укры́ць, -ы́ю, -ы́еш, -ы́е; -ы́ты; зак., каго-што.
1. Закрыць з усіх бакоў.
У. машыну брызентам.
2. Запоўніць, засеяць чым-н. па паверхні, распаўсюдзіцца па ёй.
Цвіль укрыла сцены.
Чырвань укрыла шчокі.
3. Схаваць, засцерагчы ад каго-, чаго-н.
Ноч укрыла партызан ад ворага.
У. злачынца.
У. маёмасць ад аблажэння падаткам (перан.: утаіць).
|| незак. укрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| звар. укры́цца, -ы́юся, -ы́ешся, -ы́ецца; незак. укрыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
|| наз. укрыццё, -я́, н. (да 1 і 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
навалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. навалок, ‑лакла, ‑ло; заг. навалачы; зак., чаго.
1. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў у значнай колькасці. Навалачы кучу галля. Навалачы ўсякага дабра. // каго. Неадабр. Прывесці, навесці ў вялікай колькасці куды‑н. [Маці:] — Навалакла сюды нейкіх поўную хату.. Раз сяброўкі, дык абавязкова прывесці жыць да бацькоў! Карпюк.
2. пераважна безас. Зацягнуць, закрыць. На неба хмар навалакло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. запёрся, ‑перлася і ‑пёрлася; зак.
1. Знаходзячыся дзе‑н., замкнуць дзверы на замок, засаўку і пад.; закрыць уваход да сябе. Пік ужо раззлаваўся і, насварыўшыся на жонку, запёрся ў бакоўцы. Быкаў. // перан. Адасобіцца, адмежавацца ад навакольнага свету. Заперціся ў чатырох сценах.
2. Замкнуцца, зачыніцца. Вароты запёрліся.
3. Зак. да запірацца (у 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Рухаючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. — Хмараю насунулася войска... Патапталі нашы палі і паплавы. Гартны. На самалёт насунулася рэдкая імжа з дробных пясчынак. Шыцік. // перан. Надысці, наблізіцца (пра час, падзеі і пад.). Неяк адразу насунулася асенняя ноч. Грахоўскі. Было маленства, а пасля яго адразу насунулася сталасць. Чарнышэвіч.
2. Рухаючыся, закрыць, засланіць сабою. Некалі, тысячагоддзі назад, шумелі тут трапічныя лясы. Потым насунуўся ляднік, усё жывое замерла. Навуменка. Дзень быў няроўны: то пасвятлее, то зноў насунуцца нізкія кужэльныя хмары. Мележ. // Ссунуўшыся, закрыць сабой што‑н. На дзвюх табурэтках, захутанае ў цёплую коўдру, варушылася малое. З-пад хусткі, што насунулася яму на тварык, ружавеў носік. Гаўрылкін.
3. Разм. Нечакана апынуцца перад кім‑, чым‑н., наткнуцца, наскочыць на каго‑, што‑н. Адразу тры аўтамашыны насунуліся адна на адну. Новікаў. Стаяла такая цемра, што хоць на ваўка насунься. Кірэйчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Забіць, знішчыць усіх, многіх. Пазабіваць ваўкоў.
2. Забіць, увагнаць куды‑н. усё, многае.
3. Прыбіўшы або прымацаваўшы што‑н., закрыць наглуха ўсё, многае. Пазабіваўшы крыж-накрыж дошкамі вокны і дзверы ў хаце, я падаўся ў Мінск. Сачанка.
4. Засмеціць, закупорыць усё, многае. Дзьмуў вецер, каляіны і канавы пазамятала, пазабівала і дарогі ў нізкіх месцах, машыны не хадзілі. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
найсці́, найду́, но́йдзеш, но́йдзе; найшо́ў, -шла́, -шло́; найдзі́; зак.
1. на каго-што. Ідучы, наступіць на што-н.
Н. на купіну.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), на што. Насунуўшыся, закрыць сабою.
Хмара найшла на сонца.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ў вялікай колькасці; пранікнуць у якое-н. месца.
Найшло народу на сход.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., на каго. Апанаваць, ахапіць (аб пачуццях).
На яго найшла туга.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, з’явіцца раптам.
Бяда найшла неспадзявана.
|| незак. нахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
накры́ць, -ры́ю, -ры́еш, -ры́е; -ры́ты; зак.
1. гл. крыць.
2. каго-што. Пакрыць, закрыць каго-, што-н. зверху.
Н. машыну брызентам.
3. Папасці ў цэль (пры абстрэле, бамбардзіроўцы); знішчыць.
Н. праціўніка артылерыйскім агнём.
4. перан. Ахінуць; ахутаць (пра цемру, туман і пад.).
Ноч накрыла ўсё навокал.
5. Зрабіць дах, страху.
Н. хату шыферам.
6. каго (што). Злавіць, захапіць знянацку на месцы злачынства (разм.).
Н. бандытаў.
◊
Накрыць (на) стол — падрыхтаваць стол для яды, паставіўшы ўсё неабходнае.
|| незак. накрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. накрыва́нне, -я, н. (да 2 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
наплы́сці, -лыву́, -лыве́ш, -лыве́; -лывём, -лывяце́, -лыву́ць; наплы́ў, -лыла́, -ло́; -лыві́; зак.
1. на каго-што. Плывучы, наткнуцца.
Н. на камень.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыплыўшы, набрацца ў нейкай колькасці.
Наплыло (безас.) смецця да берага.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нацячы на паверхню чаго-н.
Наплылі слёзы.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна насунуцца, закрыць сабой што-н.
Наплылі хмары на сонца.
5. перан. Ахапіць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці, успаміны і пад.).
Наплылі ўспаміны.
|| незак. наплыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. наплы́ў, -лы́ву, м. (да 2 і 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
захіну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; -ну́ты; зак.
1. каго-што. Засланіць, прыкрыць чым-н.
З. рукамі галаву.
2. што. Пасунуўшы, закрыць, завесіць.
З. фіранку.
3. каго-што. Ахінуць чым-н., закруціць у што-н. або схаваць куды-н., за што-н.
З. дзіця ў кажух.
З. сумку за сябе.
4. што. Закінуць адзін край адзежыны за другі.
З. полы кажуха.
5. перан., што. Зацягнуць тонкім слоем.
Туман захінуў берагі ракі.
|| незак. захіна́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| звар. захіну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся; -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; незак. захіна́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
заслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., каго-што.
1. Закрыць, загарадзіць сабою або чым‑н. Нізкія і вузкія дзверы зямлянкі засланіла вялікая постаць чалавека. Шамякін. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу. Мележ. // Закрыць засланкай (печ). [Люба] загарнула жар, засланіла печ, дастала штосьці з-пад прыпека і пачала вячэраць. Чорны. // перан. Пазбавіць магчымасці чуць, бачыць, разумець і пад. (пра органы пачуццяў). Усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла. Колас.
2. перан. Адсунуць на задні план. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Колас. Іншае, моцнае і радаснае пачуццё засланіла на момант усё астатняе. Якімовіч.
•••
(Увесь) свет засланіць — а) зрабіць жыццё пакутным, бязрадасным. Вайна, як гром, абарвала добрыя надзеі, засланіла цемрай свет. Кавалёў; б) прымусіць забыць пра ўсё на свеце. Дзіця засланіла Клаўдзіі Аляксееўны ўвесь свет. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)