падпо́лле, ‑я, н.

1. Памяшканне пад падлогаю; падвал. Пахла саладкаватай прэллю — якраз пасярод хаты ляжала выграбеная з падполля бульба з доўгімі белымі расткамі. Навуменка.

2. Дзейнасць, накіраваная супраць улад, якая праходзіць тайна, ва ўмовах строгай канспірацыі, а таксама жыццё ў такіх умовах каго‑н., хто змагаецца супраць улад. У памяці паўставала то адно, то другое і перад усім — вайна, падполле ў час нямецкай акупацыі. Карпаў. У часы буржуазнай Польшчы камуністы працавалі ў глыбокім падполлі. Карпюк. // зб. Людзі, якія працуюць у такіх умовах, вядуць канспіратыўную работу. У час сакавіцкага правалу Мінскага падполля сям’я Амельянюкоў схавалася ў знаёмых людзей. «Звязда». Край мой, край Лясістых пушчаў, Балатоў і поля, Захаваў ты ў сваіх гушчах Нашае падполле. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пары́вісты, ‑ая, ‑ае.

1. Нераўнамерны, няроўны, з раптоўнымі парывамі. Парывісты дождж то сек з усіх бакоў, то сціхаў. Няхай. І на прыжмураныя вейкі, Нібы дрыготкую расу, Парывістым світальным ветрам Я зоркі ўсе твае страсу. Бураўкін.

2. Рэзкі, імклівы. Якімка робіць парывісты рух, каб вырвацца з багны, але яна не адпускае яго... Курто. // Нераўнамерны, які час ад часу ўзмацняецца або слабне. Кожны з трох адчуваў парывістае дыханне другога. Білі здавалася, што сэрца яго вось-вось выскачыць з грудзей. Лынькоў.

3. Які лёгка захапляецца; няўрымслівы. І ўсё ж натура .. [Пётры Сергіевіча], заўсёды сквапная да ўражанняў, парывістая, памкнулася ўслед. Ліс. [Лёля] стаяла разгубленая, нібы прырасла да долу, і трывожна глядзела.. [Слаўку] ўслед. Чаго ён сёння нейкі не такі, як заўсёды: узрушаны, парывісты, разкаваты?.. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывалачы́, ‑лаку, ‑лачаш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. прывалок, ‑лакла, ‑ло; заг. прывалачы; зак., каго-што.

Валочачы, цягнучы, даставіць куды‑н. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. — Будзеш упірацца, то паклічу Рыгора і Язэпа і, далібог, прывалачом вось так, як ты цяпер ляжыш. Колас. Прывалаклі [партызаны] нават два цяжкія кулямёты. Шахавец. // Разм. Прынесці (звычайна што‑н. цяжкае, вялікае). [Чыжык] прывалок у яміну новенькі нямецкі карабін і патроны, знойдзеныя сярод забітых гітлераўцаў. Лупсякоў. Гарыдавец Шарона праз сяло Адзін дамоў на плечах прывалок. Танк. // Разм. Сілаю прывесці, прымусіць прыйсці. [Сашка:] — На чорта ён мне, твой гэты працаўнік, ты маеш з ім справы, то ідзі да яго, а чаго ты мяне сюды прывалок? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. на што і без дап. Паступаць нейкім чынам у адказ на што‑н., праяўляючы свае адносіны да чаго‑н. Сыпаліся ўдалыя запытанні і адказы, аўдыторыя рэагавала то востраю цішынёю,.. то лёгкім смехам. Лужанін. Вінцэнт не адыходзіў ад стала, ён гэтак рэагаваў на мае папраўкі, на маё выкрэсліванне, быццам я кроіў не тое, што ён напісаў, а рэзаў тупым нажом яго жывое цела. Сабаленка. Як не аднеквайся, як не абурайся, усё ж на скаргу ў газету неабходна рэагаваць. «Звязда».

2. на што. Адказваць якімі‑н. рухамі, рэфлексамі на тое ці іншае раздражненне. Рэагаваць на святло. Сэрца па-рознаму рэагуе на фізічную пагрузку.

3. Уступаць у хімічную рэакцыю. Вокіслы цяжкіх металаў з вадой не рэагуюць.

[Ад лац. re — проці і agere — уздзейнічаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́піцца, ‑піцца; зак.

Разм. Сабрацца кучай, масай. Скупіліся хмары над лесам. // Сабрацца разам, збіцца ў кучу, стоўпіцца. Павел.. прысеў і грэе рукі над полымем. Усе скупіліся каля яго. Пестрак. Навокал прыбранага ад посуду стала скупіліся госці. Чыгрынаў.

скупі́цца, ‑плю́ся, ‑пі́шся, ‑пі́цца; незак., на што, з інф. і без дап.

Неахвотна расходаваць, даваць іншым што‑н.; быць празмерна ашчадным. Скупіцца на пачастунак. □ Зайкін скупіўся аплаціць працадні так, як гэта нават дазваляла калгасная капейка. Дуброўскі. Як ні скупіўся [Арцём], як ні шкадаваў, а кожны раз купіць сынку то абаранак, то пернічак. Бядуля. // (звычайна з адмоўем). Быць шчодрым на што‑н. Не скупіўся [Галавач] некага пахваліць, нечаму парадавацца. Скрыган. Ванда Адамаўна, у процілегласць мужу, ніколі не скупілася на словы. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смарка́ч, ‑а, м.

1. толькі мн. (смаркачы́, ‑оў). Слізь, якая выцякае з носа, збіраецца ў носе. — Смаркачы яшчэ з носа цякуць, а збіраюцца свет перайначыць... Божа ты мой, божа! от дачакаліся! — гаротна выгукваў дзед Піліп. Колас. — Смаркачы вытры! — злосна сказала сакратарка і рушыла назад у пакой. Навуменка.

2. Адна кропля гэтай слізі. Смаркач пад носам.

3. Разм. зневаж. Пра дзіця. Гэтак ішлі гады за гадамі. З смаркача выцягнуўся я ўжо на ладнага дзецюка. Ядвігін Ш. // Пра маладога нявопытнага ў справах чалавека. [Глушак:] «Зноў гэты смаркач [Сцяпан] утыкае нос свой куды не трэба!» Мележ. — Хо! Р-работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Ну, скажы ты мне, смаркач! — загарлапаніў .. [шафёр], паглядваючы то на застаўку, то на мяне. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шке́льца, ‑а, н.

1. Памянш. да шкло (у 2 знач.); невялікі выраб са шкла. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Іра глядзіць на яе зняважліва і насмешліва. Шамякін. Шкельца гадзінніка запацела ад вільгаці. Капыловіч. // Асколак, частка, кавалак шкла. Народ кінуўся за .. [Ганнаю] ў завулак, пакідаючы сляды на гарачай, як прысак, зямлі, уціскаючы драбнюткія шкельцы ад пабітых акон у асфальт. Гурскі. // перан. Пра тое, што па сваіх уласцівасцях (колеру, бляску, цвёрдасці, празрыстасці і пад.) нагадвае шкло. На .. [дарозе] то там, то тут былі раскіданы серабрыстыя шкельцы лужын, у якія глядзеліся белыя, вымытыя першымі дажджамі хмаркі. Гамолка.

2. толькі мн. (шке́льцы, ‑аў). Разм. Акуляры або пенснэ. Не знайшоўшы, відаць, злога, .. [паэт] зноў надзяваў шкельцы і тады пачынаў мармытаць-абдумваць новыя радкі... Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Га́мзаль ’смуглы’ (Жд. 2). Дакладвае значэнне слова невядома (параўн. прыклад, які прыводзіцца ў слоўніку Жыдовіч: «Вой я ш як гамзаль чорная, мне і загараць ня трэба»). Лексема гамза́ль ’быстры, тупы штуршок’, якая прыводзіцца ў Насовіча, не падыходзіць па семантыцы. Калі няма сувязі з адным са значэнняў дзеясловаў га́мзаць, гамза́ць, то, магчыма, запазычанне. Параўн. (але гэта вельмі няпэўная дагадка) укр. гамсе́л ’іранічная назва, якую даюць жыхарам Таўрычаскай губерні’ (Грынч.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́мтаць ’камячыць’ (БРС), гамта́ць ’тс’ (Сцяшк.). Калі гэта не запазычанне з польск. gmatać ’тс’ (з метатэзай гукаў: *гма́таць > га́мтаць), то роднаснае гэтаму польск. слову і іншым слав.: польск. gmatać, gmatwać, gmatusić, чэш. hmatati, славац. hmatati, укр. гма́та́ти. Гэту групу лексем Слаўскі (1, 298–299) выводзіць з прасл. *gъm‑at‑ati (*gъm‑atvati). Гл. агляд літ-ры і версій Слаўскі, там жа. Параўн. яшчэ бел. га́матны ’тоўсты, грубы, завялікі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гапцава́ць ’многа есці’ (Шат.). Няма ў рус. і ўкр. мовах у гэтым значэнні. Фармальна падыходзіць для параўнання ўкр. гопцюва́ти ’танцаваць гопаючы; скакаць (аб конях)’, але семантыка вельмі адрозніваецца. Таму можна меркаваць, што бел. лексема гэта нейкае жаргоннае слова, магчыма, запазычана з укр. мовы і ўжываецца ў метафарычным значэнні. Паколькі пакуль няма дадатковых даных аб гісторыі слова гапцава́ць у бел. мове, то больш пэўнага аб ім сказаць нічога нельга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)