жы́лісты, ‑ая, ‑ае.

1. З выпнутымі жыламі, венамі. Выцяг[нуў]шы з каўняра абавераную жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд. Быкаў. [Сцепаніда] села на крэсле, злажыўшы свае смуглыя жылістыя рукі на грудзях. Ермаловіч. // З вялікай колькасцю сухажылля (пра мяса).

2. Сухарлявы, мускулісты (пра чалавека, часткі яго цела). Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік.. гахаў молатам. Даніленка.

3. Разм. Моцны, дужы, вынослівы. — Трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, урадлівасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запазні́цца, ‑пазнюся, ‑познішся, ‑позніцца; зак.

1. З’явіцца, прыбыць пазней, чым трэба; спазніцца. Поезд запазніўся. Пісьмо запазнілася. // Наступіць, пачацца са спазненнем. Вясна запазнілася.

2. Затрымаўшыся, прабыць дзе‑н. да позняй пары. Канец, мусіць, быў бы невясёлы, каб на шчасце дзяўчынкі не напаткаў яе паляўнічы, які запазніўся ў лесе. Васілевіч.

3. з чым, з інф. і без дап. Зацягнуць выкананне чаго‑н., зрабіць што‑н. пазней, чым трэба. Запазніцца з сяўбой. □ У жончыным голасе.. прыкметная трывога — яна запазнілася будзіць мужа. Гартны. — Запрашай гасцей за стол, — падышла да [Андрэя] Марына. — Мы і так запазніліся. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Засвоіць сэнс, змест чаго‑н.; асэнсаваць. Зразумець тлумачэнне настаўніка. □ Алеся зразумела жарт і пакрыўджана змаўчала. Шамякін.

2. Здагадацца ці даведацца аб чым‑н.; усвядоміць што‑н. Зразумець сваю памылку. □ У Ліды пахаладзела сэрца: яна адразу ўсё зразумела. Сяргей памёр. Шамякін. У хату зайшла маці. Глянула на пабітае акно і адразу ўсё зразумела. Рылько.

3. Пазнаць, распазнаць чалавека, разабрацца ў яго думках, поглядах, учынках. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека. Чорны.

•••

Даць зразумець гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вучэ́нне, ‑я, н.

1. Авалодванне ведамі, навыкамі, уменнем. Паўтарэнне — маці вучэння. Прыказка. // Вучоба, заняткі. [Люба:] — Змалку, з першага ж году вучэння, я меруся стаць за настаўніцу. Мурашка. Васіль адкрыта ўсім казаў, што Галя яму падабаецца і што, як толькі яна скончыць вучэнне, яны пажэняцца. Васілевіч. // звычайна мн. (вучэ́нні, ‑яў). Трэніровачныя заняткі вайсковых падраздзяленняў. Летнія, начныя вучэнні. □ Маёр цэліўся з парабелума. Цэліўся спакойна, паволі, як на вучэнні. Лынькоў.

2. Тэорыя якой‑н. галіны ведаў. Вучэнне аб дыктатуры пралетарыяту. Вучэнне аб функцыях нервовай сістэмы. // Сістэма асноўных палажэнняў, поглядаў (вучоных, мысліцеляў). Марксісцка-ленінскае вучэнне. Вучэнне Дар віна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць, дагледзець; прывесці ў парадак. Тарфянішча абраблю, Каб гуло, як медзь. Наглядаючы зямлю, Буду хлеб мець! Куляшоў. Мусіць, яна не была б такой прыгожай, італьянская зямля, калі б не абрабілі, не аздобілі яе сваім потам і рукамі працавітыя людзі. Мележ.

2. Апрацоўваючы, прыдаць чаму‑н. патрэбныя выгляд, якасць. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.

3. Разм. Запэцкаць, забрудзіць чым‑н. [Дзяк:] — Ёсць такая казка — наеўся цыган кіслага малака ды вельмі ж бараду ў гэтае малако абрабіў... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асудзі́ць, асуджу, асудзіш, асудзіць; зак., каго-што.

1. Прызнаўшы вінаватым, вынесці абвінаваўчы прыгавор.

2. Прызнаць заганным, ганебным што‑н.; выказаць неадабрэнне каму‑, чаму‑н. Адна толькі Волька, ідучы паўз хату Лявона, рэдка калі прамінала, каб не асудзіць уголас старых. Васілевіч. Старэйшыя жанчыны сурова асудзілі [Таццяну] за тое, што яна кінула дзіця. Шамякін.

3. перан.; на што або з інф. Аддаць, пакінуць (на волю лёсу, на голад і пад.). Фашысцкія акупанты імкнуліся зрабіць партызанскія раёны зонай пустэчы, вынішчыць пасевы і тым самым асудзіць насельніцтва і народных мсціўцаў на голад. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.

2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.

3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камента́рый, ‑я; Р мн. ‑яў; м.

1. Тлумачэнне да якога‑н. друкаванага тэксту ў форме заўваг, зносак і пад. Фразеалогія арыгінала, захаваная [у перакладзе] Янкам Купалам, не патрабуе.. каментарыяў. Яна зразумела. Палітыка. // часцей мн. (камента́рыі, ‑яў). Выданне з тлумачэннямі да якога‑н. твора. Каментарыі да карт Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы. Выданне твораў Я. Коласа з каментарыямі.

2. часцей мн. (камента́рыі, ‑яў). Крытычныя і тлумачальныя разважанні на якую‑н. тэму. «Як прыгожа пахне лес, луг, рака і поле», — цытаваў Музін Краскіна і тут жа падсалоджваў уласнымі каментарыямі: «Колькі эмоцыі ў гэтых радках». Рылько.

[Лац. commentarius.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Паміраць у муках, канчацца. [Астаповіч] чуў, як трашчала сухое дрэва ў агні і як з агню рвуцца стогны і енкі тых, хто там канае ў нечалавечых пакутах. Чорны. [Лабыш:] Яна ўжо канае! Свечку, свечку нясіце! Козел. // Выражае найвышэйшую ступень хацення, жадання і пад. — Канае малы, просіць, каб паказаў яму крыгаход. Краўчанка.

2. перан. Канчацца, набліжацца да канца. Прыгажэй за ўсё гасцінец пад вечар, калі канае дзень, нікне ў рэдкай смузе. Пташнікаў. Пакуль рэдактар дачытваў і папраўляў сваю газету, агарак свечкі пачынаў канаць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладо́сць, ‑і, ж.

1. Юнацкі ўзрост, маладыя гады жыцця. Дзяцінства .. [Строніна] і першая маладосць прайшлі бесклапотна. Чорны. Маладосць, як бы яна ні была пражыта, ніколі не пакідае нас. Скрыган. // Якасць і ўласцівасць маладога (у 1 знач.), малады выгляд. На некаторы час у пані Ганны прапала зайздрасць да маладосці і прыгажосці Стэфкі. Бядуля.

2. Нядаўняе, непрацяглае існаванне чаго‑н. Маладосць дзяржавы.

•••

Другая маладосць — аб прыліве новых сіл, творчай энергіі, узнікненні пачуцця кахання ў пажылыя гады.

Не першай маладосці — не маладых гадоў, сталага ўзросту; сярэдніх год.

Па маладосці гадоў — з-за недастатковай сталасці, па нявопытнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)