натхні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Выклікаць натхненне, творчы ўздым. // Выклікаць, абудзіць, навеяць што‑н. (пачуцці, думкі і пад.); прымусіць прасякнуцца чым‑н. І ты будзеш, як матку, любіць Словы тыя, якія натхніў Гэты шорах і стукат рабін Пад вятрамі загадкавых ніў! Куляшоў.
2. Выклікаць душэўны ўздым, заахвоціць да якіх‑н. дзеянняў. [Слова] здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг. Юрэвіч. Першамайскія падарункі Радзіме яшчэ больш натхнілі дружны шахцёрскі калектыў. Кулакоўскі. Лазавенка пасылаў.. [на будоўлю] лепшых людзей і лічыў, што яны павінны натхніць, пацягнуць за сабой усіх астатніх. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неперабо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які не вылучаецца пераборлівасцю, строгасцю ў выбары; які нічым не грэбуе. [Надзея:] — На яду .. [дзеці] непераборлівыя; будзе цяпло, а скарынка хлеба ды бульбіна заўсёды знойдуцца, — і вырастуць. Кірэйчык. Я .. [маці] мала дакучаў, быў непераборлівы на харч, мала плакаў і больш спаў. Астрэйка. // Непатрабавальны (аб раслінах, жывёлах). Ласі здольны жыць не толькі на поўначы, але і ў розных кліматычных умовах. На корм яны вельмі непераборлівыя. В. Вольскі. З усіх збожжавых культур авёс — самы непераборлівы, расце на тых палетках, дзе ніякія іншыя культуры не маглі даць нават сярэдняга ўраджаю. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
1. Сабраць за некалькі прыёмаў у нейкай колькасці. Назбіраць грыбоў. Назбіраць кветак. □ Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч. Я назбіраў галля, расклаў агонь. Шамякін.
2. Склікаць або прымусіць сабрацца ў адно месца для арганізацыі чаго‑н. [Максім:] — Ну, калі .. [дзед Талаш] управіўся народу назбіраць і трапіць [з атрадам] аж у Ганусы? Колас.
3. Паступова збіраючы або адкладваючы, назапасіць значную колькасць чаго‑н. Вось хцівец грош[ай] многа З працэнтаў назбіраў. Купала. Дырэктарка старалася паказаць мне ўсё тое багацце, якога яны назбіралі за апошні час. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Спець, папець усё, многае. «Прыходзьце ка мне ўсе, Каго я вучыў, каго я лячыў, Каго ратаваў з бяды, З кім я у час франтавы начаваў у хмурым слонімскім лесе, З кім я нямала пераспяваў Вясёлых і сумных песень». Панчанка. Вось яны зараз пасядуць на бярвенне, а потым дзяўчаты пераспяваюць многа песень, а хлопцы параскажуць столькі цікавага і смешнага. Сіпакоў.
2. каго. Спець лепш, прапець даўжэй за каго‑н., перамагчы ў спевах. Пераспяваць вядомага спевака.
пераспява́ць 2, ‑ае.
Незак. да пераспець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прадыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
1. Голасна прачытаць або сказаць што‑н. для таго, каб той, хто слухае, запісаў. Дырэктар прадыктаваў яшчэ некалькі сказаў, уважліва праверыў напісанае Віцем. — Усё правільна, — сказаў ён. Нядзведскі.
2. перан. Прадпісаць што‑н. для безагаворачнага выканання; загадаць. Прадыктаваць умовы міру. // чым (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.) Абумовіць. Уступкі вязням, на якія пайшла турэмная адміністрацыя, прадыктаваны былі толькі страхам перад націскам міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Брыль. Усякія палітычныя рашэнні, калі яны не прадыктаваны аб’ектыўнымі патрэбнасцямі жыцця, спасцігае сумны лёс выдаткаў грамадскага жыцця. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.
1. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Людміла Сяргееўна паглядзела на неба і ціхенька праспявала: «Колькі ў небе зор...» Радкевіч. // Вымавіць нараспеў. — Гэта вы, таварыш галоўны архітэктар? — з насмешлівым какецтвам праспяваў жаночы голас. Карпаў. — А гэты чараўнік, Полечка, якраз у мяне і сядзіць, — праспявала Вікторыя Аркадзеўна. Паслядовіч. // Утварыць пявучыя гукі. Трэція пеўні праспявалі, калі яны леглі спаць. Гурскі. Прыгожа праспяваў ражок стрэлачніка. Васілёнак.
2. Спяваць некаторы час. Ноч перад тым, як пакінуць Дзяляцічы, амаль усю праспявалі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прына́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прынадзіць.
2. Тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады. Колас. // Тое, што прыцягвае, прываблівае. Высокі ясень — прынада для птушак, і яны ляцяць з-за канала, з лясных і балотных гушчынь. Пестрак. [Гунава:] — Я гатовы паручыцца галавой, што праз гадзіну .. [салдаты] будуць тут. Х-хэ! Дымок над страхой — нядрэнная прынада. Самуйлёнак. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытушы́ць, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.
1. Трохі збавіць, аслабіць (святло, агонь і пад.). Прытушыць лямпу. □ [Сухоцкі] звярнуў на прасёлак і, прытушыўшы фары, паехаў у бок Ядліны. Курто. // у перан. ужыв. Зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Быкаў.
2. Разм. Затушыць, загасіць. Бацька трохі пакурыў, потым прытушыў недакурак, паклаў на трухлявы пянёк — эканоміў курыва. Масарэнка.
3. перан. Аслабіць, стрымаць. — Але чаму яны засталіся? — каб неяк прытушыць Шарэйкаву гарачнасць, спытаў Зазыба. Чыгрынаў. — А мне не спадабалася! — усміхнуўся ён аднымі вачамі і тут жа прытушыў ўсмешку. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыцягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.
1. Наблізіцца да чаго‑н. сілаю прыцяжэння, магнетызму. Цвік прыцягнуўся да магніта.
2. Разм. Рухаючыся з цяжкасцю, павольна, прыйсці куды‑н. [Шкірман] трапіў пад Уманню ў акружэнне, але, пераапрануўшыся ў цывільнае, у лагер не трапіў, прыцягнуўся дадому. Навуменка. // Разм. неадабр. Заявіцца куды‑н. без запрашэння, самавольна. — От валацугі, пярун бы іх пабіў! Чаго яны сюды прыцягнуліся, — кляла Міроніха, уваходзячы ў хату. Гурскі. — Нюрка, ухажор прыйшоў! — Нюрка.. высунула галаву з-за печы. — Ну, чаго прыцягнуўся? — запыталася яна, але ў яе голасе не чулася злосці. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пухі́р, ‑а, м.
1. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння, укусу і пад.). На далонях ускочылі і палопаліся вадзяныя пухіры. Грахоўскі. [Мароз:] — Не быў жа я такі, не было ў мяне гэтай мяшчанскай далікатнай скуры, на якой ад дотыку крапівы ўсхопліваюцца пухіры. Лобан.
2. Тое, што і пузыр (у 1 знач.). Пачуць ён хоча голас мужны, Махнуць рукой на цёмны вір, Бо ў ім ты — бурбалка-пухір, Пакуль пануе звон ланцужны. Колас. Хваля.. разбіваецца з шумам, уся ў белых пухірах, якія растаюць у момант, і цяпер там, дзе былі яны, блакітны вір вады. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)