спрацава́насць 1, ‑і, ж.
1. Ступень зношанасці інструмента, механізма. Спрацаванасць разцоў.
2. Страта здароўя ад непамернай працы. Амаль ва ўсіх вобразах сялян падкрэслена толькі самае галоўнае: дачасная спрацаванасць, старасць, беднасць. Адамовіч.
спрацава́насць 2, ‑і, ж.
Узгодненасць у працы. [Шулікаў:] — Тут патрэбна спрацаванасць, трэба мець адчуванне рытму, бо саб’ешся з рытму — і замест таго, каб па кастылю ўдарыць, возьмеш ды і стукнеш па малатку свайго напарніка. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́ўма, ‑ы, ж.
Пашкоджанне арганізма, выкліканае раненнем, ударам, апёкам і пад. Праз месяц са шпіталя прыйшло паведамленне, што хлопец сканаў ад траўмы. Гарбук. — Давай паведамім пра гэтую траўму на завод, які выпускае стужкавыя пілы. Мыслівец. // Нервовае ўзрушэнне. Жывуць .. [героі] ў пастаянным душэўным напружанні, якое часта стаіць на мяжы з псіхалагічнай траўмай. Адамовіч.
•••
Бытавая траўма — пашкоджанне здароўя ў выніку няшчаснага выпадку, не звязанага з службовай работай.
[Грэч. tráuma — рана.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэкамендава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й; -дава́ны; зак. і незак.
1. Даць (даваць) станоўчую характарыстыку каму-, чаму-н., прапанаваць выкарыстаць, прыняць куды-н.
Р. спецыяліста.
Лякарства рэкамендавана Міністэрствам аховы здароўя.
2. што і з інф. Параіць (раіць) што-н. (кніжн.).
Р. заняцца спортам.
3. каго (што). Назваць (называць) пры знаёмстве (уст.).
Рэкамендую вам маіх членаў сям’і.
|| зак. таксама парэкамендава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й; -дава́ны (да 1 знач.) і адрэкамендава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й (да 1 і 3 знач.).
|| наз. рэкаменда́цыя, -і, ж.
|| прым. рэкамендацы́йны, -ая, -ае (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
шко́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыносіць ці можа прынесці шкоду 1 (у 1 знач.). Знішчаючы грызуноў, пугач прыносіць пэўную карысць чалавеку, але для паляўнічай гаспадаркі ён шкодны тым, што забівае зайцоў, вавёрак і баравую дзічыну — цецерукоў, глушцоў, курапатак. В. Вольскі. — А ты і праўда шкодны, пане браце, — адказаў.. [Мякішу] дзядзька ў саламяным капелюшы. — Віляеш і нашым, і вашым... Антось Нагорны — кожны скажа — добры чалавек. Брыль.
2. Небяспечны для здароўя. Шкодны клімат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ты́раць ‘цяжка працаваць’ (Сцяшк. Сл.; Скарбы). Параўн. польск. tyrać ‘цяжка працаваць, не шкадуючы сіл і здароўя’, аргат. ‘красці’, ‘працаваць’ (Каня, Słownik), tyrać, terać ‘псаваць, нішчыць, траціць’, ‘надрывацца’, каш. tërac, tėrac ‘тс’, utërac są ‘змучыцца’, чэш. týrati ‘мучыць; катаваць (жывёл)’, славац. týrať ‘мучыць’. Арэальна, хутчэй за ўсё, запазычана з польскай мовы; узводзіцца да дыял. зах.-слав. *tyrati няяснага паходжання. Не зусім надзейна звязваецца генетычна з прасл. *turiti ‘паганяць’, ‘гнаць’, ‘турыць’ (Брукнер, 589; Махэк₂, 664; Рэйзак, 687; SEK, 5, 146–147). Пры прасл. *tiriti ‘мучыць’ да *terti ‘церці’ (Пралік, 637). Значэнне ‘красці’ ў польскай мове, відаць, у выніку збліжэння з усх.-слав. тырыць, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
яд, ‑у, М ядзе, м.
1. Рэчыва, здольнае выклікаць атручэнне, смерць жывога арганізма. Пчаліны яд. □ Яд гадзюкі на барсука амаль не дзейнічае. «Беларусь». / Разм. Пра шкодныя для здароўя напіткі, ежу і пад. Гарэлка шкодзіць, гэта — яд. // перан.; чаго. Пра ўсё тое, што шкодна дзейнічае на каго‑, што‑н. Атручваючы свядомасць працоўных ядам нацыяналізму, эксплуататарскія класы імкнуцца зрабіць іх няздольнымі да барацьбы за свае класавыя інтарэсы. «Весці».
2. перан. Злосць, з’едлівасць. Кожны гад мае свой яд. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
1. Разм. Адчуваць сябе нядужым, хворым; крактаць, стагнаць. Лячылі .. [сваццю] там і ўсякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. Кулакоўскі. — Ты сам ведаеш, хварэлі ўсю вясну, цяпер толькі на ногі сталі. Ды і то яшчэ меншае кволіцца. Лынькоў.
2. Абл. Жаліцца на нездароўе, болі ў чым‑н. Чалавек ён не вельмі дужага здароўя, але ж ніколі і ні на што не кволіўся. Сабаленка. У дзяцінстве [Дзяніс] кволіўся на ногі. Нібыта раматус быў. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Кво́лы ’фізічна не развіты, слабага здароўя, хваравіты’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Грыг., Сержп. Пр., Ян., ТС, Бяльк., КЭС, лаг.). Руская тэрыторыя, дзе зафіксавана кволый, уваходзіць у адзін арэал з беларускай (Герд, Бел.-рус. ізал., 32). Беларуска-ўкраінская інавацыя (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 47). Укр. кволий ’слабы, хваравіты, марудны, павольны’. Паходзіць ад прыслоўя кволи ’павольна’, якое да *къволи (параўн. польск. gwoli і бел. павольна, укр. повільно) (ЕСУМ, 2, 419). Параўн. таксама кволіць 2. Такая этымалогія прыводзіць да адмаўлення ад ранейшых версій, абгрунтаванне якіх было вельмі цяжкім. Гэта датычыцца Ільінскага, РФВ, 1917, 3–4, 204–206 (кволы < *kъv‑, звязанага з kyvati ’ківаць’), Праабражэнскага, I, 304 (хилый > *хволый > кволы), Фасмера, 2, 218–219 (кволый < квелить ’дражніць’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
нездаро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які недамагае, хварэе на што‑н.; хворы. [Падліпскі:] — Дадому вярнуўся нездаровы і нядужы, тыдні тры адляжаў у пасцелі. Адамчык. — Паедзем сёння, — стаяла на сваім Надзейка. — Дома нас чакаюць, дый Сымонка нездароў. Гурскі. // Які сведчыць аб нездароўі. Лялькевіч выпіў, з’еў гарачай бульбы, і бледны твар яго пакрыўся нездаровымі чырвонымі плямамі. Шамякін.
2. Шкодны для здароўя. Нездаровы клімат. □ Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Караткевіч.
3. перан. Шкодны ў грамадскіх і маральных адносінах. Нездаровыя настроі. Нездаровая крытыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крамя́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Пругкі, цвёрды, сакавіты. Мерна, роўна шархала [піла], уядалася ў крамяную белую моц дрэва. Мележ. У разоры ўзвышаецца.. горка крамяных агуркоў, выбраных учора з град калгасніцамі. Пестрак. // Поўны здароўя, сілы (пра чалавека). Ляжала Ганна на ложку, песцячы ў мяккай цёплай пасцелі сваё маладое крамянае цела. Нікановіч.
2. перан. Свежы, ядраны. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Грубаваты. Гэта быў ужо не той задзірысты франтавік Бесо Коркія, які мог сказаць сустрэчнай шыкарнай даме крамянае слоўца. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)