павы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш высокім. Павысіць узровень вады.
2. Павялічыць, зрабіць большым. Павысіць прадукцыйнасць працы. Павысіць тэмпературу. Павысіць ураджайнасць. □ Рабочыя .. не адступалі ад сваіх патрабаванняў павысіць заработную плату на некалькі цэнтаў у гадзіну. Лынькоў. // Узняць на больш высокую ступень, палепшыць. Павысіць культурны ўзровень. // Зрабіць больш паважаным. Павысіць аўтарытэт.
3. Прызначыць на больш высокую пасаду. Павысіць па службе. Павысіць у чыне. □ Не было кадраў, і.. [Івана Іванавіча] нават павысілі на пасадзе. Карпюк.
4. Зрабіць мацнейшым, зрабіць больш высокім па тону. Павысіць ноту. □ Мітрафан устаў, павысіў голас, каб усе чулі яго. Бажко.
•••
Павысіць голас — пачаць гаварыць са злосцю, з раздражненнем.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., што.
1. Выявіць якую‑н. якасць, уласцівасць. Праявіць смеласць. Праявіць ініцыятыву. □ Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка.
2. Спец. Пры дапамозе праявіцелю ператварыць нябачны адбітак на плёнцы, пласцінцы ў бачны. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак.
•••
Праявіць сябе — выявіць свае вартасці ці недахопы, зарэкамендаваць сябе пэўным чынам. Раман і Аляксей думалі, што нарэшце яны змогуць праявіць сябе як героі. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папа́с, ‑у, м.
1. Месца, дзе пасецца жывёла; паша. Травою шастаюць Каровы на папасе. Чарот. Змоўкла цётка, калі на падворку тонка і высока заржала жарабя, а ў дзвярах паказаўся дзядзька Андрэй — прызнаў з папасу кабыліцу. Вышынскі.
2. Прыпынак у дарозе з мэтай пакарміць коней, падсілкавацца і адпачыць; папаска. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег, Ды дзе спыніцца для папасу? Колас. Праз вёску са сваёй дружынай Баярын гэты ехаў раз, І ля Натальчынай хаціны Ён затрымаўся на папас. Купала. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на папас і на начлег у карчме. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паязджа́нін, ‑а, м.
Уст. Абл. Той, хто знаходзіцца ў дарозе, едзе куды‑н.; падарожнік. Гэтыя дзве машыны пайшлі следам за трыма грузавікамі з салдатамі, а за імі пайшлі яшчэ тры грузавікі з салдатамі. Так усе гэтыя паязджане выехалі з Баранавіч на Сіняўку і далей проста імчаліся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Чорны. Ціхамір глянуў на гадзіннік — была ўжо шостая гадзіна, але ў вакзале яшчэ было цемнавата. — Ды праз гадзіну [буфет] адчыняць, — сказаў Ціхамір тонам бывалага паязджаніна. Чыгрынаў. // Удзельнік вясельнага поезда. Як у моры ў белым снегу Без днявання, без начлегу, Ў бездарожжа, ў беспрыстанне Едуць, едуць паязджане. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перамяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Злучыцца, змяшацца з чым‑н. другім. Пшаніца перамяшалася з жытам. □ Дымы розных гатункаў тытун[ё]ў і папярос перавіліся, перамяшаліся і цэлым воблакам звісалі пад нізкаю столлю сялянскай хаты. Колас. / Пра гукі. Усе начныя гукі перамяшаліся і паплылі разам з ветрам. Лупсякоў. // Размясціцца ўперамешку з кім‑, чым‑н. Як вокам глянуць, мора шапак, хустак, перамяшалася, застыла ў цішыні... Пестрак. Рускія, немцы, французы .. перамяшаліся, абдымаючы адзін другога ў танцы. Скрыпка.
2. Змешваючыся, перамясціцца з аднаго месца на другое, памяняцца месцамі. // перан. Стаць невыразным, хаатычным; пераблытацца (пра думкі, уражанні і пад.). У галаве ўсё перамяшалася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.
1. што. Разарваць, раздзяліць надвае, на часткі. Перарваць дрот. / у безас. ужыв. Трос перарвала, як нітку. Мележ.
2. што. Перапыніць, спыніць на некаторы час якое‑н. дзеянне, развіццё чаго‑н. Перарваць штодзённую работу. □ Апошняя вайна надоўга перарвала перапіску паміж сёстрамі. Васілевіч. // што. Парушыць які‑н. стан, працэс. Перарваць маўчанне. Перарваць сон. □ І раптам песню перарваў гучны і радасны крык. Шамякін. Змрочныя думкі Грыбоўскага перарваў лёгкі трэск галінак. Курто. // каго. Перабіць чыю‑н. размову, гутарку. — Хто там? — адразу перарваў сам сябе на няскончаным слове Скуратовіч. Чорны.
3. што. Разарваць, парваць на часткі ўсё, многае. Перарваць усе ніткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ператаўчы́, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; пр. ператоўк, ‑таўкла, ‑ло; заг. ператаўчы; зак.
1. што. Стаўчы ўсё, многае. Ператаўчы ўвесь перац. Ператаўчы вараную бульбу.
2. што. Ачысціць ад шалупін, абтаўчы ўсё, многае. Ператаўчы ўсё проса.
3. што. Стаўчы драбней, чым трэба; раскрышыць.
4. што. Стаўчы нанава, яшчэ раз.
5. што. Разм. Разбіць, пабіць усё, многае. Таго ж вечара Пракоп і раз’ятрыўся, што ператоўк усе гладышы, якія толькі былі ў хаце, у сенцах і ў пограбе. Вітка.
6. каго. Разм. Забіць, пабіць усіх, многіх. — Трэба арганізоўваць людзей і выходзіць з гета, — гаварыў хваравіты Ёсель Гелер.. — Іначай усіх нас ператаўкуць... Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абяздо́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абяздоліць.
2. у знач. прым. Няшчасны, прыгнечаны; пазбаўлены самага неабходнага. Расказваючы гісторыю аднаго з курганоў, Янка Купала малюе вобраз музыкі-гусляра, абаронцы інтарэсаў прыгнечаных і абяздоленых людзей. Шкраба. [Пятрусь:] — Я расказаў табе вельмі не многа з таго, што займала мае думы. Самыя звычайныя рэчы: што ёсць раскоша і беднасць, сіла і бяспраўнасць і што ў той спрадвечная барацьбе класаў ёсць адна найвышэйшая мара: здабыць шчасце для абяздоленага чалавека. Скрыган. / у знач. наз. абяздо́лены, ‑ага, м.; абяздо́леная, ‑ай, ж. Усе сустрэчныя, думалася, пазіраюць на яе [Жарынку], як на няшчасную, абяздоленую. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капу́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
1. Агародная расліна, лісце якой звіваецца ў качаны, а таксама самі качаны, якія ідуць у ежу. Садзіць капусту. Шаткаваць капусту. □ Усе лета вазілі [калгаснікі] агуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак. Шамякін. Тут жа на лабяку паўз дарогі жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі.
2. Вараная страва з крышанага качана гэтай расліны. Шчаслівая цётка Палашка тым часам падае на стол міску гарачай капусты. Якімовіч.
•••
Зайцава капуста — тое, што і кісліца.
Марская капуста — марскія водарасці, якія ўжываюцца як ежа і як лячэбны сродак.
Цвятная капуста — асобы від капусты, суквецце якой ідзе ў ежу.
Крышыць на капусту гл. крышыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да коней, прызначаны для іх. Конны двор. Конны кірмаш. // Звязаны з развядзеннем пародзістых коней. Конны завод.
2. Які прыводзіцца ў рух коньмі. Конны плуг. Конныя граблі.
3. Які мае адносіны да конніцы, складаецца з коннікаў. Конная армія. Конны ўзвод. Конны атрад.
4. Звязаны з яздой на конях. Конны спорт. Конная разведка. Конная эстафета. // Які едзе на кані. Як толькі людзі ступалі пад арку брамы, дык усе яны, і пешыя і конныя, нават важныя чыноўнікі і акалодачныя, знімалі шапкі і капелюшы. Колас.
5. у знач. наз. ко́нны, ‑ага, м. Коннік. Пешы коннаму не таварыш. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)