памылі́цца, ‑мылюся, ‑мылішся, ‑моліцца; зак.
Зрабіць памылку. [Мяснікоў] можа памыліцца, але здольны прызнаць памылку і хутка яе выправіць. Гурскі. Хто можа з.. [Аленаю] справіцца. Не толькі на полі.. А пасадзі яе за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! А яна не памыліцца, не зблытае. Чарнышэвіч. — Можа, мы памыліліся? — выказаў меркаванне Валодзя. — Можа, гэта зусім не конь іржаў, а птушка якая? Курто. // у кім. Скласці пра каго‑н. няправільнае ўяўленне. Каб не памыліцца ў чалавеку на вайне, трэба ўбачыць яго ў небяспецы. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пага́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пагас, ‑ла і пагаснуў, ‑нула; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць, свяціцца; затухнуць. Ліхтар пагас. Пагасла святло. □ Выгарала датла і пагасла вогнішча. Бажко. // Перастаць адлюстроўваць, адбіваць. Сонца схавалася за ўзгоркам, пагаслі шыбы. Шамякін.
2. перан. Страціць бляск, жвавасць (пра вочы, позірк і пад.). Позірк пагас. □ «Грозныя» аганькі ў Маніных вачах пагаслі. Пестрак. // Страціць настрой, стаць абыякавым. Вейкі ў Лёдзі ўздрыгнулі, і яна быццам пагасла. Карпаў.
3. перан. Знікнуць; аслабець. Не, не пагасне ніколі — Ленінскай праўды святло. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
1. Зрабіць ясным, добра бачным. [Зазімак] падмарозіў зямлю, размаляваў ледзь прыкметнымі ўзорамі шыбы на вокнах, праясніў неба. Даніленка.
2. Зрабіць ясным, зразумелым; выясніць. [Сакратар:] — Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволіць пагаварыць з Савіч. Можа, яна што праясніць. Шамякін. — Толькі мне самому не зусім ясна адна рэч, — задуменна прамовіў Толя. — А ты скажы ўсім, можа, мы праяснім яе, — параіў Паўлік. Рунец.
3. Зрабіць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). У хуткім часе адна падзея праясніла яе [Таццяніны] думкі .. Ды і не толькі яе... Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перада́ча, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. перадаваць — перадаць (у 1–8 знач.).
2. Тое, што перадаецца па радыё, тэлебачанню. Музычная перадача. □ — Таварышы радыёслухачы! Пачынаем нашу навагоднюю перадачу. Якімовіч.
3. Прадукты харчавання, рэчы, якія перадаюцца каму‑н. (у турму, бальніцу і пад.). Пакуль ішло следства, Анэта пасылала Марціну перадачы: харчаванне, тытунь, бялізну. Чарнышэвіч. Калісьці ў аддзяленні выпіскі яна прымала наведвальнікаў, збірала, адносіла ў палату перадачы. Грамовіч.
4. Спец. Механізм, які перадае рух ад адной часткі машыны, прыстасавання да другой. Шарнірная перадача. Ланцуговая перадача.
•••
Каробка перадач гл. каробка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́дкам, прысл.
Разм.
1. У значнай ступені, даволі моцна. Што там ні кажы, а пастарэў бацька ўсё ж парадкам. Васілёнак. // Даволі многа. І вось падаўся я з незвычайнай камандзіроўкай па франтавых дарогах.. У блакноце ў мяне ўжо парадкам імён з адрасамі. За адзін толькі тыдзень. Ракітны.
2. Як мае быць, добра, толкам. Паехалі — яна, Ігнатка Ды дзядзька з цёткай, іх сынок. Куды? Ніхто не знаў парадкам, Дзе іхні спыніцца чаўнок. Колас.
3. Па парадку. [Пархвен] парадкам пачаў заходзіць у кожную хату, стукаў у вокны і дзверы. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Паштовая картка для адкрытага пісьма; паштовая картка з якім‑н. малюнкам. [Юзік:] Напісаў я табе з дарогі адну паштоўку, ды, мусіць, яна не дайшла да цябе. Крапіва. У пралёце стаялі сталы з раскладзенымі на іх кнігамі, сшыткамі, школьнымі дзённікамі, маляўнічымі паштоўкамі. Карпаў. — Цяпер пабудаваны новы горад. Ды я магу вам паштоўкі паказаць, у мяне акурат ёсць з відамі Мінска. Арабей. // Разм. Фатаграфічная картка такога памеру. [Дошка гонару] была невялікая памерам, і фотакарткі на ёй таксама былі невялікія — звычайныя паштоўкі. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрып, ‑у, м.
Рэзкі гук, які ўзнікае пры трэнні адзін аб адзін прадметаў ці іх частак. Скрып варот. Боты са скрыпам. □ Чуваць было, як стукнула аб прабой засаўка, пачуўся скрып іржавых завесаў. Пальчэўскі. Фурманка ўжо зусім блізка. Вось яна параўнялася з Панасам, абмінула яго і паехала далей гасцінцам, пакідаючы за палазамі саней пісклявы скрып умёрзлага снегу. Галавач.
•••
За адным скрыпам — разам, адным заходам. Пойдзем за адным скрыпам, мне ўсё роўна ў магазін трэба... — сказала .. [Арына]. Карпаў.
Са скрыпам — з цяжкасцю або нехаця, марудна (рабіць што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спако́йнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць спакойнага. Свежасць твару, кругласць шчок, спакойнасць вачэй, зграбнасць стану, сілу — усё тое, што яна з гадамі непрыкметна, паволі траціла на сваёй дарозе жыцця, усё гэта да крупінкі, да крошачкі знаходзіла ў сваіх дзецях. Дамашэвіч.
2. Адсутнасць шуму, спакой, цішыня. Гарадскі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасць бяспечнага прытулку. Гартны.
3. Спакойны стан чалавека, адсутнасць хвалявання, трывогі. У маці знікла ранейшая спакойнасць, самавітасць. Асіпенка. Збліжала яго з Быстровым спакойнасць і вытрымка ў баі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усумні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Адчуць сумненне, няўпэўненасць у чым‑н. Сотнікаў,.. расплюшчыўшы вочы, моўчкі ляжаў на саломе, не ведаючы яшчэ, верыць пачутаму ці ўсумніцца. Быкаў. Аднаго разу Леў Раманавіч усумніўся, а ці было наогул тое неразумнае пісьмо, якое ён атрымаў учора раніцою. Асіпенка. — А як жа ты аднясеш тавар на той бок? Зловяць, — усумніўся Васіль. Пальчэўскі. // Выказаць сумненне. — А можа гэта выдумка, няпраўда ўсё, што вы толькі што мне казалі? — усумніўся Форстэр. Сачанка. [Маці:] — Яна ж так чакала цябе! — Так ужо і чакала? — жартаўліва ўсумніўся.. [Максім]. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хутарскі́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да хутара. Хутарскія будынкі. □ Дзень добры, роднае сяло! Бывай, сядзіба хутарская!.. Арочка. // Які жыве на хутары. На дварэ вусаты дзядзька — хутарскі гаспадар — ладзіў воз. Чорны. І мы з табою закахацца Паспелі ў хутарскіх дзяўчат. Панчанка. // Уласцівы хутараніну, жыццю на хутары. І як жа тут сказаць ёй, Людзе, пра ўсё, як яе вырваць адгэтуль, з гэтай старой глухамані, з гэтай хутарской ідыліі, у якую яна і сама, здаецца, урастае з прыемнасцю? Брыль. [Рыгор] не замыкаўся ў сваёй хутарской адзіноце. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)