стыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Мець сумежныя бакі, межы; размяшчацца, падыходзіць вельмі блізка, упрытык. І пеўнікаў над франтонамі, дзе стыкаюцца ветравыя дошкі, таксама зрабіў Антон. Пальчэўскі. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца барзджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. Назаўтра раніцаю Грышка хадзіў па [ўс]краіне лесу, які стыкаўся з канцамі сялянскіх загонаў той вёскі, дзе патрэбна было зрабіць разведку. Чарот.

2. Быць, знаходзіцца дзе‑н. які‑н. час, прыпыняцца. Працавала .. [Юзэфа] ў аўтакалоне дарожніцай, рэдка стыкалася дома і не глядзела Андрэя. Пташнікаў. І .. [Анісім] не стыкаўся дома — усё бегаў то з касою, то з граблямі і рабіў сена: яго можна было ўзімку прадаць і выручыць добрыя грошы... Сачанка.

3. Нечакана сустракацца з кім‑н. (пры ўваходзе, выхадзе і пад.). [Алена Сцяпанаўна:] — Дарэчы, я зайшла сказаць, што вас кліча дырэктар. — Выходзіць, але ў дзвярах і стыкаецца з дырэктарам. Скрыган.

4. перан. Уступаць у якія‑н. адносіны, кантакт з кім‑н.; мець справу з кім‑н. Некаторыя, што стыкаліся з .. [Сашкам Стафанковічам] па службе, мелі яго за чалавека вялікага розуму і практыкі. Чорны. Гэта не перашкаджала .. [Веры] заўсёды быць у дзейнай бадзёрасці і перадаваць гэту бадзёрасць усім, хто з ёю стыкаўся. Зарэцкі.

5. перан. Быць звязаным з чым‑н.; мець дачыненне да чаго‑н. [Лабановіч:] — Нашы інтарэсы не стыкаюцца, і нам няма за што пасварыцца нават. Колас.

•••

Дзверы не стыкаюцца гл. дзверы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абярну́ць, абярну, абернеш, аберне; зак., каго-што.

1. Паваліць на бок або перавярнуць дагары; перакуліць. Абярнуць стол. □ А раніцай — ускруціць цябе шалёны вецер,.. гатовы сцены абярнуць і сячэ, цэдзіць па вокнах буйнымі халоднымі слязьмі. Пташнікаў. // Выліць, вываліць змесціва з пасудзіны і пад., паваліўшы яе на бок. Абярнуць малако. Абярнуць воз бульбы.

2. Павярнуць назад, убок. Абярнуць галаву. □ [Язэп] заснуў на санках падцягнуўшы пад сябе правую [ляйчыну] так моцна, ажно конь галаву абярнуў направа і за ноч вялізны круг вытаптаў у снезе на выгане. Бядуля.

3. Разм. Накіраваць (сродкі і пад.). Работа зробіцца, час пройдзе, а заробленыя грошы.. [Толя Базылькевіч] аберне на заняпалую гаспадарку. Чорны. [Віктар:] — Цяпер я бачу, што ўсё на свеце можна абярнуць на карысць чалавека. Маўр.

4. Прымусіць прыняць іншае аблічча, выгляд; ператварыць, змяніць, перавесці адну якасць у другую. І можа лепш пайсці па згоду, У жарт выпадак абярнуць. Колас. // У казках і рэлігійных павер’ях — ператварыць адну істоту, з’яву або прадмет з дапамогай чараў у іншую. Абярнуць чалавека ў воўка. □ «Абярні, бог, ворагаў маіх за здзекі У каменне нерухомае навекі». Дзяргай.

5. Схіліць да чаго‑н. Абярнуць у сваю веру.

6. Змяніць, прыдаць іншы напрамак (пра абставіны, ход якой‑н. справы). Адпомсцім ворагу мы ў жорсткай барацьбе, Абернем у пільнасць мы жалобу і трывогу. Гурло.

7. Абвергнуць чые‑н. думкі, погляды, перакананні і пад. Антон не хацеў паверыць у гэта [што Букаты не дараваў яму], спадзяваўся, што ўсё яшчэ можа неяк змяніцца, але маўклівая туга ў вачах Букатага абярнула слабую надзею, перакрэсліла яе і адкінула бязлітасна. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крок, ‑у, м.

1. Адзін рух нагой уперад, назад або ўбок, а таксама рух адной нагой уперад пры хадзьбе, бегу. Ступіць крок уперад. □ Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй. Шамякін. // толькі мн. (кро́кі, ‑аў). Гукі, якія ўтвараюцца пры такіх рухах. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэслаў і пачуліся крокі. Колас.

2. толькі адз. Тэмп руху пры хадзьбе (звычайна ў спалучэннях: «паскорыць крок», «суцешыць крок», «прыпыніць крок» і пад.). Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. // Пэўны від хадзьбы, руху. Спартыўны крок. Страявы крок.

3. перан.; з азначэннем. Дзеянне, учынак. Рашучы крок. □ [Лютынскі:] Кожны няправільна зроблены намі крок сурова асудзіць гісторыя. Крапіва.

4. перан. Этап у развіцці чаго‑н. Новы крок у асваенні космасу. □ Вялікія крокі гісторыі складаюцца з асобных чалавечых намаганняў. «Звязда».

5. Адлегласць паміж ступнямі ног пры хадзьбе як мера даўжыні. Змераць крокамі пакой. □ У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў.

•••

Гіганцкія крокі — прыстасаванне для гімнастычнай гульні ў выглядзе слупа з круцёлкай наверсе, да якой прымацаваны доўгія вяроўкі з лямкамі; седзячы ў лямках, гуляючыя разбягаюцца і, узлятаючы, кружацца вакол слупа.

Адзін крок ад чаго — зусім блізка.

За два (тры і пад.) крокі ад каго-чаго — паблізу, побач.

Крок за крокам — а) паступова, няўхільна. Так крок за крокам упарта і настойліва ішоў.. [Серакоўскі] да сваёй запаветнай мэты — панесці сакрушальны ўдар па шпіцрутэну. Якімовіч; б) паслядоўна, адно за другім. Спасылаючыся на запісы ў дзённіку, Максім Лужанін крок за крокам узнавіў гісторыю стварэння «Адплаты». Казека.

Крок наперад — пра тое, што з’явілася дасягненнем, прагрэсам у якой‑н. справе.

Крок у крок — тое, што і нага ў нагу (гл. нага).

Кроку не ступіць без каго-чаго гл. ступіць.

На кожным кроку — усюды і пастаянна.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Ні на крок — а) ад каго-чаго нават на самую кароткую адлегласць (не адыходзіць, не адставаць). Антон не адставаў ад.. Амілі ні на крок. Чорны; б) ад каго-чаго нават на самы кароткі час, на маленькі тэрмін (не адпускаць, не адлучацца). — Толькі цяпер цябе ні на крок ад сябе не адпусцім. «Звязда»; в) ніколькі не пасунуцца, не зрушыцца; не пасунуць, не зрушыць і пад. Справа не пасунулася ні на крок.

Першы крок — самы пачатак пачатковы перыяд якіх‑н. дзеянняў або якой‑н. дзейнасці.

Сямімільнымі крокамі — вельмі хутка (развівацца, пасоўвацца і пад.). Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнай калектывізацыі. Зарэцкі.

Што ні крок — скрозь, усюды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. набярыся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў нейкай колькасці. Народу на сход набралася поўная хата. Мурашка. Дачка павячэрала, паправіла фіранкі з гардзінамі на вокнах, цюлевыя накідкі на падушках, павяла далонню па шырокаму лісту фікуса, ці не набраўся за дзень пыл, і села за нейкую кніжку. Ермаловіч. // Назбірацца (аб рабоце, справах і пад.). [Бухгалтар:] — З работай цяпер я, можна сказаць, проста ганарыўся. За час адпачынку набралася безліч рахункаў. Ракітны.

2. Напоўніцца чым‑н. У хаце набралася тытунёвага дыму. Пестрак. // Разм. Наглытацца. Нехта з каманды кацера падхапіў.. [Марылю], але пазнавата, — жанчына ўжо набралася вады і пасінела ў непрытомнасці. Кулакоўскі.

3. Дасягнуць нейкай колькасці, лічбы. Вучняў набралася чалавек пятнаццаць. Маўр. Антон рабіў [залысіны] тапаром. Так набралася дзесяць дрэў. Пальчэўскі. [Васіль Ціханавіч:] — Я не магу зараз сказаць, колькі пасеяна на дзялянках, але думаю, што гектараў з трыццаць па сельсавету набярэцца. Сіўцоў. Восемдзесят пяць гадоў дзеду Паўлу. І калі набралася іх столькі — не агледзеўся дзед. Колас.

4. Насыціцца, прасякнуць чым‑н. Рунь яшчэ не паспела акрыяць, набрацца сокаў. Дамашэвіч.

5. Знайсці ў сабе ўнутраныя сілы, магчымасці, якасці. Набрацца смеласці. Набрацца рашучасці. Набрацца цярплівасці. □ Як набралася моцы Матчына дачушка, Паляцела да сонца Пералётнай птушкай. Купала. Косця не ведае, адкуль у яго набралася столькі сіл. Адамчык. // Стаць, зрабіцца якім‑н., набыць нейкія якасці; развіцца. Бярозка прыжылася, набралася сілы, вясною зазелянела і цягнулася да сонца сваімі трапяткімі галінкамі. Васілеўская.

6. Пераняць, навучыцца чаму‑н. [Рыгор] многаму навучыўся, падрос, пасталеў, набраўся вопыту. Гартны.

7. Нацярпецца, перажыць, адчуць. Набрацца гора. Набрацца сораму. □ Агата з Ліпачкай за тую зімовую марозную ноч набраліся такой бяды, якой, можа, яшчэ на сваім вяку не ведалі. Сабаленка. Не мала набраўся.. [Грыша] страху, пакуль дайшоў сюды. Пальчэўскі.

8. Разм. Набыць, атрымаць нешта (звычайна непрыемнае). Набрацца блох. □ Нехта хадзіў тут, хто не ведаў [хадоў] і сцежак, убіўся ў мурашнік, набраўся іголак з мурашкамі. Чорны. // Тое ж аб хваробах. [Маці:] — У [памяшканні] трымаюць хворых цялят, каб іншыя ад іх не маглі набрацца хваробы. Даніленка.

9. Разм. (часта з адмоўем). Запасціся, назапасіць, дастаць у патрэбнай колькасці. [Загадчык склада:] — Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае... Лынькоў. [Антось:] «А дзяўчат навырастае! Божа літасцівы, дзе гэта будзе музык набрацца! Кожнай жа прыйдзецца некалі вяселле іграць». Чорны.

10. Разм. Напіцца гарэлкі, віна. [Агрыпіна:] — Выбач[ай], Васіль Пятровіч — гарэлкі ўжо няма, выпілі. Трэба было раней. Ды ты ўжо недзе набраўся. Пестрак.

•••

Набрацца духу — асмеліцца на што‑н.

Набрацца розуму — стаць разумным, паразумнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́ць, спыю, спыніш, спыніць; зак.

1. каго-што. Затрымаць на месцы каго‑, што‑н., не даць рухацца каму‑, чаму‑н. — Глядзі ж, сынок! — спыніў .. [Міхася] бацька. — Слухай настаўніка. Колас. Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек. Лынькоў. Кандрат Назарэўскі саскочыў з воза і спыніў каня. Чорны. // Перапыніць працу чаго‑н. (механізма, завода і пад.). Механік лыпнуў вачыма, спыніў барабан і чамусьці палез на яго. Карпаў. [Рыгор Паўлоўскі] заклікаў рабочых кінуць работу, спыніць завод, пакуль гаспадар не выканае іх патрабаванняў. Кудраўцаў. // Перастаць працаваць. Памочнік спыніў работу, кіўнуў настаўніку галавою і чакаў далейшага выяснення справы. Колас. // Перапыніць свой рух. Ні самалёты, ні танкі .. — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль. Вінцэсь спыніў крокі, апусціўся на падлогу і зазірнуў Сяргею ў вочы. Мікуліч. // Затрымаць, адбіўшы атаку. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда». // Не даць магчымасці сысці крывёю. [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.

2. што. Стрымаць развіццё, пашырэнне, рух (думак, поглядаў і пад.). Але нішто не можа спыніць распаўсюджвання ідэй марксізма-ленінізма ў масах, нішто не можа аслабіць пераўтвараючую сілу рэвалюцыйнай тэорыі. «Звязда».

3. што. Перапыніць, прыпыніць, перарваць (пра гаворку, смех і пад.). Але як толькі [гаспадар] пачуў, у чым справа, то спыніў размову. Маўр. [Маці] плакала і не магла спыніць слёз радасці. Якімовіч. / у перан. ужыв. І заспяваў так салавейка, што аж спынілі гоман дрэвы. Дубоўка. // Пакласці канец чаму‑н. (дзейнасці, размове і пад.) сваім умяшаннем. Ніхто тае трагедыі не спыніць І не падставіць, не падложыць рук. Чэрня. Разгляд справы быў адложан да таго часу, калі будзе злоўлен Сомік. А калі Сомікаў канец стаў вядомы, справу пра замах на Рыгора зусім спынілі. Крапіва. Тут умяшаўся настаўнік і спыніў спрэчку .. [Грышы і Лёні]. Васілевіч. // Перапыніць, затрымаць натуральныя працэсы развіцця. Цвіцення [дрэў] нішто не магло спыніць. Мележ. Хіба ж можна сонца рух спыніць? Часу вечны бег спыніць ці ж можна? Звонак.

4. каго-што. Утрымаць каго‑н. ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў, намеру зрабіць што‑н., не раіць што‑н. рабіць. Спыніць бойку. □ Ды дзед Антон спыніў агонь: — Страляеш не па цэлі! Смагаровіч. — Што ты робіш! — закрычаў Андрэй. Але гэты вокрык не спыніў Марыны. Шахавец. Фёдараў хацеў абмінуць хлопца, але Юзік спыніў яго. Гамолка.

5. што. Затрымаць увагу на кім‑, чым‑н., накіраваць на каго‑, што‑н. (погляд, позірк). У гэты момант Андрэй паглядзеў на.. [сябровак], спыніў позірк на Насці і здзіўлена ўзмахнуў брывамі. Шамякін. З цікаўнасцю .. [Комлік] агледзеў стракатую сталовую і раптам спыніў позірк на трэльяжы ў кутку. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трымце́ць, ‑мчу, ‑мціш, ‑мціць; незак.

1. Быць ахопленым трымценнем; дрыжаць, калаціцца. [Лоўгач] толькі цяпер заўважыў чырвоныя плямы на белых абвіслых шчоках, заўважыў, як трымціць у Марфы абвіслая губа.. Савіцкі. Трымцелі рукі, млела здаровая нага, а на хворую балюча было ступаць, кружылася галава. Місько. // Мігаць, мігацець (пра агонь, святло). Чаму сярод зорных гронак, Што ў рэчку зляцелі з кручы, Як абручальны пярсцёнак. Трымціць маладзік бліскучы? Макаль. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Валі] надрываўся, трымцеў, і вочы былі поўныя жалю і смутку. Гроднеў. // Утвараць з рознымі адценнямі гукі. Так ад раніцы і да вечара Ён [шпак] трымцеў у сто дзевяць адценняў, Быццам цёплае чалавечае У прастор пераліць хацеў ён. Чэрня. // Трэсціся, калыхацца. Лістота трымцела над галавою і рэдка падала. Пташнікаў. А мая бярозка стаяла, пазірала на ўсё гэта і, здаецца, задаволена варушыла галінкамі, на якіх з гарэзным імпэтам трымцелі лісточкі і гайдаліся каташкі. Васілёнак. Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // Дрыжаць (пра лёгкі рух паветра, смуту, марыва і пад.). Нагрэтае паветра трымцела на фоне блакітнага далягляду. Беразняк. Стаяла гарачыня, над палямі з ранку да вечара трымцела празрыстае марыва. Чаркасаў. // Злёгку калыхацца, пакрывацца рабізною (пра ваду, раку і пад.). Ад лёгкага павеву ветрыка вада рабацілася, трымцела. Пальчэўскі. Гайдаецца шумна сасна, і хвалі трымцяць на азёрах. Глебка. // перан. Узмоцнена і часта біцца (пра сэрца). Малыя, .. стараючыся не паказаць адзін аднаму, што сэрца трымціць ад страху, лазілі ў зараснікі. Мележ. І ў грудзях маіх сэрца трымціць Нераскрытай вясковай пупышкай. Бураўкін. Антон Паўлавіч ішоў дадому, а сэрца соладка трымцела ад задавальнення. Пянкрат. // чым. Часта рухаць, варушыць. Калі сонца прабівалася скрозь краны, часамі, нібы з другога свету, вырываўся і хутка-хутка трымцеў цёмнымі крыльцамі матылёк. Карпюк. // Махаючы крыламі, трымацца ў паветры (пра птушак, матылькоў і пад.). Нібы падвешаныя на нітачцы, трымцелі на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. С. Александровіч.

2. Дрыжаць, трапятаць ад моцнага хвалявання, якога‑н. унутранага пачуцця. [Кастусь:] — Не трэба мне .. грошай, калі за іх апошнім сабакам, трэба быць і вечна трымцець ад страху. Машара. // перан. Прабівацца, праяўляцца, выяўляцца дзе‑н., у чым‑н. Але недзе ў грудзях яшчэ трымціць радасць, і ты адчуваеш, што тое, што было, застанецца назаўсёды ў тваёй душы, як дарагі скарб. Асіпенка. Недзе на самым дне душы .. [Барыса Хмары] трымцела крыўда. Васілевіч.

3. Дрыжаць, калаціцца ад удараў, стуку і пад. Хвалі з такой сілай білі ў барты, што сцены каюты трымцелі дробна-дробна. Лынькоў. Ходырам хадзілі драбіны, на калдобінах і паваротах падлятаў насціл, трымцелі атосы. Жычка.

4. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баязлівасць перад кім‑, чым‑н. Стаіць на адным месцы Марыля, трымціць, калоціцца... А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё, выбіраюць, .. пакуюць... Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Браць, прысвойваць што‑н. незаконна; красці.

хапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Рэзкім парывістым рухам рукі (рук) браць, захопліваць каго‑, што‑н. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Пяціпудовыя мяхі.. [мужчына] хапаў так лёгка, нібы гэта былі не мяхі, а падушкі. Чарнышэвіч. Антон Пракопавіч хапае шапку, ускідвае на плечы ватоўку і ..бяжыць у кантору. Карамазаў. // Захопліваць, лавіць ротам, зубамі. Страказа палюе: на ляту хапае дробную машкару і глытае. Бяспалы. Цяпер, разглядаючы сваю здабычу, я пачынаю разумець у чым справа: ляшча хапала больш буйная рыбіна, але праглынуць не здолела. Лупсякоў. // Прагна або з цяжкасцю глытаць, удыхаць (паветра). [Васіль] хапаў паветра на поўныя грудзі, і тады было трохі лягчэй... Гаўрылкін. // Затрымліваць каго‑н., парывістым рухам схапіўшы за што‑н. Гандляры запрашаюць пакупнікоў, хапаюць прахожых за рукі, за адзенне. В. Вольскі. — А вось паедзем у сельсавет, там пагаворым, — кажу я і хапаю за ланцуг Сенькаву лодку. Краўчанка. // перан. (звычайна са словамі «за сэрца», «за душу»). Выклікаць пачуццё смутку, болю. радасці і пад.; глыбока хваляваць. Акалічны народ гуслі знаў гусляра: Песня-думка за сэрца хапала. Купала. [Кот] люта екатаў і жаласна, ажно хапала за душу, мяўкаў... Чыгрынаў. // перан. Шчыпаць, выклікаць адчуванне холаду. Хутчэй бы ўжо зіма, марозік! Такі, не вельмі сярдзіты, проста, каб крышачку хапаў за вушы, нос, шчокі, калі раніцою ідзеш на працу. Каршукоў. / у вобразным ужыв. Мне ветла мігаюць агнямі будынкі, А вецер асенні хапае ў абдымкі. Панчанка.

2. Разм. Лавіць, браць сілай, пазбаўляць волі каго‑н. [Маладых людзей] хапалі і пасылалі на работу ў Германію або проста на фронт — капаць акопы. Якімовіч.

3. перан. Разм. Прагна, хутка ўспрымаць, засвойваць, лавіць (органамі пачуццяў, розумам і пад.). І не прыкмеціў Адам, як захапіўся ён прамовамі, як разам з усімі схіліўся ў бок рупара і прагна хапаў кожнае слова. Шынклер. Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў.

4. З прагнасцю купляць усё без разбору. [Мужчыны] хапалі ўсё, што траплялася пад рукі: духі, сумачкі, туфлі, сурвэткі, хустачкі, чамаданчыкі, парасоны. Шыцік.

5. Незак. да хапіць (у 9, 10 знач.).

•••

Гэтага яшчэ не хапала! — вокліч, якім выказваецца абурэнне, незадаволенасць з якой‑н. прычыны.

Зорак з неба не хапае — пра чалавека з пасрэднымі здольнасцямі.

Зоркі з неба хапаць — вылучацца розумам, здольнасцямі.

Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) — пра дурнаватага, з дзівацтвамі чалавека.

Наколькі вока хапае — наколькі можна бачыць.

Не хапае пораху — мала, недастаткова сіл, энергіі для ажыццяўлення чаго‑н.

Ног не хапае — ад стомы няма магчымасці рухацца, ісці.

Слоў не хапае (не стае) — пра цяжкасць у падборы слоў для перадачы якога‑н. моцнага пачуцця.

(Толькі) птушынага малака не хапае — пра поўны дастатак.

Хапаць за горла (за глотку, жабры) — тое, што і браць за горла (за глотку, жабры) (гл. браць).

Хапаць на ляту — тое, што і лавіць на ляту (гл. лавіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святы́, ‑ая, ‑ое.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай. Святая тройца. Святая вада. □ — Схадзі, сірацінка, пакліч Сымона-кантычніка. Няхай над нябожчыкам святыя словы чытае. Бядуля. // Ужываецца як пастаянны эпітэт да слоў, якія абазначаюць прадметы і месцы рэлігійнага пакланення. Святая царква. □ Святая пасцель небасхіла Крывавай імглой заплывала, Пасад заручальны магілай Пуціна сляпая хавала. Купала. Вунь там, за какосавым гаем, руіны старажытнага храма. Месца лічыцца святым. Б. Стральцоў.

2. У хрысціянскім кульце — чалавек, які ўсё жыццё служыў богу ў царкве, а пасля смерці прызнаны нябесным заступнікам веруючых. Святы Ілля сядзеў задумна, Самотна тоячы аб разу. Гаўрусёў. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м.; свята́я, ‑ой, ж. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Колас. Там [у Вільні] ёсць каму кланяцца, гнуць спіну, ёсць перад кім поўзаць на каленях і ў сваёй слепаце ліць слязу за слязою перад абразамі святых, якім і ліку няма. Пестрак. / у іран. ужыв. Пелагея.. з крыкам кінулася да.. [Маеўскага і Тацяны]: — Што? Што вы седзіцё тут, як святыя? А там кароўку павялі... Шамякін.

3. перан. Высокай маралі, бездакорны ў сваім жыцці, паводзінах. Ты спяшала туды, Маладая, святая. І пасоўваўся бераг насустрач табе. Чэрня. // Не вінаваты перад кім‑н. у чым‑н.; бязгрэшны. [Галіна:] — От бачыш, і я саграшыла перад табою, і я не святая, як думала сама сабе. Скрыган.

4. Высакародны, чысты, узвышаны. Я перадам святую праўду века, Што ў промнях сонца, з дыму і крыві Да новых зор узнёсла чалавека Для шчасця і вялікае любві! Грахоўскі. І зведаў пераможаны Берлін Святы наш гнеў, святую нашу літасць; Не толькі помсціць за сяброў забітых — Жывых сяброў мы ратаваць ішлі. Жычка. // Высокі, пачэсны. Святы абавязак. □ Гэта дзіця загінуўшай маці; яе [Тацяны] святы доўг захаваць і вырасціць яго... Шамякін. // Шчыры, сапраўдны. Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка.

5. Паважаны, дарагі, любімы. Ты [Мінск] — наша сталасць, Нашае юнацтва І наш святы двухкаляровы сцяг. Прыходзька. Сню цябе, Беларусь, па начах, Адзіную ў свеце, святую. Астрэйка. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь, Варожых сіл раскрышым бронь. Колас. Здрадзіць [дадзенаму слову] для.. [Ніны] — значыць адрачыся ад усяго святога. «Маладосць».

6. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Часу не хапала, ён [Лоўгач] затрымліваўся позна, рэдка прыходзіў абедаць, і толькі ранішнім гадзіны былі для яго святыя. Савіцкі. Даўно мінулі дні атак. На ўзбярэжжы Нёмна Стаіць падбіты грозны танк — Святы суровы помнік. Панчанка. З братамі дзяліліся хлебам, Што вырас у стэпах данецкіх Пад зорным, апаленым небам, Святым нашым хлебам савецкім. Танк.

7. Непахісны, непарушны. Наш святы жыцця закон Мы ў кнігу дружбы запісалі. Колас.

•••

Святы айцец гл. айцец.

Скокі святога Віта гл. скокі.

Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.

Бог святы ведае гл. бог.

На святыя ніколі — ніколі, аніколі.

Не святыя гаршкі лепяць — кожнаму пад сілу, усякі чалавек гэта можа зрабіць.

Святая прастата — пра наіўнага, прастадушнага, няхітрага чалавека. Тады малады дзесятнік пачаў заляцацца. Нічога ж пра яе не ведае, шчабеча ўвесь вечар — святая прастата. Мыслівец.

Святая праўда (ісціна) — бясспрэчная, безумоўная праўда, ісціна. Усё, што гаворыць Антон сваім слухачам, беларускім сялянам, ацэньваецца імі як святая праўда. Ларчанка.

Святая святых — а) пра што‑н. тайнае, недаступнае. [Штрыпке:] — Тонкасці гэтай справы, святая святых яе, для мяне недаступны. Лынькоў; б) пра што‑н. самае дарагое, запаветнае. [Прэзідэнт:] Мне шчыра шкада.. [Андрэя], але стрэлам у судзе злачынца зрабіў замах на святая святых нашай дзяржавы, на яе фундамент, на закон. Кучар.

Святы дух гл. дух.

Святым духам гл. дух.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ра 1, ‑ы, ж.

1. Два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае. Пара рукавіц. □ «Стой! — камандуе Марка. Спыніліся. — Знімайце, паны, боты!» — Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Колас. // Адзін з двух аднолькавых сіметрычных прадметаў, якія складаюць адно цэлае (у адносінах да другога). Да рукавіцы трэба было знайсці пару замест згубленай. // Два аднолькавыя сіметрычныя органы або іх часткі, якія выконваюць аднолькавыя функцыі ў жывым арганізме. Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. // Разм. Прадмет, які складаецца з дзвюх аднолькавых і злучаных разам частак. [Ніна] знімае другую пару навушнікаў, расчэплівае іх і накладае на вушы. Брыль.

2. Дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка. Рупліва ўладкоўвалася ў сваім купэ адна ўжо даволі немаладая пара. Кулакоўскі. Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук. // Дзве істоты, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам, аб’яднаныя чым‑н. агульным. У лявонісе імклівай Пары стройныя ідуць. Броўка. На экране танцавала балетная пара. Шамякін. // Адна з дзвюх істот, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам і разглядаюцца як нешта цэлае. Антон танцуе з Настуляй. Скіба таксама знайшоў пару — пажылую вясёлую кабету. Крапіва. // Запрэжка з дваіх коней. Прыехаць на пары.

3. у знач. прысл. па́рамі. Удваіх, па два. Танцаваць парамі.

4. у знач. вык., каму (звычайна з адмоўем). Разм. Пра таго, хто адпавядае каму‑н. па якіх‑н. якасцях, у якіх‑н. адносінах. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджаў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік. Колас.

5. Разм. Два прадметы, дзве штукі чаго‑н. Старая павезла [на кірмаш] місачку масла і пару куранят. Крапіва.

6. Разм. Невялікая колькасць чаго‑н.; некалькі. — Я прасіў бы вас на пару слоў, — ужо больш ветліва сказаў.. [Гунава]. Самуйлёнак. [Лыжнік] махнуў палкамі, зрабіў пару шырокіх крокаў і параўняўся з.. [Верай]. Марціновіч.

•••

Пара сіл (спец.) — дзве паралельныя і роўныя сілы, якія накіраваны ў процілеглыя бакі і дзейнічаюць у адной плоскасці.

На пару; у пары з кім — разам, удваіх з кім‑н.

па́ра 2, ‑ы, ж.

Газ, які ўтвараецца пры выпарэнні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады. З чыгуна выбівалася пара, разносячы навокал апетытны пах юшкі. Асіпенка. На прымусе вада ў каструлі клекатала, Кіпела і бурліла бурна так, Што пара пачала клубіцца. Корбан. // Вялікая колькасць вельмі дробных кропелек вады, якія ўтвараюцца ў паветры пры падсыханні чаго‑н. вільготнага, пры сутыкненні цёплага і халоднага паветра і пад. Вада пад берагам злёгку курылася празрыстай парай. Лынькоў. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін. // Разм. Моцна нагрэтае вільготнае паветра. Пара касцей не ломіць. Прымаўка.

•••

Мятая пара (спец.) — адпрацаваная пара ў машынах.

З лёгкаю параю — пажаданне таму, хто толькі што памыўся ў лазні.

Паддаць пары гл. паддаць.

Пад параю — гатовы ў любы момант адправіцца (пра паравоз, параход).

пара́, ы́; мн. по́ры (з ліч. 2, 3, 4 пары́), пор і по́раў; ж.

1. Час, перыяд. У нас з табою стрэч было нямала У грозны час і радаснай парой. Танк. А калі закрасуе жыта, зацвіце лён — лепшай пары, напэўна, і на свеце не бывае. Няхай. Набліжалася тая пара, калі Юля павінна была стаць маці. Грамовіч. // Пэўны, адпаведны момант. — Давай! — сказаў я. — Цяпер самая пара пакупацца, а то ад сонца аж галава разбалелася. Васілёнак. // Частка сутак. Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Увечар да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Пра які‑н. перыяд года. Быў канец ліпеня, стаяла звычайная для гэтай пары гарачыня. Васілёнак. Загадае чараўніца — Дваццаць сонцаў загарыцца, Дождж пальецца як з вядра. Проста летняя пара. Муравейка. З той зімовай далёкай пары Мы з табою навекі сябры. Астрэйка. // Эпоха, перыяд. Беларуская літаратура савецкай пары.

2. у знач. вык. Настаў час для чаго‑н. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег. Колас. Маша спяшалася дамоў — пара было карміць малога. Шамякін.

•••

Без пары — рана, дачасна.

Да гэтай пары — да гэтага часу.

Да пары да часу — пакуль што.

З той пары — з таго часу, моманту.

Каторая пара — вельмі позна.

Не ў пару — не ў час, недарэчы.

У пару — у час, своечасова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)