шайта́н, ‑а, м.
1. У рэлігійным уяўленні мусульман — злы дух, сатана. [Дзед Ігнат:] — А пані была дзіўная. Ні то што дзіўная, а, не проці ночы кажучы, шайтан шайтанам, з нячыстай сілай была ў вялікім сваяцтве. Лынькоў. // Ужываецца як лаянкавае слова. Нездарма я ганяўся за .. [Арліцай] больш тыдня, пакуль не гаманіў у пастку. Затое і дрэсіраваць яе цяжка. Не паддаецца, шайтан. Беразняк.
2. Родавы дух, татэм у народаў Поўначы і Сібіры.
[Араб.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкумаццё, ‑я, н., зб.
Абрыўкі, кавалкі, асобныя часткі чаго‑н.; шкуматы. Са старой елкі.. пасыпалася леташняя ігліца, шкумаццё пасохлага моху і розная другая пацяруха. Лынькоў. І страсаюць з галін снегавое шкумаццё і іней дрэвы, выпростваюцца насустрач сонцу. Хадкевіч. / у перан. ужыв. І ўжо не сядзіцца ў ціхім Зацішку Таму, хто прачытвае Леніна кніжку, Хто скінуў старога жыцця шкумаццё, Хто новае творыць на вёсцы жыццё. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мале́нькі, ‑ая, ‑ае.
1. Нязначны па велічыні, памерах; невялічкі. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. На маленькім дворыку пахла вільгаццю. Асіпенка. // Невялічкі ростам. Суровасць ніяк не пасуе да гэтай маленькай і рухавай, як жывое срэбра, жанчыны. Лынькоў. // Кароткі, немнагаслоўны. У маленькай запісцы, якую разведчык падаў камандзіру, коратка гаварылася аб тым, што гэтай ноччу хлопцы, нарэшце, дабіліся выніку: ахова знята, мост спалены. Брыль. [Гарлахвацкі:] Напішыце маленькую заяўку, а я палажу рэвалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты. Крапіва.
2. Малалетні. Уцеха ёсць адна ў Марыны — Яе маленькі пестунок. Колас. [Багуцкі:] — Мы не маленькія з вамі, у жмуркі мы гуляць, відаць, не збіраемся. Лынькоў. // у знач. наз. мале́нькі, ‑ага, м.; мале́нькая, ‑ай, ж. Дзіця. Ніна Аляксееўна прыйшла [на вяселле] са сваім маленькім. Шамякін.
3. Невялікі па сіле праяўлення, нязначны. Маленькі марозік. □ Кожнай доменнай печы Маленькая ўспышка Для цябе асвятляе Паўзмрочны забой. Аўрамчык. / у знач. наз. ма́ленькае, ‑ага, н. [Дырэктар:] — Мне хацелася б цяпер хоць бы самага маленькага: прайсці па заводзе, і каб кожны рабочы з радасцю сустрэў цябе. Скрыган. // Які не мае істотнага значэння. Справа толькі тут была ў маленькай розніцы: раней грамадскае слова Мікалая выражалася сапраўды ў слове — у адным, у двух. .. А тут — прамову трэба было гаварыць. Якімовіч. // Які мае малую ступень чаго‑н. істотнага, важнага. Так хацелася Коху.. напасці хоць на маленькі след таемнага і няўлоўнага дзядзі Косці. Лынькоў.
4. Які займае невысокае службовае або грамадскае становішча. [Зося:] — Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Нічога не гаварыць, не падаваць голасу. Васіль маўчаў, не абзываўся ніводным словам. Лынькоў. Косцік і Шурка ласа елі .. і маўчалі, быццам гутарка іх не датычыла. Брыль. // перан. Не парушаць цішыні, спакою якімі‑н. гукамі. Гарадок прытоена маўчаў. Ні пражэктара, ні стрэлу. Лынькоў. У адным з вагонаў рыпнуў гармонік. Зараз жа да вагона падбег нейкі старшы і загадаў маўчаць. Чорны. Спіць і лес ва ўсім адзенні І маўчаць лугі, дубровы. Колас. // перан. Не дзейнічаць, не працаваць. Матор маўчаў, піла цыркуляркі не круцілася. Гамолка. Бягуць к тэлефону — дарма. Маўчыць тэлефон. Колас.
2. Захоўваць што‑н. у таямніцы, не расказваць аб чым‑н. Кравец рабіў так, як і сказаў яму Несцяровіч, — маўчаў. Чорны. Аб гэтай справе лепш маўчаць, каб не станавіцца ў нязручную і смешную позу. Лынькоў.
3. перан. Не даваць знаць пра сябе; не праяўляцца. [Вера:] Трэба знайсці вінаватага. [Чарнавус:] А ён, падлюга, хітры, — маўчыць і не адгукаецца. Крапіва. // Не пісаць пісем, не адказваць на пісьмы. [Нахлябіч] яшчэ раз пісаў, а .. [сын] усё маўчаў. Чорны.
4. Не выказваць адкрыта сваіх думак, намераў. Нельга маўчаць аб недахопах. □ Пятроў схамянуўся: яму раптам здалося, што далей ён можа як-небудзь зрабіць намёк на тое, аб чым лепш маўчаць. Брыль. // перан. Зносіць што‑н., не скардзячыся, не пратэстуючы. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» Колас.
•••
Пра гэта гісторыя маўчыць гл. гісторыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наза́д, прысл. і прыназ.
1. прысл. У напрамку, процілеглым першапачатковаму руху; у адваротным напрамку; проціл. уперад. Ехаць назад. □ Стафанковіч зрабіў два крокі назад. Чорны. Варочацца назад было позна. Якімовіч. // Ужываецца як загад, каманда, вокліч. Раздаўся злосны воклік і стук вінтоўкі: — Назад! Лынькоў.
2. прысл. У напрамку да задняга боку чаго‑н., у адваротны бок; проціл. наперад. Азірнуцца назад. □ Моцна скруцілі [жандары] Міколку рукі назад. Лынькоў. «І г-э-э-эй ты, наша жыццё зло-оо-е!» — Міхась у лесе песню цягне і тахты стрэльбай выбівае. Назад, наперад выкідае. Колас. // перан. У мінулае, у тое, што было. І я ў астатнім падарожжы Гляджу са скрухаю назад. Колас.
3. прысл. На ранейшае месца, у ранейшае становішча. Занясі вядро назад у хату. Аддай назад кнігу. Узяць назад сваё абяцанне. □ Людзі мітусіліся ля дамоў, уцягваючы назад розныя рэчы свайго набытку, вынесеныя, відаць, у часе пажару. Лынькоў.
4. прыназ. з В. Спалучэнне з прыназ. «назад» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні адрэзку часу, які аддзяляе якую‑н. з’яву ад моманту паведамлення аб ёй. Роўна год назад была навальніца. □ Сымон паспрабаваў уявіць сабе той лес, што рос тут многа гадоў назад. Чарнышэвіч. // У спалучэнні са словамі «таму», «гэтаму». Было гэта больш месяца таму назад, у школе. Брыль. Назад, таму, здаецца, чвэртка веку І мне было таксама тры гады. Панчанка.
•••
Браць (узяць) слова назад гл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мітуслі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які хутка і бесперапынна рухаецца ў розных напрамках. [Хлопцы] доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых гракоў, клікалі Грышу. Якімовіч. Спалохана ўзляталі з прыдарожных соснаў мітуслівыя сарокі. Лынькоў. // Паспешлівы, неўраўнаважаны; бязладны. Ішлі хлопцы; беглі, каб не спазніцца, мітуслівыя дзяўчаты. Лынькоў. Рухі Пятра вуглаватыя, мітуслівыя і лёгка выдавалі яго як непрактычнага ў гаспадарчых справах інтэлігента. Ракітны.
2. Які мільгае, мітусіцца перад вачыма. Пры мітуслівым святле свечкі Анупрэй разгледзеў чалавек восем вайсковых. Грахоўскі. Да фермы набліжаліся мітуслівыя кроплі ліхтароў — беглі людзі. Місько. Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.
3. Неспакойны, поўны мітусні (у 1, 2 знач.). Мітуслівы горад. □ Усе былі стомлены, але тое, што такі гарачы і мітуслівы дзень прайшоў удала, бадзёрыла і радавала. Хадкевіч. // Якому ўласціва мітусня. Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастая́ць, ‑стаю́, ‑стаі́ш, ‑стаі́ць; зак.
1. Стаяць некаторы час. Кравец пастаяў хвілін з пяць і пачаў чагосьці шукаць у прырэчным чароце. Чорны. — З тыдзень яшчэ восень пастаіць. Якімовіч. Пастаяў [Макарчык] у парозе і раптам пасунуўся да мяне. Адамчык.
2. за каго-што. Абараніць, засцерагчы ад чаго‑н.; ахаваць каго‑, што‑н. Пастаяць за волю. □ — А ты не клапаціся, мы то ўжо адзін за аднаго пастаім. Лынькоў. Селянін Багушэвіча — пакутнік, пакутуе і селянін Купалы, але ў той жа час ён гатовы пастаяць за сябе, нават пайсці на смерць дзеля сваёй свабоды. Навуменка.
3. заг. пасто́й(це). Ужываецца ў значэнні: пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся). — Пастойце! — гукнуў Панця і рушыў следам. Кулакоўскі. — Гэй, ты, пастой! — настойліва паклікаў Отта Штрайх сівога чалавека. Лынькоў. // Ужываецца для перадачы нязгоды. — Ты нездаволены, як бачу, Але пастой, Міхал, даслухай, Тагды ты ўжо глуздом парухай. Колас.
•••
Пастаяць галавой за каго‑, што‑н. — абараніць каго‑, што‑н., не шкадуючы свайго жыцця.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацяру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.
1. Пацёртае сена, салома, тытунь і пад. Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху. Чорны. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На дашчанай падлозе каля сцен .. паслана салома. Праўда, гэтая падсцілка была некалі саломаю. Цяпер гэта звычайная пацяруха. Якімовіч. Вецер выдзьмухваў з паперкі махорачную пацяруху. Быкаў. // Дробныя сыпкія рэшткі чаго‑н. Жаласна звінелі шыбы ў высокіх вокнах, і з люстры, з-пад столі, пасыпаліся струменьчыкі не то пылу, не то нейкай пацярухі. Лынькоў. // Пра сухі дробны снег. Шархаціць сухая снежная пацяруха на разгалістых елках, сцелецца злой пазёмкай па зямлі. Лынькоў. Вецер збірае ля кустоў гурбы снегу, б’е ў твар снежнай пацярухай. Дадзіёмаў.
2. перан. Разм. Што‑н. дробязнае, не вартае ўвагі. Кожны вечар я крукам праседжваю над арыгіналамі, выграбаючы з іх, як той дворнік, розную пацяруху. Сабаленка. [Кузьма:] — А тваё бандарства, браток, — драбяза, пацяруха адна. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ружо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які атрымліваецца ад змешвання чырвонай фарбы з белай (пра колер); светла-чырвоны. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. Сонца схавалася, і толькі ружовая палоска на небасхіле нагадвала пра скончаны дзень. Кавалёў.
2. З румяным, здаровым колерам твару (пра чалавека). Ружовы, тугі, як мяч, хлапчук барабаніў ножкамі па начоўках — толькі пырскі ляцелі ва ўсе бакі. Васілевіч. Хто там можа давесці, што .. [дзяўчынка] ўжо ела, што пара было б падкурчыць пад пухлую, ружовую шчочку кулачок і спаць. Брыль.
3. перан. Нічым не азмрочаны, радасны, светлы. І палкоўнік аддаўся самым ружовым марам аб недалёкім будучым. Лынькоў. З Петрусём усё ехала: радасць, шчасце, ружовыя надзеі. Нікановіч.
•••
Глядзець праз ружовыя акуляры на каго-што гл. глядзець.
У ружовым святле гл. святло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гудо́к, ‑дка, м.
1. Механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення. Андрэй торгае гудок, моўчкі паварочвае рэгулятар. Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў.
2. Працяжны аднастайны гук, сігнал, пададзены з дапамогай такога прыстасавання. Пераклікаліся ранішнія гудкі, крычалі на розныя галасы. Бядуля. Люблю, як займаецца золак, Абуджаны гулам гудкоў, Як дзеці спяшаюцца ў школы, Як хлопцы ідуць да станкоў. А. Александровіч.
3. Старарускі трохструнны смычковы музычны інструмент.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)