 1), выбаўляць (Гарэц., Др.-Падб.), выбавіцца ’выйсці, вызваліцца’ (Сцяшк., Нас. Доп.), выбаўленне рус. ’избавление’ (Гарэц.); параўн. яшчэ ў Скарыны: выбавил (Воўк–Левановіч, 400‑лецце, 282), выбавити, ужытае Скарыной паралельна да збавити, избавити (Сл., Ск., 1), што, магчыма, сведчыць пра кальку непасрэдна са ст.-слав. избавити; укр. ви́бавити, ст.-рус. выбавити, польск. wybawić. Ад бавіць, бавіцца ’затрымлівацца, цягнуць час, марудзіць’, адсюль выбавіць першапачаткова ’вывесці з такога стану або ўмоў’, ст.-бел. выбавяти ’вызваляць, выручаць’ з польск. wybawiać ’тс’ (Булыка, Запазыч., 72); параўн. бел. форму незак. тр. выбаўляць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
калі́бр, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дыяметр канала ствала агнястрэльнай зброі. Зброя розных калібраў. □ Удалося дастаць амаль спраўную супроцьтанкавую гармату, калібр–45. Брыль. // Дыяметр гільзы, кулі або снарада. Гільза дванаццатага калібру. Кулі шаснаццатага калібру.
2. ‑у. Дакладны размер якіх‑н. прадметаў вытворчасці. Калібр цвікоў. Раскласці шрубы па калібрах.
3. ‑у; перан. Памер, велічыня, форма чаго‑н. Палічкі трэцяй шафы займаліся прадуктамі — гарохам, макаронамі, крупамі, — перасыпанымі з магазінных кулькоў у белыя торбочкі рознага калібру. Ракітны.
4. ‑а. Вымяральны інструмент для праверкі размераў, формы вырабаў. Праверыць калібрам.
[Фр. calibre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмо́сткі, ‑аў; адз. няма.
1. Драўляны памост на ўзвышэнні; часовы памост. У глыбіні сасонніку прасвечвалі часова змайстраваныя дашчаныя падмосткі, якія павінны былі замяніць сцэну. Броўка. // Разм. Падстаўка з чаго‑н. Дастаць да.. [акенца] было цяжка, але якраз, на шчасце, на ўзроўні плота пры свірне ляжалі акораныя жэрдкі. Звяруга, перш чым узабрацца на падмосткі, прыслухаўся. Дамашэвіч.
2. Сцэна (у 1 знач.). На падмостках калгаснага клуба з’явіліся спевакі і танцоры. «Звязда». Па падмостках У ззянні агнёў мюзік-хола Негрыцянка пяе. Танк.
•••
Тэатральныя падмосткі — тое, што і сцэна (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́зуха, ‑і, ДМ ‑зусе, ж.
1. Прастора паміж грудзямі і адзеннем. Трымаць за пазухай. Дастаць з-за пазухі. □ Мікола забраў лісткі, згарнуў, схаваў за пазуху... Навуменка. Стары ўзяў нож і засунуў за пазуху. Гурскі.
2. Спец. Поласць у некаторых частках цела. Лобная пазуха.
3. Спец. Паглыбленне паміж асновай ліста і сцяблом або паміж галінай і ствалом дрэва. Дзве паловы [дрэва] складалі нібы жалабок, а каля ліставой пазухі былі прычэплены шурпатыя галачкі. Маўр.
•••
Насіць камень за пазухай гл. насіць.
Як у бога за пазухай гл. бог.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дабы́ць 1, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.
Прабыць дзе‑н. да пэўнага тэрміну ці да канца. Не дабыць да канца свайго адпачынку. // Правесці астатак часу дзе‑н. Страшны смутак па тым, што ён [Вялічка] не дабыў тут спакойна свой астатні тыдзень.., прайшоў праз усю яго істоту. Чорны.
дабы́ць 2, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што і чаго.
Разм. Дастаць, раздабыць у выніку пошукаў, намаганняў. — Нам вядома, — сказаў Алёшка, — што спісы ў Опермана, іх трэба, канешне, дабыць. Мікуліч. Як не будзе, то маці Забудзе, як не стане, то бацька дастане. З нар. // Набыць паляваннем, рыбнай лоўляй і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́сунуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Выставіць вонкі, паказаць што‑н. Не выходзячы з сянец, Сцяпан высунуў у прачыненыя дзверы галаву і пачаў узірацца. Пальчэўскі. Я ціхенька выцягнуў і паклаў на калені стрэльбу, якую ўжо быў высунуў у «акенца». Ляўданскі.
2. Перамясціць на адкрытае месца. Казакі высунулі стол на пасяродак хаты і накрылі яго чорным сукном. Гарэцкі. // Выцягнуць, дастаць што‑н. знутры чаго‑н. Высунуць шуфляду са стала.
3. перан. Прапанаваць для абмеркавання; выставіць прапанову. Высунуць план, праект.
•••
Высунуць (выткнуць) нос — выйсці з дому, паказацца дзе‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэцэ́пт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Пісьмовае прадпісанне ўрача ў аптэку аб прыгатаванні лякарства з указаннем спосабу яго прымянення. — Дык доктар выпісаў рэцэпт і сказаў, што такія лекі адно ў Навагранах і можна дастаць. Сабаленка.
2. Спосаб прыгатавання чаго‑н. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п’яным рабіўся. Колас.
3. перан. Разм. Настаўленне, парада, як дзейнічаць, што рабіць у тым ці іншым выпадку. Можна падумаць, з панскай сям’і; такія рэцэпты ёй піша: не падымай цяжкага, еш больш вітамінаў, будзь асцярожнай. Васілевіч. Ні ў адным падручніку не вычытаеш такіх рэцэптаў, якія табе дае практыка. Паслядовіч.
[Ад лац. receptum — прынятае, узятае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)