губі́ць, гублю, губіш, губіць; незак., каго-што.
1. Нішчыць, псаваць, рабіць непрыгодным. Ад лясоў, як даведаўся Петрык, і клімат робіцца мякчэйшым, і знікаюць засухі, што губяць пасевы. Якімовіч. // перан. Дарэмна, бязмэтна траціць (час, сродкі, сілы і пад.). Нашто губіць век малады І траціць леты без карысці? Колас.
2. Зводзіць са свету, забіваць. Воўк пад дубам скалазубы — Ажно страх — Варана патрошыць, губіць У кустах. Шушкевіч. // перан. Рабіць няшчасным, пазбаўляць нармальнага жыцця. [Марыля:] Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе гэтай гульнёй непатрэбнай. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць да канца ці да якога‑н. месца. Хата дагарэла. Адна абкураная печ сіратліва стаяла на вогнішчы. Шамякін. Вэня.. трымаў рукі ў саломе, пакуль запалка не дагарэла да пальцаў. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Перастаць свяціцца; патухнуць. А зара як дагарыць, Усё звоняць камары. Танк.
3. перан. Зачахнуць, памерці. Увосень здароўе Зосі вельмі пагоршылася, і яна дагарэла, як свечка, на віду ў любага чалавека. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зве́сціся, звядуся, звядзешся, звядзецца; звядзёмся, зведзяцеся; зак.
1. Перастаць існаваць; знікнуць. Раней тут коз было багата... Ды тая плойма ўся звялася, Так перадохла яна марна. Колас.
2. Страціць сілы, пахудзець. Звёўся чалавек. Не толькі якой працы, і пашпарта яму не давалі, цураліся яго, дурным празвалі. Гарэцкі.
3. да чаго. Абмежавацца, скараціцца; выразіцца ў чым‑н. нязначным, малым і пад. Звялася работа следчага, па сутнасці, да выканання чыста фармальных працэдур — збору прадугледжаных судаводствам дакументаў. Мехаў.
•••
Звесціся на нішто — страціць усякі сэнс, значэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць; зак.
1. што. Доўга або ў нязручнай паставе седзячы, давесці да здранцвення якую‑н. частку цела. Адседзець нагу.
2. Прабыць, праседзець нейкі час дзесьці. [Эма] скардзілася, што ёй цяжка, што.. [Іван] не памагае ў хатняй рабоце. А яму хіба лёгка было? Яна ж адседзіць, адбалбоча .. восем гадзін, і ўсё, які там цяжар. Марціновіч.
3. Адбываючы пакаранне, прабыць які‑н. тэрмін у турме. Я. Колас за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і рэвалюцыйныя творы адседзеў тры гады ў ліпскім астрозе. Казека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.
1. Адкалоць, аддзяліць (трэску, лучыну). Толькі ў Мажэйкі куля адшчапіла ў аўтамаце кавалак прыклада, а ў Салаўёва быў прастрэлены рукаў. Шахавец. Маланка адшчапіла .. ніжнюю галіну, і яна павісла ўздоўж камля. Шамякін.
2. Адкрыць, адкінуць (кручок, зашчапку). [Мужчына] адшчапіў кручкі, піхнуў на двор абедзве рамы акна і высадзіў, ледзь не пад дождж, сваю лысіну. Брыль. Ігнась адшчапіў і ўважна агледзеў цёмныя сенцы без столі. Мурашка.
3. Адшпіліць, зняць прышчэпленае. Дзямід Сыч падышоў да Шайтана і адшчапіў карабін. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бля́клы, ‑ая, ‑ае.
Які страціў яркасць фарбаў, афарбоўкі; няяркі. [Шапка] была зашмальцаваная, з аколышам невыразнага, бляклага колеру. Хадкевіч. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка. Быкаў. Неба было халоднае, бляклае, быццам нехта сінькі капнуў у яго і яна тонка-тонка распусцілася па ўсім купале. Лобан. // Які страціў свежасць; вялы; бледны. Аднастайны ландшафт. Выгаралыя на сонцы светла-жоўтага колеру бляклыя травы. Сяргейчык. // перан. Без бляску, без румянцу; бледны, выцвілы. Бляклы твар. □ У вачах Тосі — бляклых і змрочных — адбіўся спалох. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
1. Разм. Адчуваць сябе нядужым, хворым; крактаць, стагнаць. Лячылі .. [сваццю] там і ўсякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. Кулакоўскі. — Ты сам ведаеш, хварэлі ўсю вясну, цяпер толькі на ногі сталі. Ды і то яшчэ меншае кволіцца. Лынькоў.
2. Абл. Жаліцца на нездароўе, болі ў чым‑н. Чалавек ён не вельмі дужага здароўя, але ж ніколі і ні на што не кволіўся. Сабаленка. У дзяцінстве [Дзяніс] кволіўся на ногі. Нібыта раматус быў. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
магу́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць магутнага (у 2, 3 знач.); вялікая сіла, моц. Магутнасць дзяржавы. Магутнасць арміі. □ Сталіца! Магутнасць твая незлічона. Броўка.
2. Спец. Таўшчыня пласта (мінералаў, паветра, вады і пад.). Магутнасць тарфянога залежу. Магутнасць пласта калійнай руды. Магутнасць атмасферы.
3. Спец. Велічыня, якая паказвае адносіны работы да часу, на працягу якога яна выканана. Магутнасць рухавіка. Магутнасць электрастанцыі.
4. толькі мн. (магу́тнасці, ‑ей). Вытворчыя аб’екты (заводы, машыны і пад.). Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не дасягнуў спеласці, не з’яўляецца спелым. Мы патрапілі на .. імхі з няспелымі чырвона-белымі журавінамі. Бядуля. Дыхнуў ветрык, і ціха загаманілі няспелыя каласкі. Федасеенка.
2. перан. Які не дасягнуў поўнага развіцця, сталасці. Даруйце ім іхнюю віну, старыя дубы, — яна ад маладой крыві і няспелага розуму. Навуменка. // Які сведчыць аб нявопытнасці, недастатковым майстэрстве; недасканалы. Няспелая думка. □ Пасля вайны, вярнуўшыся дахаты, Хто-небудзь, можа, знойдзецца такі, Хто роднай Беларусі ў часе свята Аддасць мае няспелыя радкі. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўва́жлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому не ўласціва неабходная ўвага; рассеяны. Няўважлівы вучань. □ Як і заўсёды, першай размову пачынае Тася. Але сёння яна на дзіва разгубленая і няўважлівая да заняткаў. Гарбук. // Які робіцца без увагі. Няўважлівае чытанне.
2. Які не выказвае ўвагі да каго‑, чаго‑н.; няветлівы. [Мікола] папракаў сябе, што быў такі няўважлівы да жонкі. Новікаў. — Тут госці, а ты за газету ўхапіўся. Нясі настойку. — І то праўда. Ах, няўважлівы. Ткачоў.
3. Такі, што не можа быць прыняты да ўвагі. Няўважлівыя прычыны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)