ЛАНЦУГО́ВАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, што спалучае радкі вершаванага твора, паступова пераходзячы з адной страфы ў другую. Трапляецца ў некаторых цвёрдых формах верша, у прыватнасці ў тэрцынах, віланелі. Характэрна і для твораў з ланцуговай кампазіцыяй, у якіх асобныя радкі папярэдніх строф пачынаюць сабой строфы наступныя:

Ішла Купалка сялом, сялом,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Святліла ночкі агнём, агнём
(Бел. народная песня).

Ужываецца ў класічным санеце, дзе яднае 2 катрэны (чатырохрадкоўе) і 2 тэрцэты (трохрадкоўе), у вянках санетаў (пераходзіць з аднаго санета ў другі) і інш.

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ШАНЬКА»,

бел. нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ Барыс Фёдаравіч

(9.2.1915, Саратаў — 25.4.1982),

рускі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1962). Скончыў Саратаўскі тэатр. тэхнікум (1937). Ствараў вобразы простых, знешне грубаватых хлопцаў, у якіх раскрываў душэўную шчодрасць, шырыню рус. нар. характару (Назар Дума ў «Трактарыстах», 1939; Бурмак у «Паданні аб зямлі Сібірскай», 1948); Саша Свінцоў у фільме «Два байцы», 1943). З 1950 выконваў пераважна псіхалагічна глыбокія драм. ролі: Сава Зарудны («Паэма пра мора», 1958), Глазуноў («Аповесць палымяных гадоў», 1961), Расамаха («Шлях да прычала», 1962), Важак («Аптымістычная трагедыя», 1963) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ТЫЗЕНГА́ЎЗА,

прыдворны аркестр раннекласічнага складу падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў 1765—80. Належала да найбольшых і найлепшых па прафес. узроўні калектываў падобнага роду ў ВКЛ, славілася і за яго межамі, у т. л. ў Мангейме (Германія); у 1780 была ангажыравана ў Нац. т-р у Варшаве. Суправаджала паказы Гродзенскага т-ра Тызенгаўза, касцельныя службы, іграла на балях, розных урачыстасцях і інш. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, муз.-сцэн. творы, сімфоніі, быт. музыку (танцы, дывертысменты, серэнады). Удзельнічала ў выкананні оперы А.Грэтры «Магніфік» («Велікапышны»), камедыі П.Бамаршэ «Севільскі цырульнік», «Сялянскага балета» і «Балета пекараў». Выконвала сімфоніі І.Гайдна, а таксама музыку, створаную ў прыдворным асяроддзі Тызенгаўза. У капэле былі замежныя і мясц. музыканты, у т. л. прыгонныя, якія атрымлівалі адукацыю ў Гродзенскай музычна-тэатральнай школе Тызенгаўза або пры дварах у Нясвіжы, Слоніме. У час росквіту капэлы ў 1777—79 у ёй было 30 капэлістаў і 7 «хлопцаў з капэлы». З адстаўкай Тызенгаўза капэла распалася.

Літ.:

Żórawska-Witkowska A. Kapeła Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.

І.Дз.Назіна.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)