Бабровы промысел 2/40

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕРАБО́ЙНЫ ПРО́МЫСЕЛ,

здабыча марскіх звяроў (цюленяў, нерпы, марскога коціка і інш.). Прадукцыя — футравая і гарбарная сыравіна, мяса (на корм пушным звярам), цюленевы тлушч, унутраныя органы (печань, эндакрынныя залозы і інш.) для вытворчасці вітамінаў і некаторых фармакалагічных прэпаратаў. Промысел цюленяў вядуць Расія ў Белым, Грэнландскім, Ахоцкім, Берынгавым і Каспійскім м., Нарвегія — у раёне Ньюфаўндленда і Грэнландскім м., Канада — у раёне Ньюфаўндленда, Данія — у раёне Грэнландыі. Промысел марскога коціка ЗША вядзе на лежбішчах в-ва Прыбылова, Расія — на а-вах Камандорскіх, Цюленевых, Сахалін. Кітабойны промысел з 1989 забаронены Міжнар. кітабойнай камісіяй.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВЫ ПРО́МЫСЕЛ,

тэхналагічны комплекс для здабычы і збору прыроднага газу з плошчы радовішча, апрацоўкі газу і кандэнсату для падрыхтоўкі іх да транспарціроўкі. Камунікацыі і збудаванні газавага промыслу падзяляюць на асноўныя (эксплуатацыйныя, назіральныя і разведачныя свідравіны, газазборныя калектары, кампрэсарныя станцыі і інш.) і дапаможныя (энергет. гаспадарка, водазабеспячэнне, сувязь, майстэрні і інш.). Колькасць, характар і магутнасць збудаванняў газавага промыслу залежаць ад геолага-эксплуатацыйнай характарыстыкі радовішча. На Беларусі газавы промысел (на тэр. Гомельскай вобл.) прызначаны для спадарожнай здабычы і транспарціроўкі газу; створана закрытая (герметызаваная) сістэма нафтагазазбору (мінімізуе страты і забруджванне навакольнага асяроддзя). Перапрацоўку газу ажыццяўляе Беларускі газаперапрацоўчы завод у г. Рэчыца.

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з г. Крычаў Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з 12 ст. Росквіту дасягнуў у канцы 16 — пач. 18 ст. Выраблялі з чырв. гліны паліваны сталовы посуд, кафлю, дэкар. арх. ўпрыгожанні, вазы, цацкі, дробную анімалістычную пластыку (выявы мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш.), якія вылучаліся высокім узроўнем тэхналогіі вытв-сці. У 16—18 ст. у аздабленні тэракотавай, паліхромнай, паліванай («мураўлёнай») кафлі пераважалі геам. і расл. арнаменты, геральдычныя і анімалістычныя выявы. У пач. 20 ст. працавала больш за 70 ганчароў. Промысел бытаваў да сярэдзіны 20 ст.

М.​А.​Ткачоў, У.​В.​Угрыновіч.

Да арт. Крычаўская кераміка. Тэракотавая кафля з выявай букета. 17 ст.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАУ́СЦЮЖСКАЕ ЧАРНЕ́ННЕ ПА СЕРАБРЫ́,

рускі мастацкі промысел. Склаўся ў 18 ст. ў г. Вялікі Усцюг (Расія). Чэрню аздаблялі сярэбраныя табакеркі, куфэркі, флаконы і інш.: у 18 ст. — багаты арнамент і займальныя сюжэтныя малюнкі, у 19 ст. — больш сухія, часта дакумент. выявы гарадоў і геагр. картаў, з сярэдзіны 19 ст. — раслінны ўзор, пабудаваны на кантрастах цёмнага і светлага з суцэльным пакрыццём паверхні брошак, запінак і інш. Да пач. 20 ст. промысел заняпаў, у 1930-я г. пачалося яго адраджэнне. У 1933 засн. арцель (з 1960 ф-ка) «Паўночная чэрнь», дзе вырабы аздабляюць чэрневым малюнкам, які раўнамерна запаўняе паверхню (партсігары, лыжкі, ювелірныя і інш. вырабы).

Да арт. Велікаусцюжскае чарненне па серабры. Куфэрак. 18 ст.

т. 4, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБЫЛО́ВА АСТРАВЫ́,

група вулканічных астравоў у Берынгавым м. У складзе штата Аляска (ЗША). Пл. каля 200 км². Выш. да 300 м. Скалістыя, укрытыя лугава-тундравай расліннасцю. Лежбішча коцікаў (фауністычны рэзерват). Пушны промысел. Названы імем рус. мараплаўца Г.​Л.​Прыбылова, які адкрыў астравы ў 1788.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІЯ КУФРЫ́,

вырабы нар. майстроў г. Ліды Гродзенскай вобл. і навакольных вёсак. Промысел пашыраны ў 19—1-й пал. 20 ст. Вылучаюцца стрыманым графічна-выразным, рытмічна строгім паліхромным арнаментам аздобы, дэкар. прапілоўкай ножак. Найб. размалёўвалі века і пярэднюю сценку, бакавыя аздаблялі сціплымі паскамі-абводкамі вуглоў і ручак. Малюнак клеявымі і алейнымі (пераважна чырвонай, жоўтай, белай, чорнай) фарбамі наносілі штампам з сырой бульбіны, рэпы, радзей малявалі ад рукі ці выкарыстоўвалі папяровыя трафарэты. Арнаментальныя кампазіцыі складаліся з прамых ці хвалістых паскаў-ланцужкоў, кругоў розных памераў, якія ўтваралі маляўнічыя разеткі, кветак валошкі і рамонку, зорак, лістоў і інш. Узорыстыя ланцужкі арнаменту размяшчаліся каля паскаў акоўкі, якая абводзілася чорнай фарбай (калі акоўкі не было, яе імітавалі фарбамі). У наш час промысел заняпаў.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Лідскія куфры. Куфар. Шчучынскі раён. Канец 19 ст.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАФО́НЕНКА (Таіса Паўлаўна) (н. 29.3.1927, г. Кляшчэле Беластоцкага ваяв., Польшча),

майстар мастацкага саломапляцення. Дачка В.І.Гаўрылюк. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1957). Працуе на Мінскай мастацка-галантарэйнай ф-цы (з 1965), дзе заснавала промысел саломапляцення. Аддае перавагу кампазіцыям на матывы нар. святаў і абрадаў, анімалістычнаму жанру.

Т.Агафоненка Птушкі.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БІНСКАЯ ФА́БРЫКА ІНКРУСТА́ЦЫІ.

Створана ў 1961 на базе цэха інкрустацыі саломкай Гомельскай ф-кі маст. вырабаў. Асн. прадукцыя — разнастайныя куфэркі, пано, аздобленыя саломкай. Промысел заснаваны на мясц. нар. традыцыях аплікацыі саломкай. Выпускае таксама строчана-вышытыя вырабы, пано з разьбой і размалёўкай на чорным фоне і інш.

т. 6, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГІЧАВА АСТРАВЫ́,

астравы каля выхаду з Хатангскага заліва м. Лапцевых, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Складаюцца з а-воў В. Бегічаў (пл. каля 1,8 тыс. км², выш. да 201 м) і М. Бегічаў. Паверхня паката-ўзгорыстая раўніна з тундравай расліннасцю. Промысел пясцоў і паўн. аленяў. Лежбішча маржоў. Адкрыты ў 1908 рус. падарожнікам Н.​А.​Бегічавым.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)