пераляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжыш, ‑лежыце і перале́жаць, ‑лежу, ‑лежыш, ‑лежыць; зак.

1. Праляжаць вельмі доўга, даўжэй, чым трэба. Пераляжаць на сонцы. // Сапсавацца ад доўгага ляжання. Агуркі пераляжалі. □ Лён, які тут добра радзіў, таксама не кожны раз даводзіўся да ладу — то перастаіць у загоне, то пералежыць на сцелішчы. Машара.

2. што і без дап. Лежачы, перачакаць што‑н. Пераляжаць бамбёжку. □ [Кандрат:] — Мне лепш пераляжаць дзень у разоры, а там з вечара нешта трэба будзе прыдумаць. Лобан. [Шура] ужо намерыўся шуснуць у вулачку, на агароды, каб пераляжаць дзень дзе-небудзь у кіяшніку. Навуменка. Не знаю, Як доўгую ноч пералежаць: Так цягне прайсціся па золкай расе! Свірка.

3. каго. Разм. Праляжаць даўжэй за каго‑н. Пераляжаць усіх на пляжы.

4. што. Адлежаць да здранцвення. Пераляжаць руку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрабі́ць 1, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць што‑н. фальшывае. Падрабіць дакументы. Падрабіць почырк. □ [Сяргей:] Ёсць у вёсцы такія ўмельцы, у кузні так [кляймо] падробяць, што не адрозніш ад сапраўднага, графскага. Машара. // Зрабіць падобным да чаго‑н. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. І чалавеку дасюль не ўдалося ні толкам перадаць, ні падрабіць яго. Лужанін. — А ну, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. Бядуля.

2. Разм. Вяжучы, дабавіць яшчэ трохі; падвязаць. Падрабіць панчоху.

3. Зарабіць дадаткова, падзарабіць. Не прывыкаць [Сцяпану] рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а, дзе трэба, то і граматай падрабіць зможа. Мележ. Антон скоса зірнуў на пачак. Модныя, аднак, заўсёды папяросы курыць [Шпілеўскі]. Мабыць, недзе падрабіў ужо. Савіцкі.

падрабі́ць 2, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што і чаго.

Раздрабіць усё, многае; надрабіць у нейкай колькасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Злёгку штурхнуць (ззаду або знізу). Маладзейшы падштурхнуў воз плячом, і конь лёгка пайшоў. Чорны. — Чаго адстаеш, гані! — крыкнуў Пеця і палкай падштурхнуў Славу ў спіну. Хомчанка.

2. Злёгку штурхнуўшы, зрушыць у якім‑н. кірунку. — Але ж хадзем у тую хату. Тут і без нас ужо ведаюць, што рабіць. — [Бацька] далікатна падштурхнуў госця да дзвярэй-філёнак і прапусціў у другі пакой — вялікі, поўны святла і з густам прыбраны. Чыгрынаў. // перан. Схіліць да чаго‑н., прыспешыць з чым‑н. — Я мелася.. ехаць працаваць у сельскую мясцовасць. А гэтае сумнае здарэнне толькі падштурхнула мяне здзейсніць сваё летуценне хутчэй. Дубоўка. // перан. Разм. Паскорыць (справы, падзеі і пад.). Вера Ігнатаўна часта прыязджала ў Серадзібор, каб падштурхнуць справы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакале́нне, ‑я, н.

1. Сваякі адной ступені роднасці ў адносінах да агульнага продка. У Аляксееўцы так ужо вялося спакон веку: дадуць каму мянушку — лічы на ўсё жыццё, а то і на другое ці трэцяе пакаленне пяройдзе. Пальчэўскі. [Дзед:] — У нашым родзе сем пакаленняў займалася дрэсіроўкай птушак, паляваннем. Беразняк. // Патомства. — А ведаеш, дзядзька, у тваіх сыноў народзіцца слаўнае пакаленне. Не падобнае на нас. Чорны.

2. Людзі блізкага ўзросту, якія жывуць у адзін час. Маладое пакаленне. □ Калі ж стане маё пакаленне сівым, — мы тады маладым гэты сцяг аддадзім. А. Вольскі. К мэце, што вызначыў Ленін, Вашыя сцежкі ляглі, Веку майго пакаленне, Камуністычнае племя, — Моцная соль зямлі! Звонак. // Сукупнасць людзей з аднолькавымі інтарэсамі, поглядамі. Пакаленне рэвалюцыянераў. □ Ён, Камлюк, не належаў да пакалення старых бальшавікоў. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́тык, ‑а, м.

1. Палітычны дзеяч. Дальнабачны палітык. □ [Шафёр] кіўнуў галавой у бок парламента і кінуў кароткае слова: — Па-а-літыка!.. І тут жа, нібы схамянуўшыся і як бы апраўдваючыся, ён пачаў ужо зусім другім тонам: — Я не палітык... Мы людзі маленькія, у нас свае справы... Лынькоў. // Разм. Той, хто цікавіцца пытаннямі палітыкі, хто любіць пагаварыць, паразважаць аб палітыцы. Іван Васілёк — Танін бацька — палітык. Ён хоць і аднаасобнік, а выпісвае і чытае «Звязду». Васілевіч. Тут былі прадстаўлены ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя, або, як называлі іх у турме, палітыкі. Колас.

2. Разм. Чалавек, які выяўляе такт і ўменне ў адносінах з іншымі людзьмі. Цімох Бабура быў хітры чалавек і тонкі палітык.. Да Высокім Доле ён пусціў моцныя карэнні. Колас.

3. Уст. Палітычны зняволены.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нара́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Вуснае або пісьмовае распараджэнне на выкананне якой‑н. работы. Атрымаць нарад. Даць нарад. □ — Нарады брыгадзіры атрымалі ўчора вечарам. Шахавец. Яшчэ ўчора брыгадзір даў нарад акучваць бульбу на загуменні. Пташнікаў. // Дакумент з распараджэннем аб выкананні якой‑н. работы, а таксама на выдачу або атрыманне чаго‑н. Нарад на лес. □ [Міхал:] — Грошай трэба многа і на ўгнаенні, і на сеялку нарад ужо ёсць... Васілевіч.

2. Спец. Якая‑н. работа або заданне (пераважна для ваеннаслужачых). Быць у нарадзе. Нечарговы нарад. □ Аднойчы .. [Павел і Саша] трапілі ў нарад на кухню. Васілёнак.

3. Спец. Група ваеннаслужачых, якія выконваюць такое заданне. Нарад пагранічнікаў. // Наогул група людзей, што выконваюць якую‑н. работу або якія‑н. абавязкі. Чарговы нарад грузчыкаў займаўся ў гэты час упарадкаваннем складаў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Памянш. да муха.

2. перан. Наклееная або намаляваная чорная крапінка на твары ў выглядзе радзімкі.

3. Упрыгожванне ў выглядзе круглага вузялка, кропкі на празрыстай тканіне. Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм. Караткевіч.

•••

Шпанская мушка — тое, што і шпанская муха (гл. муха).

му́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Частка прыцэльнага прыстасавання ў ручной агнястрэльнай зброі, размешчаная на пярэдняй частцы ствала. Чыстай марлечкай [салдат] старанна выцер шкло прыцэла, мушку. Шамякін. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. [Партызан] ужо даўно сачыў за .. эсэсаўцам, і пры кожным яго руху пераносіў мушку то ўлева, то ўправа. Шчарбатаў.

•••

Браць (узяць) на мушку гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак.

Разм.

1. што і чаго. Дадаць, дабавіць да таго, што ўжо было раней. Наддаць пары. □ Хацеў бы [Грышка] заглянуць на яе чорныя вочы, на загарэлы ад вясенняга сонца твар — можа, гэта наддало б яму адвагі зрабіць налёт на гміну і выратаваць сялян-бунтароў. Чарот.

2. чаго і без дап. Павялічыць хуткасць. Калі.. [Шашура] ужо быў блізка да берага, згары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб’е так!» — мільганула ў галаве. Ён паддаў ходу. Мележ. Узлаваны Мікола ішоў хутчэй звычайнага. Ён і не заўважыў, як паддаў кроку. Новікаў.

3. Ударыць, штурхануць. Адзін пажылы, прысадзісты, з нахмураным чорным тварам [салдат] спыніўся ля веснічак Крамера: замкнутыя з двара на засаўку, яны не адчыняліся, ён паддаў плячом, і засаўка ўпала на дол. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. З сілай удараць, біць па чым‑н. або ў што‑н. Перыць нагою ў дзверы. □ — Аддай молат Сцяпану. Ён ужо налаўчыўся, а то перыш у адно месца, як таўкачом у ступу. Чарнышэвіч. Ні з таго ні з сяго [конік] пачаў перыць пярэднім капытом па вадзе, толькі пырскі ляцелі на жывот, даставалі да маіх ног. Дамашэвіч. // каго. Вельмі моцна біць, лупцаваць каго‑н. Сваімі адносінамі бацька як бы даў патачку Анісі, і яна часта без дай прычыны перыла пасынка. Сабаленка. — А помніш, як цябе крывашыі Лявон палкаю перыў за яблыкі? — не вытрымаў Піліпка. Навуменка.

2. што. Абл. Выбіваць што‑н. пранікам. Потым на зэдліках перылі палатно — нізка над рэчкаю плыў ляскат. Стаялі жанчыны па калені ў вадзе, падаткнуўшы за пояс краі падолаў. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

платфо́рма, ‑ы, ж.

1. Роўная бетонная, каменная і пад. пляцоўка ўздоўж чыгуначнага палатна на станцыі; перон. Тым часам падыходзіў таварны поезд. Сухавараў і настаўнік выйшлі на платформу. Колас. Кузьма і Марына перайшлі на першую платформу і спыніліся ля кіёска. Корбан. // Узвышаная пляцоўка наогул.

2. Невялікая чыгуначная станцыя; паўстанак.

3. Таварны вагон з невысокімі бартамі без даху. Падышоў і гружаны цягнік: жалезныя платформы з гарматамі, танкамі, некалькі закрытых вагонаў, з дзесятак цыстэрнаў. Лынькоў. Дзе ў вагоне, дзе на платформе, дзе на машыне, дзе пехатою, але Вера цяпер ужо цвёрда вырашыла дабірацца да Варонежа. Кулакоўскі.

4. Вялікая вобласць зямной кары, якой ўласціва малая інтэнсіўнасць тэктанічных рухаў і магматычных праяўленняў.

5. перан. Праграма дзеянняў, сістэма поглядаў, палітычных патрабаванняў якой‑н. партыі, групы. Палітычная платформа.

[Фр. plate-forme.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)