пронзи́ть сов.

1. праніза́ць, праця́ць; (проколоть) пракало́ць, мног. папрако́лваць, прабі́ць, мног. папрабіва́ць;

2. перен. праніза́ць; (пронять) праня́ць; (о чувстве, мысли и т. п. — ещё) праця́ць, ахапі́ць, ура́зіць; разану́ць;

пронзи́ть взгля́дом праніза́ць по́глядам;

э́та весть пронзи́ла мне се́рдце гэ́та ве́стка разану́ла мяне́ па сэ́рцы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

По́садзь ’від падаткаў у ВКЛ з 1484 г.’, ст.-бел. поседь, посѣдь, укр. посідь, польск. posadź (з 1632 г.) ’тс’. Няма падставы меркаваць, што слова прыйшло з літ. posėdis ’тс’ (так Яблонскіс, гл. Непакупны, Мовознавство, 1970, 6, 30; Лаўчутэ, Балтизмы, 94), хутчэй, наадварот: утварэнне пры дапамозе прыстаўкі *po‑ (гл. по-) ад кораня *sěsti < *sědti з семантыкай ’уласнасць, маёмасць, набытак’, параўн. посе́сці ’сесці, заняць месца; атрымаць’ (ТС). Паводле ЕСУМ (4, 535), укр. по́сід ’уласнасць, валоданне’ — калька з польск. posiadać ’мець, валодаць’, што ўзнікла на базе лац. possideo ’валодаю, маю’, роднаснага posiadać ’сесці, заняць месца’, што, паводле Банькоўскага (2, 711), калькуе ням. bezitzen; фанетыка пад уплывам пасадзіць/posadzić, параўн. таксама славац. posadnúť ’ахапіць, завалодаць’. Прыстаўка па‑ (по- po-) часта ўжываецца для ўтварэння назваў аплаты — бел. паземшчына, рус. подать, польск. pogłówne, славац. poplatok ’абавязковая плата’. Параўн. пасаг, посах 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

арганізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.

1. Заснаваць што‑н. такое, што мае грамадскі характар. Арганізаваць краязнаўчы гурток.

2. Падрыхтаваць, упарадкаваць; наладзіць. Арганізаваць сацыялістычнае спаборніцтва. Арганізаваць работу інструктарскіх груп. Арганізаваць сустрэчу. Арганізаваць будаўніцтва дарог. Арганізаваць серыйны выпуск машын. // перан. Разм. Дастаць, здабыць або падрыхтаваць што‑н. для каго‑н. — Ды вось ніяк не збяруся, каб запрасіць вас, — вінавата сказаў Андрэй. — Добра, што напомнілі. Арганізуем такую справу. Шахавец.

3. Аб’яднаць, згуртаваць для якой‑н. мэты; ахапіць якой‑н. арганізацыяй. Арганізаваць сялянства ў калгасы. □ [Кастусь] нават кулямёт меў і арганізаваў атрад. Чорны.

4. Унесці ў што‑н. пэўны парадак, планамернасць; упарадкаваць. Арганізаваць свой рабочы час. Арганізаваць падрыхтоўку вучняў да экзаменаў. Арганізаваць увагу дзяцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Паправіцца пасля хваробы, ачуняць; набрацца сіл, акрэпнуць. [Нупрэй:] — Думалі, ні за што не выжыве [Язэп]. Аж месяц-другі пасядзеў дома і акрыяў трохі. Сачанка. Ранены крыху акрыяў, але не настолькі, каб як след ахапіць розумам сваё становішча. Шарахоўскі. // Дасягнуць (пасля ваеннага разбурэння і пад.) ранейшага стану. Вёска яшчэ не зусім акрыяла ад трох акупанцкіх пажараў. Брыль.

2. перан. Ажыць душой. Іван.. чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. [Анюта:] — Каб мне хоць слоўца пра майго Казіка сказаў — дзе ён, што з ім, — дык я ўся душой бы акрыяла, свет перада мной адкрыўся б. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апанава́ць, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Ахапіць, авалодаць поўнасцю (пра настрой, думкі, пачуцці, а таксама пра фізічны стан чалавека). [Таццяна:] — Сэрца адзінокае апануе сум. Глебка. Толькі ўжо за вёскай.. [Наташу] апанаваў страх. Шамякін. Але ногі чамусьці не слухаліся, вяласць апанавала ўсё цела. Шахавец. // Перамагчы, узяць верх (над настроем, думкамі, пачуццямі і пад.). Але нешта на гэты раз стрымала.. [Сашу], нешта апанавала яго звычайную рашучасць. Мележ.

2. Напасці ў вялікай колькасці, акружыць з усіх бакоў. Калі ж апанавалі ганчакі,.. [воўк] агрызнуўся, шчэрачы клыкі. Танк. Некалькі местачковых балаголаў апанавалі Лабановіча і цягнулі яго кожны на сваю фурманку, вырываючы з рук чамаданы. Колас. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Сястра раней працавала, а цяпер дзеці апанавалі. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Зачыніць на замок, на ключ. Замкнуць дзверы. Замкнуць хату. □ Скуратовіч замкнуў клець і пайшоў у дом. Чорны.

2. Зачыніць на замок каго‑, што‑н. у якім‑н. памяшканні, сховішчы. Арыштаваных .. замкнулі ў хаце Камісаравай, якая жыла крыху па водшыбе ад вёскі. Брыль. [Паходня] склаў паперы, замкнуў іх у жалезную скрынку, што стаяла ля стала ў куце. Хадкевіч.

3. Злучыць канцы, крайнія часткі чаго‑н. Замкнуць электрычны ланцуг. Замкнуць правады. Замкнуць кола акружэння.

4. Ахапіць, акружыць з усіх бакоў. На плошчы дзяўчаты замкнулі Натальку ў свой жывы, вясёлы, рознакаляровы круг, так што толькі адна стракатая касынка і відна была з гэтага круга. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак. і незак., каго-што.

1. Захапіць, узяць у палон. Зграя варожая злева і справа Іх паланіла для жорсткай расправы. Звонак. // Заваяваць, захапіць якія‑н. землі, краіны і пад. У кожным слове Соніных бацькоў гучала нянавісць да чужынцаў, якія паланілі родны край. Новікаў.

2. перан. Прывабіўшы, падпарадкаваць свайму ўплыву. Хацеў знайсці да ісціны ключы, А паланілі формулы і словы. Грахоўскі. Сэрца стала паслухмяным, — любы словам паланіў. Машара. // Зачараваць. Спявалі [дзяўчаты] зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас. Шамякін. Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў.

3. Разм. Ахапіць, запоўніць сабой. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. прыліў, ‑ліла, ‑ліло; заг. прылі; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падступіць, прыцячы, хлынуць (пра вадкасць). Хваляй прыліла кроў да галавы — стала горача, стукнула ў скронях, здалося, што паволі крутнулася зямля. Дамашэвіч.

2. што і чаго. Разм. Дадаць чаго‑н. вадкага, да ліць.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раптоўна ўзнікнуць, ахапіць каго‑н. (пра якое‑н. пачуццё). Хваля гневу і энергіі прыліла да сэрца. Маўр. Новая хваля сораму прыліла да .. [Крысцінінага] стомленага, бледнага твару, пазбавіла яе мовы. Васілевіч. У пяць разоў больш прыліло ў Ігнася злосці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сімпа́тыя, ‑і, ж.

1. Прыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Бывае так: убачыш чалавека ўпершыню, толькі двума словамі перакінешся з ім, і ўжо ахапіць цябе гарачая сімпатыя да яго. Новікаў. [Рэгістратар] адчувае да тав. Мінкіна нейкую сімпатыю. Той з ім заўсёды на «ты». Проста з ім гаворыць. Бядуля. // звычайна мн. (сімпа́тыі, ‑ый). Цёплыя, ласкавыя пачуцці, прыязнасць. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Можа, тут маюць месца і нейкія чыста асабістыя сімпатыі і пэўныя заслугі Ваўчка ў аднаўленні МТС. Хадкевіч. Занадта вялікая справа вырашалася, каб звяртаць увагу па свае.. сімпатыі і антыпатыі. Шамякін.

2. Разм. Любімы чалавек. Спаткаў сваю сімпатыю. □ [Вакула:] — У той кватэры.. [Пракаповіч] сімпатыю завёў. Радкевіч.

[Ад грэч. sympatheia — спачуванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надысці́, надыду, надыдзеш, надыдзе; пр. надышоў, ‑шла, ‑шло; заг. надыдзі; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, пачацца, наблізіцца. Надышоў вечар. Надышло свята. Надышоў канец змены. □ Калі надышла залацістая восень, Рыгорку завялі ў школу. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ахапіць, авалодаць. Зноў надышоў страх. Галавач.

3. Разм. Прыйсці, з’явіцца куды‑н. Так і ляжалі, сцякалі крывёю маці і сын, пакуль не надышлі суседзі, не завезлі ў бальніцу. Арабей. // Прыбыць на месца прызначэння; быць дастаўленым. Поезд надышоў у час. □ [Следчы:] — Едзьце, сябры, зараз у Азярышча. Можа, за гэты час туды надышлі якія весткі. Пестрак. // Насунуцца, закрыць неба. Надышлі хмары.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. З’явіцца, узнікнуць (пра думкі, успаміны і пад.). Надышло рашэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)