папулярызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Зрабіць (рабіць) папулярным, даступным што‑н. Папулярызаваць навуковыя вывады.

2. Зрабіць (рабіць) шырока вядомым, распаўсюджаным. Папулярызаваць новы метад. □ Савецкія людзі, дасягнуўшы новага поспеху, імкнуцца папулярызаваць перадавы вопыт, зрабіць яго здабыткам народа. «Беларусь». Слоўнік Вярынды прызначаўся папулярызаваць царкоўнаславянскую мову, занядбаную і незразумелую тагачаснаму насельніцтву Украіны і Беларусі. Шакун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́ліцца, га́люся, га́лішся, га́ліцца; незак., на каго-што.

Разм. Квапіцца на што‑н., імкнуцца завалодаць чым‑н. Галіцца на чужое дабро.

галі́цца, галю́ся, го́лішся, го́ліцца; незак.

1. Галіць сябе; брыцца. [Янукевіч] старанна галіўся і доўга ўціраў далонямі крэм у скуру шчок. Хадкевіч.

2. Не насіць барады і вусоў. Як і некалі, дзядзька Іван не адпускае барады, голіцца. Васілевіч.

3. Зал. да галіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладня́к, ‑у, м.

1. Маладыя жывёлы, птушкі. Яны, пяцікласнікі, узялі шэфства над калгасным маладняком, будуць жарабят даглядаць. Курто.

2. Малады лес. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі.

3. зб. Разм. Маладыя людзі, моладзь. Нас не любяць, нас баяцца Поп кудлаты і кулак, Бо рашыў за працу ўзяцца Камсамольска маладняк. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Імкнуцца, намервацца што‑н. зрабіць. Палашка пазірае на Панаса і хвалюецца, парываецца нешта сказаць і не зусім яшчэ адважылася, каб гаварыць. Галавач. Не раз парываліся Антон з Іванам кінуць вучобу зусім і дапамагаць сястры ў гаспадарцы. Місько. Стары Міклюта двойчы парываўся схапіцца з Міхалам, але Міхал адбягаў, выкручваўся. Сіняўскі.

2. Зал. да парываць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тураві́ць ‘панукваць, падганяць (каня)’ (Касп., Др.-Падб.; рас., Шатал.), ‘прыспешваць, падганяць’ (Ласт.; мёрск., Нар. сл.), тураві́цца ‘спяшацца’ (в.-дзв., рас., Шатал., Рэг. сл. Віц., Сл. ПЗБ), ‘тс’, ‘шавяліцца’ (мёрск., Нар. сл.), турава́ццаімкнуцца, кіравацца’ (Гарэц., Др.-Падб.), турава́нне ‘падганянне, пануканне’ (в.-дзв., Шатал.). Параўн. рус. дыял. ту́ровить ‘падганяць, прыспешваць’, туро́вить ‘тс’, польск. дыял. turovać ‘напіраць, націскаць’. Гл. тура́ць, туры́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

змага́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак.

1. з кім-чым, супраць каго-чаго або без дап. Весці барацьбу, спаборнічаць, супраціўляцца, імкнучыся перамагчы.

З. з ворагамі.

З. з канкурэнтамі.

Жыць і з.

2. з чым, супраць чаго. Імкнуцца знішчыць, выкараніць што-н.

З. з забабонамі.

З. супраць вайны.

3. за што. Дамагацца чаго-н., пераадольваючы перашкоды.

З. за свабоду.

4. з чым і без дап. Уступаць у сутыкненне (пра пачуцці, імкненні).

У ім радасць змагалася з зайздрасцю.

У душы змагаліся два пачуцці.

|| наз. змага́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., з інф., з чым і без дап.

1. Імкнуцца рабіць што‑н. як можна хутчэй; спяшаць. Яны стаялі ўжо ля каліткі дома, дзе кватаравала Рэня. Алёшка спяшаўся дагаварыць: — Я люблю.. Цябе... Цябе я люблю... Лынькоў. Ляснічы няпэўна гмыкнуў. Ён ніколі не спяшаўся з вывадамі. Навуменка. Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі [Агнёва] на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка.

2. Імкнуцца хутчэй ісці, рухацца, хутчэй трапіць куды‑н. Кожны дзень яна спяшаецца да бальшака І, прыклаўшы руку да вачэй, Прагна ўглядаецца на захад .. А яе каханага яшчэ і сёння Не адпускае вайна. Сіпакоў. Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў, Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець. Кірэенка. Алена расшпіляе і зноў зашпіляе ватоўку, перавязвае на галаве хустку і спяшаецца на двор, да сяброўкі Ганны. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смець ‘мець смеласць, права; адважвацца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смети ‘адважыцца, асмеліцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. смі́ти, рус. сметь, польск. śmieć, в.-луж. směć, н.-луж. směś, чэш. smíti, славац. smieť, серб.-харв. смје̏ти, славен. smẹ̑ti, балг. сме́я, макед. смее, ст.-слав. съмѣти. Прасл. *sъměti лічыцца роднасным гоц. mōþs ‘гнеў’, ст.-в.-ням. muot ‘дух, гнеў’, грэч. μῶσθαιімкнуцца’, лац. mōs ‘воля, звычай’, гл. Бернекер, 2, 47; Вальдэ-Гофман, 2, 114; Фасмер, 3, 687–688. Узвядзенне да і.-е. кораня *mē‑ ‘мераць’, як гэта мяркуюць Бернекер (там жа), Ван–Вейк (ZfslPh, 13, 88), Шустар-Шэўц (1318), Фасмер (там жа) лічыць менш прымальным. Супраць Бязлай (3, 270–271), які выказвае нязгоду з вышэйпрыведзенымі індаеўрапейскімі паралелямі, таму што славянскі імперфектыўны дзеяслоў не мог утрымліваць прэфікс *sъ‑. Чоп (SR, 1954, 5–7, 233 і наст.) узводзіць слав. *sъměti да і.-е. *sŭmē‑ з паралелямі ў літ. sūmdau, sumdyti, вал. chwyfio ‘рухацца’, ірл. dosennaim ‘гнаць, паляваць’ з развіццём семантыкі ‘рухацца, імкнуцца’ > ‘смець, жадаць дасягнуць’. Гл. таксама ў Сной₁, 585; Глухак, 565 (у якасці паралеляў падаецца ст.-інд. śamati ‘працуе’, с.-ірл. cuma ‘тута’ і інш.). Борысь (618) разглядае *sъměti як магчымы кампазіт з *sъ‑ < *sŭ‑ ‘добры, добра, вельмі’ і не захаваным самастойна праславянскім дзеясловам *měti, < і.-е. *mē‑/mō‑ ‘старацца, мець моцную волю’, адкуль першаснае значэнне *sъměti было б ‘вельмі старацца, імкнуцца да чаго-небудзь’, ‘мець адвагу, смеласць у імкненні да чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спяшы́цьімкнуцца хутчэй ісці, рабіць’ (Сл. ПЗБ), спешы́ць ‘тс’ (ТС), спяша́цца ‘тс’ (ТСБМ). Укр. спіши́ти, рус. спеши́ть, ст.-рус. спѣшити, польск. spieszyć się, в.-луж. spěšić, н.-луж. spěšyś, чэш. spíšiti, славен. spẹ̑šiti ‘прыспешваць, паскараць, спяшыць’, балг. спеша, ст.-слав. спѣшити. Прасл. *spěšiti вытворнае ад *spěxъ (гл. спех). Гл. Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1138–1139; Бязлай, 3, 296–297.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чапля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца; незак.

1. за каго-што. Кранаць, датыкацца, зачэпліваючы што-н.

Кузаў машыны чапляўся за галіны.

2. за каго-што. Хапацца, трымацца за што-н.; падчэплівацца, павісаць на чым-н.

Ч. на плот.

Дзяцел чапляецца кіпцюрамі за кару.

Ч. на падножку трамвая.

3. перан., за што. Імкнуцца любым чынам утрымаць, зберагчы што-н.; выкарыстаць усе сродкі, магчымасці для дасягнення чаго-н.

Усё старое ўпарта чапляецца за жыццё.

4. перан. Прыдзірацца да каго-, чаго-н.; прыставаць да каго-н.; назаляць (разм.).

Чаго ты да мяне чапляешся?

|| наз. чапля́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)