праніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак.
1. каго-што. Пракалоць, праткнуць наскрозь чым‑н. вострым. Немец не паспеў крыкнуць, як вострае джала нямецкага штыка наскрозь пранізала яго. Кавалёў. Іголка так і пранізала наскрозь палец. Васілевіч.
2. перан.; каго-што. Праткнуць, прайсці праз што‑н. Сонечнае святло пранізала тоўшчу вады аж да самага дна. Хомчанка. Сонца толькі што ўзышло і пранізала праменямі голыя кроны дрэў. Дуброўскі. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую купу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.
3. перан.; каго-што. Пранікнуўшы ўнутр каго‑, чаго‑н., выклікаць якія‑н. фізічныя адчуванні (пра холад, вецер, боль і пад.). Сцюжа пранізала .. [Рахмільку] да самых касцей. Бядуля. [Хлопец] падняўся і паспрабаваў узняць руку, але востры боль пранізаў усё яго цела. Шчарбатаў. // Рэзка, моцна падзейнічаць. Усю .. [Любу] пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Краўчанка. Ганна раптам засмяялася. Смех гэты пранізаў сэрца. Мележ.
4. што. Нізаць некаторы час (гл. нізаць у 1 знач.). Пранізаць каралі ўвесь дзень.
•••
Пранізаць вачамі — пільна, уважліва паглядзець на каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таі́цца, таюся, тоішся, тоіцца; незак.
1. Скрываць што‑н. ад іншых, не расказваючы, не выказваючы што‑н.; праяўляць скрытнасць. За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ. Вера кінула таіцца перад Надзяй сваёй службай, расказвала ёй аб парадках у камендатуры. Лынькоў. З нашага дзесятага класа болей ніхто не быў закаханы, і мы з трывогай глядзелі на гэтых двух [Славу і Вераніку], якія так упарта таіліся адзін ад другога. Навуменка. І от пасля першай гэтай гаворкі.., у якой, што тут таіцца, была пэўная доза с[е]нтыментальнасці, сяброўкі пачалі набываць кожная свой звыклы выгляд. Чорны.
2. Хавацца, скрывацца. [Бацька] таіўся да гэтага часу, цураўся сваёй сям’і... Дамашэвіч. За кожнай кудлатай елкай, магчыма, тоіцца вораг. Жычка.
3. Існаваць у скрытым выглядзе; не праяўляцца яўна. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў таяцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Колас. І не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура тоіцца, Што ўвесь ён [Саша] напоен нянавісцю спаленых сёл. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Аддавацца роздуму; раздумваць, мысліць. Часта доўга думае стары Яўхім пра сваю дачку і яшчэ мацней яе шкадуе, любіць. Пестрак. Аб чым камандзір думаў так доўга, — цяжка сказаць. Брыль. Доўга думала Ганна і, урэшце, надумалася. Нікановіч.
2. з дадан. сказам. Лічыць, меркаваць. [Шкуранкоў:] Думаю, што пры наступнай сустрэчы мы лепш зразумеем адзін аднаго. Крапіва. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Якімовіч. // на каго. Мець падазрэнне, лічыць вінаватым у чым‑н. Думаў на Івана, што ён вінаваты.
3. з інф. Мець намер, збірацца што‑н. рабіць. Хоць у маткі і жылося .. [Аўгінні] нялёгка, але варочацца да Васіля яна не думала. Колас. [Страмілін:] Я думаю паставіць даклад галоўнага інжынера на парткоме. Крапіва.
4. аб кім-чым, пра каго-што. Клапаціцца, турбавацца. Думаць аб бацьках. □ [Людзі] найбольш думалі пра дзённы свой заработак. Чорны.
•••
А што ты думаеш! гл. ты.
Забыць (і) думаць гл. забыць.
І думаць няма чаго — пра поўную немагчымасць зрабіць што‑н.
І не думай (нават) — пра катэгарычную забарону рабіць што‑н.
Трэба думаць гл. трэба.
Я думаю гл. я.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераступі́ць 1, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што або цераз каго-што. Ступіўшы, перайсці на другі бок чаго‑н. Пераступіць парог. Пераступіць цераз канаву. □ Усё поле было падзелена на загоны, часам такія вузкія, што курыца магла пераступіць. Гурскі.
2. Зрабіўшы крок, перамясціцца куды‑н. Пераступіць з аднае сцежкі на другую. // Не сыходзячы з месца, перамяніць становішча ног або перанесці цэнтр цяжару з аднае нагі на другую. Вадзім зірнуў на свае туфлі, нялоўка пераступіў з нагі на нагу. Асіпенка.
3. перан.; што. Парушыць, перасягнуць рубеж, мяжу чаго‑н. Пераступіць мяжу прыстойнасці. Пераступіць закон. □ Яны стаялі можа хвіліну моўчкі — блізкія і далёкія разам. Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася. Мележ.
пераступі́ць 2, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. што. Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць другога. Пераступіць чаргу. // Ахвяраваць што‑н., чым‑н. Я лепш сваё пераступлю. □ Часам для справы трэба пераступіць свае пачуцці. Няхай.
2. Зрабіць уступку, саступіць. Маці нездаволена паглядзела на дзяўчыну і ледзь прыкметна прыжмурыла вока. «Сціхні, — гаварыў гэты яе знак, — пераступі старому». Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твары́ць, твару, творыш, творыць; незак., што.
1. і без дап. Ствараць у працэсе творчай дзейнасці матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У самоце-адзіноце Песні, байкі ён [Сымон] тварыў. Колас. Не для славы імкнуся цябе я тварыць, Мая песня, мой заклік свабодны. Васілёк. [Андрэй:] — Да гэтага часу .. [фашысты] дамагліся толькі аднаго: спаганілі сваю ўласную мову, цудоўную нямецкую мову, на якой тварылі Гёте і Гейнэ, Маркс і Тэльман. Шамякін.
2. Рабіць, здзяйсняць. Тварыць вялікія справы. Тварыць дабро. □ Па тэлефоне Фінця Паўлаўна дазналася, што ў Маскве ёсць Інстытут касметычнай медыцыны. Там усё можна высветліць. Там твораць цуды касметыкі. Грамовіч. У чалавека ёсць два жыцці: адно жыццё творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі .. Так адчуваў Лабановіч, але замацаваць сваё адчуванне ў пэўнай форме не здолеў. Колас. Мы і гісторыю нашу Знаем ад самых асноў — Мы яе творым на справе Болей чым трыццаць гадоў. Куляшоў. // Чыніць, вырабляць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага. Ганна добра ведала, якія жахі твораць фашысты на акупіраванай тэрыторыі. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.
1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.
2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».
3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.
4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.
•••
Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзелавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Звязаны з работай, службай, якой‑н. справай. Дзелавая размова. Дзелавая перапіска. Дзелавая паездка. Дзелавыя сувязі. □ Не паспеўшы яшчэ прысесці, .. [інспектар] зараз жа звярнуўся да Трахіма Пятровіча з чыста дзелавымі пытаннямі: ці ёсць прылады пісьма, ці ўсё падгатавана ў школе, ці павешаны на сцяне карты. Колас. // Які датычыць сутнасці справы, практычна карысны; істотны. Дзелавая заўвага. Дзелавое абмеркаванне. Дзелавая падтрымка. □ Усе, хто зварочваецца да яе, заўсёды ўпэўнены ў тым, што ад Марусі яны атрымаюць дзелавы адказ. Брыль. Былі і кароткія дзелавыя рэзалюцыі з прапановамі абраць містэра Лаяна .. пажыццёвым старшынёй. Лынькоў.
2. Які ведае сваю справу, сур’ёзна ставіцца да яе. Гофман паказаўся Філістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. // Уласцівы дзелавітаму, занятаму чалавеку. Дзелавыя якасці. □ Памаўчаўшы, нібы не адважваючыся адразу, Рыгор Васільевіч пачаў дзелавым тонам: — Я хацеў бы, Ганна Мікалаеўна, на нейкі час пасяліцца ў вашай хаце. Грахоўскі.
3. Звязаны са справаводствам; які адлюстроўвае дакументы справаводства. Дзелавыя паперы. Канцылярска-дзелавы стыль. // Які спрыяе паспяховаму ходу справы, работы. На заводзе створана дзелавая абстаноўка, творчая атмасфера. «Звязда». Земнюкову прапазіцыю ўхвалілі.., і на сходзе зноў запанаваў спакойны дзелавы настрой. Зарэцкі.
4. Прыгодны ў якасці матэрыялу для якіх‑н. вырабаў. Дзелавая драўніна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
без, прыназ. з Р.
Спалучэнне з прыназ. «без» выражае:
Азначальныя адносіны
1. Пры апісанні прадмета (з’явы, паняцця) для ўказання на адсутнасць у ім часовай або пастаяннай прыметы, выражанай назоўнікам роднага склону. Лес без канца і краю. Работа без прымусу. □ А што гэта за даліна ды без рэха, А зялёная ляшчына без арэхаў, Ручаіна без жывой-крутой вадзіцы, Лугавіна без духмянай медуніцы. Танк.
2. Пры словах, якія абазначаюць меру або колькасць, паказвае, колькі не хапае да поўнай меры. Без чвэрці гадзіна. Без малога год. Кілаграм без дзесяці грамаў. □ Роўна без дваццаці восем вечара.. пачуўся громкі голас. Колас.
Аб’ектныя адносіны
3. Паказвае, што дзеянне адбываецца пры адсутнасці, без удзелу каго‑, чаго‑н. Працаваць без машын. □ Найбольш складаная і адказная частка работы зроблена без Міхася. Брыль.
4. Адпавядае словам: акрамя, за выключэннем, не лічачы. Ганна хутчэй зачыніла дзверы за сабой — і без таго маркотна, хоць ты плач. Мележ.
Акалічнасныя адносіны
5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае прыслоўныя спалучэнні, якія выражаюць спосаб дзеяння і інш. акалічнасці. Завянуць без пары. Ссохнуць без вады. Прабірацца без шуму. □ Мікалай Патапавіч .. даваў парады хоць і без ахвоты, але шчыра. Кулакоўскі.
•••
Без жартаў гл. жарт.
Не без гэтага — і гэта бывае.
Не без таго — бывае і так.
Не без чаго — тое, што і з чым‑н., але з меншай ступенню сцверджання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ну́мар, ‑а, м.
1. Парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных. Нумар аблігацыі. □ Кудзіны займалі кватэру нумар два. Хадкевіч. Лугавец падышоў да тэлефона, назваў нумар. Краўчанка.
2. Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку. Апошні нумар часопіса. □ Вялікую радасць перажыў Лабановіч, калі яму прыслалі першы нумар першай беларускай газеты. Колас.
3. Жэтон, планка, ярлык і пад. з адбіткам або малюнкам лічбы. Цяпер.. [Вера] павінна была прыходзіць раней за ўсіх, выносіць з будкі дошку з жэтонамі, і рабочыя, прыходзячы на работу, здымалі кожны свой нумар. Мікуліч. Падвешаны над брамаю нумар паказваў на дом, у якім жыла Ганна. Гартны.
4. Размер адзення, абутку і інш. Трыццаты нумар нітак. □ [Гаспадар:] — У чаравіках толькі па бруку шпацыраваць. Які вы нумар носіце? Новікаў.
5. Асобны пакой у гасцініцы, лазні і пад. Акно шырока раскрыта, а ў нумары [гасцініцы] душна і горача. В. Вольскі.
6. Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і пад.). З вольнымі нумарамі выступалі Ліда і Наташа Гоман. Шамякін. Перад самым пачаткам у партэры прайшлі чуткі, што ў праграме канцэрта ёсць вельмі цікавы нумар. Самуйлёнак.
7. перан. Разм. Які‑н. нечаканы, дзіўны ўчынак. Няўжо.. Габрусь здольны выкінуць такі нумар? Шынклер.
8. Баец гарматнага, кулямётнага і пад. разліку. Першы нумар разліку, малады сілезскі шахцёр Ян Філец, — найлепшы кулямётчык батальёна. Брыль.
[Ад лац. numerus — лік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Зменшыцца ў аб’ёме пад ціскам; згусціцца. Спружына сціснулася. Газы пад поршнем сціснуліся. // Разм. Скараціцца. Тэрміны сціснуліся, адпадае рад намечаных намі мерапрыемстваў. Шынклер.
2. Размясціцца шчыльна, сабрацца ў адным месцы, стоўпіцца. Сціснуліся, як селядцы ў бочцы.
3. Звузіцца (аб якой‑н. прасторы). Без таго вузкая стужка шашы нібы зусім сціснулася ў белай акантоўцы прыдарожных слупоў. Асіпенка.
4. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сагнуцца. Вожык так моцна сціснуўся, што ліс ніяк не мог даць яму рады. Ляўданскі. Таня сціснулася на возе ў камяк, падк[у]рчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Пташнікаў. [Вася:] — А раз нехта ля куста стаяў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. Быкаў.
5. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). У першую хвіліну .. [Нікіцін] здзівіўся, а потым зазлаваў, што аж рукі сціснуліся ў кулакі. Гурскі. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурыліся, губы сціснуліся. Чорны. // Зблізіцца, насупіўшыся (пра бровы). [Лена:] — Ты не будзеш гневацца, калі я напішу Мікалаю пісьмо? — У Андрэя, як ад удару, сціснуліся бровы. Скрыган.
6. перан. Адчуць унутраны цяжар (у грудзях, горле). Але Косцік не чуў, што гаварыў Воўка. У грудзях у яго ўсё сціснулася, вочы заслаў нейкі туман. Арабей. // Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). У Віці сціснулася сэрца ад жалю і крыўды. Чарнышэвіч. Ганна не апусціла галавы, не разгубілася, а толькі сціснулася душой. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)