«БЕЛАРУ́СКАЯ БОРЦЬ»,

часопіс Беларускага кааператыўнага т-ва «Пчала». Выдаваўся са жн. 1934 да мая 1938 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Л.​А.​Войцік (Зоська Верас). Першыя 5 нумароў надрукаваны на шапірографе, астатнія — друкарскім спосабам. Асвятляў пытанні пчалярства, садоўніцтва, агародніцтва, дробнай жывёлагадоўлі і інш. Закранаў праблемы бел. мовы і школьніцтва. Змяшчаў матэрыялы пра мядова-лекарскія зёлкі, вершы і апавяданні, тэматычна звязаныя з пчалярствам. Меў старонку для жанчын, куток наймалодшых, паштовую скрынку. Абменьваўся матэрыяламі з рус., польск., укр., чэш. і ням. пчалярскімі часопісамі. Спыніў існаванне з-за фінансавых цяжкасцяў. Выйшла 25 нумароў.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).

У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.

Куток Бабаўнянскага парку.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗУН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 1.5.1934, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 22.2.1995),

бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі с.-г. тэхнікум (1956), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1957—61). Працаваў у НДІ глебазнаўства, літ. музеях Я.​Купалы ў Вязынцы (заг. у 1971—78), Я.​Коласа (у 1978 і з 1982), у 1978—82 дырэктар «Кнігарні пісьменніка». Друкаваўся з 1958. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар зб-каў апавяданняў пра таямнічы свет прыроды «Жывы куток» (1962), «Тры сонцы» (1971), дакумент. аповесцей пра дзяцей-партызан «Віця Сітніца» (1964), «Навальнічная паласа» (1979), аповесцей «Зоркі на танках» (1982), «Святло чароўнай зоркі» (1989) і інш.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎСКІ (Ісаак Юльевіч) (18.11.1921, Віцебск — 5.3.1991),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1941). Працаваў у жанры партрэта і пейзажа. Творы адметныя сакавітым колерам, пластычнасцю кампазіцыі. Сярод работ: партрэты Ц.​Ц.​Тарасава, Ц.​А.​Каваленкі, В.​Л.​Парахневіча, прафесара І.​Л.​Саснавіка, мастака Г.​Ф.​Шутава, партыз. камандзіра Д.​Ф.​Райцава, даяркі Г.​Е.​Нікалаевай, «Медсястра» (усе 1967—70), старшыні калгаса М.​І.​Каца (1975); «Маладая калгасніца» (1978), урача-псіхіятра В.​А.​Анішчанкі (1981), настаўніцы М.​К.​Ждан (1991); пейзажы «Пасля навальніцы», «Куток Віцебска», «Ралля», «Ля возера», «Восень»; нацюрморты «Астры», «Хлеб» (усе 1991); кампазіцыя «Пэн Ю.» (1988——89) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

І.Бароўскі. Партрэт Героя Сацыялістычнай Працы даяркі Г.​Е.​Нікалаевай. 1970.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў студз. 1974 у г. Паставы Віцебскай вобл., адкрыты ў лютым 1976. Пл. экспазіцыі 155 м², каля 7 тыс. экспанатаў асн. фонду (2001). Мае аддзелы: прыроды, гісторыі Пастаўскага р-на, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. калекцыі кафлі 15 — пач. 20 ст., скарб талераў і ортаў 17 ст., планы панскіх маёнткаў, матэрыялы пра разгортванне і дзейнасць падполля і партыз. руху на тэр. раёна ў Вял. Айч. вайну, паліт. рэпрэсіі, развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У этнагр. экспазіцыі куток інтэр’ера сял. хаты, тканыя дываны, вышываныя «сеткі», керамічныя вырабы і інш. Музей праводзіць выстаўкі з асабістых фондаў і калекцый. фондаў інш. музеяў.

Л.​Ц.​Валетка.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙСЕНГО́Ф (Генрых Уладзіслававіч) (7.8.1859, б. маёнтак Пакрэўна, Рокішкскі р-н, Літва — 1922),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Рысавальнай школе В.​Герсана ў Варшаве (1874—78), Пецярбургскай АМ (1878—82), у Мюнхене (1889), Парыжы (1900). Амаль увесь час жыў у в. Русаковічы (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Пісаў пераважна пейзажы. У маст. выстаўках удзельнічаў з 1889. Сярод твораў: «Транспарт палонных» (1886), «Перавозка параненых» і «Беларускія могілкі. Русаковічы» (1889), «Куток у Польным» (1891), «Беларускія паляўнічыя» і «Снег» (1894), «Світанак на возеры», «Паляўнічы з сабакам» (Нац. маст. музей Беларусі), «Прадчуванне», «Надвячорак», «Хмара», «Цішыня» (усе 1910-я г.), пейзажы Літвы. Стварыў эскізы дыплома с.-г. і прамысл. выстаўкі ў Мінску (1901).

Літ.:

Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971. С. 82—89.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІВА́ЙКА (Людміла Дзмітрыеўна) (н. 13.12.1940, г. Гродна),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1997). Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1963). З 1976 працавала ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, з 1998 у Нац. маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Даследуе маст. жыццё Беларусі 1920—30-х г., друкаваную графіку. Адна з аўтараў кніг «Кола дзён» (1987, 1988), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 4, 1990; т. 6, 1994), «Інстытут беларускай культуры» (1993) і інш. Працуе таксама ў галіне станковай графікі, пераважна акварэлі («Гродна», 1968; «Чароўны куток», 1997, і інш.) і манум.-дэкар. мастацтва (керамічнае пано «Сям’я» ў загсе г. Гродна, 1966, і інш.).

Тв.:

К истории художественной жизни Витебска (1918—1922 гг.). Витебск, 1994.

А.​М.​Пікулік.

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУДЗІ́НАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Грудзінаўка (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.) у маёнтку графа Д.​Талстога. Цэнтр кампазіцыі — палац, размешчаны на вяршыні ўзгорка, на паўн.-ўсх. схіле якога пладовы сад, на паўн.-зах. — парк.

Палац — мураваны 2-павярховы квадратны ў плане, накрыты пакатым 4-схільным дахам і ўвянчаны купалам. У цэнтры гал. фасада выступае паўкруглая тэраса. Парк (пл. каля 6 га) пейзажнага тыпу з рэгулярнай партэрнай ч. перад палацам. Перад паўд.-зах. фасадам палаца партэр з глыбокім штучным вадаёмам з фантанамі (збярогся часткова) і дэкар. пасадкамі елкі калючай блакітнай, дуба звычайнага пірамідальнага, ліпы крымскай. У ландшафтнай ч. больш за 60 відаў дрэў і кустоў.

Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль. Палац.
Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль. Куток парку.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЫЦ ((Moricz) Жыгманд) (2.7.1879, Тысачэчэ, Венгрыя — 4.9.1942),

венгерскі пісьменнік. Вучыўся ў Дэбрэцэнскім ун-це. Вядомасць прынесла апавяд. «Сем крэйцэраў» (1908). У раманах «Самародак», «Глухі куток» (абодва 1911), «Добрай удачы» (1914) рэалістычна адлюстравана жыццё венг. працоўных. Найб. значныя творы М. — гіст. трылогія «Эрдэй» (1922—33) і сац. раман «Сваякі» (1930). Аўтар раманаў «Шчаслівы чалавек» (1935), «Бецяр» (1937), «Шандар Рожа» (1941—42), апавяданняў, п’ес, рэпартажаў. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклалі Л.​Арабей, Я.​Васілёнак, Т.​Мартыненка, М.​Татур.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1958;

Избранное. М., 1980;

Пьесы. М., 1962;

Жужанна в Клагенфурте: Рассказы. М., 1970.

Літ.:

Умнякова Е.В. Жигмонд Мориц и современная венгерская литература. М., 1985;

Сувиженко Л.И. Жигмонд Мориц и его время. Л., 1988.

Ж.Морыц.

т. 10, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НАЧ ((Mináč) Уладзімір) (н. 10.8.1922, г. Кленавец, Славакія),

славацкі пісьменнік. Засл. пісьменнік Чэхаславакіі (1970). Скончыў Браціслаўскі ун-т. Удзельнік Славацкага нац. паўстання 1944, падзеі якога адлюстраваў у рамане «Смерць блукае па гарах» (1948) і эпічнай трылогіі «Пакаленне» (1958—61). Жыццё пасляваен. Чэхаславакіі ў цэнтры аповесцей «Учора і заўтра» (1949), «Блакітныя хвалі» (1951), зб. апавяд. «На пераломе» (1954). Аўтар рамана пра моладзь «Ты ніколі не адна» (1962), сатыр. «Вытворца шчасця» (1965), зб-каў філас.-публіцыстычных апавяд. «Мядзведжы куток» (1960) і літ.-крытычных артыкулаў «Парадоксы» (1966), «Партрэты і лёсы» (1976), кінасцэнарыяў, рэпартажаў і інш. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Я.​Бяганская, А.​Мажэйка, У.​Дамашэвіч. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1955.

Тв.:

Бел. пер. — у кн : Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;

Жывыя і мёртвыя. Мн., 1961;

Рус. пер. — Поколение: Трилогия. М., 1974;

Избранное. М., 1982.

А.​У.​Вострыкава.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)