адка́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Чалавек, на якога ўскладаецца адказнасць; які нясе адказнасць за каго‑, што‑н. Адказны рэдактар. Адказны дзяжурны. / у знач. наз. адка́зны, ‑ага, м.; адка́зная, ‑ай, ж. Адказны за вечар. □ І кім жа яны, і чаму ж яны Так бязлітасна перагружаны? Не адказныя, не начальнікі, А пакутнікі-сумяшчальнікі. Крапіва. Адна з.. [жанчын], самая старэйшая ўзростам, Гарпіна, была вызначана адказнай за даенне і размеркаванне малака. Галавач. // Звязаны з разуменнем важнасці чаго‑н., гатоўнасці адказваць за каго‑, што‑н. Адказныя адносіны да справы.
2. Надзвычай важны, значны. Адказная работа. Адказная задача. Адказнае даручэнне. Адказная роля. Адказная пасада.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адклі́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Адказаць на чый‑н. зварот, кліч; адазвацца, адгукнуцца. Затрашчала галлё — пранёсся водгук. Толькі пташкі адклікнуліся! Гартны. // Падаць пра сябе вестку. Колькі ні пісалі, а ён [лётчык] не адклікнуўся. Дайліда. // Прагучаць у адказ; адазвацца адгалоскам. Горы адклікнуліся рэхам.
2. Выявіць пэўным чынам свае адносіны да чаго‑н. Горача адклікнуліся камуністы на ленінскі наказ. // Выказаць спачуванне, гатоўнасць садзейнічаць чаму‑н.
3. Абудзіцца, выявіцца пад уплывам чаго‑н. (пра ўспаміны, пачуцці). Чыё можа сэрца адклікнуцца песняй, Дастойнай тваёй маладосці пачэснай? Глебка. — Ой, што ты робіш! — сказала.. [дзяўчына], і ў маім сэрцы адклікнуўся яе звонкі, нейкі гуллівы голас. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпаве́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Патрэбны, які падыходзіць для дадзенага выпадку. Палкоўнік у адпаведных месцах усміхаўся, .. часам нават у знак згоды злёгку ківаў галавой. Лынькоў. [Марыне Паўлаўне], відаць, .. [цяжка] было знайсці адпаведны тон — яна баялася, каб не раззлаваць.. [Карызну]. Зарэцкі.
2. Які адпавядае чаму‑н. Як вядома, многія словы ў беларускай мове адрозніваюцца паміж сабою толькі па цвёрдасці або мяккасці адпаведных зычных. Юргелевіч. На адпаведных паваротах рэчкі, паміж двума радамі чароту паказалася святло фараў. Брыль. // Які вынікае з чаго‑н. папярэдняга. Пленум прыняў па дакладзе адпаведную пастанову. □ Сцёпка замяўся, а стрэлачнік атакаваў яго яшчэ больш энергічна, зрабіўшы з гэтага адпаведны вывад. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
азна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
1. Зак. да азначаць (у 1 знач.).
2. Ахарактарызаваць што‑н., вызначыць. Віктар не мог знайсці тое слова, якім бы ён мог азначыць свае адносіны да Паўла. Гроднеў. [Міхайлаў:] — Поступ міру — вось як азначыў бы я цяперашнія дні. Карпаў.
3. Паказаць кірунак, шлях каму‑, чаму‑н. Жартуе [Смалячкоў:] «Пайду і азначу шлях, Такі, каб хутчэй Прывёў да разгрому [фашыстаў]». Броўка. // Вылучыць на фоне чаго‑н. [Васіль] не зачыніў варот, і шэрань знадворку азначыла падмецены ток з горкай мякіны ў кутку. Мележ.
4. Абумовіць сабой, прадвызначыць. Перамога Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі азначыла сабой найвялікшы паварот у гісторыі чалавецтва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акруглі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Зрабіць круглым; падаць чаму‑н. акруглую форму. Далёкія кусты ў тонкім прыцемку раскупчасціліся, акруглілі свае абрысы і ў гордасці сваёй ядлаўцовай застылі перад адзінокай вярбою. Чорны. // Зрабіць больш кампактным. Невядома, што будзе далей з арэндаю, бо скарб хоча пусціць гэтую зямлю на замену з сялянамі на канцы вясковых шнуроў, якія падыходзяць або ўкліняюцца ў скарбовы лес, каб такім чынам акругліць княжацкія ўладанні. Колас. // перан. Разм. Надаць закончаны выгляд (думцы, фразе і пад.).
2. Выразіць у круглых лічбах. Акругліць дзесятковы дроб.
3. перан. Разм. Давесці да значных памераў; павялічыць. Акругліць суму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крамо́ла, ‑ы, ж.
1. Уст. Дзяржаўная змова, мяцеж, бунт. [Ганецкі:] Не гарачыся, трэба высачыць, з кім бунтаўшчыкі больш у вёсцы звязаны, каб з каранямі знішчыць крамолу. Козел. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу. Мальдзіс.
2. перан. Разм. Погляды, выказванні, ўчынкі, якія супярэчаць агульнапрынятым нормам паводзін, устаноўленаму парадку. — Паколькі вы самі, ды і ўсе дэлегаты не ўбачылі ў маёй прамове ніякай крамолы, я буду гаварыць далей. Лынькоў. — Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
налаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. з інф., чым, чаму і без дап. Набыць навык, спрыт у якой‑н. справе; навучыцца рабіць што‑н. Палонны найбольш трапляў гаварыць па-польску, але за год налаўчыўся ўжо крыху і па-тутэйшаму. Чорны. З дзіцячых гадоў яшчэ Павел палюбіў лыжы.. А калі пасталеў, ён так налаўчыўся хадзіць на іх, што рэдка хто мог яго абагнаць. Шахавец. [Язэп] не налаўчыўся яшчэ працаваць адной рукой, таму нават адзяваўся марудна, злаваў на сваё няўмельства. Асіпенка.
2. без дап. Разм. Злаўчыцца, прылаўчыцца. Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́цькаўшчына, ‑ы, ж.
1. Для кожнага чалавека краіна, дзе ён нарадзіўся, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. Працоўныя справы і духоўныя імкненні беларуса — родныя ўсім народам сацыялістычнай бацькаўшчыны. Лужанін. Паволі разыходзіліся салдаты, поўныя дум пра лёс сваёй бацькаўшчыны, сем’яў, пра сваё асабістае жыццё. Гурскі.
2. Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто‑н. — Якая прыгожая Асінаўка! — заўважыла Маша. — Бацькаўшчына твая, а ты не хацеў сюды ехаць. Гроднеў. // Месца, дзе што‑н. значнае адбылося, дало чаму‑н. важнаму пачатак. Савецкі Саюз — бацькаўшчына сацыялістычнай рэвалюцыі.
3. Набытак бацькі, спадчынная маёмасць. [Пракоп сыну:] — Растрасе бацькаўшчыну. Хутка [прагуляе], што нажыў бацька за свой век. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́люс, ‑а, м.
1. Пункт перасячэння з зямной паверхняй уяўнай восі вярчэння Зямлі. Паўночны полюс. // Мясцовасць вакол гэтага пункта. Яшчэ тыдні за два да ад’езду Толева маці пачала збіраць і старанна ўпакоўваць чамаданы, быццам яны адпраўляліся на які Паўночны полюс. Даніленка.
2. Спец. Адзін з двух супрацьлеглых канцоў электрычнага ланцуга. Дадатны полюс. // Адзін з двух супрацьлеглых канцоў магніта або электрамагніта.
3. перан.; звычайна мн. (по́люсы, ‑саў). Што‑н. зусім супрацьлеглае чаму‑н. Міжволі прыгадаўся Іван Леўкін. Дзве славутасці — Леўкін і Задруцкі. Розныя людзі. Розныя душэўныя полюсы. Дадзіёмаў.
•••
Магнітны полюс — пункт зямнога шара, дзе магнітная стрэлка прымае вертыкальнае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пярэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Выказваць нязгоду з кім‑, чым‑н., прыводзіць доказ супраць чаго‑н. Калі Вера спрачалася з Кузьмой адна, тады ў яе хапала і смеласці пярэчыць, і упэўненасці ў сваёй праваце, і важкімі здаваліся аргументы. Дуброўскі. Іван Барай чакаў, што калі той [Кавалёў] пачне пярэчыць, то ў яго запасе ёсць яшчэ аргументы. Чарнышэвіч. Бацька і маці.. не пярэчылі сыну, калі той восенню зноў пачаў збірацца ў дарогу. С. Александровіч.
2. Не адпавядаць чаму‑н., мець у сабе супярэчнасць. Калі Сяргей пачуў ад бацькі, што яго збіраюцца ўзяць на работу ў райком, ён спачатку разгубіўся. Гэта пярэчыла яго планам. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)