смех, ‑у, м.

1. Характэрныя перарывістыя гукі, што ствараюцца кароткімі выдыхальнымі рухамі, як праяўленне весялосці, радасці і пад. Залівацца смехам. □ А дзеці, крыху асвойтаўшыся, пачыналі гусці смялей і весялей. Часамі чулася іх бега[тня] па лаўках, смех і крыкі. Колас. На верандзе казармы на поўныя грудзі спявае прыёмнік.. Да цямна раздаецца здаровы вясёлы смех. Брыль. // Весялосць, жарты або кпіны. І смех там быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. Ведаюць здаўна на свеце пра тое — смех памагае знішчаць нам ліхое. Дубоўка. / мн. (смехі, ‑аў). Дзяўчат спаткаю — смехі-жарты Пасыплюцца, нібы з мяшка: «Дзень — добры, але ты што варты?!» — «А можа ўзяць за прымака?!» Лойка. // у знач. прысл. сме́хам. Разм. Жартуючы, несур’ёзна. Сказала [Юлька] смехам: «Глянцую драты на лічыльніку, каб блішчалі...» Марціновіч.

2. у знач. вык. Разм. Пра тое, што можа рассмяшыць; смешна. Давялося мне там [на «Трэку»] бачыць, У мяшках як людзі скачуць: Два хлапцы залезлі ў мех Ды валтузяцца — аж смех, Так, як тыя парасяты. Крапіва. Смех з панскіх ботаў: адзін згарэў, другі сабака з’еў. З нар.

•••

Гамерычны смех (рогат) — нястрымны, грамавы смех.

Адзін смех — тое, што і смех (у 2 знач.).

Без смеху — сур’ёзна, без жартаў.

Выставіць на смех гл. выставіць.

Дзеля смеху — з мэтай пажартаваць, пасмяяцца.

(І) смех і гора; (і) смех і грэх — пра тое, што адначасова і смешна і сумна.

Качацца са смеху гл. качацца.

Кіснуць ад смеху гл. ціснуць.

Класціся ад (са) смеху гл. класціся.

Курам на смех гл. курыца.

Лопнуць са смеху гл. лопнуць.

Не да смеху каму — няма прычыны, жадання весяліцца, смяяцца.

Не на смех — усур’ёз; як след. [Харытон:] — Але ж калі рабіць — трэба не на смех рабіць. Баранавых.

Падняць на смех каго гл. падняць.

Пакаціцца (паехаць) ад (са) смеху гл. пакаціцца.

Паміраць (лопацца) са смеху гл. паміраць.

Смех бярэ — хочацца смяяцца.

Смех ды і годзе; смех сказаць — тое, што і смех (у 2 знач.).

Смеху варта — смешна.

(Як) на смех — як для насмешкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаць, сплю, спіш, спіць; незак.

1. Быць, знаходзіцца ў стане сну. Калі павячэралі, Маша паслала ложак і лягла спаць. Мележ. Каб паказаць, што ён сапраўды хоча спаць, стары хітрун скоранька, але вельмі старанна пазяхнуў. Зарэцкі. // перан. Заціхнуць, быць бязлюдным. Вёска спіць — нідзе ні агеньчыка. Асіпенка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. Саша накідвае халацік, ідзе ў дзіцячую. Бальніца спіць. Шамякін. // перан. Быць у стане спакою, нерухомасці. Спяць векавечныя хвоі, Цёмнае возера спіць. Васілёк. Нікнуць сонныя чароты, За гарою ветры спяць. Броўка. // перан. Спачываць, быць пахаваным дзе‑н. (пра памёршых). Ёсць на палетках курганы, Там спяць адважныя сыны, Што згінулі ў паходзе. Лужанін. Тут спіць Валянціна... Савецкі салдат... Звычайная наша дзяўчына. Гілевіч.

2. перан. Быць пасіўным; бяздзейнічаць. [Буйскі:] — Так, трэба быць вельмі асцярожнымі, таварышы. Іх [немцаў] разведка таксама не спіць. Шамякін. [Шура:] — Уцягвайце больш людзей у работу, штурхайце Мядзведзічы пад бакі, каб яны не спалі. Крапіва. // Знаходзіцца ў бяздзеянні (пра прадметы). Снуюць патруль. Не спяць у бункерах кулямёты. Брыль. Не спіць толькі галасісты баян. Васілевіч. // Не выяўляць сябе (пра пачуцці, здольнасці і пад.). Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога імгла. Караткевіч. Але не спіць людская памяць І не дазволіць ашукаць Дзяцей, што нас з вайны чакаюць, Хоць і не могуць прычакаць. Вітка.

3. Разм. Быць у палавой сувязі з кім‑н.

•••

Класціся спаць з курамі гл. класціся.

Лаўры чые не даюць спаць гл. лаўр.

Спаць адным вокам — спаць насцярожана, трывожна.

Спаць без задніх ног — вельмі моцна спаць.

Спаць вечным сном — пра памёршага.

Спаць і курэй бачыць (пасвіць) — пра вельмі пільнага, хітрага, скрытнага чалавека.

Спаць мёртвым сном — спаць вельмі моцна, не прачынаючыся.

Спаць у шапку — бяздзейнічаць, не праяўляць руплівасці, быць абыякавым да чаго‑н. тады, калі трэба неадкладна дзейнічаць.

Спаць як заяц — спаць вельмі чутка.

Спаць як пшаніцу прадаўшы — спаць моцным сном.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгожа і прапарцыянальна складзены, статны. На парозе з явілася стройная жанчына год трыццаці і, як даўнім знаёмым, усміхнулася нам. Няхай. Стройны стан, загарэлыя голыя рукі і ўзбітыя сонцам жоўтыя валасы акрэслена вызначаліся ў вялікай раме расчыненых варот. Дуброўскі. А прыгожыя ж, наўздзіў!.. Стан той стройны ды крамяны, Твар прыветны ды румяны. Крапіва. // Які мае прыгожую і прапарцыянальна складзеную фігуру. [Сяргееў:] — А-а, дык вы б [Марыля] так і сказалі, бландзін, стройны. Федасеенка. Сцяпанаў быў у новеенькай гімнасцёрцы,.. у зухавата ссунутай набакір фуражцы. Падцягнуты, акуратны, стройны. Алешка. / Пра жывёлін. [Лось], лёгкі і стройны, горды і прыгожы. Кірэйчык. / Пра будынкі, збудаванні, калоны і пад. Бялеюць стройныя муры, Іскрыцца чарапіца. Астрэйка. З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк. Ваданосаў. / Пра дрэвы, лес. Плячысты дуб, І рослы клён, І стройная сасна Шумяць — пяюць, Што зноў прыйшла Да нас Вясна-красна. Кірэенка. Стройныя дрэўцы роўнай алейкай збягалі кудысьці ўніз, відаць, да ракі. Шыловіч. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройныя баравым, то нізкім балотным. Колас.

2. Роўна, правільна размешчаны. Я заспяшаўся насустрач і неўзабаве ўбачыў стройную калону піянераў з чырвоным сцягам дружыны ўперадзе. Шыловіч. Усе, хто быў на калгасным двары, высыпалі на вуліцу і праводзілі стройную школьную калону ўсхваляванымі позіркамі. Кулакоўскі.

3. Правільна і лагічна пабудаваны; паслядоўны. Стройная тэорыя. Стройная канцэпцыя. □ Стройныя і цэльных тэарэтычных поглядаў, якія б служылі базісам для яго рэфарматарскай праграмы і асвятлялі прыватныя пытанні рэформы, у Гобсана няма. Ленін. // Які вылучаецца, вызначаецца зладжанасцю, дакладнасцю. Усе ўтрох сцішана глядзелі па стройны працэс [будаўнічых] работ. Шынклер. То мне здавалася, што гэта самае лепшае з усяго, што мною напісана: яно самае строгае, самае стройнае і душэўнае; кожнае слова ў ім не толькі стаіць на месцы, а стаіць важка, значна, нясе на сабе найбольшую пагрузку; тут поўна чалавечых хваляванняў, самых трапяткія адзнак нашага часу. Скрыган. // Зладжаны, гарманічны (пра музыку, спевы). Стройныя гукі аргана. Даносіўся стройны спеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапі́ць 1, таплю, топіш, топіць; незак.

1. каго-што. Сілай апускаючы ў ваду, прымушаць ісці на дно; затапляць. Тапіць сеткі. // Губіць, сілай пагружаючы ў ваду. У сям’і павага ў нас мужчынам: Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне, Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. Вятры,.. замятайце варожых салдат, Ім вочы сляпіце, ім кроў ледзяніце, Гасіце агонь іх праклятых гармат, Эскадры Макартура ў моры тапіце!.. Танк.

2. Пагружаць у сябе што‑н. Раз’езджаная дарога тапіла калёсы. Гартны. // перан. Ахутваць, пакрываць што‑н. З поўначы вецер, палярны і быстры, Топіць у сцюдзёнай імгле Пецярбург... Танк.

3. перан.; каго. Разм. Губіць, выдаючы, абгаворваючы і пад. каго‑н. — А ты будзеш на паноў старацца ды людзей тапіць? — не сцярпела Аўгіня. Колас. [Вера:] Я павінна стаяць убаку і спакойна глядзець, як чэснага савецкага чалавека гоняць нягоднікі. Не, выбачайце! Крапіва. Тут на полі людзі расказалі Кірылу пра Віткоўскага, як ён немцам лізаў боты і, каб выслужыцца, тапіў сваіх людзей. Гурскі.

4. перан.; што. Заглушаць пры дапамозе чаго‑н. (пачуцці, думкі). Бацька папер падсвінкаў на падворак, сагнаў на іх злосць і пачаў тапіць сваю крыўду ў працы. Карпюк.

•••

Тапіць у крыві — жорстка распраўляцца з кім‑, чым‑н.

Тапіць у лыжцы вады — ставіць каго‑н. у безвыходнае становішча.

тапі́ць 2, таплю, топіш, топіць; незак., што.

Награваючы, рабіць мяккім, вадкім; расплаўляць (пра рэчывы, якія лёгка плакацца). Тапіць воск. Тапіць волава. // Вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.). Тапіць здор.

тапі́ць 2, таплю, топіш, топіць; незак., што.

1. Выкарыстоўваць якое‑н. паліва, каб прывесці паравоз у рух. І паравозы тут топяць не вуголлем, а др[о]вамі. Сабаленка.

2. Разм. Тое, што і паліць ​1 (у 2 знач.). — Тапі печ, — загадаў Птах гаспадыні. — Грэй ваду... Навуменка. [Ульяна] тапіла грубку, глядзела, як развальваецца торф на гарачы прысак. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увабра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце; пр. увабраў, ‑брала; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Паступова паглынуць (ваду, паветра і пад.); уцягнуць унутр; усмактаць. «Тут скрозь балоты, — пісаў нам Сяргей .. — Прыпяць не наспявае ўвабраць усю ваду». Хомчанка. [Алесь] уздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал. Броўка. [Камета] ўвабрала вельмі мала святла з навакольнае прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Шыцік. // Падабраць, заправіць унутр чаго‑н. [Васіль] зашпіліў верхні гузік касавароткі і нават увабраў пад кепку непакорны віхорчык валасоў. Кулакоўскі. Доўгую белую кашулю [мужчына] увабраў у штаны і па штанах туга падперазаўся саматканым паяском. Галавач. // Уцягнуць, утуліць (шыю, галаву і пад.). Стаіць Рыгор Варанец у варотах .. Галаву ў каўнер увабраў. Крапіва. Волак увабраў шыю, адразу паменшаў і баязліва паглядзеў у вочы Блажэвічу. Няхай. Люся ўвабрала ў плечы галаву, сціснулася. Шашкоў. // Умясціць куды‑н. У клецях — тканіны ядвабныя, Футры, сувоіны кужалю... Усё, што пакоі прывабныя Сквапна ўвабраць не падужалі. Дзяргай. // перан. Успрыняць, засвоіць. Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,.. На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я Тваіх кастроў і боек дым гаркавы. Гілевіч. Лабановіч увабраў у сябе погляды, думкі, настроі працоўнай сялянскай масы, з якой ён выйшаў. Казека. Музыка-сын спяваў на дзіва. У сваю душу ён увабраў І лісця подых палахлівы, І ціхі шэпт пушчанскіх траў. Кляўко.

2. Разм. З’есці ўсё без разбору, без астатку. [Зайцаў:] — Варэнікаў .. украінскіх з вішнямі я зараз бы цэлае вядро ўвабраў... Даніленка.

3. (са словамі «у сябе»). Уключыць у свой склад, аб’яднаць. Лясная брыгада ўвабрала ў сябе ўсіх людзей. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку. Ермаловіч.

4. што і за што. Разм. Моцна ўхапіць, схапіць што‑н. Увабраць кол. Увабраць за чуб.

5. Разм. Схапіць, захапіць. [Шабанок:] Дык от мы, утраіх, згаварыліся ўвабраць аднаго фашыста. Кучар. [Салдат:] — Нам, разведчыкам, і то рэдка ўвабраць удаецца такога важнецкага языка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіцца вострым канцом у што‑н., пранікнуць у глыб чаго‑н. Кап’ё ўткнулася ў зямлю. □ Човен уткнуўся носам у пясчаны бераг якраз супраць глыбокага рова. Шамякін.

2. Зарыцца галавой, тварам у што‑н. Жэнька паднялася з зямлі і ўткнулася галавою ў пасцель. Крапіва. // Есці, усунуўшы галаву ў якую‑н. пасудзіну (пра жывёлу). [Мурзік],.. ціха заскуголіўшы, падбег да бляшанкі, уткнуўся ў яе мордачкай і стаў хлябтаць. Капыловіч.

3. перан. Доўга глядзець куды‑н. (у акно і пад.). [Сёмка:] — Толькі хутка пачаў я прыкмячаць, што Аленка мая сумуе. Уткнецца ў акно, быццам на вуліцу пазірае, а сама перад сабою нічога не бачыць. Кандрусевіч. // Не ўзнімаючы вачэй, паглыбіцца ў якую‑н. справу. Уткнуцца ў кнігу.

4. Уперціся ў што‑н. Мікола як уткнуўся тварам у сцяну, так і не павярнуўся. Б. Стральцоў. — Прыехалі! Прыехалі! — усхапілася Ліза і ўткнулася носам у халодную шыбіну. С. Александровіч. — Не пікні! — Дула пісталета ўткнулася.. [Рабушку] ў грудзі. Новікаў. / у перан. ужыв. Сіратліва ўткнуліся ў неба заводскія трубы, вецер не расцягваў ад іх доўгіх хвастоў дыму. Пятніцкі. // Сутыкнуцца з якой‑н. перашкодай. Калі [хлопцы] прайшлі кіламетры са два, то.. зноў ўткнуліся ў балота! Маўр. Цяжка шаргануўшы па пясчанаму дну, уткнуўся ў бераг паром. Аляхновіч.

5. Разм. Улезці, уціснуцца куды‑н. Андрэй згледзеў, што ў кузаве пабіта людзей, не ўткнуцца. Пташнікаў. // перан. Умяшацца, прыняць удзел у чым‑н. — Як? — здзівіўся маёр. — Хто яму дазволіў?.. Усюды.. [Чыжык] уткнецца першым! Няхай. — Нічога я не пісала!.. — буркае Ганька. — Як гэта не пісала. Раскажы няхай.. [Міша] паслухае. Ён-то ўжо табе скажа! — усюды гэта баба Іваніха ўткнецца. Васілевіч.

•••

Уткнуцца носам у што або куды — не адрываючыся, з захапленнем чытаць, пісаць і пад.

Уткнуцца са сваім языком — сказаць што‑н., калі не просяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухапі́ць, ухаплю, ухопіш, ухопіць; зак. каго-што.

1. Схапіць, рэзкім рухам узяць каго‑, што‑н. Як з-пад зямлі вырас побач жандар. Ён ухапіў мяне за каўнер і павёў на вакзал у нейкую каморку. Сяргейчык. Чалавек ўхапіў кантэйнер за перавясла, гукнуў: «Віра», і горка цэглы паслухмяна лягла ля яго ног. Асіпенка.

2. Разм. Злавіць каго‑, што‑н. на хаду, на ляту. Драпежнік люта ашчэрыўся, хацеў ухапіць зубамі вясло, але не паспеў. Краўчанка. — Вы з таго палка? — рынулася да.. [байца] Святлана, але Зіна ўхапіла яе за плечы і прытуліла да сябе. Кулакоўскі.

3. Разм. Здабыць што‑н.; пазычыць. [Дзед:] — Вось гэта ўдача! Вось гэта юшка, зялёнкі вы такія-гэтакія. Кіло, мусіць, тры [рыбы] ўхапілі. Нездарма, значыць, гарох парыў... Ваданосаў. Юзік ведае, што на пай грошы ў бацькі цяжка будзе выдраць. У пазыкі ісці прыйдзецца, ды не вельмі ў каго ўхопіш. Крапіва. // Захапіць у сваё карыстанне, забраць што‑н. чужое; украсці. Якавіха высыпала на стол чыгун.. бульбы ў мундзірах.. Тут не было таго, каб хто каго падганяў або чакаў. Усё, што ўхопіш, тваё, а не патрапіш ухапіць — галодны будзеш. Лобан. Мы папілі соку, выйшлі з магазіна, але пакунка на месцы не аказалася. Міхаська смяецца: — Нехта ухапіў. Думае, у пакунку добрыя рэчы. Прокша.

4. перан. Сумець успрыняць, зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. [Паўлюконіс:] — Бачыце, усіх слоў не запомніў, .. але галоўнае, квінтэсенцыю, так сказаць, ухапіў. Арабей. Людзі прыслухоўваліся і, відаць, што-нішто ўхапілі з нашай размовы. Асіпенка.

5. і чаго. Разм. З’есці, папіць крыху чаго‑н. Нахадзіліся ўжо цяляткі, нагуляліся... Пойдуць вады ўхопяць, кошанку з’ядуць, паляжаць. Місько.

6. Разм. Паспець зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. [Лукаш:] — Я асабіста лічу, што з жывёлагадоўчай фермай трэба пачакаць... Усё адразу не ўхопіш... Гурскі. — Як толькі сонца прыгрэе, адразу б усіх, нават старых і малых, можна было б выправіць на сенажаць і [сена] ўхапіць: згрэбці, скідаць у стагі і няхай стаіць. Сабаленка.

•••

Куды яго чэрці ўхапілі гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Валачыся па зямлі. Канец ланцуга цягаўся па зямлі.

2. Хадзіць дзе‑н., куды‑н. доўга, без мэты, без пільнай патрэбы. Уладзя пабыў у .. [цёткі] два дні, а пасля пайшоў цягацца па Слуцку цэлымі суткамі. Чорны. [Колас:] — Хлопцы мы былі смелыя. Цягаліся па лесе, заходзілі далёка ад сядзібы. Лужанін. // Хадзіць следам за кім‑н. Увабраўшы ў плечы галаву, .. [гаспадар] цягаецца з кульбай за намі і, здаецца, не толькі на зямлі, але і пад зямлёю ўсё бачыць. Бажко. Ходзіць па дварэ Марыля, бядуе-гаруе, дзеткі за ёй цягаюцца, плачуць... Нікановіч.

3. Шмат разоў хадзіць, ездзіць куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. [Жагула:] — Што вы гэта кажаце, пане Свідэрскі! Як малы ўсё роўна! Буду я з мужыком па судах цягацца, сябе сарамаціць! Крапіва.

4. з чым. Насіць, вазіць з сабой што‑н., пастаянна мець пры сабе. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, [дзед Астап і Міколка] рашылі аднесці іх .. да маці. Лынькоў.

5. з кім, за кім. Заляцацца да каго‑н., быць у інтымных адносінах з кім‑н. [Зіна:] Успомні, што ты дазваляла сабе і яму, калі ён цягаўся за табой! [Гэля:] А што асаблівага дазваляла? Губарэвіч. [Коля:] — А яна [дзяўчына] сабе ўхмыляецца, цягаецца з кожным. Мыслівец.

6. Спаборнічаць; мерацца сіламі з кім‑н. [Балуеў:] — Дзе ўжо гэтаму пустазвону Калатухіну цягацца з Мясніковым. Гурскі.

7. Рабіць, працаваць. А пападалася там скварка, Была між імі чуць не сварка: — Бяры, Антось! — Я намакаўся, Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся. Колас. Ад світання да змяркання Льецца пот: працуй, цягайся, За ўсё бульбай аддувайся. Васілёк.

8. Даглядаць каго‑н., няньчыць; пасвіць. Ёй [Дуні] ужо як жонцы шафёра неяк сорамна было цягацца з цялятамі. Ракітны.

9. Біцца з кім‑н., цягнучы за што‑н. Ці не ўчора з табой [аднакашнік] цягаліся За чубы ля кастроў лугавых? Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́ліна, ‑ы, ж.

Вузкая, прадаўгаватай формы дзірка, адтуліна. Прыгравала веснавое сонца, нават у шчылінах асфальту зелянела трава. Гурскі. Нарэшце манетка скочыла ў шчыліну, у шклянку з хрыпам палілася газіроўка. Жычка. Тацяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Васілёнак. Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін. Колас. // Тое, што падобна, нагадвае такую адтуліну. Доўга глядзеў.. [Сымонка] ў вузкую шчыліну зямлянкі і ніяк не мог зразумець, што там прафесар робіць. Кавалёў. Яна [Тацяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзшай шыбе шчыліну. Шамякін. // Кароткі вузкі і глыбокі роў, прызначаны для ўкрыцця людзей у час бамбёжкі, артылерыйскага абстрэлу, атакі танкаў. Калі пасля спектакля мы выйшлі з тэатра на вуліцу, нас здзівіла такая хуткая змена ў горадзе: у скверах ужо былі выкананы супрацьпаветраныя шчыліны. Сяргейчык. Вара ж зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Разм. Месца, дзе можна непрыкметна пралезці куды‑н. Ваўчыныя вочы замежных пралаз Не знойдуць ні шчылін, ні пор, ні адтулін У нашыя справы, у сэрцы да нас. Панчанка. [Шарупіч:] — Што ты хочаш? Каб я хабар даваў? Або шчылін шукаў? Карпаў. // перан. Разм. Зацішнае, надзейнае месца, якое з’яўляецца сховішчам для каго‑н. [Гарлахвацкі:] Яго [двурушніка] мізэрная душа апынулася ў пятках. Ён шукае сабе шчыліны, каб схавацца. Крапіва. Вылезлі з сваёй шчыліны стары Сабяга з сынам. Шахавец. Прачнуўшыся на другі дзень і апамятаўшыся, .. [Хвядос] так напалохаўся свайго ўчынку, што забіўся недзе ў шчыліну, праседзеў, як мыш, усе гэтыя трывожныя дні. Машара. // Спец. Вузкая адтуліна правільнай формы пэўнага прызначэння ў машыне, механізме і пад. Праз шчыліну байніцы.. [Мучаідзе] бачыў вузкую дарогу. Самуйлёнак. [Мірановіч] бачыў, як байцы цэліліся, стараючыся трапіць у глядзельную шчыліну ці ў гусеніцы. Марціновіч. // У анатоміі — вузкая поласць у арганізме.

•••

Галасавая шчыліна — праход паміж галасавымі звязкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчыпа́ць, шчыплю, шчыплеш, шчыпле; незак., каго-што.

1. Моцна, з сілай зашчамляць скуру цела пальцамі і пад. Злосны гусак заўсёды шыпеў на .. [хлопчыка] і шчыпаў да сінякоў за лыткі. Лужанін. Начальнік разведкі злёгку шчыпаў .. [Надзю] за шчокі, прыкладаў да лба калючы халодны снег. Бураўкін.

2. Выклікаць адчуванне рэзкага калючага болю, свербу, пякоты і пад. Усё гатова: ранцы, лыжы — Дарэмна шчыплеш ты, мароз! Нядзведскі. Труба ад печы выходзіла ў столь, і бярвенне вакол трубы пацямнела і ад дыму, і ад гарачыні. Дым шчыпаў вочы. Арабей. Каля вуглоў завывае вецер і гоніць крупінкі сухога снегу, які балюча шчыпле твар. Мыслівец. / у безас. ужыв. [Наста] пастаяла ля ганка, пачакала, захінуўшыся каўняром ад ветру і схаваўшы ў рукавы кажуха голыя, без рукавіц, рукі: шчыпала за пальцы. Пташнікаў. // перан. Прыносіць душэўны боль; абражаць. — А дзе ж гэта Кіеш? — запыталася [Люба] наўмысля, каб накіраваць на другое думкі Агапіны, бо слёзы яе і гаротнасць балюча шчыпалі за сэрца. Мурашка. Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Крыўда шчыпала сэрца. Мыслівец.

3. Церабіць, пацягваць, тузаць. Мы непрыкметна падрасталі, А іншы ўжо шчыпаў вусы, І лічыў іх гарой красы. Багдановіч.

4. Адрываць, вырываць што‑н. [Янак] адвярнуўся і пачаў шчыпаць вішні, якія, здавалася, самі прасіліся ў рот. Бажко. // Есці, з’ядаць што‑н., адрываючы пры дапамозе зубоў, губ, дзюбы і пад. А конь шчыпаў траву каля Івана. Колас. Бабка кажа: — Зайцы — вунь! Паганяйце — Шчыплюць рунь! Дзеружынскі. На зялёным лужку козы мірна шчыплюць траву. Няхай. // Вырываць пух, пер’е ў птушкі. Шчыпаць курыцу. // перан. Наносіць урон, страту; знішчаць каго‑, што‑н. [Дзед Бадыль:] Галавой яны належаць! Нашы хлопцы і самі іх [паноў] шчыплюць патроху. Крапіва.

5. Рвучы, раздзяляць што‑н. на часткі. Зося нахіляецца, зрывае рамонак, паволі шчыпле бялюткія пялёсткі. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)