паску́дства, ‑а, н.
Разм. груб.
1. Бруд, нечыстоты. [Жывіцкі:] — Ты гатоў усякае паскудства далонямі мясіць. Не ідзеш ты ў вялікую добрую работу, а ўсё нюхаеш, рыбку ловіш... Чорны. // Пра каго‑н. дрэннага, пра што‑н. дрэннае, непрыстойнае. [Раман] памятаў, што Мікіта Бычок, гэтае паскудства, абібок і злодзей, лез да яго цалавацца. Чарнышэвіч. Лабановіч пазірае на рысунак, і па губах прабягае іранічная ўсмешка. Потым ён хапае газетку і шпурляе кудысь у куток. — Паскудства! — гаворыць сам сабе. Колас. [Гунава:] — Ён мне гаворыць рознае паскудства і спадзяецца на прыдворнае з ім абыходжанне... Самуйлёнак.
2. Дрэнны, агідны ўчынак. — Бі, яго, хлопцы, каб не рабіў паскудства людзям! Галавач. [Бацька:] Усё роўна не дагледзіш, калі зноў захоча якое паскудства зрабіць. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., за чым‑н. Шпулька нітак закацілася ў куток. Кола закацілася за вугал. □ Дзмітрый нагнуўся, адкінуў гарачую гільзу, якая нейкім чынам закацілася пад тармазны педаль. Беразняк. // перан. Імкліва ўвайсці, убегчы куды‑н. Раптам дзверы расчыніліся і ў хату з гоманам, піхаючы адзін аднаго, закацілася пяцёра хлапчукоў. Дубоўка.
2. Зайсці, схавацца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Сонца закацілася за лес, і адразу стала цямнець. Галавач. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Дамашэвіч. // перан. Скончыцца. Яго слава хутка закацілася.
3. Разм. Пачаць закаціста смяяцца, рагатаць і пад. Хлопцы закаціліся дружным рогатам. Зарэцкі. — Ха-ха-ха! — зноў закаціўся смехам Дэвіс. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.
2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экіпа́ж 1, ‑а, м.
Агульная назва лёгкіх пасажырскіх павозак. Шэсць тыдняў назад пад экіпаж.. [Норава], калі ён ехаў з дакладам да губернатара, кінулі самаробную бомбу... Мехаў. Пасадзіла.. [Эльза] мяне ў свой экіпаж — фаэтончык такі чорненькі, ён і цяпер пад паветкай у яе стаіць, я табе пакажу яго калі-небудзь, — на рысорах, колы гумовыя, — і пакаціла, павезла. Сачанка.
[Фр. équipage.]
экіпа́ж 2, ‑а, м.
1. Каманда, асабовы састаў карабля, самалёта, танка і пад. Праз хвіліну мы ўжо ў самалёце. Сняжок [медзведзяня] цікаўна заглядае ў кожны куток. Вакол яго збіраецца ўвесь экіпаж самалёта. Бяганская. Экіпаж танкера павязе кітабоям флатылій «Слава» і «Савецкая Украіна», што знаходзяцца цяпер у водах Антарктыкі, разнастайны груз: гародніну, бульбу, садавіну, паліва, пошту. «Звязда».
2. Берагавая воінская часць марской пяхоты, якая часта выкарыстоўваецца для папаўнення флоцкіх каманд.
[Фр. équipage.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.
1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.
2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.
3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.
4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.
•••
За мілую душу гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыда́тны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які мае патрэбныя для чаго‑н. якасці; прыгодны. Прыдатны для яды. Прыдатная для апрацоўкі зямля. □ Па яго [дзеда] выходзіла, што кожнае дрэва прыдатнае на што-небудзь адно: вось з гэта[й] сасны вокны б сухія былі. Мыслівец. Іван Маслуда сярдзіта накінуўся на Ігната: — А табе нечага пад’язджаць. Не да усякай справы прыдатны твае жарты. Лынькоў. // Які падыходзіць для каго‑, чаго‑н., адпаведны. Прыдатная кандыдатура. Прыдатны для работы час. □ Каб я зусім не заглух у вёсцы, сябры пачалі клікаць мяне ў Мінск, абяцаючы падшукаць прыдатную работу. Крапіва. Месяцы са два я не вылазіў з дому. Стукацеў на машынцы, кідаўся з кутка ў куток па пакоі, шукаючы прыдатнага слова. Сабаленка. // Здольны, здатны да чаго‑н., на што‑н. Дзед Сёмка маленькі, вяртлявы, Бародка як моху касмык, Прыдатны на смешныя справы. Вядомы дзівак-жартаўнік. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.
1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.
2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.
3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.
4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.
5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.
6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Пусты, без усякай расліннасці ўчастак зямлі. Не хапае зямлі. Ляжыць яна навокал то балотамі, то лясамі, то вось такой пусткай — жоўтым пяском. Чарнышэвіч. На былой пустцы пачалося будаўніцтва самай магутнай у рэспубліцы электрастанцыі. Дадзіёмаў. // Пра ўчастак зямлі, які не апрацоўваецца, не абрабляецца. З пусткі, дзе некалі гагаталі вывадкі гусей ды паролі дзірван лычамі свінні, Мітрафан зрабіў прыгожы і ўтульны куток.. Ракітны.
2. Закінуты ўчастак зямлі, спустошаная зямля. — А памятаеце, з чаго пачынаўся горад і завод? З руінаў, з пустак. Карпаў. Макрына, сумна агледзеўшы забытую пустку, з жальбай сказала: — Гэта ўсё... гэта ўсё, што асталося ад Аліфераўшчыны... Ракітны.
3. Пра пустое, бязлюднае месца, памяшканне. Хата была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кінута абы-як, і ні душы нідзе. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забі́цца 1, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
1. Ударыўшыся, разбіцца насмерць. Зваліўся з дрэва і забіўся.
2. Разм. Забрацца, схавацца куды‑н. [Унук] забіўся ў куток на печ і ціха плакаў там, каб не чулі. М. Стральцоў. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. Быкаў. // Заехаць, зайсці куды‑н. далёка. [Доктар] палічыў за лепшае забіцца ў гэты сапраўды глухі, далёкі ад чыгункі і добрых дарог гарадок. Васілевіч. Страх ахапіў .. [Патапчыка], і ён зноў кінуўся бегчы ў глыб лесу. Забіўся ў такі гушчарнік, што нельга было ісці. Чарнышэвіч.
3. Пранікнуць, папасці куды‑н. (пра ваду, пыл, снег і пад.). Асцё забілася за каўнер.
4. Засмеціцца, закупорыцца. Труба забілася пяском.
5. Паддацца забіванню, аказацца забітым, увагнаным у што‑н. Паля лёгка забілася.
забі́цца 2, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
Пачаць біцца (у 1, 3 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыллё, кватэра, кут, куток, дах, прыстанішча, прыстанак, прыстанне, прыпынак, прыпынішча, прытулак, прытулішча, прытонне; жытло, седала, бярлог, котла, котлішча (разм. перан.); абіцель, пенаты (уст. кніжн.); рэзідэнцыя (афіц.); апартаменты (уст., мн.); □ дах над галавой
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)