дзя́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каму-чаму.

1. Выказваць удзячнасць, падзяку. Дзякаваць сябрам за паслугу. □ [Старшыня] дзякаваў Сашкавай маці, што яна хадзіла дапамагаць жанчынам выполваць свірэпку з пшаніцы. Даніленка.

2. інф. Разм. Тое, што і дзякуй (у 1 знач.). Мікола моцна паціснуў руку старому машыністу: — Дзякаваць табе. Краўчанка. Паляцелі б з калгаса і Ёсіп, і Макар сёння ж, прыйшлося б развітацца і з прысядзібнымі, але, дзякаваць, Глеб Іванавіч стрымаў напор. Дуброўскі.

•••

Дзякаваць богу — тое, што і дзякуй богу (гл. дзякуй).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.

1. Разм. Змалаціць, перастаць малаціць, зрабіўшы норму або страціўшы сілы. [Пахілка:] — Не, братачка, я сваё адмалаціў. Шкадую толькі, што не ў пару паміраю. Савіцкі.

2. Адпрацаваць на малацьбе за доўг, паслугу.

3. перан. Разм. Моцна набіць, адлупцаваць каго‑н. [Катаржнік:] — І на стайні так адмалацілі — Ракам поўз дамоў, ісці не мог. Бялевіч.

4. перан.; што і без дап. Разм. Невыразна, у хуткім тэмпе прачытаць, выказацца; адбарабаніць. Даклад не прачытаў, а адмалаціў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.

1. Раскалоцца, раздзяліцца на часткі. Палка расшчапілася. □ Грукнуў кулаком аб сасновы стол [Ціхан] так моцна, ажно стол расшчапіўся. Бядуля. Верхавіна [дуба] ад перуновага ўдару крыху расшчапілася і засохла. Ляўданскі. // Раздрабіцца ад удару. Косць расшчапілася.

2. Перастаўшы сціскацца, паслабіцца, разняцца, раз’яднацца. Вольчыны пальцы самі расшчапіліся, і вяргіні ўпалі на дол. Марціновіч.

3. Спец. Раздрабіцца, распасціся на часткі. Валакно расшчапілася.

4. Спец. Раскласціся на часткі ў выніку хімічнай рэакцыі. Эфір расшчапіўся.

5. Спец. У выніку фізічнага ўздзеяння распасціся (пра атамы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жу́раць ’прыгараць, абвуглівацца’ (Шат.), журэ́ць ’тлець, слаба гарэць’ (Сл. паўн.-зах.). Чэш. žírati ’распальвацца’, žířeti, žířiti ’напальвацца, гарэць’, балг. жу̀равам, жу̀рнамоцна запякаць’, дыял. журя ’пячы, жарыць, парыць’, журѐя вянуць, сохнуць’, жу̀ремоцна паліць’. БЕР (1, 561) этымалагізуе журя без уліку іншаслав. паралелей як кантамінацыю жа̀ря і горя̀. Махэк₂ (722) тлумачыць žířeti як форму з чаргаваннем галоснага да žár. Супрун (Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 74–76) звязвае жураць з укр. жевріти ’тлець, слаба гарэць’, якое Бузук (Записки іст.-філол. відділу ВУАН, 7–8, 1929) тлумачыў як перастаноўку з *жеравіти (параўн. ст.-слав. жеравиѥ ’вуголле’), а Ільінскі (там жа, 21–22, 1930–1931) звязваў з і.-е. *gʼeu̯er‑ ’палаць’. Па фанетычных прычынах апошняе дало б з‑, а не ж-. Для прасл. žur‑ ’тлець’ і.-е. адпаведнік можа быць толькі *geur‑. У Покарнага (1, 399) ёсць корань *g(e)u‑lo‑ ’жар; тлеючае вуголле’, адкуль герм. словы для вуголля (ням. Kohle, англ. coal), ірл. gúal ’вугаль’. Паводле Покарнага, арм. krak ’агонь, тлеючае вуголле’ адлюстроўвае суфікс ‑r‑ замест ‑l‑ (пра функцыянальную адпаведнасць l — r Бенвяніст, Индоевр., 65) : *geu‑r‑ ’жар’ (гл. іншыя супастаўленні, Ачаран, 2, 678). Да гэтага *geur‑ узыходзіць і слав. žur‑, прадстаўленае ў жураць. Гл. жуляць, журыцца, жэўрэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Несудо́мны, несудомы ’надта вялікі, страшны’ (ТС); несудо́мны лес = вялікі, непраходны лес, нетра; несудомны мороз = вялікі, траскучы мароз (мазыр., ул. зал.). Відаць, да суд (гл.), параўн. рус. несудимый ’вельмі моцны, перавышаючы звычайную меру’, не судом (божиим) ’вельмі моцна, у вельмі вялікай колькасці’ (Дзяул. сл.), несудо́м кричать ’крычаць вельмі моцна’ (паўд.-рус., СРНГ), што тлумачыцца зыходным значэннем ’які не падлягае абмеркаванню ці асуджэнню’ (Даль), г. зн. ’надзвычайны’. Аднак для названых слоў нельга выключыць і іншыя версіі ці па меншай меры ўплыў біблейскага імені уласнага Садом, якое пачало ужывацца як апелятыў, паради, судом ’нешта нядобрае, непрыемнае’: Судом ее возьмі, дзе вона дзелася, тая шапка! (ТС), параўн. садомія (содомія) ’вялікае злоўжыванне; моцная разбэшчанасць’ (Нас.) і інш., гл. Някрасава, Диалект, иссл. по рус. яз. M., 1977, 247–250; іншая версія ад *sędoma (паводле Ліуканен, Отглаг. сущ., 131 < Zsędębma ад sъ‑dębiti ’акачанець’), параўн. укр. судо́ма ’міжвольнае скарачэнне мускулаў (ад болю, холаду, пры некаторых захворваннях і г. д.), сутарга’; тады адмоўе ў несудомны можа выконваць функцыю табу; адносна семантычнай мадэлі параўн. халерны, пранцаваты і пад. як экспрэсіўная адмоўная характарыстыка ў адносінах да нежывых прадметаў (халерны холад і пад.). Для спалучэнняў тыпу гушча несудомая можі^а дапусціць народна-этымалагічнае збліжэнне з сыйці, сходзіць (гушча несы(и)домая?); параўн. несходзімы ’непраходны; вялікі (пра лес)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калаці́цца, калачуся, калоцішся, калоціцца; незак.

1. Дрыжаць, хістацца, трэсціся. Ад артылерыйскай стральбы калаціліся сцены. Лынькоў. // Часта, сударгава ўздрыгваць (пра рукі, ногі, цела і пад.). Калаціцца ад страху. □ Калі Арына дакранулася да яе [Ледзіных] плячэй, то пад рукой адчула, як дачка калоціцца ў немым плачы. Карпаў. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца і калоцяцца рукі. Шамякін. // Моцна біцца (пра сэрца). Рукі яго [Хвашча] трэсліся, вочы ліхаманкава разгараліся, сэрца калацілася, гатовае выскачыць. Лупсякоў.

2. Разм. Біцца, сварыцца. — Зямля ж, брат, вольнаю з’явілася ў свет, дык навошта дзяліць яе, рэзаць на шматкі, калаціцца з-за яе? Колас. [Сыны] калаціліся і грызліся адзін з адным за сваю .. гаспадарку. Чорны.

3. перан. Непакоіцца, хвалявацца за каго‑, што‑н. Калі .. [камендант] заходзіў у вёску — сяляне баяліся паказацца, калаціліся за сваё дабро. Бажко. // над кім-чым. Клапаціцца аб кім‑н., старанна, клапатліва ахоўваць каго‑н. Калаціцца над дзецьмі, унукамі. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Калаціцца за кожную капейку. □ Безумоўна, большасць калгасаў тут бачыла беражлівае сэрца Вароніча, які за кожную дробязь у гаспадарцы калоціцца і стаіць, як за сваё. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Разм.

1. што. З размаху ўсадзіць (што‑н. вострае). Садануць нож у спіну. // Торкнуць (локцем, пальцам і пад.). Барыс вымавіў усе прымаўкі адным дыхам, жартаўліва садануў вялікім адтапыраным пальцам Ігара ў бок. Асіпенка.

2. чым і без дап. Моцна ўдарыць. Адным імпэтным рыўком .. [Цярэшка] ўскочыў на ногі .. і ашалела садануў немцу ў сківіцу. Быкаў. Іван прыўстаў, убачыў па той бок стала перад сабой мокры і злосны Міцеў твар, адчуў соль у роце, размахнуўся і тым, што было ў руцэ — гранёнай шклянкай, — садануў Міцю ў твар. Кудравец. / у безас. ужыв. Яго саданула асколкам. // Моцна стукнуўшы, разбіць, разламаць што‑н. Адтапыраным локцем незнарок, вядома, садануў [хлопчык] у шыбіну, і тая толькі жаласліва дзынкнула і рассыпалася на дробненькія кавалачкі. Кавалёў. // што і без дап. Выстраліць па чым‑н. [Жыгунок:] — От жа саматужная смалакурня! Яно-такі сюды немец міну садане. Шарахоўскі.

3. што. Груб. Неспадзявана накіраваць што‑н. (скаргу і пад.) на каго‑н. [Бялькевіч:] — Нічога я не чуў, — кажу. Толькі, думаю, што Дзямешка намяшаў рознага. Дакладную ж, мабыць, садануў? Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

моль 1, ‑і, ж.

1. Вельмі малы матылёк атрада лускакрылых, вусень якога нішчыць шарсцяныя тканіны, збожжа і інш. Чалавек сеў насупраць. Шапкі не зняў. Расшпіліў паліто з добрага драпу, але моцна пабітае моллю — недзе доўга ляжала. Шамякін.

2. перан. Аб чым‑н. вельмі малым.

моль 2, ‑я, м.

Спец.

1. Лес, які сплаўляецца па рацэ ўрассыпную, асобнымі бярвеннямі, не звязанымі ў плыт.

2. у знач. прысл. мо́лем. Урассыпную. Сплаўляць лес молем.

моль 3, ‑я, м.

Спец. Колькасць грамаў хімічнага рэчыва, роўная малекулярнай масе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ненадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому нельга верыць, даверыцца; на якога нельга спадзявацца. Ненадзейная ахова. □ Кватэру Качаноў Антохін добра ведаў, і пакідаць там раненага падпольшчыка было небяспечна.. Ён моцна стагнаў, а за сцяной жыла ненадзейная суседка. Новікаў. Васіль уводзіў Вадзягіну ў вушы, што Саўка самы ненадзейны [стараста]. Федасеенка.

2. Які выклікае апасенне сваёй якасцю, трываласцю і пад. Ненадзейныя ўмацаванні. □ Пасля таго, як партызаны разведалі ўчастак, гітлераўцы падкінулі туды ў падмацаванне пяхоту з мінамётамі і некалькі танцаў. Яны ўзмацнілі ненадзейныя для іх пазіцыі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праклясці́, ‑кляну, ‑клянеш, ‑кляне; ‑клянём, ‑кленяце; пр. пракляў, ‑кляла, ‑ло; заг. пракляні; зак., каго-што.

1. Падвергнуць праклёну. Крымянец больш не бачыць той цёмнай жанчыны, якая некалі пракляла яго і пракляцце якой як бы здзейснілася. Кучар. [Ілька:] — І яшчэ я думаю, каб мы кінулі сваё валацужнае бруднае жыццё,.. і каб мы ўсе працавалі... [Марта:] — Калі ты зробіш так, цябе пракляне ўвесь род... Каваль.

2. Моцна вылаяць, выказваючы гнеў, злосць, абурэнне. Праклясці ўсё на свеце. □ Пракляў Лявон Нарбутовіч і малацьбу, і малатарню, і сваю дурноту. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)