камяні́ца, ‑ы, ж.
1. Каменны або цагляны будынак. [Пан Францішак] прадаў сваю частку фальварка, купіў у ваяводскім Навагрудку камяніцу на восем кватэр. Брыль. Ціхія вулкі ўсё яшчэ чакалі таго часу, калі.. на месцы аджыўшых свой век драўляных домікаў пачнуць узвышацца шматпавярховыя камяніцы. Хадкевіч.
2. Абл. Пра камяністую глебу. Сурвіла «літасціва» дазволіў Леапольду ўзяць сабе пару дзесяцін каля Гушкавай хаты. Гэта была не зямля, а пустэча, страшэнная камяніца. Кудраўцаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кар’е́ра, ‑ы, ж.
1. Высокае становішча ў грамадстве, дасягнутае дзейнасцю ў якой‑н. галіне; вядомасць, слава. Рабіць кар’еру. Бліскучая кар’ера. □ Рыхтэр будзе таксама ўпарты: ад таго, ці выкрые ён падпольную арганізацыю, залежыць яго кар’ера. Мікуліч.
2. Род дзейнасці; прафесія, занятак. Ваенная кар’ера. Артыстычная кар’ера. □ Хлопцы, якія жывуць з Блізнюком у адным пакоі, расказвалі, што Раман, трызнячы кар’ерай філосафа і трыбуна, нават у сне гаворыць свае прамовы... Сабаленка.
[Іт. carriera — жыццёвы шлях.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паса́г, ‑у, м.
Маёмасць, якую давалі бацькі або родзічы маладой, калі тая выходзіла замуж. У таго [Рыгора] дзяцей усяго двое было: сын ды дачка, і ён дачцэ ў пасаг даў дзесяць дзесяцін зямлі. Галавач. Марцін жэніцца на гандляровай дачцэ, бярэ ў пасаг грошы і тут, у горадзе, вялікі дом з лясной крамай. Карпюк. [Міхась:] Але, не ўсе ж на пасаг квапяцца. Вось я таксама з батрачкай жанюся. Козел.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
і́дал, ‑а, м.
1. Статуй, скульптура, якім язычнікі пакланяліся як бажаству. Дзікунскі ідал. □ Не веру ідалам паганым, Што выразаюць разьбяры, Бажкам не веру маляваным, Што мажуць фарбай маляры. Купала.
2. перан. Пра таго, хто з’яўляецца прадметам абажання або нізкапаклонства. Жанчына павінна быць жанчынай, а не муміяй, якая дзеля свайго ідала адраклася ад усяго зямнога. Лобан.
3. Лаянк. Нягоднік. — Жартачкі — сто гусей перадушыў — ідал! Ваданосаў.
[Ад грэч. eidōlon — скульптура, малюнак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збая́цца, збаюся, збаішся, збаіцца; зак., каго-чаго, без дап. і са злучн. «што».
Разм. Пабаяцца, спалохацца. — Я хацеў даплыць да таго берага. — Галынскі кіўнуў галавой у бок алешын. — Пасля зірнуў пад сябе ў ваду, і збаяўся, што не даплыву, і страціў сілы. Галавач. «Ваўкі нападаюць на чалавека, толькі калі гуляюць сваё вяселле. А цяпер жа не піліпаўка, павінны збаяцца чалавека», — стараўся разважаць спакойна Сяргей. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згуртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
1. Аб’яднаць у гурт, наблізіўшы аднаго да другога. Ды і ўсе армейскія коні, відаць, такія. Прывыкаюць да гурту, адзін да аднаго. Магчыма, баі і страхі іх так згуртавалі. Няхай.
2. перан. Аб’яднаць; зрабіць узгодненымі, аднадушнымі чые‑н. дзеянні. Верны, светлы праклала нам партыя шлях, Згуртавала, з’яднала нас воляй адзінай. Танк. Сам таго не заўважыўшы, .. [Мікалай] згуртаваў вакол сябе моладзь. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвятля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. Незак. да прасвятліць.
2. каго. Распаўсюджваць сярод каго‑н. веды, культуру. — Я не студэнт, а толькі вучань вячэрніх тэхнічных курсаў, — запярэчыў Сяргей. — Усё роўна вучоны, а калі так, дык прасвятляй іншых. Гурскі. Старэйшы і самы дасціпны з нас .. быў Хведзька Баброў, кандуктараў сын. Ён прасвятляў нас наконт таго, як [пабудаваны] гэты свет і што ў жыцці самае галоўнае. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рачу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, Р мн. ‑лак; ж.
Памянш.-ласк. да рака; маленькая рака. За горадам да стромкага берагу Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Невялічкая рачулка абгінала крайнюю хату і імкліва несла сваю ваду пад масток на чыгунцы. Федасеенка. Нечакана снег узяўся вадою і нашая Рагазінка — ціхая рачулка-балацянка — да таго расшугалася, што затапіла ўсё балота, аж да самых платоў. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыва́віць, ‑ваўлю, ‑вавіш, ‑вавіць; зак., каго-што.
Разм. Збіць, зраніць да крыві; пакрыць, запэцкаць кроўю. [Тодар:] — А Голавкокавага быў збілі на горкі яблык .. Скрывавілі ўсяго хлопца як мае быць. Крапіва. [Дубіцкі:] — Тады мяне тапталі нагамі, таварыш Кісялёў, мяне скрывавілі да таго, што я не мог ні ляжаць, ні сядзець. Чарнышэвіч. Раненне ў Міколы было не цяжкае — кантузія і некалькі невялікіх асколкаў парвалі пінжак ды скрывавілі плечы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрацава́насць 1, ‑і, ж.
1. Ступень зношанасці інструмента, механізма. Спрацаванасць разцоў.
2. Страта здароўя ад непамернай працы. Амаль ва ўсіх вобразах сялян падкрэслена толькі самае галоўнае: дачасная спрацаванасць, старасць, беднасць. Адамовіч.
спрацава́насць 2, ‑і, ж.
Узгодненасць у працы. [Шулікаў:] — Тут патрэбна спрацаванасць, трэба мець адчуванне рытму, бо саб’ешся з рытму — і замест таго, каб па кастылю ўдарыць, возьмеш ды і стукнеш па малатку свайго напарніка. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)