благаславі́ць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.

1. Перахрысціць каго‑н. са словамі малітвы, з пажаданнем удачы, шчасця. [Янка Андрэю:] — Валяй, браце. Абедзвюма рукамі благаслаўляю цябе ў дарогу. Няхай будзе яна насыпана жоўценькім пясочкам! Колас. Добрай матчынай рукою Благаславі на трудны шлях. Глебка.

2. Ухваліўшы, накіраваць на што‑н. Калі ж, палаючы ў агні, мяне Радзіма Пазвала ў паход у грозны час, — На подзвігі яна благаславіла І матчын аддала мне свой наказ. Русак. // Ухваліць, даць згоду на што‑н. — Давайце, хлопцы, пачынайце, — благаславіў Варанецкі. Дуброўскі. Але выбіраць не прыходзілася, і Панасюк, які вярнуўся ад шаўца з добрымі весткамі, благаславіў гэты сумесны твор у друк. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гар, ‑у, м.

1. Едкі пах ад няпоўнага згарання чаго‑н. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў.

2. Рэшткі ад згарання якога‑н. рэчыва; нагар. На каменне падаў чорны гар. Вядомы Настачцы свет канчаўся і тлеў. Чорны.

3. Выпаленае месца ў лесе; пажарышча. Так і стаяць у мяне перад вачамі тая далёкая Палеская зямля, шырокія лясныя гары з абвугленымі стваламі і адзінокае.. печышча сярод кучы попелу. Хомчанка.

4. Адходы, рэшткі перагарэлага каменнага вугалю, якія скарыстоўваюцца пры будаўніцтве дарог і інш.

•••

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць гл. гарэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́круціцца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. Адкруціўшыся, выпасці, выняцца. Выкруціўся вінт.

2. Пры сцісканні кручэннем выпусціць ваду (пра бялізну). Сарочка добра выкруцілася.

3. Разм. Вывіхнуцца. Выкруцілася рука ў плячы.

4. Спрытна выслізнуць, вызваліцца ад каго‑н., з чаго‑н. [Лора] з усяе моцы рванулася ад .. [Вілюевіча], выкруцілася і пабегла ў клуб. Грамовіч.

5. перан. Выйсці з цяжкага, непрыемнага становішча. Выкруціцца з бяды. □ [Клава:] Сёння вам ад мяне не выкруціцца. Крапіва. Прыцягнутаму да суда містэру Крукеру ўдалося выкруціцца ад пакарання. Лынькоў.

6. Абл. Сысці, з’ехаць, знікнуць. [Старая] ўсё яшчэ не траціла надзеі, што Юзік, нарэшце, куды-небудзь выкруціцца, і тады ўся гаспадарка Піліпку застанецца. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камо́ра, ‑ы, ж.

1. Халоднае памяшканне пры хаце для захоўвання запасаў ежы, адзення і іншых хатніх рэчаў. Сала і мяса гаспадар склаў у кубелец і паставіў у каморы. Сабаленка. — Цягні мне ўсё! — крычаў ён [Юхім] на Альбіну, — Нясі з каморы яйкі і вяндліну! Нясі! — мне трэба частаваць гасцей! З. Астапенка. Маці.. прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч.

2. Бакоўка ў вясковай хаце, дзе звычайна спяць. Дзед.. выносіў мяне праз сенцы ў камору маіх бацькоў і распранаў. Бядуля. Ціха сон у камору ўступае. Багдановіч.

3. Уст. Кантрольны пункт лясніцтва. Наўперад ён праз час каторы Быў пры падлоўчым на каморы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., ад каго-чаго.

1. Быць падпарадкаваным чыёй‑н. уладзе, волі. — Вучыцца трэба, Лявон.. — Каб усё ад мяне аднаго залежала, я не ламаў бы галавы. Чарнышэвіч. — Табе, па-мойму, не варта сварыцца са мною. Бо залежу ўсё-такі не я ад цябе.., — ужо з пагрозаю сказаў Кашын. Карпаў.

2. Быць абумоўленым якімі‑н. абставінамі, прычынамі; з’яўляцца вынікам чаго‑н. [Вялічку] штосьці рупіла, быццам ён стараўся і ўспомніць тое важнае, ад чаго залежаў яго лёс. Чорны. Ад .. разведкі залежала вельмі многае. Кулакоўскі.

3. Быць звязаным падпарадкавальнай сувяззю з галоўным словам ці сказам. Прыметнік залежыць ад назоўніка. Даданы сказ залежыць ад галоўнага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́рыць 1, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць варам, парай драўляную пасудзіну. Запарыць дзежку.

2. Заліць варам сухі корм, каб размякчыць, распарыць. Запарыць мякіну. □ Усціння спярша запарыла сеч[ку] карове, занесла ў хлеў, пасля пачала таўчы бульбу. Чыгрынаў. // Прыгатаваць настой, заліўшы варам. Запарыць ліпавы цвет.

3. Разм. Доўга парачы ў лазні, давесці да знямогі.

4. Разм. Стаміць шпаркай або працяглай яздой, хадой, цяжкай працай. Запарыць каня. □ — Ды і нам пара адпачыць, — адгукнулася Аня, якая дагэтуль пакорліва ішла моўчкі. — Запарыла ты мяне, Шурачка: сарочка — хоць выкручвай. Шамякін.

запа́рыць 2, ‑рыць; безас. зак.

Пачаць парыць (у 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чаго.

1. і аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. дап. Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; спытаць. Міколка рашуча запытаў дзеда: — Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу? Лынькоў. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі. Сходзім, Віктар, — кажа Піня, — да майго бацькі. Запытаем, як ён сябе адчувае, якое ўражанне зрабіла наша свята. Сташэўскі.

2. Звярнуцца з якой‑н. просьбай, папрасіць аб чым‑н. Запытаць парады. Запытаць дазволу. □ Лішні раз у дзяўчыны запытаю дарогі. Свірка.

3. Паслаць афіцыйнае запытанне. Запытаць меркаванне рэдакцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязме́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае бачных межаў, бяскрайні. Тайга — гэта бязмежны зялёны акіян, у якім свае няпісаныя законы, прыкметы, не ведаючы якіх можна і душой загавець. Дубоўка. Беларусь, твае далі бязмежныя Ускалыхнуць сваёй песняй хачу! Танк. // Нічым, ніякімі рамкамі не абмежаваны. Хай славіцца век, чалавек, бязмежная веліч твая! Панчанка.

2. перан. Надзвычайны, моцны, глыбокі (пра пачуцці). Пусціўшы гэтак сумным думам павады, Бязмежны жаль паплыў у душу крыніцай, І я таксама, як яна тады, шаптаў: «Адна на свеце ты ў мяне, сястрыца!» Купала. — Дзяўчынка мая любая... Шчасце маё. [Андрэй] не знаходзіў больш слоў, каб выказаць сваё пачуццё, сваё бязмежнае каханне і шчырасць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́дзіцца, ладжуся, ладзішся, ладзіцца; заг. ладзься; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Ісці на лад, добра атрымлівацца, складна выходзіць. Не ладзіцца справа. □ Вярнуўся [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца... Хадкевіч. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі. Колас.

2. Разм. Наважвацца, рыхтавацца што‑н. рабіць, зрабіць. Пасярэдзіне сянец некалькі пар ужо ладзілася скакаць. Лобан. [Дзед] налівае ў міску капусты і ладзіцца карміць мяне вялізнай драўлянай лыжкай, якая не лезе мне ў рот... Сачанка.

3. Зал. да ладзіць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́пшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. добры; проціл. горшы. Паняслася песня волі Між лясоў густых, балот... І аб лепшай вольнай долі Стаў ля рэчкі пець чарот. Чарот. [Бацька:] — Ведаеш, сынку, нам трэба было б набыць лепшага каня. Бядуля.

2. Найвыш. ст. да прым. добры; самы добры. [Шугаеў:] Гэты адказны дакумент павінны падпісаць лепшыя людзі нашага калектыву. Крапіва. Таварышы з акругі, хочучы пазнаёміць грамадства з лепшым участкам беларускай граніцы і лепшым камандзірам ўчастка, — накіравалі мяне іменна сюды. Брыль. // у знач. наз. ле́пшае, ‑ага, н. Збіраліся, прыходзілі і садзіліся за сталы калгаснікі, адзетыя ў лепшае. Васілевіч.

•••

У лепшым выпадку гл. выпадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)