Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУ́ДА МАКАВЕ́Й (стараж.-яўр. Молат; ? — 160 да н.э.),
кіраўнік нар. паўстання супраць панавання Селеўкідаў у Іудзеі. У адказ на рэліг. праследаванні іудзеяў селеўкідскім царом Антыёхам IV у 167 І.М. узначаліў паўстанцкі рух. Атрымаў шэраг перамог, у 164 захапіў Іерусалім і нанава асвяціў храм. У 161 заключыў саюз з Рымам. Пасля гібелі І.М. ў бітве пры Элеасе барацьбу за заваяванне поўнай паліт. незалежнасці Іудзеі (142 да н.э.) узначальвалі яго браты. Маст. вобраз І.М. створаны ў трагедыі О.Людвіга, араторыі Г.Ф.Гендэля, оперы А.Рубінштэйна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́РАД IВялікі
(каля 73—4 да н.э.),
цар Іудзеі з 40 (фактычна з 37) да н.э. Тытул цара атрымаў ад рым. сената, але ўнутры Іудзеі карыстаўся амаль абс. уладай. Пашырыў тэр. свайго царства, падуладнага Рыму, да межаў б. дзяржавы Давіда. Ператварыў Іерусалім у крэпасць. Бязлітасна душыў нар. хваляванні і знішчаў усіх, каго лічыў сапернікам, у т. л. ўласных дзяцей. Паводле хрысц. падання, даведаўшыся пра нараджэнне Хрыста, загадаў забіць усіх немаўлят у г. Віфлеем. Пазней імя І. набыло пераносны сэнс як назва вельмі жорсткага, бязлітаснага чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́І, Хасманеі,
дынастыя першасвятароў іерусалімскага храма і цароў Іудзеі ў 2—1 ст. да н.э. Заснавальнік — свяшчэннаслужыцель з в. Модзін Матафія Хасманей (п. у 166 да н.э.). У 167 да н.э. ён узначаліў паўстанне супраць правіцеля дзяржавы Селеўкідаў — Антыёха IV, які намагаўся забараніць іудаізм. Матафія разбіў войскі Антыёха і вызваліў Іерусалім. Яго сыны: Іуда Макавей (адсюль назва дынастыі); Іанатан (з 153/152 першасвятар іерусалімскага храма, у 143 да н.э. паланёны і забіты сірыйцамі); Сімон (143—134 да н.э.), які дамогся поўнай незалежнасці Іудзеі. Сын апошняга Іаан Гіркан I (134—104 да н.э.) заваяваў Самарыю і прымусіў ідуміцян прыняць іудаізм, яго сын Арыстобул I быў абвешчаны царом Іудзеі [104—103 да н.э.]. Пры яго браце Александру Янаю [103—79 да н.э.] Іудзейскае царства дасягнула найб. росквіту і ўключала тэр. Палесціны і раёны за р. Іардан. У 63 рымскі палкаводзец Пампей умяшаўся ў дынастыйныя спрэчкі М., заняў Іерусалім і прымусіў іх прызнаць уладу Рыма. Б.ч. М. была ў 37 знішчана Ірадам I. М. прысвечаны «Кнігі Макавейскія» са Старога запавету, яны лічацца нац. героямі яўр. народа.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война: Пер. с нем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 66—73,
антырымскае паўстанне ў Іудзеі. Выклікана злоўжываннямі рым. пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэліг.-паліт. групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэліг. фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і за сац. роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іудзеяй, Галілеяй і інш. тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (ліст. 66). Аднак у 67—68 моцнае рым. войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і б.ч.Іудзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт’яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам зрабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рым. войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жн. 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т. л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР-КО́ХБА (сапр.Шымон бен Касіба; ? — 135),
кіраўнік паўстання 132—135 супраць рым. панавання ў Іудзеі. Абвясціўшы сябе месіяй і «князем Ізраіля», аднавіў яўр. культ і правіў (у т. л. чаканіў уласную манету) на адваяваных у рымлян землях (б.ч. Палесціны, каля 50 крэпасцяў) з цэнтрам у г. Бетар. Загінуў пры абароне Бетара ад легіёнаў рым. палкаводца Юлія Севера. Пры раскопках на ўзбярэжжы Мёртвага м. на пач. 1950-х г. знойдзена некалькі дакументаў Бар-Кохбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д (11 ст. да н.э., г. Віфлеем, Іарданія — 965 ці 964 да н.э.),
2-і цар Ізраільска-Іудзейскай дзяржавы. Паводле Старога запавету, юнак-пастух Давід перамог у адзінаборстве волата Галіяфа. Пасля гібелі цара Саула ў 1004 ці 1003 да н.э. быў абвешчаны царом Іудзеі, далучыў да яе тэр. ізраільскіх плямён і стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, правёў перапіс насельніцтва, зрабіў сталіцай г. Іерусалім. Біблейскі вобраз Давіда (юнак, пастух, палкаводзец, цар, складальнік псалмоў, музыкант, месія) атрымаў адлюстраванне ў л-ры, выяўл., тэатр., муз. мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й ДАМА́СКІ (Nikolaos Damaskēnos; 64 да н.э., Дамаск — пач. 1 ст.н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык і філосаф. Быў саветнікам цара ІудзеіІрада I, пасля смерці якога жыў пры імператарскім двары ў Рыме. З твораў М.Д. захаваліся ў фрагментах «Гісторыя» (у 144 кнігах, першыя кнігі пра гісторыю і міфалогію краін Усходу, апошнія пра падзеі 7—4 да н.э. ў Міжземнамор’і), «Жыццё Цэзара» (адзіная крыніца пра дзяцінства і юнацтва Аўгуста), «Збор выдатных звычаяў» (звесткі пра побыт і прававыя адносіны стараж. народаў). Творы М.Д. выкарыстоўвалі Страбон, Іосіф Флавій і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЬГА́ЎЗЕН ((Wellhausen) Юліус) (17.5.1844, г. Гамельн, Германія — 7.1.1918),
нямецкі ўсходазнавец. Праф. тэалогіі ў Грайфсвальдзе (1872—82), усходазнаўства ў Гале (1882—85), Марбургу (1885—92) і Гётынгене (з 1892). Даследчык стараж. гісторыі іудаізму, ранняга перыяду гісторыі ісламу, раннехрысц. літ. помнікаў. Гал. працы: «Уводзіны ў Стары Запавет» і «Гісторыя Ізраіля» (абедзве 1878), «Гісторыя Ізраіля і Іудзеі» (1894). Паводле Вельгаўзена гал. частка т.зв. Майсеевага закону (ён назваў яго Жрэцкім кодэксам) напісана не легендарным Майсеем у 15—13 ст. да н.э., як сцвярджае іудзейска-хрысц. традыцыя, а групай жрацоў у 6 ці 5 ст. да н.э.