сфармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Набыць якую‑н. форму, выгляд у працэсе развіцця; утварыцца. Сцябло сфарміравалася ў ствол. □ Найлепшым прыкладам можа быць так званая Руская платформа .. Пасля таго як яна сфарміравалася, ніводзін з перыядаў гораўтварэння амаль не пакінуў на ёй ніякіх слядоў. Чаркасаў. // Набыць формы, склад цела або духоўнае аблічча дарослага чалавека.

2. Набыць устойлівыя, закончаныя рысы, якасці; скласціся. Беларуская мова сфарміравалася ў перыяд XIV–XV стагоддзяў у межах Літоўскага княства з абласных дыялектаў на тэрыторыі, якую раней займалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Юргелевіч. // Скласціся як тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

3. Арганізавацца, скласціся, стварыцца (пра калектыў, установу і пад.). У студзені 1928 г. сфарміравалася новае літаратурна-творчае аб’яднанне «Полымя». Пшыркоў. // Утварыцца шляхам камплектавання людзьмі і матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). [Камарова] часць толькі што сфарміравалася і спешна рыхтавалася на фронт. Марціновіч.

4. Саставіцца ў выніку счаплення вагонаў. Эшалон сфарміраваўся хутка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

худы́ 1, ‑ая, ‑ое.

З тонкім, сухарлявым целам. — А худы які! — здзівіўся Іван, гледзячы на Міколу. — Чаго так выпетраў? Вобла, а не чалавек. Новікаў. Не захацелася крыўдзіць Чарнова, які, нібы зачараваны, не зводзіў вачэй з худога няўклюднага каня. Васілевіч. // Пра часткі цела. І з усяе шчырасці, колькі быць яе можа ў сына да маткі, цалаваць пачаў яе худыя, сухія рукі. Мурашка. У Леўкіна худы твар, запалыя шчокі, насцярожаныя вочы. Ці можа мне толькі здаецца? Дадзіёмаў.

худы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Разм.

1. Дрэнны. — Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца... Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі... — скардзіўся.. [дзед] часам на сваё няўмельства Міколку. Лынькоў. Паўтары дзесяціны худой зямлі. Яе не большала, а сям’і прыбывала. Таўлай. Маці худое жыта жне і спяшаецца, каб не адстаць ад іншых жанчын, каб хутчэй скончыць сваю палоску. Каваль.

2. Дзіравы; стары. — Хто такі? — спытаў Мсціслаў. — Ваўкалака, — ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. — Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню — з сабою вазьму. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шурпа́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую, з невялікімі няроўнасцямі паверхню. Шурпатыя дошкі. □ [Сцяпан] прыгнуў арэшыну, .. абшастаў рукою лістоту — раз-пораз пальцы намацвалі шурпатыя цвёрдыя каробачкі. Гіль. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да Зоні па тоўстым шурпатым камлі. Адамчык. // Нягладкі, агрубелы (пра скуру, цела, пакрытае такой скурай). А тут шурпатыя Трахімавы пальцы спрытна хапаюць яго за вуха, рыжая з сівізною барада набліжаецца аж да самага Уладзікавага носа і страшна шыпіць. Крапіва. Далонь.. [Надзежды Іванаўны] была шурпатая, мазолістая — жанчына не цуралася любой працы. Шамякін. Гладзіў.. [сына], цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку. Лынькоў. // З густым ворсам (звычайна грубым, калючым). Ночы пад канец лета святлейшыя, пад раніцу халаднавата — не ратуе нават шурпатая даматканая коўдра. Навуменка. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі.. бот. М. Стральцоў.

2. перан. Недапрацаваны, з хібамі, недахопамі. Толькі сэрца зловіць Шчырую прыязнасць у шурпатай мове. Буйло. Войцік прачытаў.. [матэрыял] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Машара. Гаварыў [Міход] ветла, спагадліва, ніводнага шурпатага слоўца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́на, ‑ы, ж.

1. Металічны абруч, нацягнуты на вобад кола, полаза для большай трываласці. — Ого, пры кузні, браце, такі камень надта ж патрэбен — шыны на колы нацягваць. Арочка. Конь тузануўся рыўком: зашаргацелі шыны — сані лёгка пайшлі па лёдзе. Лецка. Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкія, з шырокімі новымі палазамі, акутымі яшчэ ўвосень у калгаснай кузні тоўстай іржавай шынай. Пташнікаў.

2. Суцэльная гумавая пакрышка, абалонка з напоўненай паветрам гумавай камерай, якія надзяваюцца на вобад кола для паляпшэння руху, павелічэння амартызацыі. Гумавыя шыны лёгка скакалі па карэннях, і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.

3. Спец. Прыстасаванне ў выглядзе некалькіх дошчачак і бінтоў або жгутоў для накладвання павязкі, якая забяспечвае нерухомасць пашкоджаных частак цела. Правая нага.. [японца], узятая ў шыны, была падваокана і выцягнута над ложкам. Лынькоў.

4. У электратэхніцы — медны, алюмініевы або стальны праваднік (прамавугольнага ці круглага сячэння), які выкарыстоўваецца для вялікіх токаў.

[Ням. Schiene.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эне́ргія, ‑і, ж.

1. Адна з асноўных уласцівасцей матэрыі — агульная колькасная мера руху і ўзаемадзеяння ўсіх яе відаў. Закон захавання энергіі. □ Дзяленне ядзер урану суправаджаецца выдзяленнем вялікай колькасці энергіі. «Маладосць». // Здольнасць якога‑н. цела, рэчыва і пад. выконваць якую‑н. работу або быць крыніцай той сілы, якая можа выконваць работу. Шмат часу забірала .. вырашэнне такіх пытанняў, як выкарыстанне энергіі марскіх прыліваў і адліваў або атрыманне яе з арктычнага холаду. Шахавец. Невядомых скарбаў і энергій у прыродзе вельмі многа. Бядуля. // Разм. Электрычны ток. Свая электрастанцыя давала энергію. Гурскі.

2. Дзейная сіла, спалучаная з настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. — Аса! аса! — дружна крычалі студэнты, пляскаючы ў далоні і захапляючыся хараством і нястрымнай энергіяй дзяўчыны. Дуброўскі. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Колас.

•••

Ядзерная (атамная) энергія — унутраная энергія атамнага ядра, якая вылучаецца пры ядзерных рэакцыях.

[Ад грэч. enérgeia — дзеянне, дзейнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паха, па́хва, пахва́, драг. похва́, па́хвіна, пахві́на, паховіца, пахво́ ’унутраная частка плечавога выгібу, падпаха’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Дразд., Бум., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’сама рука’ (Нас.), петрык. ’частка рукава ў сарочцы пад пахай’ (Шатал.), ’падуздышная ўпадзіна ў жывёл’ (даўг., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’пасма валасоў, лёну’ (Касп.), пахві́ны ’частка цела ад ног да рэбраў’, па́хі ’крылцы або верхнія лапаткі ў чалавека’ (Нас.), пах ’падпаха’ (Мат. Гом.). Укр. паха́, пахва́ ’тс’, рус. пах, паха́ ’упадзіна’, ’пазуха’, ст.-рус. пахъ ’падуздышная ўпадзіна’, польск. pacha, ’пазуха, падпаха’, pachwina, чэш. pach ’пахвіна’, в.-луж. podrach ’падпаха’, серб.-харв. паху̀љ, па̀хуља ’пучок’, ’пасма’, балг. пах ’тс’. Можна, відаць, дапусціць прасл. paxъ ці paxy (Р. скл. paxъve), якія будуць роднаснымі да ст.-інд. pakṣás ’плячо, бок, палавіна’, pákṣas ’бок’, pājasyám ’брушная поласць’. Аднак некаторыя зах.-слав. формы (чэш. paždí, славац. podpažie, н.-луж. podpaža ’падпаха’) сведчаць пра зыходнае pazь (гл. пазуха), якое з *paz‑duxa, параўн. славен. pázduha, лат. podusē ’падпаха’. Такім чынам, можна гаварыць пра прасл. дублет paxъ/pazъ. Першы з іх узводзіцца да і.-е. *pā̆kʼ‑ (ст.-інд. pāśaḥ ’пятля, сувязь, вяроўка’, pákṣás ’плячо, бок, палавіна’, ст.-англ. foēgan ’звязваць’, ст.-грэч. πέσσω ’умацоўваю’) (Педэрсэн, IF, 5, 49 і 60; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 11), другі да *pāgʼ‑ (лац. compāges ’сувязь, сутык’, pango ’ўмацоўваю’, ст.-грэч. πάγη ’пятля’) (Мартынаў, Слав. акком., 126). Менш імавернымі здаюцца меркаванні Брукнера (389) і (KZ, 43, 309), Мукі (2, 98) пра скарачэнне слова pazuxa ў paxъ. Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск. мовы (Кюнэ, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жар, ‑у, м.

1. Яркае гарачае вуголле без полымя. Жар гарыць, што груда золата. Зарыцкі. Курыловіч.. сунуў чапялу ў печ, адняў ад агню скавараду, падгарнуў свежага жару і ёмка паставіў яе на месца. Дуброўскі.

2. Разм. Гарачыня, спёка. Многа пылу ў летні жар. Колас. // Моцная цеплыня, якая выдзяляецца чым‑н. вельмі гарачым, нагрэтым. — Пуўх-пуўх-пуўх! — трашчыць загнет.., аддаючы гаспадыню дымным жарам. Бядуля. Сасняк лавіў праменняў жар, Сушыў кару. Бялевіч.

3. Разм. Павышаная тэмпература цела пры хваробе. Віця моцна захварэў. Ужо на другі дзень яго кволае цельца спальваў моцны жар. Шамякін. // Гарачы румянец на твары ад хвалявання, сораму і пад. Адчуць жар на шчоках. □ Сілівон заліўся жарам. Лужанін. // Ліхаманкавы стан, выкліканы моцным узрушэннем, хваляваннем, перапалохам. Собіч: зноў пачаў разглядаць квіток, і раптам сэрца яго аблілося ледзяным жарам. Скрыган.

4. перан. Страснасць, уздым, душэўны парыў. Панёс ён людзям песень дар — Агонь душы і сэрца жар, Панёс пяснярскай каляінай. Колас.

•••

Даць (задаць) жару гл. даць.

З жарам — горача, запальчыва (гаварыць, даказваць і пад.).

Паддаць жару гл. паддаць.

Чужымі рукамі жар заграбаць гл. заграбаць.

Як жару ўхапіўшы гл. ухапіўшы.

Як на жары — хвалюючыся, няёмка сябе адчуваючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́бка 1, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Памянш.-ласк. да губа ​1.

•••

Губкі банцікам — пра невялікі, звычайна жаночы, рот з крыху ўзнятай і прыгожа выгнутай верхняй губой.

гу́бка 2, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Мнагаклетачная беспазваночная марская жывёліна тыпу прасцейшых, якая вядзе сядзячы спосаб жыцця.

2. Мяккі, порысты касцяк некаторых відаў гэтых жывёлін, які добра ўбірае вільгаць і выкарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы. // Порыстая мачалка з гумы або іншых матэрыялаў. Мыцца губкай.

гу́бка 3, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Высушанае цела губы-грыба, якое служыць для здабывання агню. Сымон, як злодзей, мех знімае, У хлеў падпал кладзе ў куток, Па скалцы крэсівам чок! чок! І іскру ў губцы раздзімае. Колас.

гу́бка 4, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Уст. Мера асновы, палатна даўжынёй на хатнюю сцяну. Рукі ўжо вядуць несканчона доўгую нітку па бярвенчатай сцяне: на хвіліну спыніўшыся, яны палічаць пасмы і зноў снуюць і снуюць — губка за губкай, губка за губкай. Палтаран. Ішла.. [Хіса] пазычыць у сястры бёрда — скора трэба выткаць кросны губак на восем. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Адхіліцца, адваліцца назад (пра чалавека, пра часткі яго цела). Ільіч весела засмяяўся, аж неяк адкінуўся назад, а потым пасуравеў і нахмурыў бровы, якія сышліся на пераноссі. Гурскі. Максім сядзеў спіной да акна, адкінуўшыся назад, на пачарнелы дубовы падаконнік. Кудравец. // Адваліцца, легчы на спіну. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Хутка перамясціцца, аддаліцца ад чаго‑н. Інстынктыўна, як сядзеў, [Ігнат] адкінуўся яшчэ далей у глыб вагона. Галавач. [Сцяпан:] — Добра, што ў.. [чалавека] якраз граблі на возе былі, то ён стаўпцом.. [сабаку] па лбе стукнуў, дык той адкінуўся, а то парваў бы, з воза б сцягнуў. Крапіва.

2. Раптоўна адчыніцца, адваліцца, адпасці. Рэзка адкінуліся брызентавыя дзверцы ў кузаве. У вочы ўдарыў свет дня. Арабей. // Падняцца, апусціцца, адсунуцца ўбок (пра тое, што закрывае, захінае). Адкінуліся шторы — і ў акне з’явілася постаць.

3. Вярнуцца зноў, аднавіцца (пра хваробу). [Маці:] — З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца. Якімовіч.

4. перан. Перастаць цікавіцца, аддаліцца. І вось Тоня датанцавалася: адкінуўся Косцік, адкінуўся ў найвялікшым сумненні. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)