Іна́кш прыслоўе ’іншым спосабам, па-другому, не так’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Касп., Шат.), ина́к (Нас.), іна́чай (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк.), на́чэ (лельч., Нар. лексіка, 132). Рус. ина́че, дыял. ина́ко, укр. іна́к, іна́ко, іна́кше, польск. inaczej, уст. і дыял. inak, в.-луж. hinak, н.-луж. hynak, hynacej, чэш. jinak, jináč, славац. ináč, inak, inakšie, славен. inako, серб.-харв. и̏на̄ко, и̏на̄че, балг. и́нак, и́наче, макед. инаку. Ст.-слав. инако, ст.-рус. инакъ, инако, иначе, ст.-бел. иначеи (Скарына). Прасл. *jьnako, *jьnakje ад *jьnakъ ’іншы’ (гл. інакшы, іншы). Фасмер, 2, 130; Шанскі, 2, I, 65–66; Трубачоў, Эт. сл., 8, 230; Слаўскі, 1, 456. У бел. інакш ‑ш‑ з суфікса вышэйшай ступені. Лексема іначай сфарміравалася, відаць, пад уплывам польскай формы з суфіксальным ‑ějь. Сюды ж іна́чыць ’рабіць інакшым, другім; змяняць’ (ТСБМ, Нас.), дыял. іначасць (у «Соках цаліны» Ц. Гартнага; Гіст мовы, II, 238).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

іна́чай, прысл. і злучн.

1. прысл. Іншым спосабам, па-другому, не так. Справа пайшла іначай. □ — Жывы пра жывое думае, а як жа іначай! Іначай нельга. Чарнышэвіч. А яшчэ зусім нядаўна ўсё выглядала іначай. Кулакоўскі.

2. злучн. супраціўны. У адваротным выпадку, а то. — Тыл арміі павінен быць надзейны, Іначай мы не зможам наступаць. Глебка. — Павінна кожная рэч сваё месца ведаць, іначай, голуб мой, не парадак. Лынькоў.

•••

Не іначай (як) — падобна, што; іменна. Адкуль.. [Зелянюк] ведае? Не іначай вымудрае ўсё гэта яго маладая жвавая фантазія. Зарэцкі.

Так ці іначай гл. так.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зале́жнасць, ‑і, ж.

1. Падпарадкаванасць чужой уладзе, волі. Прыгонная залежнасць. Быць у залежнасці. □ [Пілацееў] адчуў сваю залежнасць .. ад шматлікіх, непадуладных яму сіл, у прыватнасці і ад незнаёмага рыжага насільшчыка. Галавач.

2. Абумоўленасць чаго‑н. якімі‑н. абставінамі, прычынамі. [Дзядам] досыць пабачыць першы вырай журавоў, каб сказаць, які будзе авёс. У залежнасці ад вышыні лёту знаходзіўся і рост аўса: высока ляціць вырай — І высокі вырасце і авёс. Колас.

3. Спосаб злучэння слоў або сказаў, які выражае падпарадкаванасць аднаго слова ці сказа другому. Залежнасць прыметніка ад назоўніка. Залежнасць даданага сказа ад галоўнага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднабако́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае што‑н. толькі з аднаго боку; які мае толькі адзін бок. Аднабаковы трыкатаж. Авёс з аднабаковай мяцёлкай.

2. Які ахоплівае, закранае толькі адзін бок. Аднабаковае запаленне лёгкіх.

3. Які адбываецца толькі ў адным кірунку; які накіраваны сваім дзеяннем у адзін бок. Аднабаковы рух транспарту. Аднабаковая радыётэлефонная сувязь.

4. Які ажыццяўляецца адным бокам, адной асобай. Аднабаковае спыненне ваенных дзеянняў. Аднабаковыя гарантыі.

5. Вузкі, абмежаваны, які ахоплівае толькі адзін бок з’явы, дзейнасці, інтарэсаў; накіраваны на штосьці адно, на шкоду другому. Аднабаковае выхаванне. Аднабаковае развіццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўня́, ‑і, ж.

Разм. (часцей з адмоўем). Чалавек, роўны другому па якіх‑н. прыкметах (па ўзросту, па сацыяльнаму становішчу, па ведах і пад.). Хоць Зубок быў і старэйшы за нас, а трымаўся, як наша раўня. І мы любілі Косцю за гэта. Вітка. [Кацярына:] Да мяне сватаюцца людзі — не табе раўня. Крапіва. — Мяне лёд не вытрымае, — апраўдваўся Міхась. — Я цяжкі. Не раўня табе. Хомчанка. / у знач. зб. Аднагодкі. У гарачыні вялікага клопату мінала жыццё ў мяне і ў мае раўці, у нас не было часу заўважаць, што яно мінае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым і без дап.

Абмяняцца развітальнымі словамі, націснуць адзін другому рукі і пад. пры расставанні. Не даходзячы трохі да сяла, прыяцелі развіталіся. Колас. Андрэй, Плаха і Габрусь развіталіся з усімі за рукі, падзякавалі гаспадыні за пачостку і выйшлі з хаты. Гартны. // перан. Расстацца з чым‑н., пакінуць што‑н. надоўга, назаўсёды. Хоць даўно развітаўся са службай марской і ў цывільным хаджу гарнітуры, — горад мой! — уяўляю цябе я парой караблём, што адольвае буры. А. Вольскі. [Лейтэнант:] — Вось каб усе так дзейнічалі, з парушэннямі можна было б развітацца. Корбан.

•••

Развітацца з жыццём (з белым светам) — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.

1. Сціснуўшы, націснуўшы, змяць, расплюшчыць. [Алесь], не аглядаючыся, пасунуўся ад нас, неяк усё націскаючы на правую нагу, нібы пад яе трапляла што і ён мусіць яго раздушыць, прыціснуць. Адамчык. Але вось бяда — як яго [вужынае яйка] несці, каб не раздушыць. Ваданосаў. // Націснуўшы, задушыць (пра насякомых). [Ціхан] ляпнуў сябе далоняй па шчацэ і раздушыў пчалу. Дуброўскі.

2. Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, душачы, забіць або скалечыць. Людзі, якія бачылі нашу сустрэчу, аж кінуліся да нас. Можа, баяліся, што я раздушу старую ў абдымках. Сабаленка. / у безас. ужыв. — Ну, аднаго чалавека засыпала зусім, але нічога, адкапалі мяккі пясок. Другому паламала рэбры, раздушыла грудзі. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разміну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Ідучы адзін другому насустрач, не сустрэцца; разысціся. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Колас. А Жэня магла б і размінуцца з калонай, не заўважыць чалавека ў цывільным. Кулакоўскі.

2. Разысціся пры сустрэчы, не дакрануўшыся адзін да другога; не зачапіўшы адзін другога. — Пане Сурвіла, — сказаў вусаты шляхціц, — падайцеся крыху набок, і мы пройдзем паўз вас, размінёмся. Чорны. Сцежачка вузкая, як толькі дваім размінуцца, бо ідзе яна праз саўгасныя пасевы. Кулакоўскі. // Прайсці міма, не прыпыняючыся адзін каля другога. Глянулі [падпольшчыца і Клумаў] адзін на аднаго, ён пазнаў яе, не гледзячы на «маскарад», кіўнулі адзін аднаму — і размінуліся. Ус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.

1. што. Напісаць якое‑н. слова, тэкст нанава, яшчэ раз. Перапісаць рукапіс. Перапісаць сачыненне. // Зрабіць копію з якога‑н. тэксту; спісаць. Перапісаць верш з кнігі ў альбом. // Перапрацаваўшы, напісаць нанава, інакш. Ён [А. Маўзон] фактычна перапісаў усю п’есу, у выніку чаго ўдасканаліўся не толькі вобраз Заслонава, але і вобразы яго бліжэйшых паплечнікаў і сяброў. Рамановіч.

2. каго-што. Скласці спіс, рэестр каго‑, чаго‑н.; запісаць усіх, многіх або ўсё, многае. Перапісаць прысутныя. Перапісаць інвентар.

3. што. Аформіць, перааформіць дакумент на перадачу або перавод чаго‑н. каму‑н. другому. Перапісаць маёмасць на сына. □ [Пятро:] — Цікава, ці перапісаў стары дом на Васіля? Даніленка.

4. чаго. Напісаць многа або многім. Упершыню за два гады сказаў [пра каханне], хоць пісем перапісалі, хоць паперы звялі мы — вазы! Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблі́зіцца, збліжуся, зблізішся, зблізіцца; зак.

1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць, наблізіцца адзін да аднаго. Машыны зблізіліся. Касмічны карабель зблізіўся з арбітальнай станцыяй.

2. Уступіць у блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны з кім‑н.; стаць блізкім адзін другому. Калі дзядзька стаў калгасным пастухом, .. Алесь яшчэ больш зблізіўся з ім. Сіняўскі. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. // перан. Блізка пазнаёміцца з чым‑н., заняцца чым‑н. Там ён яшчэ больш зблізіўся з тэхнікай і пасля дэмабілізацыі, ужо сталым камсамольцам, адразу ж падаўся вучыцца ў Магілёўскую школу механікаў МТС. «Звязда».

3. Стаць падобнымі, выявіць падабенства. Словы зблізіліся па значэнню. □ Пасля вызвалення ад польска-шляхецкага прыгнёту шляхі ўкраінскага і беларускага народаў не разышліся, а яшчэ больш зблізіліся. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)