прані́клівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які глыбока і правільна разгадвае, разумее што‑н.; здагадлівы, прадбачлівы. Потым заўсёды праніклівыя і здагадлівыя дзяўчаты нечакана абвясцілі, што Шапятовіч ажаніўся. Шамякін. Праніклівы Ёсіп прадчуваў нешта нядобрае ў адначаснай грубасці і гэтай іранічнай ласкавасці Аніса. Дуброўскі. // Назіральны, пільны, дапытлівы (пра вочы, погляд і пад.). Вочы праніклівыя. Здаецца, яны бачаць навылёт. Сабаленка. Цяжкім праніклівым позіркам Аляксей зірнуў на сержанта і чамусьці паверыў, што ён не падвядзе. Мележ.

2. Вельмі моцны, які быццам пранікае ўнутр. Пераскокваючы з каменя на камень, яшчэ журчалі гаманлівыя талыя раўчукі, сырая зямля абдавала праніклівай стынню. Ракітны.

3. Які змяшчае ў сабе глыбіню пачуццяў, праўдзівы, шчыры. Глыбокім веданнем сялянскага жыцця напоўнены праніклівыя радкі Каліноўскага аб рэкрутах. Лушчыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывя́занасць, ‑і, ж.

Пачуццё блізкасці, заснаванае на сімпатыі, адданасці каму‑н. Аўгіня, на злосць Васілю, .. дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Колас. Яшчэ мацнейшай станавілася яго прывязанасць да Уладзіка, усё сваё пачуццё Андрыян аддаваў яму. Марціновіч. Любоў да беларускай зямлі, замілаванне і прывязанасць да народа, сярод якога збіральнік [М. Федароўскі] пражыў столькі гадоў, засталіся ў яго душы назаўсёды. Саламевіч. // Цяга, схільнасць да чаго‑н. [Вялічка] бачыў, што ўсе едуць дадому і слова «дом» — гэта для іх усё тое, аб чым ён цяпер сумаваў і чаго не мае, бо там ёсць толькі бацькава магіла і прывязанасць душы і сэрца. Чорны. Прывязанасць да рэалістычна-канкрэтнага праўдападабенства ў паказе жыцця, такім чынам, не дазволіла Багдановічу зразумець усё наватарства ў форме «Адвечнай песні». Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сканцэнтрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Сабраць, згрупаваць у адным якім‑н. месцы. Сканцэнтраваць на малацільных таках пажарную тэхніку. □ [Бярозін:] — Загадваю сканцэнтраваць сілы вашых брыгад у раёне навасёлкаўскай грэблі і сёння ў дваццаць чатыры нуль-нуль распачаць прарыў у кірунку Навасёлак. Шчарбатаў. // Скіраваць у адно месца (пра ўдар, націск і пад.). У дваццатых чыслах красавіка, раніцою на світанні, гулка загрукацелі чырвоныя батарэя, сканцэнтраваўшы агонь на польскіх пазіцыях. Колас. // Увасобіць, змясціць у сабе. Напластоўваючы вобразы, каб сканцэнтраваць сутнасць рэальных фактаў жыцця Антанюка, .. пісьменнік ідзе дарогай, што вядзе да эстэтычнага ідэалу. «Полымя».

2. перан. Скіраваць на што‑н. (увагу, думку і пад.). Усю ўвагу [Ваня] сканцэнтраваў на прылізаным чалавеку, што сядзеў каля акна. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сма́га, ‑і, ДМ смазе, ж.

1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.

2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.

3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.

•••

Сагнаць смагу гл. сагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супраціўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. супраціўляцца (у 1 знач.).

2. Уласцівасць. здольнасць целаў супрацьдзейнічаць якім‑н. зменам, уздзеянням. Электрычнае супраціўленне. □ У медзі супраціўленне крыху большае, у жалеза яно ўзрастае ўжо ў некалькі разоў. Чаркасаў.

3. Спец. Элемент электрычнага ланцуга, які дазваляе рэгуляваць сілу току ў ланцугу. У першыя дні ляснога жыцця не раз бывала, што не толькі радавыя партызаны, але і камандзіры з пакутным непакоем паглядалі на раскіданыя па сасновым стале дэталі, лямпы і гнёзды, кандэнсатары і супраціўленні. Паслядовіч.

•••

Пастаяннае супраціўленне (уст.) — рэзістар.

Супраціўленне матэрыялаў — а) здольнасць матэрыялаў супрацьдзейнічаць змене іх формы; б) навука пра трываласць і віды дэфармацыі матэрыялаў і элемента канструкцый машын і збудаванняў.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарма́цыя, ‑і, ж.

1. Пэўная ступень, стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, якая характарызуецца ўласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці і адпаведнай гэтаму спосабу надбудовай. Заслуга Маркса ў распрацоўцы тэорыі навуковага камунізма заключаецца ў тым, што ён даў характарыстыку асноўных рыс камуністычнага грамадства. Ён упершыню паказаў, што сацыялізм і камунізм уяўляюць сабою не розныя грамадска-эканамічныя фармацыі, а толькі дзве фазы аднаго і таго ж камуністычнага грамадства, заснаванага на адным і тым жа спосабе вытворчасці. Лушчыцкі. Калгасны лад выхаваў селяніна новай фармацыі, вывеў яго на шырокую арэну грамадскага жыцця. «Звязда».

2. Спец. Комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння. Юрская фармацыя.

3. Спец. Раслінныя згрупаванні, якія характарызуюцца адным або некалькімі агульна-біялагічнымі відамі.

[Лац. formatio — утварэнне, від.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

План1 ’чарцёж — памяншальны выгляд мясцовасці, прадмета на плоскасці’ (ТСБМ, Яруш., Шат.), ’прысядзібны ўчастак калгасніка, надзел, сядзіба, зямля пры хаце’ (гом., ЛА, 3; Мат. Гом.; Ян.; свісл., Сл. рэг. лекс.; ветк., рэчыц., нясвіж., слаўг., Яшк.), ’незабудаваны ўчастак зямлі ў межах вёскі, які належыць аднаму гаспадару, пляц’ (Нар. сл.), пла́нік ’тс’ (жлоб., ЛА, 3), плян ’тс’ (Яруш.), план ’агарод’ (ветк., ЛА, 2), план ’зямля былога сталыпінскага хутара’ (Яшк.). З рус. ці польск. моў, у якіх — з франц. plan ’плоскасць’ ці з ням. Plan ’паверхня’, апошнія ўзыходзяць да с.-лац. plānum ’роўнае месца, раўніна, плоскасць’ (Фасмер, 3, 273; Махэк₂, 454; Банькоўскі, 2, 597, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж швянч. плано́к ’узор для ткання’ (Сл. ПЗБ).

План2 ’праграма заданняў і прац’, ’парадак, паслядоўнасць, сістэма’ (ТСБМ), ’жыццёвы парадак, спосаб грамадскага жыцця’ (ТС). Праз польск. plan ’план, расклад, праграма’ (ужо ў А. Міцкевіча), а таксама старыя plant, piania, ці рус. план ’тс’ з ням. Plan ’задума, мэта’, якое ў XVIII ст. было запазычана ў франц. мову (plan ’задума, праект, план’ для plant ’саджанец, флянс’ > ’гадавальнік’ як ’нешта задуманае, выдуманае’, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж жыт. планаваць з пераносным значэннем ’абмяркоўваць (пра старога, які ідзе і размаўляе сам з сабою)’ (Мат. Гом.) < польск. planować ’меркаваць, будаваць планы’ (Кюнэ, Poln., 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адраджэ́нне, ‑я, н.

1. Абуджэнне да новага жыцця; аднаўленне пасля перыяду разбурэння, заняпаду і пад. Мікалай усёй сваёй істотай адчуваў вясенняе адраджэнне. Дамашэвіч. З другой паловы XIX стагоддзя амаль адначасова пачалося адраджэнне ўкраінскай і беларускай пісьменнасці ва ўмовах царскага самадзяржаўя і развіцця капіталістычных адносін. Юргелевіч. У кароткіх і простых словах расказаў Сцёпка сходу аб задачах эканамічнага адраджэння краіны. Колас. // Аднаўленне, адбудова чаго‑н. знішчанага, разбуранага. Пасляваеннае адраджэнне завода. □ А нам варта было б з зялёнага дрэва, як з лёгкай рукі, і пачынаць адраджэнне свайго калгаса. Кулакоўскі.

2. (з вялікай літары). Перыяд у культурным і ідэалагічным развіцці раду краін Еўропы, які наступіў пасля сярэдневяковага застою, з зараджэннем капіталістычных адносін, і адзначаны росквітам навук і мастацтваў; Рэнесанс. Простая беларуская сялянка нагадвала партрэты жанчын італьянскіх майстроў часоў Адраджэння. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імкне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. імкнуцца (у 1 знач.). Не ўстоіць на месцы Пятрок, Яму трэба рух і імкненне. Колас. Зноў вясна адрадзіла імкненні Да бурлівых і радасных сноў. Багун.

2. Настойлівая цяга, парыў, рашучая мэтанакіраванасць да чаго‑н. Імкненне к подзвігу жыло ў душы Савы, і таму ён так высока ацаніў Андрэя за яго ўчынак з дзедам. Пестрак. А сэнс жыцця якраз і заключаецца ў яго няспыннасці, у поступу да лепшага, найдасканалейшага, у яго нястомным імкненні да хараства. Карпаў. // звычайна мн. (імкне́нні, ‑яў). Намеры, жаданні. [Аленка] уся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы. Колас. [Бондар] усё роўна не патрапіў бы выказаць словамі сваіх пачуццяў і сам толькі туманна разумеў прычыны сваіх імкненняў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

існава́ць, існую, існуеш, існуе; незак.

1. Быць у наяўнасці; мецца. Перастаць існаваць. □ Гэта была самая найкарацейшая сцежка, каб прайсці лес, і існавала яна тут здаўн[а]. Чорны. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. // Служыць для якой‑н. мэты. Правілы існуюць для таго, каб іх выконвалі.

2. Быць жывым; жыць (у 1 знач.). — Жывеш? — Як бачыш, рухаюся, існую. А ты? — Дыхаю. Значыцца, таксама існую... Лынькоў. // чым і на што. Здабываць сродкі для жыцця якім‑н. чынам. Існаваць на сродкі бацькоў. // Жыць няпоўным жыццём, без радасці, без задавальнення. Калі бяссоннымі начамі Ля вокан сцежак не таптаў, — Хоць ты і быў тут, поруч з намі, Ты ўсё ж не жыў, а — існаваў. Рудкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)