уяві́ць, уяўлю, уявіш, уявіць; зак., каго-што.
1. У думках скласці вобраз каго‑, чаго‑н., узнавіць розумам, фантазіяй. Мне цяпер уявіць немагчыма — Нікне розум, маўчыць уяўленне. Дзяргай. [Юхім:] Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Шамякін. На момант Мікалай Пятровіч уявіў сабе крануты ўсмешкай твар маці, уважлівыя позіркі гасцей, і яму зрабілася не па сабе. Каршукоў.
2. Палічыць, дапусціць. Я не верыў гэтаму, я не мог уявіць, што ў нас мог знайсціся такі чалавек. Кулакоўскі.
•••
Можаш (можаце) сабе ўявіць; уяві(це) сабе (у знач. пабочн.) — ужываецца з мэтай звярнуць увагу слухача на якую‑н. акалічнасць, зацікавіць яго чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хімі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хіміі, звязаны з ёй. Хімічная формула метану.
2. Які мае адносіны да з’яў, што вывучаюцца хіміяй. Хімічныя элементы. Хімічны вопыт. Хімічная рэакцыя. Хімічны аналіз вады. Хімічны састаў крыві. // Прызначаны для заняткаў хіміяй. Хімічны посуд. Хімічная лабараторыя.
3. Звязаны з прымяненнем метадаў хіміі ў вытворчасці, у розных галінах гаспадаркі. Хімічныя прадукты. Хімічная чыстка адзення. Хімічная апрацоўка драўніны. Хімічная вытворчасць. □ Доўга расказваў [Шыпулька], які будзе наш горад і як тут усё зменіцца, калі хімічны камбінат пачне даваць мінералы. Кулакоўскі. // Атрыманы пры дапамозе метадаў і сродкаў хіміі. Хімічныя ўгнаенні.
4. Звязаны з прымяненнем прадуктаў хіміі ў ваенных мэтах. Хімічная вайна. Хімічная зброя.
•••
Хімічнае чарніла гл. чарніла.
Хімічны карандаш — карандаш з графітам, які пры змочванні піша, як чарніла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цаліна́, ‑ы, ж.
1. Некранутая, ніколі не араная, але прыгодная для апрацоўкі зямля. На ўзаранай і шчодра ўгноенай попелам цаліне закаласілася жыта, проса, авёс, ячмень. В. Вольскі. // Разм. Цалінныя землі, пераважна Сібіры і Казахстана, якія пачалі інтэнсіўна асвойвацца ў 50‑я гады 20 ст. Ідуць шафёры і шахцёры, Геолагі свідруюць горы, Гідролагі шукаюць брод, І кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкі і сыны нам пішуць пісьмы з цаліны. Грахоўскі.
2. Тое, што і цалік. Снежная цаліна. □ Праваднік вядзе іх [партызан] патаемнымі мясцінамі, дзе малапрыкметнай сцежкай, а дзе проста цаліной. Кулакоўскі. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль.
3. перан. Недаследаваная, нявывучаная справа, галіна чаго‑н. Аўтар [Карпаў У.] узняў вельмі важную і некранутую ў беларускай літаратуры цаліну горадабудаўніцтва. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ця́жка,
1. Прысл. да цяжкі (у 1–6 і 9 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі фізічны стан, пачуцці стомы, болю і пад. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што яму цяжка стаяць. Чарнышэвіч. Людзям было цяжка думаць, што гітлераўскае звяр’ё можа перарваць штодзённую працу. Чорны.
3. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць нягод, пакут і пад. Ды і ці варта цяпер ісці да .. [Волькі] — нагоніш маркоты, калі самому цяжка. Каваленка. // Пра непрыемны стан, у якім хто‑н. знаходзіцца. Мне таксама было цяжка ад усяго таго, што вось-вось пабачыў. Кулакоўскі.
4. безас. у знач. вык. Пра сумны, дрэнны настрой. У Івана таксама на душы было цяжка, а ў галаве варушыліся цэлым роем думкі. Колас. На сэрцы было цяжка. Дамашэвіч.
•••
Цяжка сказаць гл. сказаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ця́жкасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць цяжкага. Сталы наўкруг, Застаўленыя шчыльна, Згіналіся пад цяжкасцю дароў. Броўка.
2. звычайна мн. (ця́жкасці, ‑ей). Тое, што замінае, перашкаджае ў дасягненні мэты, патрабуе вялікіх намаганняў і сіл; перашкоды, складанасці. Лодку перацягнулі цераз дарогу каля моста без асаблівай цяжкасці. Брыль. [Сакратар райкома], не спяшаючыся, пачаў .. [Зіне] расказваць пра цяжкасці, якія яе сустрэнуць на будоўлі, пра тое, што там яшчэ голае месца і рабіць прыйдзецца ўсё сваімі рукамі. Грахоўскі.
3. Непрыемнае адчуванне чаго‑н. цяжкага (у галаве, грудзях, страўніку). [Костусь] не ведаў, куды яму пайсці цяпер: спаць яму не хацелася. Але ў галаве была цяжкасць ад дзённай утомы. Чорны. // Змрочны, непрыемны настрой, стан. Думы, роздумы, меркаванні і здагадкі адбілі Багдану сон, ахуталі прыкрай цяжкасцю душу. Кулакоўскі.
•••
Без цяжкасці — лёгка, без намаганняў.
З цяжкасцю — з вялікімі намаганнямі, ледзь-ледзь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпе́рашні, ‑яя, ‑яе.
1. Які існуе цяпер, мае адносіны да сучаснасці. Цяперашнія маркі тэлевізараў. □ [Сухадольскі:] — Папрацавалі нядрэнна. А якія цяжкасці перамаглі! Хіба цяперашнія маладыя ведаюць што-небудзь падобнае? Крапіва. // Які з’яўляецца кім‑, чым‑н., працуе кім‑н. у сучасны момант; такі, які ёсць зараз (у процілегласць таму, што было даўней). Цяперашнія суседзі. □ — А гэта, — Ваўчок кіўнуў на Паходню, — цяперашні парторг эмтээс. Хадкевіч. Прыйшлі аднойчы старшыня сельсавета з сакратаром, а з імі разам Цімох, брыгадзір цяперашні. Адамчык.
2. у знач. наз. цяпе́рашняе, ‑яга, н. Тое, што ёсць, адбываецца зараз, цяпер; падзеі сучаснасці. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою. Колас. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі.
•••
Цяперашні час гл. час (у 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чума́, ‑ы, ж.
1. Вострая інфекцыйная хвароба, якая часта пашыраецца ў форме эпідэміі. А ў 1510 годзе на гарадок навалілася была страшэнная пошасць чумы. Лобан. А што, каб на свет нарадзіліся мы У стагоддзях да нашае эры У змрочнай паўдзікай пячоры На літасць звяроў і чумы? Чэрня. // Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. Ажно ўзмаліўся барадаты [казёл]: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаватыя... Няхай на іх чума і мор! Валасевіч.
2. перан. Пра вельмі небяспечную, згубную грамадскую, сацыяльную з’яву. [Глінскі:] Усё цягне мяне паглядзець, упэўніцца, сапраўды ўжо адхлынула ад нас гэтая чума-навала, назусім ужо ці яшчэ толькі да часу? Кулакоўскі. Мы павінны тут, у глыбокім тыле фашыстаў, рабіць усё, .. каб хутчэй знішчыць праклятую карычневую чуму, ад якой пакутуе столькі людзей. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штаб, ‑а; мн. штабы, ‑оў; м.
1. Орган кіравання войскам у часцях, злучэннях усіх відаў узброеных сіл, а таксама асобы, якія ўваходзяць у склад гэтага органа. Здаралася, што на адным дні штаб атрада мяняў некалькі месц. Кулакоўскі. Старыцу Паходня ўяўляў — ён разы два — тры быў у ёй, палі тут адзін час стаяў штаб партызанскай брыгады. Хадкевіч. // Памяшканне, збудаванне, у якім размяшчаецца такі орган. Новы камісар палка Яфім Фамін жыў тым летам у крэпасці. Начаваў у штабе. Кухараў.
2. перан. Кіруючы орган чаго‑н. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас.
•••
Генеральны штаб — цэнтральны орган кіравання ўзброенымі сіламі.
[Ням. Stab.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
энергі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны энергіі (у 2 знач.); дзейны, актыўны. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Які выражае актыўнасць, дзейную сілу. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы. Колас. // Прасякнуты сілай, энергіяй. Валатовіч энергічным рухам адсунуў ад сябе попельніцу, паперы. Шамякін. Яшчэ да таго, як паступіў у спартыўную школу, не раз, сустрэўшы на вуліцы, я захапляўся .. фігурай [Левандоўскага], даведзенай да дасканалай сіметрыі і прапорцыі. Таксама кідаліся ў вочы яго энергічная хада і добрыя манеры. Карпюк.
2. Рашучы, настойлівы. У адзін міг, відаць, па трапнаму загаду Адамчука, энергічным кідком рушыла наперад першае аддзяленне. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разляце́цца, ‑лячуся, ‑ляцішся, ‑ляціцца; ‑ляцімся, ‑леціцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паляцець з аднаго месца ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх птушак і пад., некалькі, многа самалётаў і пад.). Нашы самалёты разляцеліся і, апісаўшы кругі, з-пад нізу ўдарылі па фашыстах, разагналі іх строй. Жычка. // Разнесціся ў паветры, адляцець у розныя бакі. Лісты разляцеліся па падлозе. □ Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. Разлютаваны Лявон як крутнуўся, дык тры Алішэўцы разляцеліся, што тыя трэскі. Сабаленка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раз’ехацца ў розныя бакі, па розных месцах. Маці тупала ля печы — рыхтавала снеданне. Раз’ехаліся, разляцеліся яе дзеці. Адна з .. дачок .. аж на Сахалін забралася. Даніленка. — Вось і разляцелася наша сям’я, — нявесела ўсміхнулася Маша. Шамякін. // перан. Зрабіцца вядомым многім; шырока разысціся. Слава аб стаенніках пана Вашамірскага разляцелася па ўсіх ваколічных і нават далёкіх маёнтках. Бядуля. Нарэшце «вышкаўцы» дасталі грудку солі. Чуткі пра гэта вельмі хутка разляцеліся па ўсіх вёсках. Кулакоўскі.
3. Разм. Разбіцца, распасціся на часткі, кавалкі ад удару, узрыву. Шклянка ўдарылася аб камень і са звонам разляцелася на дробныя асколкі. Васілеўская. Снавалі сюды-туды нямецкія аўтамашыны, і ўжо не адна з іх разляцелася па трэскі разам з пасажырамі. Кулакоўскі.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Знікнуць, аказацца нерэальным. Самуіл ужо сам думаў аб тым, каб знайсці дзе месца ў Вільні, але раптам усе яго планы разляцеліся. С. Александровіч. Здавалася, ушчэнт разляцеліся юнацкія мары пра гераічныя подзвігі. Асіпенка.
5. У палёце набраць вялікую скорасць; пачаць палёт з вялікай скорасцю. Жук, разляцеўшыся, ударыўся ў шыбу. // Разм. Набягу набраць скорасць; разбегчыся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)