смаляны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да смалы (у 1 знач.), уласцівы ёй. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік. Хата — гэта ён вельмі сціпла назваў вялізную, з белымі разбянымі аканіцамі хароміну, з жоўтых сцен якой сачыліся смаляныя кроплі. Радкевіч. // Насычаны пахам смалы. Смаляное паветра. // Які мае адносіны да здабычы і апрацоўкі смалы. Смаляны промысел. Смаляны завод. // Які атрымліваюць з смалы або прадуктаў яе перапрацоўкі. Смаляная кіслата.

2. Які мае ў сабе многа смалы; смалісты. Смаляное дрэва. □ І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак. У печы, відаць, гарэла ўжо не салома, а дровы — смаляныя трэскі і аскалёпкі. Пташнікаў.

3. Апрацаваны смалой (у 2 знач.); прасмолены. Смаляныя шпалы. □ Кончыўся прыгарад, потым была рэчка, на яе пясчаныя беразе ляжалі, як вялікія рыбіны, чаўны і грэлі на сонцы свае смаляныя бакі. Гаўрылкін.

4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Віка.. гладзіла яго [Лаўрэна] шорсткія смаляныя валасы. Вітка.

•••

Смаляная падманка гл. падманка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адысці́, адыду́, ады́дзеш, ады́дзе; адышо́ў, -шла́, -ло́; адыдзі́; зак.

1. Пакінуць ранейшае месца; ідучы, аддаліцца ад каго-, чаго-н.

Ён адышоў ад вогнішча на ўзгорак.

2. разм. Пайсці, адправіцца куды-н.

Дзеці адышлі ў майстэрню.

3. Перамясціцца, аддаліцца (пра падзеі, з’явы прыроды і пад.).

Ваенная хваля адышла на захад.

4. перан. Падняцца ў якіх-н. адносінах на вышэйшую ступень.

Сын не далёка адышоў ад бацькі.

5. Пакінуць свае ранейшыя пазіцыі; адступіць.

Казакі зняліся з пазіцыі і адышлі за Нёман.

6. перан. Перастаць займацца якой-н. справай, пакінуць ранейшы занятак; адхіліцца ад ранейшага кірунку ў рабоце, гутарцы, разважаннях і пад.; парваць сувязь з кім-, чым-н.; зрабіцца далёкім, чужым для каго-, чаго-н.

А. ад тэмы размовы.

А. ад літаратуры.

А. ад спраў.

7. Адстаць, аддзяліцца, перастаць шчыльна прылягаць да чаго-н.

Завесы адышлі.

8. Дайсці да звычайнага, нармальнага стану; перастаць хварэць, адчуваць недамаганне; зрабіцца зноў адчувальным, рухомым (аб змерзлых, здранцвелых частках цела); супакоіцца, прыйсці ў сябе пасля зведанага перапалоху, гневу, хвалявання і пад.

Янка ўжо адышоў ад разгубленасці.

Малая ўжо за гэты час адышла, адужала.

Рукі сагрэліся і адышлі.

9. Перайсці ва ўласнасць каго-н. другога.

Дом адышоў сыну.

10. Закончыцца, мінуць, перастаць існаваць; зрабіцца гісторыяй, мінуўшчынай, легендай.

Жніво адышло.

11. разм. Перастаць дакучаць, турбаваць.

Адыдзі!

Адысці на задні (на другі план) — страціць актуальнасць, стаць другарадным.

Адысці ў нябыт (у мінулае) — не астацца ў памяці людзей.

|| незак. адыхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. адыхо́д, -у, М -дзе, м.; прым. адыхо́дны.

Адыходны промысел (уст.) — часовая, сезонная работа сялян па-за вёскай.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.

2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.

3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.

•••

Сярэбраны блішчак гл. блішчак.

Сярэбранае вяселле гл. вяселле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаві́ць, лаўлю, ловіш, ловіць; незак., каго-што.

1. Хапаць каго‑, што‑н. на ляту. Лавіць мяч. □ Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі і на ляту блінцы лавілі. Колас. // Імкнуцца дагнаць, схапіць таго (тое), што аддаляецца, ухіляецца. Увішна Нінку ловіць Петрык. Смагаровіч. // Намацваючы, адшукваючы, браць, затрымліваў. Лёгшы ў пасцель, [Міхаська] мяккімі пальчыкамі ловіць матчыну руку. Скрыган. А падыдзе Нямко, дык [конь] ловіць губамі яго руку, трэцца мордаю аб вопратку, ла[шчы]цца як шчанё. Кулакоўскі.

2. Здабываць (рыбу, звяроў, птушак) з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Лавіць невадам рыбу. Лавіць сеткай птушак. □ Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў. // Мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н. Ён — паляўнічы, ён — рыбак, Страляе, ловіць, пяе песні. Колас. [Бацька:] — Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце. Якімовіч.

3. Разм. Высочваць, вышукваць, каб затрымаць, арыштаваць, абясшкодзіць. Лавіць кантрабандыстаў. □ Седас уеўся людзям у косці так, што .. перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Чорны. // Старацца заспець, захапіць каго‑н. у пэўным месцы, за пэўным заняткам. Каля самай вёскі Вару сустрэў Даніла. Ён часта лавіў яе на вячэрніх сцежках. Дуброўскі.

4. Не прапускаць магчымасці для ажыццяўлення чаго‑н., выбіраць зручны момант. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці .. па чарзе падрамаць. Шамякін. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Колас.

5. перан. Успрымаць слыхам, зрокам, розумам. Лавіць погляд таварыша. □ Лемяшэвіч з непакоем назіраў, з якой зачараванасцю лавіў Алёша кожнае слова сакратара. Шамякін. Ніна прагна, з вострай увагай прыглядалася да ўсяго, лавіла гукі жыцця. Мележ. // Убіраць у сябе, паглынаць, затрымліваў. Праходжу моўчкі я начную плошчу, і ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Непадалёку ўжо стаяць аграмадныя люстры, ловяць сонца, даюць энергію для мініяцюрных буравых машын і адбойных малаткоў. Гамолка.

6. перан. Разм. Настройваць радыёпрыёмнік на пэўныя хвалі, прымаць радыёсігналы. Сёння свята. Па радыё Я лаўлю Маскву. Куляшоў.

7. перан. Разм. Выкрываць, абвінавачваць каго‑н. у чым‑н. Лавіць на хлусні.

•••

Варон лавіць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лавіць бягучага воўка след — пра марныя пошукі каго‑н.

Лавіць вецер у полі — тое, што і шукаць ветру ў полі (гл. шукаць).

Лавіць вухам — прыслухоўвацца.

Лавіць на ляту — лёгка успрымаць пачутае.

Лавіць на слове (словах) каго — а) карыстаючыся сказаным, прымусіць каго‑н. зрабіць або паабяцаць зрабіць што‑н. з таго, аб чым было сказана; б) скарыстаўшы агаворку, супярэчнасць у словах субяседніка, прыпісваць яму тое, чаго ён не думаў гаварыць. — Гэта што — пагроза, таварыш Наготка? — ловіць на слове Кацялёў. Шамякін.

Лавіць сябе на чым — нечакана заўважаць у сабе якую‑н. новую схільнасць, асаблівасць і пад. Я часта лаўлю сябе на тым, што пішу не так, як гавару. Скрыган.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць — мець выгаду з чаго‑н., карыстаючыся няяснасцю абставін, чыімі‑н. цяжкасцямі, няўдачамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)