неразлу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які ніколі не разлучаецца, заўсёды знаходзіцца разам з кім‑н. Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Міхаліна забяжыць па сваю неразлучную сяброўку Джэму Рог ці Джэма па яе, а там глядзіш — выходзяць з двароў дзяўчаты, то адна, то другая. Палтаран. // Які знаходзіцца заўсёды пры кім‑, чым‑н. (аб прадметах). Прыйшоў, накульгваючы пасля ранення, неразлучны са сваім кіёчкам, старшыня калгаса Іван Ануфрыевіч Грабок. Краўчанка. // Які з’яўляецца адным цэлым, адзіным. Магутна, велічна гучыць наш гімн, які спяваюць тыя, для каго ён цяпер неразлучны са словамі воля і шчасце. Брыль. // Які заўсёды звязаны з чым‑н. (аб пачуццях, з’явах). Прыйшло каханне, а разам з ім і яго неразлучныя спадарожнікі: шчасце і пакуты... Васілевіч. [Настаўнік:] — Страх і цемната — неразлучныя прыяцелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; незак.

1. Знаходзіцца ў вагальным руху, ад якога ўтвараюцца хвалі. Навокал аж да самага небасхілу неспакойна хвалявалася свінцовае мора. Бяганская. // перан. Знаходзіцца ў руху, падобным на хваляванне паверхні вады. Калі налятаў вецер, хвалявалася спелая пшаніца. Гурскі. Хвалююцца морам зялёным Ільны на палескім балоце. Калачынскі.

2. Перажываць хваляванне (у 2 знач.); непакоіцца. Седзячы перад сталом старшыні, Якім хваляваўся і не ведаў, як сказаць, чаго прыйшоў. Дуброўскі. Валя думала толькі пра Толю. Як перажывала яна і хвалявалася ўсе гэтыя дні за яго! Якімовіч. Алік хвалюецца. Ён насцярожана глядзіць на суддзю, кусае вусны, скупа і неахвотна адказвае на пытанні. Дадзіёмаў.

3. Выказваць незадаволенасць чым‑н., пратэст супраць чаго‑н. Натоўп хваляваўся на пляцы перад ратушаю. Чорны. Зал хваляваўся, трэба было пачакаць. Нарэшце супакоіўся, выгаварыўся. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́нтыя, ‑і, ж.

1. Доўгая шырокая адзежына ў выглядзе плашча. Манаская мантыя. □ Паліцэйскі прывёў Максіма, і ён заняў месца .. на лаве падсудных.. За сталом — трое суддзяў у чорных мантыях. Машара.

2. Спец. Дзве складкі скуры, якія звешваюцца справа і злева ўніз са спіны некаторых беспазваночных жывёл.

3. Спец. Унутраная сфера Зямлі, якая знаходзіцца паміж зямной карой і ядром Зямлі.

[Грэч. mantia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абсо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. абсох, ‑сохла; зак.

Зрабіцца сухім, высахнуць зверху. Зямля абсохла. На ветры вопратка хутка абсохла. □ [Раман] заўважыў на Асташонку мокрую кашулю і пацікавіўся: — Дзе гэта ты так выкупаўся, што яшчэ не абсох? Ваданосаў. // Высахнуць (пра вадкасць, што знаходзіцца на паверхні чаго‑н.). На аўсе яшчэ не абсохла раса. Крапіва.

•••

Малако на губах не абсохла гл. малако.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́бка 1, ‑і, ДМ рубцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рубіць ​2.

ру́бка 2, ‑і, ДМ рубцы; Р мн. рубак; ж.

1. Надбудоўка на верхняй палубе судна, дзе знаходзяцца пасты кіравання суднам. І ўжо капітаны сапраўднага флоту У рубках стаялі, гатовыя ў рэйс. Калачынскі.

2. Кабіна ў дырыжаблі, дзе знаходзіцца камандзір і размешчаны прылады кіравання.

[Ад гал. roef — каюта.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бі́ржа, ‑ы, ж.

1. У капіталістычных краінах — установа для заключэння фінансавых і гандлёвых здзелак на каштоўныя паперы і тавары. Валютная біржа. Таварная біржа. // Будынак, у якім знаходзіцца гэта ўстанова.

2. Уст. Вулічная стаянка рамізнікаў. — Там ёсць Шпулькевіч, што раміаніцкую біржу як бы трымаў. Чорны.

•••

Біржа працы — пасрэдніцкая ўстанова па найму рабочай сілы.

Чорная біржа — тайны гандаль замежнай валютай.

[Ням. Börse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варо́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі непрыязны, поўны варожасці, нянавісці. Варожыя адносіны. Варожы позірк. □ Лес рабіўся больш і больш непрыхільным, чужым, .. варожым. Колас. // Які знаходзіцца ў стане варожасці. Варожыя класы.

2. Непрыяцельскі. Хутка танкі прарваліся ў варожы тыл. Мележ. Вестка аб акружэнні з хуткасцю маланкі даляцела і да варожай абароны, наганяючы смяртэльны жах і дэзарганізуючы абарону. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздражнёны, ‑ая, ‑ае.

1. Які раздражніўся, стаў хваравітым ад якога‑н. раздражняльніка. Раздражнёная скура.

2. Які знаходзіцца ў стане раздражнення (у 2 знач.). Яшчэ здаецца, што хлопцы злыя і раздражнёныя: гыркаюць адзін на аднаго, пашляюць, чхаюць, шморгаюць насамі. Карпюк. [Надзя:] — Я так тады старалася! .. А вы ўзялі і паехалі.. І Вася прыйшоў раздражнёны, злы. Шашкоў. // Які выяўляе раздражненне. Раздражнёны голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пало́нны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў палоне (у 1 знач.). Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных немцаў. Гурскі. / у знач. наз. пало́нны, ‑ага, м.; пало́нная, ‑ай, ж. Два палонныя, намагаючыся да апошняга, цягнулі пад рукі таварыша, каб не даць яго пад кулю. Брыль. // Захоплены, заняты войскам ворага. Палонны Віцебск. Камера. Астрог. Каменная падлога — не мурог. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нецвяро́зы, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; п’яны. [Маці:] — Аднаго разу позна, папацёмку ўжо, варочаўся.. [кравец] дахаты. А, відаць, нецвярозы быў. Ну і завяла яго сцежка ўбок. Якімовіч. // Характэрны для п’янага чалавека. Адным з грубейшых парушэнняў правы вулічнага руху з’яўляецца кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. «Звязда».

2. перан. Пазбаўлены разумнага падыходу да каго‑, чаго‑н. Нецвярозыя адносіны да падзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)