перагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.
1. з кім. Абмяняцца думкамі аб кім‑, чым‑н., коратка пагаварыць. Перагаварыць з сябрам па тэлефоне. Перагаварыць адзін на адзін. □ Студэнты вылучылі дэлегацыю з пяці чалавек, якім даручана было перагаварыць з рэктарам універсітэта. Галавач.
2. пра што, што і без дап. Пагаварыць з кім‑н. пра ўсё, многае. І хоць шмат чаго перагаварылі яны за той вечар, аднак не ўсё расказаў Павел пра сябе. Пальчэўскі.
3. каго. Разм. Пагаварыць даўжэй, больш за іншых, прымусіць замоўкнуць іншых. Не хацелася сварыцца з Сашам .. — усё роўна, ведала, яго не перагаворыш. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перары́ў, ‑рыву, м.
1. Разрыў, раз’яднанне чаго‑н. на часткі. Перарыў провада. // Месца абрыву, разрыву.
2. Непаслядоўнасць у якой‑н. дзейнасці, працэсе і пад.; пропуск. З таго часу, зімою, з перарывамі, хадзіла многа старых.. у Нёмнаборскую школу за паўвярсты. Чорны.
3. Спыненне (звычайна ненадоўга) дзеяння, развіцця чаго‑н. Гаварыць з перарывамі.
4. Прамежак часу, на які спыняецца дзеянне, развіццё чаго‑н. Словы знікалі ў кулямётным стракатанні, але ў перарывах, у адразу наступіўшай густой цішыні, яны выразна вырываліся, выплывалі знаёмай мелодыяй. Лынькоў. [Ягор:] — Дык назначайце выбары! А то ў мяне будзе перарыў у стажы. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Спець, папець усё, многае. «Прыходзьце ка мне ўсе, Каго я вучыў, каго я лячыў, Каго ратаваў з бяды, З кім я у час франтавы начаваў у хмурым слонімскім лесе, З кім я нямала пераспяваў Вясёлых і сумных песень». Панчанка. Вось яны зараз пасядуць на бярвенне, а потым дзяўчаты пераспяваюць многа песень, а хлопцы параскажуць столькі цікавага і смешнага. Сіпакоў.
2. каго. Спець лепш, прапець даўжэй за каго‑н., перамагчы ў спевах. Пераспяваць вядомага спевака.
пераспява́ць 2, ‑ае.
Незак. да пераспець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паску́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Разм. груб.
1. Пакідаць пасля сябе бруд; гадзіць. Добрая птушка ў сваё гняздо не паскудзіць. Прыказка.
2. што. Брудзіць, пэцкаць; псаваць. Гусі топчуць і паскудзяць густую, сакаўную траву. Сачанка. — Гэта што? Сцены паскудзіць? Казённае памяшканне псаваць? Ці мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць... Лынькоў.
3. перан. Рабіць гадасці, шкодзіць. Верыць людзям — закон нашага жыцця. А нелюдзю, ашуканцу не абавязкова верыць. Яго трэба браць за шкірку адразу, як толькі ён пачне паскудзіць. «Вожык». // Няславіць, ганьбіць, чарніць. Паршывая аўца ўвесь статак паскудзіць. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўднёвы 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да поўдня 1; які знаходзіцца, размяшчаецца на поўдні. Паўднёвы полюс. Паўднёвы горад. □ Яшчэ з вечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў. Колас. Паўднёвы бераг [Дзвіны] больш адхонны, залесены. Асіпенка. // Які дзьме з поўдня (пра вецер). Паўднёвы вецер. // Уласцівы жыхару поўдня. Паўднёвы тэмперамент.
•••
Паўднёвы захад гл. захад.
Паўднёвы ўсход гл. усход.
паўднёвы 2, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і паўдзённы 1. Ідуць часам яны з дзедам, — Месца слаўнае, цяпло, Час паўднёвы прад абедам. Колас. Заснула паўднёвым сном зямля. Ад вялікай спякоты і птушкі не спявалі. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Сашчыпаць усё, многае. Пашчыпаць траву.
2. Шчыпаць некаторы час. Пугач яшчэ трохі патузаўся, пасыкаў, пашчыпаў Ігната за рукаў, а потым, нібы прымірыўшыся са сваім лёсам, падкурчыў касматыя лапы, вытрашчыў жоўтыя вочы і заціх. Ляўданскі. — Пане Лабановіч, — сказаў Язэп Глынскі, — прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань. Колас.
3. перан. Разм. Нанесці некаторыя страты. — Даўно мы не турбавалі фрыцаў на чыгунцы. Яны сталі занадта нахабнымі, пускаюць паязды амаль што па раскладу. Трэба пашчыпаць іх на лініі Мінск — Маладзечна. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смыле́ць, ‑ліць; незак.
1. Балець, пячы (ад апёкаў, раздражнення скуры, ран і пад.). Смылелі папечаныя пальцы, пахла дымам вопратка, аж блажыла; і глыбока-глыбока ныла ў сярэдзіне. Пташнікаў. Стаміўся я. Не слухаюцца ногі. Смыляць, гараць, нібы яны ў агні... Бялевіч. Дубянеюць ногі, смыляць паабдзіраныя аб калючы снег рукі. Грахоўскі.
2. перан. Трывожыць, мучыць (пра душэўны боль). [Ганна:] — Я не крыўдую на цябе, але сэрцу балюча. Смыліць яно, штодня смыліць. Лынькоў. [Гаварушка:] — Ужо і ў мяне душа пачынае смылець. Лобан.
3. Гарэць без полымя, слаба гарэць; тлець. Цьмяна смылеў на камінку гнілаваты корч. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супо́льнік, ‑а, м.
1. Таварыш па сумеснай дзейнасці; паплечнік, аднадумец. [Андрэй:] — Якая ў яго душа? Ці будзе .. [Нікадзім] супольнікам і памочнікам у цяжкую часіну? М. Ткачоў. [Рыгор] быў маўклівы і як быццам нелюдзімы, але я адразу адгадаў у ім супольніка па думках. Краўчанка.
2. Саўдзельнік, хаўруснік у якіх‑н. непрыгожых справах, злачынстве. На другім возе .. сядзіць разам з бацькам яго .. прыяцель, супольнік ва ўсіх шкодах, Хведзька. Мележ. [Антон:] — Але навошта ж Вукаты ўтоіў жыта? Сабе? Дык людзі малоцяць, усё ведаюць, нікуды не сплавіш. Ці, можа, яны тут усе супольнікі, у адным хаўрусе? Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапята́цца, ‑пячуся, ‑печашся, ‑пачацца; незак.
1. Тое, што і трапятаць (у 1, 2 знач.). Пушысты звярок трапятаўся ў яго руках, бо хлапец, мусіць, душыў яго за горла. Самуйлёнак. У руках [Нічыпар] нёс кацялок з плоткамі. Яны трапяталіся ў вадзе, плёхаліся, як малыя дзеці. Баранавых.
2. перан. Старацца, намагацца рабіць што‑н. [Карызна] трапечацца, напінаецца ў адчайных патугах, і яму часам нібы ўдаецца на момант расхінуць праклятае вязьмо. Зарэцкі. // Супраціўляцца. Глядзіць Грамабой, як нудзіцца Яначка .. Няхай натоміцца Яначка, лягчэй тады Грамабою будзе ўзяць яго сваімі заграбастымі рукамі. Не так трапятацца будзе. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., што.
Разм.
1. Ускапаць, узадраць, узламаць паверхню чаго‑н. Свінні ўзвярнулі двор. Вецер узвярнуў страху. // Узараць. Але ж хіба не ён [Станіслаў Пракопавіч] узвярнуў увосень усё Лавацкае поле і той клін пад Гальдорадай, што ад вайны можа ўспорваўся які раз ці два і выганам стаў? Пташнікаў.
2. Узваліць што‑н. цяжкае, грувасткае на верх чаго‑н. Узвярнуць бярвенне на платформу вагона. Узвярнуць паклажу на плечы.
3. перан. Прыпісаць каму‑н. чужую віну, незаслужана абвінаваціць. [Аляксей:] — Невядома, што там у .. [брата з камендантам] было, аб чым яны дамовіліся, але ўсю бяду ўзвярнулі на мяне. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)