няскла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не вызначаецца складнасцю, зграбнасцю. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом.. Побач з ім сядзеў узводны Букрэй — няскладны і шырокі, як шафа. Колас. [Громаў-Дар’яльскі] сядзеў, абхапіўшы калені няскладнымі кашчавымі рукамі, і курыў. Васілевіч. // Дрэнна, непрыгожа зроблены; нязграбны. [Жанчына] прыехала на нейкім няскладным вялікім возе, у які быў запрэжаны высозны і худы конь. Чорны.
2. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці, сувязі. Дзед.. насмешліва пазіраў на хлопцаў, слухаючы іх няскладную гутарку. Чарнышэвіч. // Нязладжаны, нястройны (пра гукі, спеў і пад.). А тут музыка грае ўвесь час, нейкая няскладная, дзікая; гучней за ўсё грыміць бубен. Нікановіч.
3. Няўдалы, недарэчны. Варка — кемлівая, разумная, але сама, здаецца, пакутуе ад няскладнага кахання. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́гны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вельмі моцна хоча, прагне чаго‑н. Вопытныя шахцёры з Расійскай Федэрацыі і Украіны клапатліва вучылі прагных да ведаў мясцовых хлопцаў. Паслядовіч. Ён быў на дзіва прагны да жыцця, гэты чалавек з жоўтымі, як мёд, валасамі. Караткевіч. // Пражэрлівы, ненасытны. Ваўкі, вядома, прагныя і цярплівасці ў іх ніколі не хапае. В. Вольскі. // Які выказвае прагнасць. На парозе паявіўся хлопец — чарнамазы, з гарачымі прагнымі вачыма. Мікуліч. [Аляксей] зрабіў некалькі прагных глыткоў і, цяжка ўздыхнуўшы, адкрыў вочы. Скрыпка.
2. Скупы, жадлівы. — Гэта, мабыць, людзі ўздумалі на .. [Палікара] за тое, што ён занадта ўжо прагным ды зайздросным быў на ўсё. Кулакоўскі. — Сяляне валілі сухастоіны, а прагнаму магнату і іх стала шкада. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ваява́ць, ваюю, ваюеш, ваюе; незак.
1. Весці вайну супроць каго‑н. Ваяваць да перамогі. // Прымаць удзел у вайне. У імперыялістычную вайну Васіль Хамутоўскі ваяваў з Грыбоўскім у адной часці, жыў у адным акопе. Курто. Брэсцкая зямля ашаламіла разбэшчаных захопнікаў: ваявалі жывыя і мёртвыя, руіны стралялі ва ўпор. «Звязда».
2. перан.; з кім-чым. Змагацца, імкнуцца пераадолець што‑н.; дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. З першых жа дзён Максіму прыйшлося ваяваць з сялянскаю кансерватыўнасцю, з неарганізаванасцю клінкоўскіх хлопцаў. Колас. Здалося, што машына пайшла трошкі лягчэй: некалькі кіламетраў можна праехаць, а там зноў прыйдзецца ваяваць са снегам. Кулакоўскі. Ваяваць за якасць работы з механізатарамі .. Ўладзіміру Верамейчыку давялося ўсё лета. Дуброўскі.
3. Разм. Сварыцца; варагаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упрыго́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
Надаць каму‑, чаму‑н. прыгожы выгляд, зрабіць больш прыгожым, яркім; аздобіць. А колькі розных стужак, грабянёў, Хусцінак яркіх, завушніц прыгожых! Якіх яны красуняў упрыгожаць! Танк. Гарадоў нашых вуліцы, плошчы Упрыгожыла мора сцягоў. Машара. Багата і шчодра ўпрыгожыла вясна зямлю, адзеўшы яе зелянінаю, ярыною і жытамі. Колас. І зноў работа закіпела — аж дух займае ў хлопцаў. Спачатку ля краёў столь узорамі ўпрыгожылі, пасля да сярэдзіны дабраліся. Нядзведскі. // Стаць сведчаннем якіх‑н. заслуг (пра ордэны, медалі і пад.). Ордэн Чырвонага Сцяга ўпрыгожыў сцяг камсамола рэспублікі. «Звязда». // перан. Зрабіць больш поўным, багатым па зместу (жыццё, існаванне). Каб зноў жыццё сваё ўпрыгожыць, — За працу возьмемся хутчэй. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ураджа́й, ‑ю, м.
1. Колькасць збожжа, пладоў, траў, ягад, грыбоў і пад., якая ўрадзілася, вырасла. У садзе маладым ля хаты, Што вырас тут пасля вайны, На яблыкі ўраджай багаты — Да долу дрэўцы гнуць яны. Непачаловіч. [Сакратар партарганізацыі:] — Каб збіраць двухсотпудовыя ўраджаі, трэба добра асвоіць перадавую аграбіялогію. Паслядовіч. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў. Маўр.
2. Вялікая колькасць, багацце збожжа, сена, пладоў, караняплодаў, грыбоў, усяго таго, што ўрадзіла. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. // перан. Разм. Пра з’яўленне вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. На будоўлі .. [Яцкевічу] падаваецца — весела, хлопцаў многа, ды і на дзяўчат ураджай. Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.
1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.
2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачака́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак.
1. каго-што, чаго і без дап. Чакаць некаторы час. Пачакаць добрага надвор’я. □ Акрамя дзяцей на вуліцы нікога не было, але раптам у канцы яе паказаўся чалавек. Лявон вырашыў пачакаць яго. Чорны. [Толя] пачакаў яшчэ адзін дзень. Але і на трэці, і на чацвёрты дзень дзед не вярнуўся. Якімовіч. [Валодзя] рукой выканаў ямку, пачакаў, пакуль насачылася вады. Хомчанка.
2. з інф., з чым і без дап. Не пачынаць дзейнічаць; памарудзіць. [Андрэй:] — Ці не папярэдзіць нам хлопцаў? [Максім:] — З гэтым яшчэ пачакаем. Машара. — Пачакай злавацца, — перапыніў .. [Пракопа] Аляксееў. Карпаў. — Пачакайце, дзяўчаты, будзем па парадку гаварыць. Асіпенка.
3. заг. пачака́й(це)! у знач. выкл. Ужываецца як перасцярога, пагроза. — Ну, пачакай! — патрос Васіль .. кулаком у той бок, куды пайшоў ляснік. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзе́ць, адзену, адзенеш, адзене; зак., каго-што.
1. Надзець на каго‑н. адзенне. Маці адзела Славу, вынесла на двор, пасадзіла пры асвечанай сонцам сцяне. Чорны. // Апрануць кім‑н. Адзець мядзведзем.
2. Забяспечыць каго‑н. адзеннем. Беглі дні. Кончылася вайна. Хлопцаў адзелі і абулі. Асіпенка. // Даць магчымасць каму‑н. адзецца так або інакш. [Рыльскі:] — Чаму ж ён цябе не адзене, як чалавека! Ты ж у яго і за гаспадыню і за гаспадара! Чорны.
3. Тое, што і надзець (у 1 знач.); нацягнуць. Сам [Мароз] увайшоў першы, адзеў рукавіцы, пляснуў раз-два, і адразу халадком павеяла. Якімовіч. Выказаўшы гэта, Юрка адзеў кажух і выйшаў з хаты. Гартны.
4. перан. Пакрыць; ахінуць. Адзець берагі ракі ў граніт. □ Дубы зялёны плашч адзелі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уста́віцца, устаўлюся, уставішся, уставіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца ўнутр чаго‑н. Шыба ўставілася ў раму.
2. Разм. Пільна глядзець па каго‑, што‑н.; утаропіцца. На двары Яхім спыніўся, уставіўся ў зямлю вачамі, як бы нешта разважаў. Колас. — Ты што, праўду гаворыш, ці жартуеш? — Тарэнта раптам ажывіўся, уставіўся адным сваім вокам спачатку ў Мікодаў твар, пасля ў Сузонаў. Галавач. — Што, тата? Табе холадна? — і Томас сінімі вачыма ўставіўся на бацьку. Броўка. // Накіраваць позірк на каго‑, што‑н. Вочы [у Юркі] акругліліся, павыпучваліся і ўставіліся ў кусты. Пташнікаў. Да шыбы прыпаў напалоханы жаночы твар, потым знік, і на хлопцаў ўставіліся насцярожаныя вочы гаспадара. Новікаў. Чорныя вочы з густымі вейкамі запытальна ўставіліся на Антона. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазніка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Ягады пазнікалі. □ Пазнікалі ночы суму, Зноў жаданні расцвілі. Броўка. // Згубіцца — пра ўсё, многае. Недзе пазнікалі патрэбныя рэчы.
2. Стаць нябачным — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Байцы пазнікалі ў цемры. □ З паўдня ў лесе пачало цямнець. І жалуды раптам пазнікалі: ці то ўжо ўсе пазбіраны, ці пахаваліся ў змроку пад лісцем... Якімовіч. // Пакінуць якое‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Хлопцаў у Заграддзі амаль не засталося. Хто адразу пайшоў з арміяй, а каторыя не паспелі — пазнікалі з дому. Паўлаў.
3. Доўга не з’яўляцца куды‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Цяпер, калі.. [Ніна] ўжо сабралася галасаваць, усе машыны нібы пазнікалі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)